ПО́РТМАН ((Portman) Джон Кальвін) (н. 4.12.1924, Валхала, ЗША),

амерыканскі архітэктар. Аўтар шматлікіх вышынных дзелавых, гандл., высокакамфартабельных гасцінічных будынкаў з рысамі еўрап. пасажаў 19 ст. Сярод твораў: Пічтры-цэнтр у Атланце (1961—85), Рэнесансавы цэнтр у Дэтройце (1971—77), атэлі Хает Рыджэнсі Кет у Сан-Францыска (1974, самы вялікі), Банавентура ў Лос-Анджэлесе (1976) і інш.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХІ́М (Рахімаў) Ібрагім Абдурахімавіч

(н. 15.10.1916, Сайкелдзі, Узбекістан),

узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1976). У раманах «Сапраўднае каханне», «Вернасць» (абодва 1958), «Лёс» (1963), «Неспакойны горад» (1970), «Самаадданыя» (1973), «Як гартаваўся чалавек» (1978) тэмы Вял. Айч. вайны, жыццё вёскі. Аўтар аповесцей, п’ес, кінасцэнарыяў.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. Ташкент, 1978—80.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРБАНТО́ВІЧ (Анатоль Станіслававіч) (13.5.1941, в. Ордаць Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.3.1970),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у газ. «Піянер Беларусі» і час. «Бярозка». Друкаваўся з 1959. Аўтар зб-каў паэзіі «Азбука» (1966), «Міннае поле» (1968), «Пярсцёнак» (1971), у якіх змешчаны вянкі санетаў «Васілёк», «Курганы», «Салдат», балады, лірычныя вершы пра маладосць, хараство жыцця, каханне.

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУНО́ВІЧ (Эдуард Канстанцінавіч) (н. 16.12.1938, г. Рэчыца),

бел. Мастак. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Удзельнік маст. выставак з 1966. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы, акварэлі, маст. афармленні музеяў, выставак, спектакляў. Аўтар праектаў маст. афармлення экспазіцый Дома-музея I з’езда РСДРП у Мінску, музея сав.-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл., філіяла Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі ў Заслаўі Мінскага р-на, Літ. музея Я.​Купалы ў Мінску і яго філіяла ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., Літ. музея М.​Багдановіча ў Мінску (Дзярж. прэмія Беларусі 1993) і інш. Аформіў бел. аддзелы на выстаўках СССР у Індыі і ГДР (1976, 1980). Работы ў кніжнай графіцы: афармленне і іл. да паэм «Тарас на Парнасе» (1967), «Сымон-музыка» Я.​Коласа (1968) і інш. Аўтар станковых работ: серыі ў тэхніцы афорта «Дзяцінства» (1977), «Маці Божая, Маці Краіна» (1979), «Спрадвечнае» (1980), «Крык кнігаўкі» (1981).

Э.Агуновіч. Маці Божая, Маці Краіна. 1979.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЕС ДЭ ГЕВА́РА ((Vélez de Guevara) Луіс) (ліп. 1579, г. Эсіха, Іспанія — 10.11.1644),

іспанскі пісьменнік. У драматургіі паслядоўнік Л.Ф. дэ Вэгі Карпіо. Аўтар каля 400 п’ес (дайшлі 80), у т. л. «Служэнне каралю даражэй вузаў крыві», «Уладарыць пасля смерці», паводле паэмы Л.Камоэнса «Лузіяда»; «Сялянка з Веры»; «Тамерлан» і інш., аўтар інтэрмедый. У яго драматургіі побач з рэнесансавымі тэндэнцыямі крышталізуюцца рысы барока, якія дамінуюць у шахрайскім (пікарэскным) рамане «Кульгавы д’ябал» (1641; арыг. перапрацоўка А.​Р.​Лесажа, 1707). У ім Велес дэ Гевара стварыў фантасмагарычную і адначасова рэалістычную, часам натуралістычную, поўную з’едлівай іроніі карціну сац. жыцця Іспаніі, маральнага падзення чалавека.

