РАСЛІННАСЦЬ ВАДАЁМАЎ.

Відавы састаў раслінных супольнасцей, што фарміруюць асацыяцыі, фармацыі і тыпы воднай расліннасці, адносяць да розных таксанамічных катэгорый. У аквафлоры Беларусі адзначана 260 відаў вышэйшых раслін і больш за 2 тыс. відаў водарасцей. Вышэйшыя водныя расліны, у склад якіх уключаны і травяністыя кветкавыя аднадольныя расліны, анатамічна і марфалагічна прыстасаваныя да жыцця ў водным асяроддзі. Глыбіня месцазнаходжання расліннасці (у сярэднім да 3—4, зрэдку да 6—10 м) залежыць ад празрыстасці вады.

У прыбярэжнай зоне растуць асокі, шабельнік балотны, цыкута ядавітая, аер балотны, капытнік балотны. У земнаводнай зоне (да глыбіні 0,5 м) трапляюцца плюшчай галінасты, шабельнік трыпутнікавы, стрэлкаліст, хвошч багнавы, рагоз, касач, У зоне паветрана-водных раслін (глыбіня вадаёма 1,5—2 м) знаходзяцца трыснёг, чарот азёрны, рагозы, хвашчы, маннік вадзяны. У зоне раслін з вадаплаўным лісцем (глыбіня 2—3 м) растуць гарлачык жоўты, гарлачык белы, драсён земнаводны, рдзест плывучы. Зона шыракалістых рдзестаў у вадаёмах з празрыстай вадой дасягае глыбіні 5 м. У зоне водных імхоў і водарасцей (глыбіня да 10 м, напр., воз. Нарач) утвараюцца падводныя лугі з імхоў (у асноўным фантыналіс проціпажарны) і водарасцей (пераважна харавых — хара, нітэла, нітэлопсіс). У расліннасці вадаёмаў і вадацёкаў шмат рэдкіх відаў, занесеных у Чырв. кнігу. Шэраг відаў вылучаны для прафілактычнай аховы. 34 віды водных сасудзістых раслін маюць гаспадарчую каштоўнасць.

Усе віды аквафлоры — аўтатрофныя арганізмы, што ствараюць першасную прадукцыю і вызначаюць функцыянаванне іншых (гетэратрофных) узроўняў экасістэмы. Яны адыгрываюць першарадную ролю ў аэрацыі вадаёмаў, іх самаачышчэнні; некаторыя з іх здольныя паглынаць з вады і назапашваць таксічныя рэчывы. Такія індыкатарныя арганізмы выкарыстоўваюць у сістэмах біялагічнага аналізу якасці вады, маніторынгу і кантролю стану асяроддзя. Празмернае развіццё воднай расліннасці прыводзіць да другаснага забруджвання, «цвіцення» вады і пагаршэння стану водных экасістэм.

Літ.:

Катанская В.М. Высшая водная растительность континентальных водоемов. Методы изучения. Л., 1981;

Михеева Т.М. Альгофлора Беларуси = Algal flora of Belarus: Таксоном. кат. Мн., 1999;

Гигевич Г.С., Власов Б.П., Вынаев Г.В. Высшие водные растения Беларуси;

Экол.-биол. характеристика, использование и охрана. Мн., 2001.

Т.​М.​Міхеева.

Расліннасць вадаёмаў: 1 — аер звычайны; 2 — палушнік азёрны; 3 — стрэлкаліст звычайны; 4 — гарлачык жоўты; 5 — капытнік балотны; 6 — рдзест плывучы; 7 — альдраванда пухіраватая; 8 — хвошч прырэчны; 9 — лотаць балотная; 10 — рагоз шыракалісты; 11 — рагаліснік апушчаны; 12 — шышняк кальчаковы; 13 — трыснёг звычайны.

