галіна харчасмакавай прамысловасці, якая выпускае розныя віды гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў. Найбольш буйнымі вытворцамі лікёра-гарэлачных вырабаў у свеце з’яўляюцца Расія, Украіна, Польшча, ФРГ, Югаславія, Францыя і інш.
На Беларусі Л.-г.п. адна са старэйшых. У 1820-я г. ў 5 бел. губернях Расіі выраблялася 17,1% гарэлкі ад агульнай вытв-сці. У 1913 на спіртагарэлачную галіну прыпадала 44,3% валавой прадукцыі і 52,5% рабочых харчасмакавай прам-сці. У 1998 вытв-сцю лікёра-гарэлачных вырабаў займалася 68 прадпрыемстваў. Іх вытв. магутнасці складалі 20 млн. дал за год, загрузка абсталявання складала ўсяго 63—65%. На долю прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці, якія выпускалі алкагольную прадукцыю прыпадала 25% аб’ёму вытв-сці гарэлкі і 14% лікёра-гарэлачных вырабаў. У 1997 вытв-сць гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў склала 12,7 млн. дал, з якіх 2,1 млн. дал было накіравана на экспарт у асноўным у Расію. Імпарт гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў у 1997 склаў 411 тыс. дал, з іх з краін далёкага замежжа — 297 тыс. дал і краін СНД — 114 тыс. дал (Расія, Азербайджан).
Самым буйным прадпрыемствам Л.-г.п. з’яўляецца Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь», дзе штогод вырабляецца больш за 4 млн. дал лікёра-гарэлачных вырабаў 40 найменняў і 1,8 млн. дал этылавага рэктыфікаванага спірту, у т. л. і самых высакаякасных спіртоў «Люкс» і «Супер-Люкс». Сярод найб. вядомых гарэлкі з-да «Крышталь»: «Белая Русь», «Крышталь-100», «Усяслаў Чарадзей»; лікёры «Папараць-кветка», настойкі горкія «Белавежская асобая», «Лошыцкая», «Калядная», «Застольная» і інш. Сярод буйных прадпрыемстваў галіны: Клімавіцкі лікёра-гарэлачны з-д (14 найменняў гарэлкі, 9 найменняў горкіх настоек, бальзам «Клімавіцкі»), лікёра-гарэлачныя з-ды ў Віцебску, Брэсце, Гомелі і Гродне. Выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў наладжаны таксама на шматлікіх вінзаводах (Слонім, Пружаны, Ілава і інш.). Сярод бел. бальзамаў найб. вядомы «Беларускі», «Брэсцкі», «Чорны рыцар». Прадпрыемствы Л.-г.п. неаднаразова ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнар. выстаўках, дзе атрымлівалі дыпломы, медалі і прызы «За лепшую якасць прадукцыі».
П.І.Рогач.
Да арт.Лікёра-гарэлачная прамысловасць. Цэх разліву гарэлкі і гарэлачных вырабаў на Мінскім вінна-гарэлачным заводзе «Крышталь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ РАЁН.
На ПдУ Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1 тыс.км². Нас. 18,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Лоеў. Уключае 80 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бывалькаўскі, Карпаўскі, Каўпенскі, Малінаўскі, Пярэдзелкаўскі, Ручаёўскі, Страдубскі, Сяўкоўскі, Уборкаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, знаходзіцца ў зоне пастаяннага радыяцыйнага кантролю.
