РЭ́ПЕР (ад франц. repére метка, знак, зыходны пункт),
1)у геадэзіі — знак, які замацоўвае пункт зямной паверхні з вядомай абсалютнай вышынёй, вызначанай нівеліраваннем адносна зыходнай узроўневай паверхні. Адрозніваюць фундаментальныя Р. (жалезабетонныя пілоны), якія закладваюць у грунт праз 50—80 км на нівелірных лініях 1-га класа, на найб. адказных лініях 2-га класа і каля найважнейшых марскіх вадамерных установак), і радавыя Р. (грунтавыя — устанаўліваюцца ў зямлі і сценавыя — замацоўваюцца ў сценах або цокалях доўгатэрміновых збудаванняў), што закладваюць праз 5—7 км на нівелірных лініях усіх класаў. На Р. замацоўваецца метал. дыск — марка (дыям. да 5 см) з нумарам і абрэвіятурай ведамства. Гл. таксама Геадэзічныя знакі.
2) Р. у артылерыі — дапаможны пункт прыстрэлкі артыл. гармат з мэтай перанясення агню для паражэння цэлі. Адрозніваюць Р. сапраўдны (прыстрэленая цэль абомясц. прадмет з дакладна выверанымі каардынатамі) і фіктыўны (цэнтр з 4—6 разрываў снарадаў, каардынаты якога вымераны дакладна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАБА́НДА (ісп. zarabanda),
1) старадаўні танец ісп. паходжання. Вядомы з 16 ст. як хуткі, свавольны, тэмпераментны песня-танец любоўнага характару. З 17 ст. пашырыўся ў Англіі і Францыі і ператварыўся ў павольны прыдворны танец урачыстага характару.
2) З сярэдзіны 17 ст. — частка інстр.сюіты. Жанравыя прыкметы: тэмп павольны, памер 3/4або 3/2 з акцэнтам на 2-й долі такта, развітае гарманічнае суправаджэнне, шырокае выкарыстанне арнаментыкі; характар урачысты або журботна-засяроджаны, часам жалобны. Лепшыя ўзоры створаны І.С.Бахам і Г.Ф.Гендэлем. У 20 ст. кампазітары выкарыстоўваюць С. ў творах неакласічнай арыентацыі (сюіта «Для фартэпіяна» і фп. «Вобразы» К.Дэбюсі, балет «Агон» І.Стравінскага). У бел. музыцы выкарыстана Я.Глебавым для стварэння вобраза Філіпа ў балеце «Тыль Уленшпігель», У.Дарохіным у сімф. сюіце «Мемарыял», у якой кампазітар пераасэнсоўвае прынцыпы будовы класічнай сюіты, В.Войцікам як частка «Сюіты ў старадаўнім стылі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАЯ́ННІК, зверабой (H. ypericum),
род кветкавых раслін сям. святаяннікавых, або зверабойных. Больш за 300 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя С.: плямісты (H.maculatum), нар. назвы святаянскае зелле, крывавец, сямёнава кроў і прадзіраўлены (H. perforatum), нар. назвы зелле св. Івана, расанкі, кроўка. Вельмі рэдка трапляюцца С.: вялікі (H. majus), горны (H. montanum), зграбны (H. elegans), распасцёрты (H. humifusum), чатырохкрылы (H. tetrapterum), цвёрдаваласісты (H. hirsutum). Растуць у ліставых і мяшаных лясах, на палях, сухадольных лугах, уздоўж узлескаў. Інтрадукавана каля 7 відаў.
Адна- і шматгадовыя травы, кусты, паўкусты і невял. дрэвы. Сцёблы звычайна прамыя, галінастыя. Лісце суцэльнае, супраціўнае або ў кальчаках, з кропкавымі залозкамі. Кветкі залаціста-жоўтыя, у мяцёлчатых, гронка- ці шчыткападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек., фарбавальныя, дубільныя, харч., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя для авечак і коней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМБІЁЗ (ад грэч. symbiōsis сумеснае жыццё),
сумеснае існаванне арганізмаў (сімбіёнтаў) розных сістэматычных груп. Тэрмін увёў ням. батанік Г.А. дэ Бары (1879). Бывае аблігатны С., калі 1 з арганізмаў (ці 2) знаходзяцца ў цеснай залежнасці ад другога і самастойнае існаванне немагчыма, і факультатыўны С. — калі кожны з арганізмаў пры адсутнасці партнёра можа жыць самастойна. Па характары адносін паміж партнёрамі выдзяляюць тыпы (формы) С.: каменсалізм, мутуалізм, паразітызм. Паміж імі магчымы пераходы, шэраг градацый і пераходных станаў.