т. 18, кн. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАТЫГРАФІЯ

Першыя стратыграфічныя даследаванні на Беларусі праведзены ў 1840-я г. ўдзельнікамі спец. экспедыцыі па Еўрапейскай Расіі на чале з англ. вучоным Р.​Мурчысанам, якія выявілі адклады дэвонскай (Зах. Дзвіна і Дняпро) і мелавой (р. Сож) сістэм. Да канца 19 — пач. 20 ст. рус. і бел. вучоныя прадоўжылі даследаванні, што тычыліся ў асноўным адкладаў чацвярцічнай сістэмы (А.​Э.​Гедройц, М.​І.​Крыштафовіч, Г.​Б.​Місуна і інш.). Зрэдку вывучаліся больш стараж. ўтварэнні кембра-сілурыйскага, дэвонскага і мелавога ўзросту, якія залягалі на паверхні сярод ледавіковых парод у выглядзе «адорвеняў» або агаляліся па берагах рэк (М.​А.​Антановіч, Р.​П.​Гельмерсен, А.​Н.​Карнажыцкі, А.​П.​Карпінскі, К.​А.​Мілашэвіч, Э.​І.​Эйхвальд і інш.). Пры вывучэнні керну свідравін былі выяўлены адклады дэвону ў Мінску (Я.​У.​Апокаў, П.​А.​Туткоўскі), юры ў Магілёве (А.​М.​Жырмунскі), мелу і палеагену ў Гомелі (П.​Я.​Армашэўскі) і інш. У 1920-я г. на падставе гэтых матэрыялаў складзены першыя стратыграфічныя схемы верхнемелавых і трацічных утварэнняў усх. часткі тэр. рэспублікі (Г.​Ф.​Мірчынк, Б.​К.​Тарлецкі і інш.). Мэтанакіраваныя стратыграфічныя даследаванні на Беларусі вяліся пасля стварэння на базе геолага-глебазнаўчай падсекцыі Інбелкульта Геал. ін-та (1927, першы дырэктар М.​Ф.​Бліадухо). Да 1941 у вывучэнні стратыграфіі актыўна ўдзельнічалі бел. даследчыкі (М.​Я.​Кавалёў, А.​В.​Красоўскі, В.​І.​Маеўскі, С.​С.​Малярэвіч, М.​М.​Цапенка і інш.). У сярэдзіне 1930-х г. М.​Ф.​Бліадухо абагульніў усе вядомыя на той час матэрыялы па стратыграфіі Беларусі.

У пасляваенныя гады пачалася дзярж. здымка тэр. рэспублікі маштабу 1:200 000. Прабурана шмат глыбокіх апорных свідравін, адноўлены пошукі карысных выкапняў (нафты, каменнай і калійных солей, вугалю, буд. матэрыялаў, мінеральных вод і інш.). Вынікі гэтых работ у пач. 1960-х г. дазволілі распрацаваць і часткова палеанталагічна абгрунтаваць стратыграфічныя схемы адкладаў амаль усіх геал. сістэм на тэр. Беларусі. У іх складзе акрамя аддзелаў, ярусаў і пад’ярусаў па некаторых сістэмах (дэвонскай і інш.) вылучаны і больш дробныя стратоны — гарызонты, світы. Стратыграфічныя схемы падзелу ўтварэнняў архейскага і пратэразойскага ўзросту (крышт. фундамент) склалі Я.​М.​Махлін, А.​С.​Махнач, А.​М.​Пап, адкладаў верхняга пратэразою — А.​П.​Брунс, А.​С.​Махнач і інш., кембрыю — А.​С.​Махнач, ардовіку і сілуру — Т.​М.​Аліхава, А.​С.​Махнач і інш., дэвону — В.​К.​Галубцоў, Р.​М.​Пістрак, А.​В.​Фурсенка і інш., карбону — В.​К.​Галубцоў, Г.​І.​Кеда і інш., пярмі і трыясу — В.​К.​Галубцоў, Ф.​Я.​Лапчык, З.​М.​Неўмяржыцкая і інш., юры — І.​В.​Міцяніна, мелу — В.​С.​Акімец, палеагену і неагену — С.​С.​Маныкін, чацвярцічнай сістэмы — Л.​М.​Вазнячук, Н.​А.​Махнач, М.​М.​Цапенка і інш.

