ДЫ́ЯШ, Дыяш ды Наваіш [Dias (Diaz) de Novaes] Барталамеу (каля 1450—29.5.1500), партугальскі мараплавец. У 1487 узначаліў экспедыцыю, якая шукала марскі шлях у Індыю. Даследаваў паўд.-зах. ўзбярэжжа Афрыкі паміж 22° і 33°паўд. ш. Першы з еўрапейцаў абагнуў Афрыку з Пд. Прайшоў уздоўж паўд. берага Афрыкі да бухты Алгоа, але быў вымушаны па патрабаванні каманды павярнуць у Партугалію; на зваротным шляху адкрыў мыс Добрай Надзеі (1488). У 1500 прымаў удзел у экспедыцыі П.А.Кабрала, загінуў недалёка ад мыса Добрай Надзеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМЫ́ЙКАВЫ ВЕРШ,
14-складовы верш, кожны радок у якім разбіты пастаяннымі паўзамі на 3 групы (4 + 4 + 6). Радкі звязаны сумежнай рыфмоўкай. Трапляецца ў нар.укр. прыпеўках — каламыйках (адсюль назва), некаторых бел.нар. песнях. Пашыраны і ў пісьмовай паэзіі (Т.Шаўчэнка, С.Руданскі, Я.Купала, М.Багдановіч і інш.), дзе кожны вершарад запісваецца ў 2 радкі — цэзура становіцца міжрадковай паўзай: «Ночка цёмная глядзела // Ды цямнейшай стала, // Адна зорка мігацела — // І тая прапала» («Бандароўна» Я.Купалы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́МАЎ,
горад у Расіі, раённы цэнтр у Разанскай вобл., на левым беразе р. Ака. Засн. ў 1152, да 1471 Гарадзец-Мяшчэрскі, з сярэдзіны 15 ст. да 1681 цэнтр Касімаўскага царства (у складзе Рус. дзяржавы). 37,9 тыс.ж. (1996). Прыстань. Аэрапорт. Чыг. станцыя (за 8 км ад К.). Сеткавязальная і аўчынна-футравая ф-кі; суднарамонтны, халадзільнага машынабудавання і інш. з-ды. Краязнаўчы музей. Мінарэт (15 ст.), мусульм. маўзалеі (16—17 ст.), цэрквы і сабор (пач. 18—19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РГІЕЎ ПАСА́Д (у 1925—30 Сергіеў, у 1930—92 Загорск),
горад у Маскоўскай вобл. Расіі. Вядомы з 1340. Фарміраваўся вакол Троіца-Сергіевай лаўры. 111 тыс.ж. (1999). Чыг. станцыя. З-ды: оптыка-мех., маш.-буд., «Аўтаспецабсталяванне», эл.-мех., хім., лакафарбавы, школьных прылад і інш.; прадпрыемствы лёгкай прам-сці. Вытв-сць лялек. Музей лялек. Увядзенская і Пятніцкая пасадскія цэрквы (16 ст.), Пятніцкі калодзеж (17—18 ст.). Арх. ансамбль Троіца-Сергіевай лаўры ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МША,
герой бел. антыпрыгонніцкіх казак. З іх найб. вядомая казка «Пану навука», паводле якой Р. жыў на Рымшавай гары (б. Мазырскі пав.) і помсціў пану-самадуру «за ўсе людскія слёзы ды крыўду», многа дабра рабіў людзям. У казцы пан крыўдзіць мужыка, а той, пераапрануўшыся (цесляром, доктарам і г.д.), некалькі разоў карае яго. Сярод слав., літ., франц., італьян. і інш. казак падобнага тыпу бел. вылучаюцца антыпрыгонніцкай накіраванасцю. Матыў казкі пра Р. выкарыстаў З.Бядуля ў аповесці «Салавей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЖО́К,
горад у Цвярской вобл. Расіі, на р. Цверца (прыток р. Волга). Вядомы з 1139. 50,2 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (вагонабуд. і маш.-буд. з-ды), харч., гарбарна-абутковая. Дрэваапр. прадпрыемствы. З-дпаліграф. фарбаў, золатавышывальная ф-ка, вытв-сць гліняных лялек. Музеі: гіст.-этнагр., арх.-этнагр. «Васілёва», залатога шыцця, А.С.Пушкіна. Драўляная царква Ушэсця (17—18 ст.), Барысаглебскі манастыр з аднайм. саборам (1785—86), Спаса-Праабражэнскі сабор (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЗАНЕ́ЛА [Pisanello; сапр.Антоніо ды Пуча ды Чэрэта (Antonio di Puccio di Cerreto); да 1395, г. Піза?, Італія — паміж 1450—55],