Тэр. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня плоская, 90% яе на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 148,5 м (за 4 км на ПдЗ ад в. Бывалькі). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, вохра і вохрыстыя гліны, гліны тугаплаўкія, гліны і суглінкі легкаплаўкія, буд. і шкловыя пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C., ліп. 19 °C. Ападкаў 571 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. рака Дняпро з прытокамі Сож, Брагінка, Песачанка. На р. Брагінка Дняпроўска-Брагінскае вадасховішча. Невял. азёры ў даліне р. Дняпро. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (42,7%), дзярнова-падзолістыя (25,3%), поймавыя (алювіяльныя, 13%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 33,6% тэрыторыі, з іх 62,4 % штучныя насаджэнні. Найб. плошчы лясных масіваў на ПдЗ, у міжрэччы рэк Дняпро і Сож. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Пад балотамі 2,8% тэрыторыі. Помнікі прыроды: рэсп. значэння Лоеўскае геалагічнае агаленне, мясц. — дубровы Міхалёўка, Свіраж, Вербуж і Суткоўскі парк.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 50,3 тыс.га, з іх асушаных 17,4 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 6 саўгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і конегадоўля. Вырошчваюць збожжавыя культуры, кармавыя травы, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў і харч.прам-сці. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з Рэчыцай і Брагінам; суднаходства па рэках Дняпро і Сож. У раёне 9 сярэдніх, 6 базавых, 2 пач., 2 муз. школы, вучэбна-вытв. камбінат, Лоеўскае пед. вучылішча, 14 дашкольных устаноў, 27 дамоў культуры і клубаў, 30 б-к, 5 бальніц, 18 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Пярэдзелка. Выдаецца газ. «Серп і молат».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ЦКІ РАЁН.
На ПдЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 29,1 тыс.чал. (1998), гарадскога 40%. Сярэдняя шчыльнасць 21 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Маларыта. Уключае 78 сельскіх населеных пунктаў, 9 сельсаветаў: Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Маларыцкі, Олтушскі, Хаціслаўскі, Чарнянскі.
Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Брэсцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна з асобнымі ўчасткамі дзюнна-ўзгорыстых форм. Агульны нахіл з Пд на Пн. 99% тэрыторыі на выш. 150—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 4 км на ПдЗ ад Маларыты). Карысныя выкапні: мел, торф, сапрапель, сілікатныя і буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-растудз. -4,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 543 мм за год.
Вегетац. перыяд 207 сут. Найб.р. Рыта (прыток Мухаўца) з прытокам Маларыта. Азёры Арэхаўскае, Олтушскае, Малое. Лукаўскае вадасховішча. Найб.меліярац. каналы Бона, Гусацкі, Замшанка. Пераважаюць глебы дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,2%), тарфяна-балотныя (29,2%). Пад лесам 45% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя і інш., чвэрць з іх — штучныя насаджэнні. Пад балотамі каля 20% тэрыторыі, большая ч. з іх асушана. Заказнікі: рэсп. значэння біял.Лукава; бат.мясц. значэння Гусакі і Багуслаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Цар-дуб (800 гадоў), Дуб-патрыярх (700 гадоў), ельнікі астраўныя ў Пажэжынскім і Маларыцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 46,3 тыс.га, з іх асушаных 74%. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 38 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы і цукр. буракоў. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Брэст—Ковель і аўтадарогі Кобрын—Уладава і Брэст—Ковель. У раёне 15 сярэдніх, 6 базавых, 8 пач., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 30 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 4 амбулаторыі, 11 фельч.-ак. пунктаў. Арх. помнікі: цэрквы Раства Багародзіцы (2-я пал. 17 ст.) у в. Дарапеевічы, Раства Багародзіцы (1713) у в. Ляхаўцы, Праабражэнская (1783) у в. Олтуш, Праабражэнская (1799) у в. Хаціслаў. Выдаецца газ. «Голас часу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,
навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых істот на субклетачным і малекулярным узроўні; раздзел генетыкі і малекулярнай біялогіі. Вывучае заканамернасці і малекулярныя механізмы захавання, узнаўлення і перадачы спадчыннай інфармацыі. Даныя М.г. выкарыстоўваюцца ў медыцыне, прам-сці, сельскай гаспадарцы, складаюць аснову многіх біял. навук.