У 1970 — пач. 1980-х г. створаны новыя рэгіянальныя стратыграфічныя схемы платформавага чахла і крышт. фундаменту Беларусі, прынятыя на Бел. міжведамаснай стратыграфічнай нарадзе (Гомель, 1981) і зацверджаныя Міжведамасным стратыграфічным камітэтам (МСК) СССР (Ленінград, 1982). Яны былі больш літа- і біястратыграфічна абгрунтаваныя і больш дэталёвыя за папярэднія. У рэгіянальнай частцы схем былі вылучаны гарызонты, падгарызонты і слаі з геагр. назвамі, біястратыграфічныя зоны, а ў мясц. частцы схем — світы, падсвіты, серыі. У распрацоўку гэтых схем і далейшае іх удасканаленне (2003) з улікам даных вывучэння рэчыўнага складу, радыялагічных датаванняў (калій-аргонавым, уран-свінцовым і інш. метадамі) і геафіз. асаблівасцей значны ўклад зрабілі В.​І.​Абраменка, Т.​Г.​Абухоўская, Л.​Ф.​Ажгірэвіч, В.​С.​Акімец, М.​В.​Аксаментава, Я.​І.​Аношка, А.​А.​Архіпава, В.​І.​Аўхімовіч, Г.​А.​Белавусава, А.​Ф.​Бурлак, В.​Я.​Бяссонава, Ф.​Ю.​Велічкевіч, М.​В.​Вераценнікаў, В.​К.​Галубцоў, Б.​М.​Гурскі, К.​І.​Давыдзік, Э.​К.​Дземідзенка, Л.​Ц.​Дубініна, Р.​А.​Зінава, Г.​У.​Зінавенка, В.​П.​Зярніцкая, Г.​І.​Ількевіч, П.​Ф.​Каліноўскі, Л.​А.​Карымава, З.​М.​Кліменка, С.​А.​Кручак, А.​Г.​Лапцэвіч, Л.​С.​Ліннік, Г.​І.​Літвінюк, Л.​П.​Логінава, Э.​А.​Ляўкоў, Т.​І.​Майсеева, К.​М.​Манкевіч, Л.​І.​Матрунчык, А.​М.​Матузка, А.​С.​Махнач, М.​А.​Махнач, А.​В.​Мацвееў, М.​Дз.​Міхайлаў, В.​М.​Мотуз, Л.​І.​Мурашка, У.​І.​Назараў, І.​В.​Найдзянкоў, Н.​С.​Некрата, Л.​У.​Піскун, В.​І.​Пушкін, Т.​Б.​Рылова, А.​Ф.​Санько, У.​І.​Таўсташэеў, Г.​К.​Хурсевіч, У.​І.​Шкуратаў, Я.​К.​Яловічава, Т.​В.​Якубоўская і інш. Вынікі гэтых прац з’яўляюцца стратыграфічнай асновай для геал. карціравання, пошукавых і разведачных работ на розныя карысныя выкапні. Стратыграфічныя даследаванні на Беларусі праводзяцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі, Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це РУП «Белгеалогія», Бел. дзярж. і Мінскім пед. ун-тах. Для каардынацыі стратыграфічных даследаванняў пры Бел. геал. т-ве дзейнічае Стратыграфічны камітэт. У галіне стратыграфіі навукова-даследчыя і вытв. арганізацыі Беларусі супрацоўнічаюць з геал. арганізацыямі Расіі, Украіны, Польшчы і інш. краін.

Літ.:

История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;

Материалы по стратиграфии Белоруссии. М., 1981;

Геология Беларуси. Мн., 2001;

Стратиграфия и палеонтология геологических формаций Беларуси. Мн., 2003.

С.​А.​Кручак.

т. 18, кн. 2, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,

другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.​Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр. Паўн. Амерыкі, на З Паўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б. ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.

Літ.:

Ропот В.Ф., Пушкин В.И. Ордовик Белоруссии. Мн., 1987;

Никитин И.Ф. Ордовик // Стратиграфия и палеонтология древнейшего фанерозоя. М., 1984.

А.​С.​Махнач, У.​І.​Пушкін.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 14—20 ст. Утвораны ў канцы 14 ст. пасля скасавання Віцебскага княства. Тэр. Віцебскага павета складалася з 2 асн. частак: стараж. баярскіх вотчын і княжацкіх двароў, якія размяшчаліся пераважна на З, У і Пд ад Віцебска на адлегласці каля 20—30 км, і больш аддаленых валасцей Азярышча (Езярышча), Бруса, Дрэчылукі, Мікуліна, Усвят (Усвяты) і інш. Княжацкімі дварамі, верагодна, здаўна былі Выдрэя, Лемніца (Ілемніца), Лужасна, Любашкаў, якія ў 16 ст. і пазней сталі велікакняжацкай уласнасцю. Шматлікія баярскія вотчыны (у 15—16 ст. сярод іх упамінаюцца Бялынавічы, Вымна, Глазамічы, Караміды, Пагосцішча, Старое Сяло, Тухачова, Фальковічы, Хоцімля і інш.) належалі прадстаўнікам 20—30 родаў мясц. паходжання ці раздаваліся вял. князямі служылым князям. У 1508 утворана Віцебскае ваяводства, куды ўвайшоў і Віцебскі павет. Функцыі віцебскага намесніка перайшлі да ваяводы, якога замяшчаў падваявода. У 1514 паўн.-ўсх. частка Віцебскага павета (воласці Веліж і Жыжэц) адышла да Маскоўскай дзяржавы (Веліж вернуты ў 1582 пасля Лівонскай вайны 1558—83). Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 удакладнены межы Віцебскага павета, уведзены новыя службовыя пасады (кашталян, суддзя земскі з падсудкам і пісарам, суддзя гродскі з пісарам, харужы, падкаморы і інш.), уся шляхта павета была ўраўнавана ў правах і атрымала самакіраванне — павятовы соймік. У час Лівонскай вайны на тэр. маёнтка Дрэчылукі ў 1563 пабудаваны дзярж. Суражскі замак. На тэр. Віцебскага павета здаўна існаваў праваслаўны Маркаў (Маркаўскі) манастыр (на правым беразе Зах. Дзвіны ніжэй ад Віцебска). У 16—18 ст. найбуйнейшымі землеўладальнікамі павета былі Сапегі, Сангушкі, Агінскія. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебскі павет у складзе Рас. імперыі: з 1772 у Пскоўскай, з 1776 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губ. У гэты перыяд тэр. Віцебскага павета значна паменшылася: з яго вылучаны Веліжскі, Гарадоцкі і Суражскі пав., паўд. частка ўвайшла ў Бабінавіцкі пав., паўд.-заходняя — у Сенненскі. У 1866 тэр. Суражскага пав. падзелена паміж Віцебскім паветам і Веліжскім пав. З гэтага часу Віцебскі павет набыў межы, у якіх заставаўся да 1918. У 1897 тэр. павета 2861,1 кв. вярсты, нас. 177 066 чал. З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Віцебскі павет увайшоў у яе склад. З утварэннем Літ.-Бел. ССР (ліст. 1919) павет у Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. Да 1920 у павет уваходзілі 23 воласці, пасля ўзбуйнення валасцей (1923) у Віцебскім павеце іх засталося 15. У сак. 1924 тэр. павета ў межах адм.-тэр. падзелу 1920 вернута ў БССР. 17.7.1924 Віцебскі павет скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Віцебскую акругу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РМСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД),

