апарат для раздзялення малака на вяршкі і адгон і ачысткі яго ад мех. дамешкаў. Сепарацыя адбываецца ў стальным барабане, які мае сістэму канічных талерак з верт. каналамі. Пры вярчэнні барабана (6—12 тыс. абаротаў за мінуту) малако па каналах расцякаецца ў міжталерачныя зазоры, дзе пад дзеяннем цэнтрабежнай сілы адгон як больш цяжкі адкідваецца на перыферыю, падымаецца ўгору і выходзіць праз адтуліну. Вяршкі збіраюцца каля восі барабана, па каналах талеркатрымальніка падымаюцца ўверх і выцякаюць у збіральнік. Прадукцыйнасць С.м. да 5 тыс.л/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕТКАКРЫ́ЛЫЯ (Neuroptera, або Planipennia),
атрад насякомых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Вядомы з пермскага перыяду. На Беларусі найб. адзначаюцца прадстаўнікі сям.залатавочак і мурашыных ільвоў.
Даўж. цела 1—3 см, размах крылаў да 12 см. Цела тонкае, светла-зялёнае, чорнае і інш. Крылаў 2 пары, звычайна аднолькавых, празрыстых сеткавых (адсюль назва). Ротавы апарат грызучага тыпу. Ногі тонкія, хадзільныя, з 5-членікавымі лапкамі, у некат. відаў пярэднія — капальныя. Развіццё з поўным ператварэннем. У лічынак сківіцы ўтвараюць смактальныя трубкі. Многім з іх уласціва пазакішачнае страваванне (у цела ахвяры ўводзяць стрававальныя ферменты, потым высмоктваюць ператраўленую ежу). Карысныя: кормяцца тлёй, какцыдамі і інш. насякомымі, шкоднымі для сельскай і лясной гаспадарак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́МЕНС ((Siemens) Эрнст Вернер) (13.12.1816, г. Гердэн, Германія —6.12.1892),
нямецкі электратэхнік і прамысловец. Чл. Берлінскай АН (1874). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1882). Скончыў Берлінскае артыл.інж. вучылішча. Атрымаў патэнт на ўдасканалены тэлегр.апарат (1847). У 1853—56 прымаў удзел у буд-ве тэлегр. ліній у Расіі, кіраваў стварэннем першай трамвайнай лініі на прамысловай выстаўцы ў Берліне (1879). Займаўся пытаннямі моцнатокавай электратэхнікі (эл. асвятленне, трамвай, электрастанцыі і інш.). Сканструяваў шэраг эл.-тэхн. прыстасаванняў і прылад (ртутны эталон супраціўлення, селенавы фатометр і інш.). Заснаваў эл.-тэхн. канцэрны «Сіменс і Гальске», «Сіменс і Шукерт» і інш. Яго імем названа адзінка эл. праводнасці — сіменс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА,
прадпрыемства са спецыяльна абсталяванай печчу для смалакурэння, гонкі дзёгцю, выпальвання драўніннага вугалю, вытв-сці попелу паташу. Былі пашыраны ў 15 — сярэдзіне 19 ст., у асн. у лясістых усх. і паўд. частках Беларусі (Падняпроўе і Палессе). Належалі пераважна буйным землеўладальнікам і лесапрамыслоўцам. Асн. катэгорыямі рабочых на будзе былі буднікі; абслуговы персанал — конюхі, кавалі, бондары, цагельнікі і інш.; адм.апарат — атаман, пісар, казначэй (шафар) і наглядчык (дазорца). На тэр. буды размяшчаліся вытв. ўчастак, склады для сыравіны і гатовай прадукцыі, памяшканні для адміністрацыі і абслуговага персаналу. З сярэдзіны 19 ст. ў сувязі са скарачэннем сыравіннай базы і паніжэннем попыту на прадукцыю буды паступова пачалі знікаць. У 19 ст. лепш абсталяваныя буды часцей называліся смалярнямі ці смалакурнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАГЕНЕРА́ТАР (ад газ + генератар),
апарат для тэрмічнай перапрацоўкі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы. Атрыманыя ў газагенератары газы наз. генератарнымі, працэс — газіфікацыяй паліва.
Стацыянарныя газагенератары служаць для атрымання газаў, якія выкарыстоўваюцца як паліва ў прамысл. печах, газавых рухавіках. У хім. прам-сці з дапамогай газагенератара атрымліваюць тэхнал. газ (для вытв-сці сінт. аміяку), вадкае паліва, інш. прадукты. Прасцейшы газагенератар — цыліндрычная метал. шахта, выкладзеная знутры вогнетрывалым матэрыялам. Зверху ў яе падаюць паліва, якое газіфікуецца (вугаль, драўніну і інш.), знізу — газавую сумесь у колькасці, недастатковай для поўнага згарання паліва. Атрыманы прадукт ідзе на перапрацоўку — ахаладжэнне, кандэнсацыю і інш.
Газагенератар для газіфікацыі цвёрдага паліва ў шчыльным слоі: 1 — зона падрыхтоўкі паліва; 2 — узнаўляльная зона; 3 — акісляльная зона; 4 — шлакавая падушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАР ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,
прылада для дыскрэтнага або неперарыўнага ўзнаўлення параметраў эл. велічыні (напружання, сілы току) у пэўным дыяпазоне. Выхадная магутнасць генератара вымяральнага да 10 Вт. Прызначаны для выпрабаванняў і настройвання радыётэхн. апаратаў, выліч. тэхнікі, прылад аўтаматыкі і інш.