Вылучылася ў самастойны кірунак у сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з доказам ролі малекул ДНК і РНК у спадчыннасці і ўкараненнем у біялогію новых фіз. і хім. метадаў даследаванняў. У развіццё М.г. вял. ўклад зрабілі амер. вучоныя А.Д.Хершы, Дж.Ледэрберг, Дж.Уотсан, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Х.Г.Карана, Д.Балтымар, франц. — Ф.Жакоб, Ж.Мано, англ. — Ф.Крык, сав. — А.А.Баеў, А.С.Спірын, Г.К.Скрабін, і інш. Вывучаны механізмы функцыянавання і структура ДНК і РНК, расшыфраваны генетычны код, адкрыта адваротная транскрыпцыя, высветлена роля і механізмы дзеяння ферментных сістэм у рэплікацыі, транскрыпцыі, трансляцыі і рэпарацыі генаў; створана аперонная мадэль рэгуляцыі экспрэсіі генаў. Стварэнне рэкамбінантнай малекулы ДНК (амер. вучоны П.Берг, 1972) паклала пачатак развіццю генетычнай інжынерыі. Вядуцца работы па малекулярна-генет. карціраванні геномаў, лакалізацыі і кланіраванні генаў. У шэрагу арганізмаў вызначана нуклеатыдная паслядоўнасць ДНК усяго генома. Створаны генетычна мадыфікаваныя мікраарганізмы, расліны і жывёлы з генамі, каштоўнымі для сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш. У 1997 англ. вучоныя адкрылі магчымасць кланіравання жывёл з адной саматычнай клеткі.
На Беларусі праблемы М.г. распрацоўваюцца з канца 1960-х г. Значны ўклад у развіццё М.г. зрабілі Р.Р.Ганчарэнка, М.Л.Картэль, Г.І.Лазюк, У.А.Пракулевіч, Ю.К.Фамічоў і інш. Даследаванні вядуцца ў ін-тах Нац.АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі, эксперыментальнай батанікі, лесу, Цэнтр.бат. садзе; БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў. Вывучаюцца малекулярныя структуры і функцыянаванне геномаў раслін, роля паўторных паслядоўнасцей ДНК у геномах, генет. трансфармацыя раслін, мітахандрыяльныя і хларапластныя геномы. Высвятляюцца генет. арганізацыя храмасом фітапатагенных бактэрый і генетыка бактэрыяфагаў, малекулярныя механізмы генет. рэгуляцыі сінтэзу ферментаў у бактэрыяльнай клетцы. Даследуюцца праблемы спадчынных заган развіцця.
Літ.:
Стент Г., Кэлиндар Р. Молекулярная генетика: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981;
Инге-Вечтомов С.Г. Введение в молекулярную генетику. М., 1983;
Картель Н.А. Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НХЕНСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1938па Чэхаславакіі.
Заключана 29 вер., падпісана 30 вер. ў г.Мюнхен (Германія) на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў фаш. Германіі (А.Гітлер) і Італіі (Б.Мусаліні), Вялікабрытаніі (Н.Чэмберлен), Францыі (Э.Даладзье). Было вынікам прэтэнзій Германіі на Судэцкую вобл. Чэхаславакіі (яе ўрад не быў запрошаны на канферэнцыю), населеную пераважна немцамі, і палітыкі «прымірэння» з Германіяй Вялікабрытаніі і Францыі перад 2-й сусв. вайной. Пасля аншлюсу Аўстрыі (сак. 1938) урад Гітлера пачаў рыхтаваць захоп Чэхаславакіі. Ён падштурхнуў сваіх прыхільнікаў генлейнаўцаў (судэтанямецкую партыю, лідэры К.Генлейн і інш.) высунуць патрабаванні поўнай аўтаноміі Судэцкай вобл. і правядзення там плебісцыту па яе самавызначэнні. Гэта абвастрыла адносіны судэцкіх немцаў з урадам Чэхаславакіі (Судэцкі крызіс). У сярэдзіне мая пачалося перамяшчэнне герм. войск да мяжы з Чэхаславакіяй. Урад апошняй 20 мая абвясціў частковую мабілізацыю. Зах. саюзнікі Чэхаславакіі Вялікабрытанія і Францыя, імкнучыся ўрэгуляваць свае адносіны з Германіяй, настойвалі на прыняцці патрабаванняў генлейнаўцаў. Пасля некалькіх дыпламат. місій, у т. л. сустрэч Чэмберлена з Гітлерам 15 і 22 вер., і па просьбе Мусаліні Гітлер пагадзіўся абмеркаваць чэхаславацкае пытанне на канферэнцыі ў Мюнхене. Паводле М.п. Чэхаславакія пад націскам Вялікабрытаніі і Францыі на працягу 10 дзён (1—10 кастр.) мусіла перадаць Германіі Судэцкую вобл. з усімі наяўнымі там збудаваннямі (каля ¼ насельніцтва, амаль ⅕ тэрыторыі, палавіна цяжкай прам-сці, значныя ваен. ўмацаванні). М.п. наблізіла акупацыю герм. войскамі ўсёй Чэхаславакіі (сак. 1939) і развязванне 2-й сусв. вайны Германіяй. 30 вер. падпісана таксама англа-германская дэкларацыя 1938 аб ненападзенні. Пасля вайны Судэцкая вобл. вернута Чэхаславакіі. Канчаткова юрыд. нязначнасць М.п. замацавана паводле дагавора паміж Чэхаславакіяй і ФРГ ад 11.12.1973.