перм, геалагічная 6-я сістэма палеазойскай эратэмы (эры). Адпавядае 6-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі трыясавай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 280 млн. г. назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. геолагам Р.​І.​Мурчысанам (1841). Падзяляецца на 2 аддзелы (эпохі) — ніжні і верхні (ранняя і позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — асельскі, сакмарскі, арцінскі, кунгурскі (ніжні аддзел), уфімскі, казанскі, татарскі (верхні аддзел). На Беларусі вылучаны мясцовыя світы і падсвіты. У пермскі перыяд у выніку заканчэння герцынскай складкавасці ў Паўн. паўшар’і ўтварыўся звышкантынент Лаўразія, на Пд павялічылася плошча звышкантынента Гандвана. Марскі рэжым існаваў паміж гэтымі кантынентамі (акіян Тэціс), а таксама ў межах Усходне-Азіяцкай і Кардыльерскай геасінклінальных абласцей.

Арган. свет характарызуецца ўзмацненнем ролі наземных жывёл і расліннасці. На сушы панавалі насякомыя, пазваночныя (стэгацэфалы, паўзуны), наземныя расліны, пераважна прадстаўнікі голанасенных — хвойныя, цыкадавыя і гінкгавыя. У морах жылі фарамініферы (пераважна фузулініды). брахіяподы, галаваногія (ганіятыты, цэратыты) і 2-створкавыя малюскі, астракоды, канадонтаносьбіты, акулы, былі характэрны імшанкі і каралы, якія ўтваралі рыфавыя пабудовы. У канцы пермскага перыяду вымерлі многія жывёлы — фузулініды. трылабіты, 4-прамянёвыя і табулятаморфныя каралы. некаторыя групы малюскаў, брахіяпод, імшанак, рыб. У раслінным свеце зніклі дрэвападобныя дзеразовыя і членістасцябловыя, кардаітавыя. Пашыраны кантынентальны рэжым спрыяў утварэнню чырванаколерных тэрыгенных адкладаў, намнажэнню магутных тоўшчаў солей (Верхнякамскі, Прыкаспійскі, Сярэднееўрапейскі, Дэлаварскі і інш. басейны), вуглёў (Пячорскі, Кузнецкі, Тунгускі і інш. басейны), нафты і газу (Персідскага заліва, Цімана-Пячорскі. Волга-Уральскі, Цэнтральнаеўрапейскі і інш. басейны), фасфарытаў (Скалістыя горы ў ЗША) і інш.

На Беларусі адклады П.с. (п.) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне магутнасцю да 800 м (чырванаколерныя пясчанікі, алеўраліты, гліны, даламіты, гіпсы, ангідрыты — прудкоўская світа асельскага яруса; аргіліты, мергелі, каменная і калійныя солі — свабадская світа сакмарскага яруса; страката- і чырванаколерныя гліны, пясчанікі і інш. — дудзіцкая світа татарскага яруса), у Падляска-Брэсцкай упадзіне магутнасцю да 50 м (пясчанікі і гравеліты — ясінаўская світа уфімскага яруса; вапнякі і даламіты з рэшткамі фарамініфер, астракод, брахіяпод — камянецкая світа казанскага яруса) і на паўн.-зах. схіле Беларускай антэклізы магутнасцю да 30 м (алеўрыты і пясчанікі — пярлойская світа арцінскага яруса; вапнякі, даламіты, гліны з рэшткамі марской фауны — новаакмянская світа казанскага яруса). З пермскімі адкладамі звязаны паклады каменнай і калійных солей, праяўленні медзі, рэдкіх і рассеяных элементаў.

