БРЭГ (Bragg),

англійскія фізікі, бацька і сын. Заснавальнікі рэнтгена-структурнага аналізу. Упершыню выкарысталі дыфракцыю рэнтгенаўскіх прамянёў у крышталях для выяўлення характарыстык гэтых прамянёў і для расшыфроўкі структуры крышталёў (1913). Нобелеўская прэмія 1915.

Уільям Генры (2.7.1862, Уігтан, графства Камбрыя, Вялікабрытанія — 12.3.1942), член (1906) і прэзідэнт (1935—40) Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Кембрыджскі ун-т. З 1886 праф. Адэлаідскага ун-та ў Аўстраліі, з 1909 у Лідсе, з 1915 у Лондане. Аўтар шэрагу навук-папулярных кніг.

Уільям Лорэнс (31.3.1890, г. Адэлаіда, Аўстралія — 1.7.1971), член Лонданскага каралеўскага т-ва (1921). Вучыўся ў Адэлаідскім і Кембрыджскім ун-тах. У 1919—37 праф. ун-та ў Манчэстэры, 1937—38 дырэктар Нац. фіз. лабараторыі, 1954—66 дырэктар Каралеўскага ін-та ў Кембрыджы. У 1913 адначасова з Г.​В.​Вульфам даў ураўненне, якое звязвае вугал адхілення рэнтгенаўскіх прамянёў, рассеяных крышталём без змены даўжыні хвалі, з адлегласцю паміж суседнімі атамнымі плоскасцямі ў крышталі (гл. Брэга—Вульфа ўмовы), практычна ажыццявіў указаны У.​Г.​Брэгам спосаб вызначэння структур пры дапамозе радоў Фур’е, вызначыў структуры шматлікіх сілікатаў.

Тв.:

Рус. пер. — Рентгеновские лучи и строение кристаллов. М.; Л., 1929;

Дифракция электронов. Л., 1936.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАФЕ́ЕЎ Барыс Васілевіч (10.5.1909, в. Пендзелка Пензенскай вобл., Расія — 24.11.1995),

бел. фізікахімік. Акад. АН Беларусі (1947, чл.-кар. 1940); д-р хім. н. (1940), праф. (1941). Засл. дз. нав. Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). У 1939—11 і 1952—58 дырэктар Ін-та хіміі, з 1959 першы дырэктар Ін-та фізіка-арган. хіміі, у 1953—56 віцэ-прэзідэнт АН БССР, адначасова (з 1951) праф. БДУ. У 1965—76 у Маскоўскім пед. ін-це, з 1976 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, тапахіміі, фізікахіміі палімераў. Вывеў у матрычнай форме ўраўненне кінетыкі паслядоўных рэакцый першага парадку; тапакінетычныя ўраўненні (1950). Распрацаваў ліганда-палявую тэорыю гетэрагеннага каталізу, каталітычныя сістэмы для полімерызацыі алефінаў, антыблочную кампазіцыю для цэлафанавай вытв-сці. Прапанаваў і арганізаваў вытв-сць браняшкла для самалётаў (1943). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Кинетика гомогенного катализа. Мн., 1977 (разам з У.​А.​Тулупавым);

Циклогекса—1,3—диен и продукты на его основе. Мн., 1980 (разам з С.​Ф.​Навумавай, В.​Д.​Юрынай).

Літ.:

Б.​В.​Ерофеев: (к 80-летию со дня рождения): Биобиблиогр. указ. Мн., 1989.

Б.В.Ерафееў.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў Мікалай Сямёнавіч (17.5.1907, г. Цвер, Расія — 4.4.1993),

бел. хімік-арганік. Акад. АН Беларусі (1966), д-р хім. н. (1935), праф. (1933). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1965). Скончыў Калінінскі пед. ін-т (1928). З 1928 у Маскоўскім дзярж. ун-це. У 1933—38 дырэктар Ін-та хіміі АН БССР, адначасова (з 1934) у БДУ. З 1946 выкладаў у ВНУ г. Перм. З 1967 у Ін-це фіз.-арган. хіміі АН Беларусі (у 1967—72 дырэктар). Навук. працы па сінтэзе арган. злучэнняў і арган. каталізе. Удзельнічаў у работах па атрыманні хларапрэнавага каўчуку (1932, разам з М.​Дз.Зялінскім). Прапанаваў метад сінтэзу вытворных хіналіну, заснаваны на рэакцыі каталітычнай кандэнсацыі араматычных амінаў з ацэтыленам (1936, рэакцыя К.). Распрацаваў алюмаплацінавыя каталізатары рыформінгу нафты. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

5,6-Бензохинолины. Мн., 1970;

Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972 (разам з Ю.​Р.​Егіязаравым, У.​І.​Кулікавым);

Катализаторы риформинга. Мн., 1976 (у сааўт.);

Каталитические свойства соединений редкоземельных металлов. Мн., 1977 (у сааўт);

Ультрастабильные цеолиты. Мн., 1979 (разам з І.​І.​Урбановічам, М.​Ф.​Русак).