Літ.:
Документы по истории мюнхенского сговора, 1937—1939. М., 1979;
Мюнхен — преддверие войны: (Ист. очерки). М., 1988;
Борисов А.Ю. Мюнхенская трагедия: (Размышления спустя полвека). М., 1988;
Тейлор Т. На пути к Мюнхену: Пер. с англ. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны. М., 1992;
Ширер У. Капитуляция в Мюнхене: Пер. с англ. // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛ,
горад, цэнтр Мядзельскага р-на Мінскай вобл., паміж азёрамі Мястра і Баторын. За 160 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Княгінін на лініі Маладзечна—Полацк, на аўтадарозе Мінск—Нарач. 7,7 тыс.ж. (1998).
Паводле археал. даследаванняў у 11 ст. памежны горад Полацкай зямлі. Да 20 ст. падзяляўся на Стары і Новы М. Стары М. упамінаецца ў 1454 з нагоды буд-ва тут касцёла; уладанне Саковічаў, Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабоўскіх, Кошчыцаў, Дваржэцкіх, Козел-Паклеўскіх. У 1500 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 разбураны і разрабаваны. З 1736 мястэчка Віленскага ваяв. У 1754 пабудаваны касцёл і кляштар. У 1762 атрымаў магдэбургскае права. З 1793 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1886—254 ж., царква, яўр. малітоўны дом, царк.-прыходская школа, бровар, піваварня, карчма. Новы М. вядомы з 1463. У 1519 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 разбураны. Драўляным мостам злучаўся з каралеўскім замкам на востраве воз. Мястра (гл.Мядзельскі замак). З 1588 уладанне Сапегаў, Бжастоўскага, М.Аскеркі, Ф.Праўскага. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. выраблялася Мядзельская кафля. З 1793 у Рас. імперыі, казённае мястэчка. У 1885—713 ж., 95 двароў, цэнтр воласці Вілейскага пав., царква, касцёл, сінагога, капліца, нар. вучылішча, 4 крамы, 4 заезныя корчмы, паштовая станцыя, фельчарскі пункт. З 1921 М. у Польшчы, цэнтр гміны Дунілавіцкага (з 1925 Пастаўскага) пав. Віленскага ваяв., 825 ж., 170 двароў, 2 касцёлы, царква, мячэць, гарбарня, аптэка, млын. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр Мядзельскага раёна Вілейскай вобл. і сельсавета. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 420 чал., 3079 вывезлі на работы ў Германію. Вызвалены 4.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1959 гар. пасёлак, з 1998 горад.