Літ.:

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы 1988 г.: Пермская система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 12, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕУ́Л,

горад, сталіца Рэспублікі Карэя (Паўд. Карэя). Вылучаны ў самастойную адм. адзінку, прыраўнаваную да правінцыі. Адзін з найбуйн. гарадоў свету. 9888 тыс. ж., з прыгарадамі і суседнімі гарадамі 19,85 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Ханган, за 90 км ад зал. Канхваман Жоўтага м. (аванпорт С. — г. Інчхон). 2 міжнар. аэрапорты. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Разам з Інчхонам дае каля 50% прамысл. вытв-сці Паўд. Карэі. У С. знаходзяцца асн. фінансавыя і прамысл. аб’яднанні, страхавыя і гандл. кампаніі, банкі, філіялы замежных банкаў і фірм. Прам-сць: металургічная, аўтамабілебудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная, хім., тэкст. (пераважна баваўняная), харч., буд. матэрыялаў, гумавая, гарбарная, паліграф., папяровая, керамічная. Буйныя ЦЭС. Метрапалітэн (больш за 1 млрд. пасажыраў штогод). 18 ун-таў. Нац. АН.

Першыя паселішчы на тэр. сучаснага С. вядомы з часоў 3 царстваў — Кагуро, Пэкчэ, Сіла (1—7 ст.). У 554 заваяваны Сілай і названы Хансон (ужываецца і цяпер як другая назва С.). З 1068 адзін з каралеўскіх гарадоў-рэзідэнцый. Пры дынастыі Лі [1392—1910] стаў сталіцай Карэі (1393), пераназваны С. (з карэйскай — сталіца) і пачаў хутка развівацца. У час Імдзінскай вайны 1592—98 акупіраваны (1592—93) яп. войскамі. Пасля анексіі Карэі Японіяй С. — рэзідэнцыя яп. ген.-губернатара (1910—45; наз. Кёнджо), адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху. Тут пачалося антыяп. Сакавіцкае паўстанне 1919. З 1948 сталіца Рэспублікі Карэя. Моцна разбураны ў час карэйскай вайны 1950—53, адбудаваны. У 1988 месца правядзення XXIV Алімп. гульняў.

Аблічча С. вызначаецца спалучэннем традыц. забудовы з сучаснымі вышыннымі будынкамі і арх. комплексамі. Цэнтр мае рэгулярную планіроўку, забудаваны шматпавярховымі дамамі, у паўд. і ўсх. частках пераважаюць кварталы з вузкімі крывымі вуліцамі. У С. існаваў вял. ансамбль палаца Кёнбакун са шматлікімі параднымі і жылымі будынкамі, адасобленымі дварамі і паркамі (1395, зруйнаваны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны; захаваўся фрагментарна). Помнікі архітэктуры: пагады 3-ярусная Ханмётхап храма Папчонса (1085) і храма Вангакса (1464), крапасная сцяна Ханьянсон (1392—1446, захавалася часткова) з варотамі Намдэмун (1395) і Тандэмун (1396), палацы Чхандок (1404, зруйнаваны ў 1592, адноўлены ў 17 ст.), Чангён (15—17 ст.), Даксу (16 ст.), у ансамблі якога палац Сакджаджон (1901—11; цяпер будынак Нац. музея) і інш. Сярод сучасных збудаванняў спарт. комплекс, пабудаваны да XXIV Алімп. гульняў. У С. шмат паркаў, садоў, у т. л. заал. і бат., 15 мастоў. Музеі: выяўл. мастацтваў, кар. мастацтва, фальклору, тэхнікі фірмы «Самсунг», скансэн. Тэатры: оперы, народны, Усходу; сімф. аркестры.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Сеул. Палацава-паркавы ансамбль Кёнбакун. Фрагмент.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНІ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

міждысцыплінарная галіна ведаў, якая вывучае псіхіку чалавека ў яе канкрэтным гісторыка-культ. выяўленні. Аб’ектам Э.п. выступае спецыфіка рэпрэзентацыі этнічнага ў свядомасці этн. груп і іх прадстаўнікоў. Узнікненне Э.п. як самаст. навук. дысцыпліны адносяць да сярэдзіны 19 ст. (працы па псіхалогіі народаў М.​Лацаруса і Х.​Штэйнталя, В.Вунта). Этнапсіхал. праблемы вывучалі таксама Г.Лебон, Г.Тард, С.​Сігел, А.​Фулье і інш. У канцы 1840-х г. К.​М.​Бэр, М.​І.​Надзёжын, К.​Дз.​Кавелін сфарміравалі прынцыпы «псіхічнай геаграфіі». У 1927 Г.​Г.​Шпет апублікаваў кн. «Уводзіны ў этнічную псіхалогію». Праблемы Э. распрацоўвалі Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, Я.​Я.​Рагінскі, С.​П.​Талстоў і інш.

