РУДАКО́Ў (Анатоль Абрамавіч) (31.3.1921, г. Растоў-на-Доне, Расія — 10.4.1990),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў студыю т-ра імя М.​Горкага ў Растове-на-Доне (1940). Працаваў у т-рах Расіі. З 1955 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Выконваў гераічныя і характарныя ролі. Сярод работ: Кусонскі, Стрыжэўскі («Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.​Губарэвіча), «Камандзір браняпоезда» («Дні нашага нараджэння» І.​Мележа), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Баян («Клоп» У.​Маякоўскага), Судакоў («Гняздо глушца» В.​Розава), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Вурм, Лейстэр («Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф Шылера), доктар Ранк («Нора» Г.​Ібсена). Зняўся ў тэлефільме «Атланты і карыятыды».

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЦЕ́ХЦІН (Анатоль Георгіевіч) (8.3.1897, с. Стрыгіна, Валагодская вобл., Расія — 20.4.1962),

савецкі геолаг, мінералог. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1924). З 1937 у Ін-це геал. навук АН СССР (Масква), з 1956 у Ін-це геалогіі рудных радовішчаў, петраграфіі, мінералогіі і геахіміі АН СССР. Навук. працы па тэорыі рудаўтварэння і мінераграфіі. Развіваў новы кірунак у даследаванні рудаў, звязаны з вывучэннем іх тэкстуры, структуры і парагенезісу мінералаў Распрацаваў тэорыі гідратэрмальнага мінералаўтварэння і ўтварэння рудаў марганцу. Аўтар манаграфіі «Прамысловыя марганцавыя руды СССР» (1946). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1947. Імем Бяцехціна названы мінерал бецехцяніт.

Літ.:

Шадлун Т.Н. Памяти академика А.​Г.​Бетехтина // Геология руд. Месторождений. 1963. № 3.

А.Г.Бяцехцін.

т. 3, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙКА (Анатоль Васілевіч) (4.3.1922, г. Сямёнаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. геабатанік. Д-р біял. н. (1978). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1950). З 1950 у Ін-це лесу АН Беларусі і Бел. НДІ лясной гаспадаркі, з 1962 у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі. Навук. працы па фітацэналогіі, вывучэнні прадукцыйнасці, кругавароту элементаў мінер. жыўлення ў лясных экасістэмах, уплыву прамысл. выкідаў на ўстойлівасць раслінных комплексаў, па пытаннях навук. абгрунтавання аховы і запаведання прыродных аб’ектаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Комплексные экспериментальные исследования ландшафтов Белоруссии. Мн., 1973 (у сааўт.);

Экспериментальные исследования природных комплексов Березинского заповедника. Мн., 1975 (разам з Я.​А.​Сідаровічам, А.​Б.​Майсеевай);

Экспериментальные исследования ландшафтов Припятского заповедника. Мн., 1976 (у сааўт.).

т. 3, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬШЭ́ЎСКІ (Анатоль Адамавіч) (парт. псеўд. Юрка Пружанскі; 4.7.1904, г. Бяроза — 1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. З 1920 вучыўся ў Камуніст. ун-це імя Свярдлова (Масква). З 1925 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. На III канфер. (1926) і I з’ездзе (1928) КПЗБ выбраны чл. ЦК. Рэдактар друк. органаў ЦК КПЗБ «Бальшавік» і «Чырвоны сцяг». У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены, з 1928 у СССР. З 1932 у рэдакцыі Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску, на прафс. рабоце. У публіцыст. артыкулах, апублікаваных пад псеўданімамі і ананімна ў падп. выданнях, выкрываў палітыку ўрада Польшчы. У 1937 незаконна рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

У.​А.​Калеснік.

А.А.Альшэўскі.

т. 1, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ (Анатоль Емяльянавіч) (н. 9.9.1924, в. Слатвін Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1949), Вышэйшую дыпламат. школу МЗС СССР (1951). Удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З 1944 на сав. і гасп. рабоце. З 1951 у МЗС БССР, з 1957 у прадстаўніцтвах СССР і БССР пры ААН, заг. аддзела міжнар. эканам. арг-цый МЗС БССР, з 1961 нам. міністра, у 1966—90 міністр замежных спраў БССР. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1966—90 узначальваў дэлегацыі БССР на сесіях Ген. Асамблеі ААН. Чл. ЦК КПБ у 1971—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1967—90.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАШО́Ў (Анатоль Іванавіч) (н. 30.4.1936, г. Гарадок Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне вет. вірусалогіі, мікрабіялогіі і радыебіялогіі. Д-р біял. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1959). З 1972 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.​М.​Вышалескага, з 1986 у Малдаўскім НДІ жывёлагадоўлі і ветэрынарыі, з 1991 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Навук. працы па метадах і сродках дыягностыкі і прафілактыкі інфекц. хвароб с.-г. жывёлы.