Працуюць хлебазавод, камбінат каап.прам-сці, лясгас, майстэрня па рамонце быт. тэхнікі. Мядзельскі музей народнай славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў і плябанія (18 ст.). Помнікі археалогіі: гарадзішча і селішча, курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ́РНБЕРГ (Nürnberg),
горад на ПдУ Германіі, на р. Пегніц, зямля Баварыя. Каля 500 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на канале Майн—Дунай. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-будаванне, у т. л.трансп., станка- і прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае, дакладнае; каляровая металургія, паліграф., дрэваапр., гарбарная, харчовая; вытв-сць алоўкаў і цацак; рамёствы. Метрапалітэн. Акадэміі прыкладной тэхнікі, выяўл. мастацтва. Вышэйшая школа педагогікі. Ф-тэканам. і сац. навук ун-та Эрланген-Нюрнберг. Тэатры. Міжнар.муз. фестывалі (арганны, джазавы). Міжнар. кірмашы.
Упершыню згадваецца ў 1050. У 1200 атрымаў гар. права, з 1219 вольны імперскі горад (да 1806). Адзін з найб. багатых гандл. гарадоў сярэдневяковай Еўропы, месца першых пасяджэнняў герм. рэйхстага. У 1424—1796 і 1938—45 у Н. захоўваліся атрыбуты ўлады герм. імператараў. У 1524—25 у горадзе праводзілася Рэфармацыя. Значна пацярпеў у Трыццацігадовую вайну 1618—48 (у 1632 акупіраваны швед. войскамі). З 1806 у складзе Баварыі. У 19 ст. індустрыялізаваны, развіццё паскорана пабудовай першай у Германіі чыгункі Н. — Фюрт (1835). У 1933—38 у горадзе адбываліся агульнагерм. з’езды Нацыянал-сацыялісцкай партыі. У 2-ю сусв. вайну разбураны больш чым на 50%. Пасля вайны ў гар. Палацы юстыцыі адбыўся Нюрнбергскі працэс над гал. нацысцкімі ваен. злачынцамі.
Цэнтр Н. з вузкімі крывымі вуліцамі. Захаваліся помнікі стараж. дойлідства: замак (пачаты ў 11 ст.) з капліцай 13 ст., фрагменты гар. муроў 14—15 ст., познагатычныя касцёлы Зебальдускірхе (пасля 1240—73, зальны хор — 1361—72) з грабніцай св. Зебальда (1507—19, Фішэры) і скульптурай «Укрыжаванне» (1507—20, Ф.Штос), Лорэнцкірхе (пасля 1350, хор — 1439—77; скульптура «Дабравешчанне», 1518, Штос), Фраўэнкірхе (1352—61), святых Марты (1360, 1578—1620), Яна (14 ст., на прылеглых могілках надмагіллі А.Дзюрэра і Штоса), Якава (14—16 ст.); жылыя дамы 15—17 ст., у т. л. «Дом Дзюрэра» (цяпер музей), гатычны фантан «Цудоўны калодзеж» (1385—96, скульпт. Г.Б.Парлер). Вакол цэнтра — новыя жылыя кварталы з рэгулярнай планіроўкай. У 1950—60-я г. пабудаваны горад-спадарожнік Н. — Лангвасер. Музеі: Германскі нац., рамёстваў, цацак, гар.маст. збораў; дом А.Дзюрэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́РМА (Palermo),
горад у Італіі, на ПнЗ в-ва Сіцылія. Адм. цэнтр вобл. Сіцылія і прав. Палерма. Каля 740 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Тырэнскім м.Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд., суднарамонтная, с.-г., эл.-тэхн., радыёэлектронная; дрэваапр., мэблевая, паліграф., цэм., харчасмакавая. Ун-т (з 1777). Акадэмія выяўл. мастацтваў і музыкі, кансерваторыя. Абсерваторыя. Бат. сад. Оперны і драм. тэатры. Турызм. Зімовы курорт. Штогадовыя міжземнаморскія кірмашы.