Тв.:

Рус. пер. — Хромой бес // Плутовской роман. М., 1989.

Літ.:

Пинский Л. Испанский «Хромой Бес» // Пинский Л. Магистральный сюжет. М., 1989;

Плавскин З.И. Плутовской роман // Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;

Синило Г.В. Плутовской роман (Кеведо, Гевара) // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯНГЕ́РАЎ (Сямён Апанасавіч) (17.4.1855, г. Лубны, Украіна — 14.9.1920),

расійскі літ.-знавец, бібліёграф. Скончыў Пецярбургскі (1879) і Дэрпцкі (г. Тарту, 1880) ун-ты. Аўтар кніг па гісторыі рус. л-ры, манаграфій пра творчасць К.​Аксакава, В.​Бялінскага, І.​Ганчарова, М.​Гогаля, І.​Тургенева і інш. З 1891 рэдагаваў літ. аддзел «Энцыклапедычнага слоўніка» Бракгаўза і Эфрона. Арганізатар (1917) і першы дырэктар Рас. кніжнай палаты. Аўтар бібліягр. прац «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» (т. 1—6, 1886—1904), «Рускія кнігі» (т. 1—3, 1897—99), «Крыніцы слоўніка рускіх пісьменнікаў» (т. 1—4, 1900—17, выд. ўсіх не скончана); узначальваў выданне «Руская літаратура XX ст. 1890—1910» (вып. 1—7, 1914—16, выд. не скончана). Збіраў матэрыялы пра бел. пісьменнікаў і вучоных (Я.​Купалу, Я.​Коласа, Я.​Карскага, Е.​Раманава і інш.), з некаторымі перапісваўся.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3, 5. СПб., 1911—13;

2 изд. Т. 1, 4. Пг., 1919.

Літ.:

Калентьева А.Г. Влюбленный в литературу. М., 1964.

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМО́ЛКА (Мікола) (Мікалай Іванавіч; 11.3.1922, в. Брынёў Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 3.5.1992),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1939—40 і 1948—52). Працаваў у выдавецтве, у прэсе (у 1951—62 у час. «Бярозка»), Пісаў на бел. і рус. мовах. Друкаваўся з 1937. Апубл. зб-кі вершаў «Зварот шчасця» (1946) і «Б’юць куранты» (1950). Аўтар прыгодніцкай аповесці «Лета ў Калінаўцы» (1950), аповесці «Добры дзень, школа!» (1952), рамана «Шосты акіян» (1959; аб’яднаны навук.-фантаст. аповесць «За вялікую трасу», 1954, і раман «Цытадэль неба», 1957), зб. апавяданняў «Шлях адкрыты» (1960). Пра Вял. Айч. вайну аповесці «Лясная крэпасць» (1980), «Партызанскія сёстры» (1989). На рус. мове аповесць-хроніка «Дзяўчына ішла па вайне» (1972). Аўтар п’есы «Бітва ў космасе» (паст. 1963). Пераклаў на бел. мову п’есу Я.​Шварца «Чырвоная шапачка» (паст. 1967), паасобныя вершы М.​Някрасава, А.​Твардоўскага, М.​Ісакоўскага, П.​Тычыны і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1982—83;

Лета ў Калінаўцы: Аповесці. Мн., 1972;

Сокалы-сакалянягы: Аповесць. Мн., 1987.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНКЕ́ВІЧ (Станіслаў Сымонавіч) (2.2.1902, в. Новы Двор Беластоцкага ваяв., Польшча — 25.7.1945),