Літ.:

Н.​С.​Козлов // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1987. № 3.

М.С.Казлоў.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАШЫ́ЦКІ (Ptaszycki),

Станіслаў Людвік (Станіслаў Львовіч; 12.4.1853, с. Кузава Маскоўскай вобл. — 20.12.1933), польскі гісторык, архівіст, філолаг. Чл. Польскай АН у Кракаве (1931), канд. гіст.-філал. н. (1877), ганаровы праф. (1929). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1877). Працаваў ва ун-це, архідыяцэзнай семінарыі і гімназіях у Пецярбургу. У 1884—87 метрыкант «Літоўскай метрыкі» ў архіве Сената. У 1887 апублікаваў «Вопіс кніг і актаў Літоўскай метрыкі». З 1896 дацэнт Пецярбургскага ун-та, з 1899 выкладчык, праф. Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Ў 1918—19, 1921—26 дырэктар Дзярж. архіва ў Любліне, адначасова праф. Люблінскага каталіцкага ун-та, у 1919—21 дэкан філас. ф-та Віленскага ун-та. Удзельнічаў як эксперт у падрыхтоўцы Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 1926—31 дырэктар Дзярж. архіваў Польшчы. Ініцыятар выдання і рэдактар (1927—32) час. «Archeion» («Археён»). Вывучаў л-ру 16 ст., гісторыю і права ВКЛ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 17-га т. «Поўнага збору рускіх летапісаў» (1907), дзе апублікаваны бел.-літ. летапісы. Выявіў і апублікаваў Альшэўскі летапіс (Вільня, 1907), выдаў попісы войска Вялікага княства Літоўскага 1528, 1565 і 1567 (1915). У нясвіжскай б-цы Радзівілаў выявіў рукапіс твора М.​Стрыйкоўскага «Аб пачатках літоўскага народу».

А.​А.​Семянчук.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́ЖЫН (сапр. Сумбатаў) Аляксандр Іванавіч

(16.9.1857, с. Кукуеўка Яфрэмаўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 17.9.1927),

рускі акцёр, драматург, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Рэспублікі (1922). Ганаровы акад. Рас. АН (1917). У 1877—81 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. На сцэне з 1876. З 1882 акцёр Малога т-ра ў Маскве (з 1909 кіраўнік трупы, з 1918 старшыня савета, старшыня дырэкцыі, з 1923 дырэктар, з 1926 ганаровы дырэктар). Дабіўся ўздыму Малога т-ра, адрадзіў у ім рамант. рэпертуар. Акцёр шырокага дыяпазону, яму ўласцівы высакародны пафас, арыгінальнасць у інтэрпрэтацыі вобразаў, мастацтва сцэн. мовы. Найб. значныя ролі: Рэпецілаў, Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Цяляцеў («Шалёныя грошы» А.​Астроўскага), Дзюнуа, Мортымер, маркіз Поза («Арлеанская дзева», «Марыя Сцюарт», «Дон Карлас» Ф.​Шылера), Карл V, Руі Блаз («Эрнані», «Руі Блаз» В.​Гюго), Дон Санча («Зорка Севільі» Лопэ дэ Вэгі), Макбет, Рычард III («Макбет», «Рычард III» У.​Шэкспіра) і інш. Аўтар п’ес «Ланцугі» (1888), «Захад» (1899), «Здрада» (1903), «Начны туман» (1916) і інш.

Тв.:

Записки. Статьи. Письма. 2 изд. М., 1951;

Пьесы. М., 1961.

Літ.:

Чхиквишвили Д.И. А.​И.​Сумбатов-Южин: Жизнь и творчество. Тбилиси;

М., 1982.

А.І.Южын.

т. 18, кн. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́ЕЎ Павел Лук’янавіч (н. 14.6.1938, в. Дулава Яраслаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны і арганізатар вытв-сці ў галіне кар’ернага аўтамабілебудавання. Д-р тэхн. н. (2003). Акад. Бел. інж.-тэхнал. акадэміі (1995). Засл. работнік прам-сці Беларусі (1998). Герой Беларусі (2001). Ганаровы грамадзянін г. Жодзіна (2002). Скончыў БПІ (1972). У 1956—57 тэхнік-канструктар Уральскага аўтамаб. з-да. З 1959 на Бел. аўтамаб. з-дзе: з 1980 гал. інжынер, з 1992 дырэктар. З 1995 ген. дырэктар ВА «БелАЗ». Навук. працы па даўгавечнасці, трываласці і металаёмістасці буйнагабарытных дэталей і канструкцый машын. Распрацаваў і рэалізаваў у серыйнай вытв-сці новую канцэпцыю павышэння канструкцыйнай роўнатрываласці буйнагабарытных дэталей і зварных канструкцый кар’ерных самазвалаў вял. і асабліва вял. грузападымальнасці. Распрацаваў асновы структурнай роўнатрываласці буйнагабарытных дэталей машын, рэалізаваў новы падыход да стварэння высокатрывалых адлівак з уласцівасцямі пракату і атрымання літазварных роўнатрывалых канструкцый нясучых сістэм самазвалаў. Пад яго кіраўніцтвам ажыццяўляецца буйная мадэрнізацыя вытв. комплексу прадпрыемства.