У канцы 19 ст. У.​Рыверс правёў першыя параўнальна-культ. даследаванні міжкульт. адрозненняў у зрокавым успрыманні. Іх вывучэнне прадоўжылі М.​Сегал, Д.​Кэмпбел, М.​Херскавіц. У выніку ўстаноўлена, што культ., а не расавыя асаблівасці вызначаюць зрокавае бачанне чалавекам навакольнага свету. У рэчышчы крос-культ. псіхалогіі зроблены даследаванні па ўспрыманні чалавекам колеру, параўнальныя даследаванні інш. яго пазнавальных працэсаў (мыслення, памяці і інш.). У амер. культ. антрапалогіі Э.п. развіваецца з пач. 1920-х г. ў рэчышчы тэарэтыка-метадалагічнага кірунку «культура і асоба»: школы культ. дэтэрмінізму Ф.Боаса (Р.​Бенедыкт, М.​Мід) і неафрэйдызму (А.​Кардынер, Р.​Лінтан, Дж.​Гарэр, К.​Дзюбуа, І.​Халоўэл і інш.). Гарэр узначаліў даследаванні нацыянальнага характару. У выніку створаны канцэпцыі «базавай структуры асобы», «мадальнай» і «мультмадальнай асобы» (А.​Інкельс, Х.​Дзьюкер, Н.​Фрэйда, Кардынер, Лінтан, Д.​Левінсон). У краінах СНД Э.п. развіваецца як самаст. міждысцыплінарная галіна. У якасці самаст. субдысцыплін Э.п. вылучаны: этн. сац. псіхалогія (уключае псіхалогію міжэтн. ўспрымання і ўзаемадзеяння, псіхалогію міжэтн. адносін); этнапсіхалогія асобы; этнапсіхатэрапія; этнапсіхалогія пазнавальных працэсаў і інш.

Сучасныя этнапсіхалагічныя даследаванні развіваюцца у 3 кірунках: даследаванні ўзаемаадносін ва ўмовах адной культуры; параўнальна-культ. даследаванні агульных псіхалаг. пераменных сярод прадстаўнікоў розных этнасаў; даследаванні псіхал. праблем узаемадзеяння (адбываюцца шляхам вывучэння праблем акультурацыі, міжэтн. і міжнар. супрацоўніцтва і псіхал. адносін). У Беларусі этнапсіхал. даследаванні этн. ідэнтыфікацыі і ідэнтычнасці беларусаў праводзіць сектар сац. псіхалогіі Ін-та сацыялогіі Нац. АН Беларусі. Асобныя пытанні, што закранаюць сферу Э.п. (спецыфікі бел. менталітэту, нацыянальнай самасвядомасці, этнаканфесіянальных адносін і інш.) вывучаюцца ў кантэксце гіст., сац., этналагічных, культуралагічных даследаванняў (у Цэнтры этнаканфесіянальных і сацыякульт. даследаванняў пры Гродзенскім ун-це, у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі і інш.).

Літ.:

Агеев В.С. Межгрупповое взаимодействие: социально-психологические проблемы. М., 1990;

Этническая психология и общество. М., 1997.

Л.​І.​Навуменка.

т. 18, кн. 1, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́РСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), юра,

другая сістэма мезазойскай эратэмы (эры), адпаведная другому перыяду мезазойскай эры геал. гісторыі Зямлі (гл. Геахраналогія). Падсцілаецца адкладамі трыясавай сістэмы (перыяду), перакрываецца пародамі мелавой сістэмы (перыяду). Назва паходзіць ад гор Юра (Францыя, Швейцарыя). Пачалася каля 195 млн. гадоў назад, працягласць каля 58 млн. гадоў. Ю.с.(п.) у сучасным аб’ёме вылучана ў 1822 ням. вучоным А.​Гумбальтам пад назвай «юрская фармацыя» ў гарах Юра (Швейцарыя), Швабскі і Франконскі Альб (Германія). Першая схема яе стратыграфічнага расчлянення распрацавана рус. геолагам К.​Ф.​Рулье (1845—49) у Падмаскоўі. Ю.с.(п.) падзяляецца на З аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні і верхні і 11 ярусаў (вякоў). На Беларусі першая стратыграфічная схема распрацавана І.​В.​Міцянінай (1955—75), дзе юрскія адклады прадстаўлены сярэднім (баёскі, бацкі, келавейскі ярусы) і верхнім (оксфардскі ярус) аддзеламі.

Да пач. юрскага перыяду ў структуры зямной кары адасобіліся 2 вял. кантынент. масівы — Лаўразія і Гандвана, на якіх пераважала суша; яны былі падзелены акіянічным бас. Тэціс. дзе намнажаліся глыбакаводныя адклады. У пач. юры ў марскіх басейнах значна абнаўляецца відавы састаў аманітаў, дасягнулі росквіту белемніты, пашыраны губкі, каралы, марскія вожыкі, рыбы. Сярод наземнай фауны пераважаюць паўзуны вял. памераў, паявіліся лягаючыя яшчары і птушкі, прымітыўныя млекакормячыя. У складзе расліннасці пераважаюць голанасенныя (гінкгавыя, бенетытавыя, хвойныя і інш.), развіты папараці. З юрскімі адкладамі звязаны радовішчы карысных выкапняў нафты, газу, вугалю, аалітавых жалезных руд, фасфарытаў і інш.