італьянскі жывапісец, рысавальшчык і медальер. Склаўся пад уплывам познагатычнага веронскага і ламбардскага жывапісу, зазнаў уплывы Стэфана да Вероны і Джэнтыле да Фабрыяна. Працаваў у рэчышчы інтэрнац. готыкі. Творы вызначаюцца вытанчанасцю манеры, дакладнай прапрацоўкай і пластычнай тонкасцю мадэліроўкі элементаў у спалучэнні з фантаст. трактоўкай сюжэтаў. Аўтар фрэсак у Палацы дожаў (паміж 1415—22, з Джэнтыле да Фабрыяна) у Венецыі, цэрквах Сан-Ферма («Дабравешчанне», 1426), Сант-Анастазія («Св. Георгій і прынцэса», паміж 1433—38) у Вероне, у палацы герцага Ганзага ў Мантуі (з 1447); карцін «Уяўленне св. Яўстафія» (1430-я г.), «Св. Іеранім» (пасля 1438), «Мадонна са св. Георгіем і Антоніем абатам» (1440-я г.) і інш. Майстар-партрэтыст; партрэты імператара Багеміі Сігізмунда (1432), візант. імператара Іаана VIII Палеалога (1438), прынцэсы Джынеўры д’Эстэ (пасля 1438), Ліянела д’Эстэ (1441), медалі ў гонар Іаана VIII Палеалога (1438), кандацьера Нікало Пічыніна (каля 1443), Ліянела д’Эстэ (1444), Чэчыліі Ганзага (1447), караля Альфонса Арагонскага (1449) і інш. Адзін з найбуйнейшых еўрап. рысавальшчыкаў: кампазіцыйныя штудыі, натурныя эцюды (партрэты, ню, жывёлы, касцюмы), малюнкі (т. зв. «Альбом Валардзі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРХІ́Н Рыгор Барысавіч (19.3.1880, г. Перм, Расія — 11.4.1969),
рускі архітэктар. Засл. дз. нав. і тэхн. (1960). Вучыўся ў Пецярб.АМ (1901—08). З 1909 педагог, у 1930—37 праф. Маскоўскага арх. ін-та. У 1908—11 працаваў памочнікам Р.Клейна (інтэр’еры Музея выяўл. мастацтва і Барадзінскі мост у Маскве). Асн. работы: з-ды сернай і азотнай кіслот каля Ніжняга Ноўгарада (1915—16), санаторый у г. Сакі ў Крыме (1929), дом газ. «Известия» (Масква, 1925—27) у формах канструктывізму, праект аднаўлення Севастопаля (1943—46).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕА́РН (Béarn),
гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, на ўзбярэжжы Біскайскага зал. Пл. 5,8 тыс.км². Нас. каля 390 тыс.чал. (1990), значную частку складаюць баскі. Гал. горад — По. На Пд — адгор’і Зах. Пірэнеяў, на Пн — перадгорныя ўзгорыстыя раўніны. Клімат умераны, вільготны. Здабыча прыроднага газу. Хім. і алюмініевы з-ды. Прамысл. цэнтр Баёна (авія- і машынабудаванне, тэкст. і абутковая прам-сць). На Пд — гарнапашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі), у перадгор’ях — пасевы пшаніцы і кукурузы, сады і вінаграднікі. Кліматычны, прыморскі і бальнеалагічны курорт Біярыц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІ́НЫ,
азотазмяшчальныя арган. злучэнні; вытворныя аміяку, у якіх атамы вадароду замешчаны арган. радыкаламі. Па колькасці замешчаных атамаў адрозніваюць аміны першасныя RNH2, другасныя R2NH, трацічныя R3N, па колькасці амінагруп — мона-, ды-, тры- і поліаміны. Ніжэйшыя аміны — газы, вышэйшыя — вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Аміны — асновы, з кіслотамі ўтвараюць солі, раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць звычайна алкіліраваннем аміяку, аднаўленнем нітразлучэнняў, нітрылаў. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці фарбавальнікаў, лекаў, палімерных матэрыялаў, флотарэагентаў, паверхнева-актыўных і роставых рэчываў, гербіцыдаў; уваходзяць у састаў біялагічна актыўных рэчываў, амінакіслот, нуклепратэідаў, ферментаў.