бел. грамадска-паліт. і культ. дзеяч, літаратар. Скончыў мед. ф-т Пазнанскага ун-та. Працаваў у клініках Познані, Хорашча (Беластоцкае ваяв.), Вільні. Быў чл. Бел. нац. к-та, Бел. навук, т-ва. У 1931—36 віцэ-старшыня ЦК Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Друкаваўся ў час. «Студэнцкая думка», «Калоссе», газ. «Беларуская крыніца» і інш. Аўтар працы «Народ», кн. «Аб тэатры» (абедзве 1927), аповесці «Царква. Помста. Вязніца» (1928), эсэ «У братоў украінцаў» (1936). Праца Грынкевіча «Асвета» (1936) была канфіскавана, а аўтар арыштаваны польск. ўладамі. Пераклаў з лац. мовы на бел. кн. «Следам за Хрыстом» Т.​Кэмпійскага. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у рабоце Віленскага бел. нац. к-та, супрацоўнічаў у газетах «Раніца», «Беларускі работнік», «Беларускі студэнт». У 1944 арыштаваны, 18.5.1945 ваен. трыбуналам Бел.-Літ. ваен. акругі прыгавораны да расстрэлу.

А.​С.​Ліс, А.​М.​Пяткевіч, І.​І.​Трацяк.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РСКІ (Ілья Данілавіч) (26.4.1899, в. Замосце Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.8.1972),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. БССР (1969). Скончыў БДУ (1932). З 1924 у Галоўліце БССР, Галоўрэперткоме, у Галоўмастацтве БССР. У 1935—41 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у Вял. Айч. вайну — газ. «За свабодную Беларусь» і сатыр. лістка «Партызанская дубінка», у 1944—60 — час. «Беларусь». Друкаваўся з 1926. Аўтар п’ес «Дрыгва» (1928), «Качагары» (1930), «Маці» (1934), «Хлеб» (1948), «Свае людзі» (1950) і інш. У артыкулах 1930-х г. аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму. Асн. тэмы пасляваен. Творчасці: барацьба з ням.-фаш. захопнікамі (апавяданні, аповесць «Лясныя салдаты», 1945, раман «У агні», 1952, новая рэд. 1959), Кастр. рэвалюцыя ў Петраградзе і на Зах. фронце, у Беларусі (раман-хроніка «Вецер веку», 1966). Аўтар рамана-памфлета «Чужы хлеб» (1969). На бел. мову перакладаў творы М.​Горкага, А.​Чэхава, М.​Твэна і інш.

Тв.:

Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. Мн., 1979;

Расцвілі вішні: Апавяданні. Мн., 1989.

Літ.:

Успаміны пра Ілью Гурскага. Мн., 1985.

І.Д.Гурскі.

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЙЗІН (Юльян Мікалаевіч) (22.6.1879, г. Днепрапятроўск, Украіна — 28.3.1942),

бел. музыказнавец, публіцыст, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1908). У 1925—35 выкладчык Бел. муз. тэхнікума і Бел. кансерваторыі, БДУ, АН БССР, з 1935 Маскоўскага ун-та. Вёў муз.-асв. дзейнасць. Аўтар шматлікіх артыкулаў па актуальных пытаннях бел. муз. мастацтва. Складальнік слоўніка «Музычныя тэрміны» (серыя «Беларуская навуковая тэрміналогія», 1926). Пераклаў з арыгінала на бел. мову лібрэта опер «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Фауст» Ш.​Гуно, «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні, «Русалка» А.​Даргамыжскага, «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава і інш.; (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета БССР), творы ант. аўтараў, у т. л. «Антыгону» Сафокла, «Вакханкі» Эўрыпіда. Аўтар лібрэта оперы «Тарас на Парнасе» М.​Аладава.

Тв.:

Новыя плыні ў сучаснай музыцы // Полымя. 1925. № 3;

Музыка ў творах беларускіх паэтаў // Там жа. № 4, 6;

Праблемы нацыянальнай музыкі // Маладняк. 1926. № 11;

Музыкальная жизнь Белоруссии // Сов. музыка. 1934. № 7.

Літ.:

Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974.

Т.​А.​Дубкова.

т. 6, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)