Засн. фінікійцамі. У 5—3 ст. да н.э.гал. цэнтр карфагенян у Сіцыліі. У 254 да н.э. заваяваны Рымам, у 535 н.э. — Візантыяй, у 1-й пал. 9 ст. — арабамі, у 1072 — нарманамі. З 1130 рэзідэнцыя каралёў Сіцылійскага каралеўства. З 12 ст. буйны эканам. і культ. цэнтр Паўд. Еўропы. У 1282 пасля паўстання (гл.«Сіцылійская вячэрня») з горада выгнана Анжуйская дынастыя. У час праўлення каралёў Арагона (1302—1479) заняпаў. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1734—1816 сталіца Сіцылійскага каралеўства, размяшчалася рэзідэнцыя віцэ-караля. З 1820 цэнтр рэв. руху за аўтаномію Сіцыліі. Паўстаннем у П. (12.1.1848) пачалася Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі. 27.5.1860 вызвалены войскамі Дж.Гарыбальдзі ад улады ісп. Бурбонаў і ўвайшоў у склад Італьян. каралеўства.
У старой частцы П. — касцёлы Сан-Джавані дэльі Эрэміці (каля 1132, мазаікі сярэдзіны 12 ст.) і Мартарана (спалучае рысы раманскага стылю з элементамі араб. і візант. архітэктуры; 1143, мазаікі сярэдзіны 12 ст.), Палацца Рэале (нармандскі палац 11 ст., перабудаваны з араб. крэпасці; перабудаваны ў 16—18 ст., мазаікі 12 ст.), Капэла Палаціна (1130—43, мазаікі 12 ст.), сабор (каля 1170, гал. фасад 14—15 ст., порцік 1465; купал — пасля 1781, паводле праекта Ф.Фугі; кампаніла 12 ст.); палацы Ла Дзіза (1154—60), Ла Куба (1180), К’ярамонце (1307), Абатэлі (1495), касцёлы 17 ст., т-р «Масіма» (1879—97, арх. Дж.Б. і Э.Базіле). У сучасным цэнтры П. (раён Вілануова) — магазін «Рандаца» (1960) і інш. Музеі: археал.нац., Нац. галерэя Сіцыліі, галерэя сучаснага мастацтва, этнагр. Дж.Пітрэ, скарбніца сабора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЗА (Pisa),
горад у Цэнтр. Італіі, на р. Арна, у вобл. Таскана. Адм. цэнтр прав. Піза. Каля 120 тыс.ж. (2000). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Злучаны суднаходным каналам з портам Ліворна. Прам-сць: маш.-буд., хім., фармацэўтычная, шкляная, керамічная, тэкст., гарбарна-абутковая. Ун-т (з 1343), у якім вучыўся Г.Галілей. Нац. музей Сан-Матэа.
У старажытнасці горад этрускаў, з 180 да н.э.рым. калонія. З 4 ст.н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 9—11 ст. буйны гандл.цэнтр. У пач. 11 ст. жыхары П. вялі паспяховую барацьбу з арабамі, авалодалі Корсікай і Сардзініяй, удзельнічалі ў 1-м крыжовым паходзе (1096—99), атрымалі вял. прывілеі на Усходзе, мелі факторыі ў Сірыі, Палесціне і Канстанцінопалі. Паспяховы паход у 1113—14 супраць араб. панавання на Балеарскіх а-вах забяспечыў П. ўплыў у Зах. Міжземнамор’і. Канкурэнцыя Генуі і Венецыі, разгром генуэзцамі пізанскага флоту (1284) прывялі да заняпаду ў П. марскога гандлю, да страты Сардзініі. У сярэдзіне 11 ст. ў П. консульскае праўленне, у сярэдзіне 12 ст. камуна, у 14 п. ўсталявана тыранія. У 1406 П. заваявана Фларэнцыяй. З 1569 у складзе Вял. герцагства Тасканскага, разам з якім у 1861 увайшла ў аб’яднанае Італьян. каралеўства.
