НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,

навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл. Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.​Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.​Блумфілда, В.​Дарашэўскага, А.​Р.​Лурыі, Р.​В.​Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.

Літ.:

Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;

Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;

Гируцкий А.А. Наука и религия. Мн., 1999.

А.​А.​Гіруцкі.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,

існавалі ў 11—17 ст. Абарончыя збудаванні мелі ўсе асн. раёны стараж. Полацка: Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак, Вял. і Запалоцкі пасады. Паводле летапісных звестак, яны былі зроблены з дрэва. «Сага аб Цідрыку Бернскім» (запіс адносіцца да 13 ст.) паведамляе пра наяўнасць у Полацку мураваных умацаванняў. Больш падрабязныя звесткі ёсць у дакументах 15—17 ст. ’Паводле іх, у 1552 на Верхнім замку былі драўляныя сцены-гародні. Уздоўж сцен па перыметры замка стаялі вежы: Вусцейская, Асвейская, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сафейская і 4 безыменныя. У 17 ст., пасля ўмацавання замка, вежы перабудаваны, некат. пастаўлены ў інш. месцах. Паводле дакумента 1654, было 10 вежаў: Чырвоная (раней Каралеўская), Праезная, Гуська, Раждзественская (новая), Бык (раней Вежа-фортка), Новая (Усць-Палаты), Бык (раней Ваяводзіцкая), Машна (новая), Бык (раней Брусяная), Баярская (старая) і 2 брамы — праезная і фортка. Магчыма, што вежа Чырвоная была мураваная. Умацаванні Вял. пасада вядомы з 11 ст. У 16—17 ст. яны былі аналагічныя фартыфікацыі Верхняга замка. Абарончая сцяна пачыналася ад Варварынскай вадзяной вежы Верхняга замка, якая стаяла на беразе Зах. Дзвіны, цягнулася ўздоўж правага берага прыблізна на 1,5 км уверх па цячэнні ракі да крайняй Міронаўскай вежы, тут паварочвала на Пн, ўздоўж глыбокага рова да р. Палата. Былі вежы: Ложная (праезная), Ільінская, Скарбная, Невельская і Навугольная (вуглавая паўн.-ўсх.). Ад апошняй сцяна ішла па левым беразе р.Палата на З да Кабыльчынай вежы (побач з сучасным Чырвоным мостам). Далей стаяла вежа-фортка, а за ёй, уздоўж левага берага Палаты да Верхняга замка, — сцяна без вежаў. На Ніжнім замку ў 17 ст. вежы і сцены заменены «тынам стаячым». Абарончыя збудаванні Запалоцця вядомы з 12 ст. У 16 ст. яны былі аналагічныя ўмацаванням Верхняга замка і Вял. пасада. Аднак тут адсутнічалі валы, а замест зрубаў-гародняў быў падвойны «стаячы тын». Археал. даследаванні П.г.у. праводзілі В.​А.​Булкін (1979), С.​В.​Тарасаў (1986—89). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

Літ.:

Гл. пры арт. Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак.

С.​В.​Тарасаў.

т. 12, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РБАЎ (Ісак Абрамавіч) (27.5.1871, в. Кульшычы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.1.1943),

бел. этнограф, фалькларыст, археолаг. Правадз. чл. Інбелкульта (1922). Канд. гіст. н. (1934). Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1892), Маскоўскі археал. ін-т (1918). Працаваў настаўнікам у Мінску, Гомелі, Вільні, Троках, Хоцімску, Стоўбцах. У 1910—12 як член Паўн.-Зах. аддзела Рус. геагр. т-ва наладзіў шэраг экспедыцый па Беларусі. У 1917—18 заг. аддзела нар. асветы ў г. Сальцы Наўгародскай губ., з 1919 у аддзелах нар. асветы Магілёўскай і Гомельскай губ. З 1923 выкладчык, заг. кафедры этнаграфіі БДУ, супрацоўнік секцыі этнаграфіі Ін-та гісторыі АН БССР. У Вял. Айч. вайну выкладчык Тамбоўскага пед. ін-та. З 1900 вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусную паэт. і муз. творчасць бел. народа. Сабраў багатыя калекцыі нар. адзення і мастацтва, на аснове якіх выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва» (1951). Першы з бел. этнографаў стварыў вял. фотатэку (каля 5 тыс. фотаздымкаў), у якой зафіксаваны тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гасп. пабудоў, вырабы рамёстваў і інш. Сабраныя этнагр. матэрыялы і назіранні абагульнены ў працах «Сяло Вялікае: Малюнкі з жыцця Беларусі» (1910), «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914), «Беларусы-сакуны» (1915). У 2-й пал. 1920-х г. правёў раскопкі грунтавога могільніка 5—8 ст. каля Новага Быхава, даследаваў курганы дрыгавічоў (каля Мінска і Мазыра), радзімічаў (каля Новага Быхава, у басейнах рэк Проня і Ухлясць), крывічоў (па р. Ушача). Вывучыў каля 100 насыпаў, абследаваў і апісаў больш за 30 гарадзішчаў, селішчаў і стаянак.