Тв.:

Повышение долговечности несущих конструкций карьерных автосамосвалов. Якутск, 1991;

Основы структурной равнопрочности стали и элементов крупногабаритных деталей машин. Мн., 1999 (разам з У.​І.​Майсеенкам);

Повышение констуркционной равнопрочности крупногабаритных деталей и сварных узлов карьерных самосвалов. Мн., 2001.

ПЛ.Марыеў.

т. 18, кн. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ Міхаіл Міхайлавіч (н. 1.3.1938, в. Буда-Петрыцкая Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (2003), праф. (1994). Скончыў Бел. дзярж. ін-т нар. гаспадаркі (1966). З 1961 у Аддзеле фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН БССР, Бел. політэхн. ін-це. У 1969—93 і з 1994 у Бел. эканам. ун-це (у 1988—93 заг. кафедры), адначасова ў 1992—93 дырэктар навук. цэнтра нац. рахункаводства пры Бел. эканам. ун-це. У 1980—83 ва ун-це імя Эдуарду Мандлане (Нар. Рэсп. Мазамбік). У 1993—94 дырэктар НДІ статыстыкі пры Дзяржкамстаце Беларусі. Навук. працы па статыст. мадэліраванні і аналізе патокаў даходаў і расходаў у сістэме даных нац. рахункаў, цыклічных ваганняў мікраэканам. паказчыкаў, эфектыўнасці выкарыстаных рэсурсаў вытворчасці.

Тв.:

Введение в систему национальных счетов. Мн., 1995;

Общая теория статистики. Практикум. Мн., 1996 (у сааўт.);

Макроэкономическая статистика. Мн., 1996 (разам з І.​Я.​Цеслюком);

Макроэкономические закономерности циклообразования, стабилизации и равновесного развития рыночных процессов: Методология стат. моделирования и анализа. Мн., 2000;

Моделирование и анализ малых циклических колебаний валового внутреннего продукта // Науч. тр. БГЭУ: Юбил. вып. Мн., 2003. Т. 1.

т. 18, кн. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНДЭ́ЛЬ (Blondel) Франсуа (1617, паводле інш. звестак 15.7.1618, Рыбемон-сюр-Анкр, дэпартамент Сома, Францыя — 21.1.1686),

французскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Дырэктар Каралеўскай акадэміі архітэктуры (з 1672). Планаваў гарады і ўмацаванні, пабудаваў у Парыжы арку Сен-Дэні (1672), падобную на стараж.-рым. трыумфальныя аркі. У кн. «Курс архітэктуры» (1675—83) абвясціў арх. формы антычнасці і Адраджэння «вечнымі сапраўднымі законамі», імкнуўся знайсці для іх абс. лічбавае выражэнне.

Ф.Бландэль. Арка Сен-Дэні ў Парыжы. 1672.

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬЁМ, Гіём (Guillaume) Шарль Эдуар (15.2.1861, г. Флёр’е, Швейцарыя — 13.6.1938), швейцарскі фізік і метролаг. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1833). Працаваў у Міжнар. бюро мер і вагі ў г. Сеўр (з 1905 дырэктар). Навук. працы па метралогіі. Даў новае вызначэнне літра, даследаваў прычыны памылак ртутных тэрмометраў і прапанаваў папраўкі да іх (1889). Стварыў новыя сплавы інвар, элінвар і інш., якія выкарыстоўваюцца ў высокадакладных інструментах і метралагічных стандартах (1899). Нобелеўская прэмія 1920.

Ш.Гільём.

т. 5, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГЛО́Ў Яўген Данілавіч (н. 29.10.1924, в. Стрыжанёва Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны-патафізіёлаг. Д-р мед. н. (1972). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1951). З 1955 у Бел. НДІ гематалогіі і пералівання крыві (з 1973 дырэктар). Працы па функцыянальных сувязях страўнікава-кішачнага тракту і печані, стабілізацыі донарскай крыві з дапамогай валакністага сарбенту — фасфату цэлюлозы.

Тв.:

Получение бесцитратной крови с применением фосфата целлюлозы. Мн., 1971 (у сааўт.).

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)