На тэр. Беларусі юрскія адклады развіты на ПдУ і крайнім 3 і прадстаўлены сярэднім і верхнім аддзеламі. Сярэдняюрскія адклады дакладна ўстаноўлены толькі ў Прыпяцкім прагіне і прадстаўлены баёскім ярусам (магутнасць адкладаў 0,1—0,3 м, месцамі да 23 м; пясчана-гліністыя пароды), бацкім ярусам (магутнасць да 70 м, некарбанатныя тонкаслаістыя гліны з праслоямі алеўралітаў і сідэрыталітаў, на З і ПнЗ праслоі бурага вугалю) і келавейскім ярусам (магутнасць да 60 м і больш, гліністыя пароды з пясчана-алеўрытавымі праслоямі, мергельныя вапнякі і інш.). У ніжняй ч. сярэдняй юры нярэдка залягае слой гравеліту або галечніку. Верхняюрскія адклады пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Брэсцкай і Аршанскай упадзінах, на зах. схілах Беларускай і Варонежскай антэкліз. Прадстаўлены марскімі адкладамі оксфардскага яруса (магутнасць 80—100 м; карбанатныя гліны і алеўраліты, акамянелыя вапнякі, мергелі, вапняковістыя гліны з рэшткамі аманітаў, пеліцыпод, каралаў і інш.). Кімерыджскі ярус вылучаны ўмоўна (магутнасць да 3 м, вапняковістыя гліны). Карысныя выкапні: паклады бурага вугалю, рудапраяўленні поліметалічных россыпаў, ванадыю і інш.

Літ.:

Геология Беларуси. Мн., 2001.

У.​Я.​Бардон.

т. 18, кн. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДШАФТАЗНАЎСТВА

Пачатак ландшафтным даследаванням на Беларусі паклаў А.​А.​Смоліч працай «Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі» (1925). Паводле Смоліча, краявід уяўляе сабой генетычна абумоўлены комплекс, які на тэр. Беларусі ўтварыўся пад уплывам уздзеяння ледавікоў і талых вод, а таксама сучасных экзагенных працэсаў і асаблівасцей клімату. У гэтай трактоўцы тэрмін «краявід» па сваім змесце блізкі да тэрміна «ландшафт». Ён вылучыў на тэр. Беларусі краявіды канцавой марэны з падтыпамі азёрнай і ўзгоркавай марэны, доннай марэны, ярава-лагчынны, палескі. У 1930-я г. М.​Ф.​Бліадухо і А.​М.​Жырмунскі да гэтых краявідаў далучылі зандравы, друмлінавы, лёсавы, озавы. У 1950—60-я г. В.​А.​Дзяменцьеў вывучаў марфалагічную будову ландшафтаў, распрацаваў іх першую класіфікацыю і паклаў пачатак іх картаграфаванню. Ён сфарміраваў на геагр. факультэце БДУ навук. школу фундаментальных ландшафтных даследаванняў, якая існуе і ў наш час. Прадстаўнікі школы (Н.​К.​Кліцунова, Л.​В.​Логінава, Г.​І.​Марцінкевіч, Г.​Т.​Харанічава) у 1970-я г. ажыццявілі картаграфаванне прыродных ландшафтаў, распрацавалі іх шматступеньчатую класіфікацыю і выдалі каля 130 ландшафтных карт, у т. л. карту Беларусі, усіх яе абласцей і адміністрацыйных раёнаў. Картаграфічныя матэрыялы паслужылі асновай для распрацоўкі схемы ландшафтнага раянавання і выкарыстаны пры падрыхтоўцы манаграфіі «Ландшафты Беларусі» (пад рэд. Н.​К.​Кліцуновай, Г.​І.​Марцінкевіч), у якой прыведзена характарыстыка тыпалагічных і рэгіянальных ландшафтных комплексаў Беларусі. У 1980-я г. праведзены даследаванні прыродна-антрапагенных ландшафтаў, вылучаны іх класы, падкласы, роды, складзена дробнамаштабная карта. У БДУ вядуцца прыкладныя ландшафтныя даследаванні — ландшафтна-рэкрэацыйныя, аграландшафтныя, ландшафтна-геахімічныя, з 2000 — па ацэнцы ландшафтнай разнастайнасці, што мае вялікае значэнне для рацыянальнага прыродакарыстання, у т. л. арганізацыі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, рэкрэацыйных зон, аграландшафтаў.