Тв.:

Диагностика и профилактика инфекционных заболеваний молодняка крупного рогатого скота. Кишинев, 1991 (разам з П.​А.​Красачка, Т.​І.​Паміркам);

Экологическая безопасность на объектах агропромышленного комплекса. Мн., 1996 (разам з А.​І.​Антоненкавым, Л.​В.​Місунам).

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Анатоль Аляксандравіч) (н. 20.5.1949, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1975 у Т-ры юнага гледача Беларусі. Выконвае камедыйныя і вострахарактарныя ролі. Сярод іх: Важак («Бэмбі» паводле Ф.​Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каваль («Рыгорка — ясная зорка» А.​Вярцінскага), Білі Бонс («Востраў скарбаў» паводле Р.​Стывенсана), Заслонаў («Паядынак» М.​Матукоўскага), Міканор («Подых навальніцы» паводле І.​Мележа), Чалавек у чорным («Выбар» А.​Дударава), Трыгорын («Чайка» А.​Чэхава), Хорыя («Імем зямлі і сонца» І.​Друцэ), Фабіян («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра). Здымаецца ў тэлепастаноўках.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Анатоль Цімафеевіч) (н. 13.9.1939, в. Гарадок Смаленскай вобл., Расія),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). Працуе ў кніжнай і станковай графіцы ў тэхніцы дрэварыту, у галіне афармленчага мастацтва. Творы адметныя лаканічнасцю выяўл. сродкаў, дынамічнасцю танальных градацый, кампазіцыйнай завершанасцю: гравюры да кнігі «Георгій Скарына» М.​Садковіча і Я.​Львова (1966), серыі нацюрмортаў «Вакол нас» (1967—83), пейзажы «Мая Беларусь» (1980—82), эстампы «Сажалка ў Вязьніцы» (1982) і інш., экслібрысы. Аформіў інтэр’еры гандл. цэнтра ў калгасе «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на (1975), крамы будматэрыялаў «Еўралюкс» (1995) у Мінску, экспазіцыі фотавыстаўкі «Вялікі пясняр Беларусі — Янка Купала» (1992), выстаўкі «Эканоміка Беларусі» ў г. Прага (Чэхія, 1995, і інш.). Іл. гл. таксама да арт. Дрэварыт.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НКА (Анатоль Якаўлевіч) (н. 23.1.1919, в. Якімаўка Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Гомельскі аўтамаб. тэхнікум (1938), Харкаўскае ваен. авіяц. вучылішча (1940), Адэскі пед. ін-т (1951). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Крымскім, Паўн.-Каўказскім, Закаўказскім, Ленінградскім, 3-м Прыбалт. і 1-м Бел. франтах. Лётчык разведвальнага авіяпалка ст. лейтэнант К. зрабіў 173 баявыя вылеты, знішчыў 7 танкаў, 10 гармат, 15 вагонаў і 30 аўтамашын з ваен. грузам, 50 агнявых пунктаў, у паветр. баях збіў 7 самалётаў праціўніка, 16 знішчыў на зямлі. Да 1946 у Сав. Арміі, капітан. Да 1981 на парт. і выкладчыцкай рабоце.

А.Я.Каваленка.

т. 7, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ШКЕР (Анатоль Фёдаравіч) (15.12.1928, г.п. Прачыстае Першамайскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 20.3.1994),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1952). З 1952 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Характарны акцёр, майстар эпізоду. Творчасць вызначалася лаканізмам, дакладнасцю ў адборы маст. сродкаў. Сярод роляў: Важаватаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Адам («Маскарад» М.​Лермантава), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Драбязгін, Башкін («Варвары», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Санька («Два капітаны» В.​Каверына), Іван Іванавіч («Лазня» У.​Маякоўскага), Солнышкін і Даніла («Далёкая дарога» і «Домік на ўскраіне» А.​Арбузава), Чарнявы («Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Фрэдзі («Пігмаліён» Б.​Шоу), Хойтпляйн («Арно, прынц. фон Волькенштайн» Р.​Штраля) і інш.

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)