Паводле формы сігналаў адрозніваюць генератар вымяральны гарманічных эл. ваганняў, сігналаў спец. формы (трохвугольнай, пілападобнай, прамавугольнай і інш.), свіп-генератары, шумавых сігналаў, выпадковых сігналаў з пэўнымі імавернаснымі характарыстыкамі, паводле частотнага дыяпазону — інфранізкачастотныя (умоўна ад 0 да 20 Гц), нізкачастотныя (ад 20 Гц да 200 кГц) высокачастотныя (30 кГц — 30 МГц), звышвысокачастотныя (30 МГц — 10 ГГц з кааксіяльным выхадам; 10 — 80 ГГц з хваляводным выхадам). Асн. патрабаванні: стабільнасць частаты, амплітуды і формы выхадных сігналаў ва ўсім дыяпазоне частот, дасканалае экранаванне для выключэння лішкавага ўздзеяння на апарат, які выпрабоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКУБА́ТАР (ад лац. incubo, тут — выседжваю птушанят),
апарат (устаноўка) для штучнага вывядзення маладняку с.г. птушак з яец. Размяшчаюць І. ў інкубаторыях (спец. будынках) птушкафабрык і інкубатарна-птушкагадоўчых станцый.
Абсталяваны прыладамі аўтам. падтрымлівання рэжыму інкубацыі: т-ры і адноснай вільготнасці паветра, паветраабмену, паварочвання яец у інкубацыйных латках. Бываюць шафавыя з вонкавым абслугоўваннем (найб. пашыраны) і кабінетныя з унутр. абслугоўваннем, а таксама секцыйныя. Шафавыя І. складаюцца з інкубацыйнага і вываднога агрэгатаў. Свежыя яйцы закладваюцца ў латкі інкубацыйнага агрэгата, дзе праходзяць стадыю інкубацыі (курыныя 21 сут, качыныя і індычыя 28, гусіныя 30, перапёлчыны 17). Пасля яйцы перакладваюцца ў вывадны агрэгат, дзе птушаняты вылупліваюцца. У Еўропе і ЗША І. з’явіліся ў 19 ст., у СССРпрамысл.вытв-сць іх пачата ў 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАДО́НТЫ [ад грэч. kōnos конус + odus (odontos) зуб],
разрозненыя шкілетныя рэшткі выкапнёвых жывёл нявысветленай сістэм. прыналежнасці (часта вызначаюцца як сківічны апарат першасных рыб, кольчатых чарвей або рэшткі інш. жывёл). 8 сям., больш за 120 родаў. Вядомыя ў адкладах кембрыю — трыясу, верхняга мелу Еўропы, Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі. На Беларусі выяўлены ў карбанатных адкладах ардовіку — ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, сярэдняга і верхняга дэвону, карбону Аршанскай і Прыпяцкай упадзін.
Памер ад долей міліметра да 3 мм, зубападобныя, грабеньчатыя, лістападобныя, матавыя або празрыстыя, ад бурштынавага да цёмна-карычневага колеру. Вылучаюць групы К. простых (конусападобныя), складаных (у выглядзе сагнутых стрыжняў) і плоскіх (нізкія з шырокай плоскай асновай). Па рэштках вызначаюць узрост асадкавых адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОСЦЬ,
асноўная частка шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Развіваецца з эмбрыянальнай злучальнай тканкі — мезенхімы. У састаў К. ўваходзяць касцявая тканка, надкосніца, касцявы мозг, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы, часам храстковая тканка. Па форме і будове К. бываюць доўгія (трубчастыя; напр., плечавыя, сцегнавыя), плоскія (шырокія; напр., К. чэрапа) і кароткія (напр., пазванкі). У доўгіх К. адрозніваюць сярэднюю ч. (цела К. — дыяфіз) і 2 канцы (эпіфізы). Паводле характару злучэння К. бываюць нерухомыя (зрашчэнні, або сінартрозы, напр., швы чарапных К.) і рухомыя (суставы, або дыяртрозы, напр., злучэнні К. канечнасцей). З суставамі і звязкамі, якія злучаюць К. паміж сабой, і мышцамі, якія прымацоўваюцца да К. сухажыллямі, К. ўтвараюць апорна-рухальны апарат. Касцявая тканка шкілета ў чалавека амаль поўнасцю перабудоўваецца праз 10 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМ’Е́Р ((Lumiére) Луі Жан) (5.10.1864, г. Безансон, Францыя —6.6.1948),
вынаходнік кінематографа; пачынальнік франц. кінавытворчасці і кінарэжысуры. Чл. Парыжскай АН (1919). Скончыў прамысл. школу. Быў фатографам. У 1895 пры ўдзеле брата Агюста стварыў кінаапарат для здымання і праекцый «фатаграфій, якія рухаюцца». Запатэнтаваны апарат атрымаў назву «кінематограф». Першы публічны сеанс адбыўся 25.12.1895 у Парыжы. Першыя кінапраграмы Л. дэманстравалі сцэнкі, знятыя з натуры: «Выхад рабочых з завода Люм’ер», «Снеданне дзіцяці» і інш. Фірма Л. выпусціла 1,5 тыс. фільмаў, час праекцыі якіх — 1—2 хвіліны (простыя рэпартажы, відавыя і ігравыя сцэнкі з простым дзеяннем на літ. і гіст. сюжэты). З 1898 Л. займаўся толькі вытв-сцю кінаапаратуры. Пазней працягваў доследы ў галіне аб’ёмнага і каляровага кіно. У Францыі штогод прысуджаецца прэмія імя Л. за дакумент. фільмы.