Асновай для ўзнікнення С. могуць быць трафічныя (кармленне аднаго з партнёраў за кошт другога нявыкарыстанымі рэшткамі корму, прадуктамі стрававання або яго тканкамі), прасторавыя (пасяленне на паверхні або ўнутры цела другога, сумеснае выкарыстанне норак, домікаў, ракавін) і інш. тыпы ўзаемаадносін. С. можа быць на ўзроўні шматклетачных арганізмаў і асобных клетак (унутрыклетачны С.). У адносіны С. могуць уступаць расліны з раслінамі, расліны з жывёламі, жывёлы з жывёламі, расліны і жывёлы з мікраарганізмамі, мікраарганізмы з мікраарганізмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІФАНАФО́РЫ (Siphonophora, ад грэч. siphōn трубка + phoros які нясе),
падклас беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу кішачнаполасцевых. Каля 170 відаў (па інш. звестках 250). Пашыраны ў акіянах і морах з высокай салёнасцю вады, пераважна ў трапічных і цёплых водах да глыб. 5000 м. Найб. вядомыя «партугальскі караблік» (Physalia), фізафора (Physophora hydrostatica).
Даўж. цела 1 см — 3 м (разам са шчупальцамі да 20 м). Празрыстыя арганізмы, асобныя ч. цела яркія. Каланіяльныя, калоніі паліморфныя (гл. Полімарфізм), складаюцца з асобін, якія выконваюць пэўныя функцыі: перамяшчэння (маюць пнеўматафор і «плавальны каўпак», або нектафор), кармлення (гастразоіды з доўгім рухомым прыдаткам, або «арканчыкам» з жыгучымі клеткамі), размнажэння (ганазоіды). Звычайна розныя асобіны калоніі сабраныя ў групы — кармідыі. Размнажэнне палавое. Лічынка (відазмененая планула) шляхам пачкавання ўтварае маладую калонію. Кормяцца дробнымі марскімі жывёламі. Некат. буйныя трапічныя С. небяспечныя для чалавека (выклікаюць цяжкія апёкі і агульнае захворванне з павышэннем т-ры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЭ́ПЕР (англ. scraper ад scrape скрэбці),
землярыйна-транспартная машына цыклічнага дзеяння для паслойнага зразання, транспартавання, адсыпкі ў насып ці адвал і разраўноўвання грунту. Рабочы орган С. — коўш з нажом, які загружаецца свабодна пад дзеяннем цягавага намагання пры руху машыны або прымусова канвеерам (напр., элеватарам) з аўтаматызаваным кіраваннем.
Бываюць прычапныя да трактара (2- або 1восевай канструкцыі), паўпрычапныя на базе 2-восевых трактароў і цягачоў, самаходныя на базе аднавосевых цягачоў, у т. л. з дызель-эл. прыводам і матор-коламі. Умяшчальнасць каўша да 40 м³ і больш, адлегласць транспартавання грунту да 2,5 км і больш. С. наз. таксама рабочы орган (коўш) канатна-скрэперных установак, якія выкарыстоўваюцца на экскавацыйных, трансп. і інш. земляных работах на паверхні, пад зямлёй і пад вадой. Прывод каўша — ад лябёдкі праз сістэму канатаў і блокаў. На Беларусі С. выпускае Магілёўскі аўтамаб.з-д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭЗІЯ́НСКІ КАЛО́ДЗЕЖ,
калодзеж або свідравіна, з якіх атрымліваюць артэзіянскія воды. Артэзіянскі калодзеж звычайна замацоўваюць трубамі, выкарыстоўваюць помпы, у зоне ваданоснага пласта абсталёўваюць фільтрамі. Многія нас. пункты Беларусі бяруць ваду з артэзіянскага калодзежа. Водазабеспячэнне Мінска часткова грунтуецца на сістэмах артэзіянскіх свідравін глыб. у некалькі дзесяткаў метраў, часам больш за 100 м (дэбіт 50—100 м³/гадз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЁЗА (італьянскае arioso),
1) невялікая напеўная арыя, часта лірычнага характару, у оперыабокантаце. Займае прамежкавае становішча паміж арыяй і рэчытатывам. Ад арыі адрозніваецца меншымі памерамі, адсутнасцю пэўнай структуры, ад рэчытатыву — прастатой і напеўнасцю мелодыі. Сустракаюцца арыёзы ў стылі меладызаванага рэчытатыву.
2) У інструментальнай музыцы тэрмін «арыёза» выкарыстоўваецца для абазначэння жанру і пявучага характару выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБА́РДА (франц. bombarde),
адзін з першых узораў артыл. гарматаў (14—16 ст.). Выкарыстоўваліся пры аблозе і абароне крэпасцяў. Жалезны або бронзавы ствол бамбарды ўкладаўся ў драўляную калоду (зруб), якая ўпіралася ў пáлі ці мураваную сцяну. Калібр 1000 мм, маса бамбарды 14—19 т, маса каменнага ядра 300—400 кг, далёкасць тральбы да 700 м.