Ад рым. часоў захаваліся рэшткі тэрмаў (2 ст.н.э.), амфітэатра, форума. Раманскія пабудовы ў П. паўплывалі на развіццё сярэдневяковага дойлідства Італіі. Яны адметныя багатай пластыкай фасадаў, ажурнасцю арх. дэкору (шмат’ярусныя аркатуры), арыгінальнай колеравай кампазіцыяй (чаргаванне белага і чорнага мармуру): ансамбль саборнай плошчы («Плошчы цудаў») з саборам (1063—1160, 5-нефавая базіліка, у інтэр’еры амбон работы Дж.Пізана); кампаніла, ці т. зв. «Падаючая вежа» (1174—1372); баптыстэрый (пачаты ў 1153, скульпт. вонкавы дэкор і амбон — Н.Пізана); крытыя могілкі Кампасанта (з 1278 арх. Дж. ды Сімоне). Сярод інш. помнікаў: касцёл Сан-Паала а Рыпа д’Арна (1148), Палацца дэі Кавальеры (перабудова, 1562), касцёл Сан-Стэфана дэі Кавальеры (1565—69. абодва арх. Дж.Вазары). Нац. музей Сан-Матэа (тасканскі жывапіс і скульптура 12—15 ст.). Ансамбль саборнай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛОДААГАРО́ДНІННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая перапрацоўвае агародніну, садавіну, ягады. Вырабляе плодаагароднінныя кансервы (у т. л. для дзіцячага і дыетычнага харчавання), сушаную гародніну і садавіну, замарожаныя прадукты, сокі, пладова-ягадныя экстракты, мочаную і засоленую гародніну, пладова-ягаднае віно; перапрацоўвае дзікарослую сыравіну (чарніцы, журавіны, грыбы). На Беларусі П.п. сфарміравалася ў сав.час. У 1940 дзейнічалі асобныя цэхі, выраблена 3 млн. ўмоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў і 700 т сушанай гародніны і бульбы. У 2000 працуюць 262 прадпрыемствы і вытворчасці, большасць з якіх аб’ядноўваюцца ў канцэрны «Белгасхарчпрам» і «Белкаапсаюз». Найб. з прадпрыемстваў: Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Клецкі кансервавы завод, Кобрынскі кансервавы завод, Мінскі харчовы камбінат, Пінскі кансервавы завод, Слуцкі кансервавы завод, а таксама кансервавыя з-ды ў Глыбокім, Хойніках, Ляхавічах, Гродне, Гарыні (Столінскі р-н), Красным (Маладзечанскі р-н), гароднінасушыльны з-д у Солах (Смаргонскі р-н) і інш., вырабляюць прадукцыю больш за 300 найменняў. У многіх саўгасах і калгасах працуюць з-ды ці цэхі (больш за 40) невял. магутнасці. Выкарыстоўваецца сыравіна мясц. і прывазная (памідоры, вострыя прыправы), вытворчасць мае сезонны характар. На долю П.п. прыпадае 3,8% агульнай прадукцыі харч.прам-сці, ч. прадукцыі экспартуецца (асабліва з дзікарослай сыравіны). Перспектыўная для Беларусі галіна, але развіта недастаткова з-за нізкай тэхн. аснашчанасці прадпрыемстваў, адсутнасці сфарміраваных сыравінных зон, недахопу сховішчаў (страты сыравіны дасягаюць 30—40%).
Найб. развіта П.п. у ЗША, Канадзе, краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (асабліва ў Італіі), сярод краін Усх. Еўропы — у Польшчы (буйнейшы ў свеце пастаўшчык канцэнтраванага яблычнага соку, замарожанай клубніцы).
Т.Л.Казакова.
Вытворчасць плодаагародніннай прадукцыі на Беларусі
Віды прадукцыі
1985
1990
1995
1999
I. Кансервы плодаагароднінныя, млн. умоўных слоікаў, з іх
432,6
482,5
163,0
272,7
1. Агароднінныя
164,8
143,9
67,6
86,1
2. Памідорныя
36,6
37,4
23,0
36,5
3. Пладовыя, у т.л.
231,2
301,2
72,4
101,9
а. Павідла, варэнне, джэмы
34,7
44,4
7,4
22,2
б. Сокі
98,7
180,2
43,0
63,5
II. Сушаная садавіна, т
117
7
19
112
III. Пладова-ягаднае віно, млн. дэкалітраў
9,9
0,1
5,1
22,2
Да арт.Плодаагароднінная прамысловасць. Харчовы камбінат Белкаапсаюза: 1 — цэх канцэнтраваных сокаў; 2 — прадукцыя камбіната.