Прыкладныя ландшафтна-экалагічныя даследаванні вядуцца і ў ІП ВПРЭ Нац. АН Беларусі. Выканана картаграфаванне элементарных ландшафтаў, распрацавана ацэнка іх рэакцыі на рознафактарнае тэхнагеннае ўздзеянне, вызначана іх прыдатнасць для эколага-бяспечнага размяшчэння народнагаспадарчых аб’ектаў (А.​А.​Хоміч, В.​С.​Хоміч). Вывучаюцца заканамернасці фарміравання і функцыянавання урбанізаваных ландшафтаў, іх устойлівасць да забруджвання навакольнага асяроддзя і тэхнагенных нагрузак (С.​В.​Какарэка, Т.​М.​Кухарчык, В.​С.​Хоміч), геахімічны стан (В.​Б.​Кадацкі). Праведзены даследаванні па ацэнцы антрапагеннага ўздзеяння на прыродныя і гар. геасістэмы (Р.​І.​Сачок, В.​В.​Каляда).

Літ.:

Дементьев В.А., Марцинкевич Г.И. Ландшафты северной и средней Белоруссии: Опыт классификации. Мн., 1968;

Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86;

Ландшафты Белоруссии. Мн., 1989.

Г.​І.​Марцінкевіч.

т. 18, кн. 2, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ ВЯЛІ́КІХ ПАЎША́Р’ЯЎ галаўнога мозга,

верхні слой шэрага рэчыва на бакавой і медыяльнай паверхні і на аснове паўшар’яў галаўнога мозга чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл; найвышэйшы аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы. Складаецца з нерв. клетак (нейронаў, каля 10 млрд.), іх адросткаў (нерв. валокнаў) і прамежкавай тканкі (нейрагліі). Таўшчыня кары на розных участках паўшар’яў ад 1,3 да 5 мм; плошча паверхні ў чалавека да 0,22 м².

На паверхні кары — барозны і звіліны. Асн. 3 баразны: цэнтр., латэральная і цемянна-патылічная. Барозны падзяляюць паўшар’і на лобную, цемянную, сківічную і патылічную долі; вылучаюць таксама 5-ю астраўковую долю. Нерв. клеткі кары маюць розную форму (зорчатыя, верацёнападобныя, павукападобныя, гарызантальныя, пірамідныя), велічыню (шыр. 5—50 мкм, даўж. 10—130 мкм), колькасць і даўжыню адросткаў; на розных яе ўзроўнях групуюцца ў пласцінкі або слаі. Найб. тыповыя гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца), размешчаныя ў 5-м слоі пярэдняй цэнтр. звіліны. Ад кожнага цела гэтых клетак адыходзяць кароткія адросткі — дэндрыты і адзін доўгі нейрыт (аксон), які дае пачатак рухальным праводным шляхам. Адросткі нерв. клетак ідуць у глыбіню мозга і ўтвараюць яго нервова-валакністы кампанент — белае рэчыва, валокны якога па даўжыні, сувязях і функцыі падзяляюцца на злучальныя (асацыяцыйныя. звязваюць асобныя ўчасткі кары аднаго паўшар’я), спаечныя (камісуральныя, аб’ядноўваюць кару розных паўшар’яў), праекцыйныя (правадніковыя, звязваюць кару паўшар’яў з ядрамі ніжэйшых аддзелаў цэнтр. нерв. сістэм — з падкоркавымі ядрамі, ствалавой ч. галаўнога мозга і ядрамі спіннога мозга). Самая стараж. ч. кары — палеакортэкс, складаецца з адной пласцінкі клетак, займае 0,6% ад пл. кары; уласна старая кара, або архікортэкс — з 2—3 слаёў (2,2% ад пл. кары), новая кара ці неакортэкс — з 6 пласцінак (95,6% плошчы). Паміж новай і старой карой ёсць прамежкавая, або мезакортэкс, з 4—5 пласцінак (1,6% плошчы). У залежнасці ад будовы нерв. клетак, іх прасторавых суадносін і лакалізацыі функцый у кары паўшар’яў вылучаны 52 палі — мазгавыя цэнтры (коркавыя ядры), месцы вышэйшага аналізу і сінтэзу нерв. імпульсаў. У архітэктоніку (слаістую будову) таксама ўключаюць міэла-, ангія- і гліяархітэктоніку. Лакалізацыя функцый (прывязка да палёў) адносная, чым тлумачыцца магчымасць частковай кампенсацыі страчаных функцый. Пры парушэннях участкаў кары сімптомы раздражнення яе аддзелаў выяўляюцца прыпадкамі: лакалізаванымі сутаргавымі (маторнымі), бяссутаргавымі (сенсорнымі, вегетатыўна-вісцэральнымі, з псіхапаталаг. выявамі) ці паліморфнымі. Сімптомы выпадзення (выключэнне функцый) аддзелаў кары могуць суправаджацца парэзамі (паралічамі), расстройствамі органаў пачуццяў, мовы, псіхікі. Дыфузнае пашкоджанне кары ў дародавы або ранні дзіцячы перыяд прыводзіць да затрымкі псіхамоўнага развіцця ці алігафрэніі, у больш позні час — да дэменцыі (прыдуркаватасці).

Літ.:

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;

Шаде Дж., Форд Д. Основы неврологии: Пер. с англ. М., 1976.

Г.​Г.​Шанько.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)