ГРУ́НДЫГ (Grundig) Ганс (19.2.1901, г. Дрэздэн, Германія — 11.9.1958),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся ў АМ у Дрэздэне (1922—26). Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі рэв. мастакоў Германіі (1929). У 1946—47 праф. і рэктар Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. Зазнаў уплыў экспрэсіянізму. Аўтар твораў, якія выкрываюць фашызм (цыкл афортаў «Звяры і людзі», 1933—38; трыпціх «Тысячагадовая імперыя», 1935—38). Поўныя трагічнага пафасу яго маст. вобразы маюць характар фантаст. сімвалаў. Лаўрэат Нац. прэміі ГДР (1958).
Тв.:
Рус.пер. — Между карнавалом и великим постом: Воспоминания... М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРЭ́СКУ (Grigorescu) Нікалае Іон (15.5.1838, с. Пітару, пав. Дымбавіца, Румынія — 21.7.1907),
румынскі жывапісец. Вучыўся ў Бухарэсце (да 1885) і ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. У 1861—87 (з перапынкамі) жыў і працаваў у Францыі; прыхільнік барбізонскай школы жывапісу. З 1887 пераважна ў Бухарэсце. Пісаў пейзажы, партрэты, гіст., батальныя і жанравыя кампазіцыі. Яго творы («Сялянка з Мусчэла», 1877; «Штурм Смырдана», 1885; «Воз, запрэжаны валамі», каля 1890, і інш.) вызначаюцца рэаліст. формай, свабоднай маст. манерай, свежым каларытам і стрыманасцю светлай колеравай гамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р’ЕЎ Сяргей Аляксеевіч (5.7.1910, г. Луганск, Украіна — 9.4.1988),
украінскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1974), правадз.чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1928—32), выкладаў у ім (1934—60; праф. з 1947). Творы на тэмы маралі і выхавання моладзі: «Варатар» (1949), «Абмеркаванне двойкі» (1950), «Вярнуўся» (1954), «Цікавая кніга» (1974), «Мірная зямля» (1975), «Сястра і брат» (1985) і інш. Аўтар партрэтаў І.С.Конева (1947), П.Усенка (1959), П.Панча (1967), М.Бажана (1976) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1950, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́БНАЎ Аляксандр Паўлавіч (4.3.1908, Тбілісі — 30.6.1964),
рускі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1954). Чл.-кар.АМСССР (1954). Вучыўся ў Маскоўскім Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—30). Для яго жанравых і гіст. кампазіцый характэрныя шырокая жывапісная манера, мажорнае гучанне колеру («Раніца на Куліковым полі», 1943—47, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Вечар на пашы» і «На полі», 1959—60; «Восень», 1961—62, і інш.). Ілюстраваў творы М.Гогаля, А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ШЧЫК Мікалай Уладзіміравіч (н. 22.5.1948, в. Дзераўная Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). У 1975—81 выкладчык БПІ. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны («Які прыгожы гэты свет», 1976; «Узыходжанне» і «Трынаццаць», 1992), партрэта (Флора Дуднік, 1986, М.А.Каралькоў, 1995), пейзажа («Вечар у вёсцы», 1978, «Прастора», 1990, «Тумановы ранак», 1994) і інш. Дамінуючымі ў творчасці з’яўляюцца адвечныя пытанні філасофіі быцця, унутраны свет чалавека («Прысвячэнне Ефрасінні Полацкай», 1995, і ІНШ.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДЗЮ́К (Dawidziuk) Мікола (н. 23.4.1944, в. Уснаршчына Беластоцкага ваяв., Польшча),
польскі жывапісец і графік. Па паходжанні беларус. Скончыў Вышэйшую школу пластычных мастацтваў у Лодзі (1969) і выкладае ў ёй (з 1993 праф.). Мастак імкнецца да пранікнення ва ўнутр. свет асобы, раскрываючы яго праз містычныя твары загадкавых персанажаў, у якіх відавочна сувязь з міфалагічнасцю, спалучэнне канонаў іканапісу з кірункам сучаснага заходнееўрап. мастацтва. Асн. працы: «Падвойны профіль» (1984), «Падбеластоцкі татэм» (1991), «Без назвы» (1992), «Блакітны квадрат» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСУ́ЖАЎ Аляксандр Ігаравіч (н. 31.10.1945, г. Пухавічы Мінскай вобл.),
бел.жывапісец. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1970). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Для яго твораў характэрна імкненне да стварэння канцэптуальнага кірунку ў пейзажным жывапісе, дзе гал.выяўл. сродкі — паверхня, лінія, пляма: «Лету адыходзячаму» (1984), «Па дарозе да зімы» (1985), «Праз чырвонае «Пераход», «Праз блакітнае «Да ракі на назве...», «Праз чорнае «Азбука хлусні» (1988), серыя «Канцэптуальны пейзаж» (1993—94) і інш. Творчасць вылучаецца выразнасцю, мэтанакіраванай абмежаванасцю маст. сродкаў, радыкальным адыходам ад прыродных формаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАПАРЫ́ДЗЕ Уча Малакіевіч (17.8.1906, с. Гары Анскага р-на, Грузія — 1988),
грузінскі жывапісец і графік. Праф. (1944). Нар. мастак СССР (1963). Правадз.чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў Нар.маст. студыі М.Таідзе (1922—24) і Тбіліскай АМ (1924—25, 1928—31). Аўтар маст. палотнаў гіст. тэматыкі «Першамайская дэманстрацыя ў Тыфлісе ў 1901 годзе» (1939—41, Дзярж. прэмія СССР 1942), жанравых карцін «Сябры юнацтва» (1938), «Думкі маці» (1945), «Свята працы» (1970—75), партрэтаў У.Чхеідзе, Д.Гурамішвілі, Т.Шаўчэнкі і інш. Вядомы як ілюстратар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОН (John) Агастэс Эдвін (4.1.1878, г. Тэнбі, Вялікабрытанія — 31.10.1961),
англійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў Слэйда ў Лондане (1894—98). З 1903 член «Новага англійскага мастацкага клуба». Прэзідэнт Каралеўскага т-ва жывапісцаў-партрэтыстаў (1948—53). Буйны майстар рэаліст. партрэта (Б.Шоу, каля 1913—14; Т.Гардзі, 1923, і інш.), аўтар жанравых карцін («Жанчына, якая ўсміхаецца», 1910; «Жабракі», каля 1912—14, і інш.), а таксама дэкар. кампазіцый, афортаў і літагравюр. Творам Дж. ўласцівы глыбокая характарнасць і псіхал. насычанасць вобразаў, упэўненая тэмпераментная манера пісьма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭНТЫЛЕ́СКІ (Gentileschi) Арацыо (сапр.Ломі; Lomi; хрышчаны 9.7.1563, г. Піза, Італія — 7.2.1638),
італьянскі жывапісец; адзін з прадстаўнікоў італьян.караваджызму. Брат і вучань мастака-маньерыста А.Ломі. З 1576 працаваў у Рыме, а таксама ў Генуі, Турыне, Парыжы, з 1626 — у Лондане, пры двары Карла I. Творам Дж. (у якіх выразна адчуваецца ўплыў ранняй творчасці М.Караваджа) уласцівы лірычная сузіральнасць, свабода кампазіцыйных рашэнняў, тонкасць святлоценявых пераходаў і вытанчанасць светлавога каларыту («Св. Цэцылія»; «Благавешчанне», 1621—23; «Лютністка» і інш.).
А.Джэнтылескі. Давід з галавой Галіяфа. Каля 1610.