Тв.:

Археалагічныя раскопкі ў аколіцах Менску ў 1925 г. Мн., 1927;

Вічынскія паляне. Мн., 1928;

Археалагічныя помнікі Ушацкага раёна Полацкай акругі // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1930. Кн. 11. Пр. археал. камісіі, т. 2;

Археалагічныя абследаванні ў вадазборах рэк Проні — Ухлясцх ў был. Магілёўшчыне // Працы секцыі археалогіі Інта гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст. Мн., 1970;

Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі. Мн., 1972;

Цішчанка І.К. З творчай спадчыны І.​А.​Сербава // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. №1.

В.​С.​Вяргей.

І.​А.​Сербаў.

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТСВА́НА (Botswana),

Рэспубліка Батсвана, (Republic of Botswana), дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн і З з Намібіяй, на Пд і ПдУ з ПАР, на ПнУ з Зімбабве. Пл. 600,4 тыс. км². Нас. 1,4 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Габароне. Падзяляецца на 8 акруг. Афіц. мовы англійская і сетсвана. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 вер.).

Дзяржаўны лад. Батсвана — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць прэзідэнту і парламенту — Нац. асамблеі, выканаўчая — прэзідэнту і ўраду.

Прырода. Тэр. Батсваны займае вял. бяссцёкавую катлавіну пустыні Калахары, абмежаваную з усіх бакоў плато. Сярэдняя выш. 800—1000 м, на З да 1300 м. Рэльеф раўнінны, на У слабахвалісты. Карысныя выкапні: алмазы, золата, хром, серабро, плаціна, марганцавыя, медна-нікелевыя і кобальтавыя руды, каменны вугаль, азбест і інш. Клімат трапічны, з рысамі кантынентальнасці, гарачы і засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. 21—27, ліп. каля 16 °C. Ападкаў на Пн і У 500—700 мм, у Калахары менш за 250 мм. Дажджлівы перыяд у снеж.—красавіку. Рэкі малаводныя. На Пн — бяссцёкавы басейн р. Акаванга, на У — р. Лімпопа (упадае ў Індыйскі ак.) з прытокамі. Расліннасць пераважна саванная, на Пн — трапічнае рэдкалессе. Па далінах рэк на Пн, У, Пд — галерэйныя лясы. Нац. паркі — Гемсбак, Чобе, Нцкаі-Пан.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — народы сям’і банту: тсвана (каля 80%), машона, педы, герэра. У глыбіні Калахары карэнныя жыхары бушмены (кайсанская моўная група). Ёсць невял. колькасць англічан, афрыканераў, выхадцаў з Азіі і інш. 50% насельніцтва прытрымліваецца мясц. традыц. вераванняў, 50% — хрысціяне. Шчыльнасць насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана на ПдУ. У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найбольшыя гарады Габароне, Серове, Фрэнсістаўн, Мачуды.

Гісторыя. Стараж. гісторыя Батсваны даследавана мала. Вядома, што бечуаны, якія прыйшлі з сучаснага Трансвааля (правінцыя ПАР), выцеснілі ва ўнутр. раёны Калахары бушменаў — аўтахтоннае насельніцтва краіны. Бечуаны на працягу стагоддзяў вялі барацьбу з плямёнамі, што пранікалі на іх тэрыторыю. Асабліва жорсткія былі войны з плямёнамі зулу на пач. 19 ст. З 1820 (з заснаваннем першай хрысціянскай місіі) — пастаянныя кантакты з еўрапейцамі. З сярэдзіны 19 ст. землі Батсваны пачынаюць захопліваць буры, аднак бечуаны, умела выкарыстоўваючы англа-бурскія супярэчнасці, здолелі на працягу 3 дзесяцігоддзяў захаваць незалежнасць. У 1885 б.ч. зямель бечуанаў далучана да англ. уладанняў у Паўд. Афрыцы. Англ. ўлады абвясцілі паўн. землі бечуанаў (тэр. сучаснай Батсваны) пратэктаратам пад назвай Бечуаналенд.

Пад націскам нац.-вызв. руху брыт. ўрад у 1961 прыняў канстытуцыю Батсваны, у ліст. 1963 даў пратэктарату самакіраванне. На выбарах у заканадаўчы сход у 1965 перамагла Дэмакр. партыя. 30.9.1966 абвешчана незалежная рэспубліка Батсвана.

Асн. паліт. партыя — Дэмакр. партыя Батсваны (правячая). Федэрацыя прафсаюзаў Батсваны аб’ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Батсвана — чл. ААН (з 1966), Садружнасці і інш. міжнар. арг-цый.

Гаспадарка. Батсвана — аграрная краіна са значнай горнай прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %) сельскай гаспадаркі 12, прам-сці каля 50, у т. л. горна-здабыўной каля 45. У сельскай гаспадарцы занята больш за 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, захаваліся феад. і племянныя перажыткі. Апрацоўваецца 3% тэрыторыі, пад лугамі і пашай каля 70%. Гал. галіна — адгонна-пашавая мясная жывёлагадоўля (круглагадовы выпас жывёлы на натуральных пашах). Пагалоўе (млн.): буйн. раг. жывёлы 3,5, коз і авечак 1,7. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Жывёла нізкапрадукцыйная. Росту пагалоўя перашкаджаюць засухі, недахоп вады, хваробы. За гады незалежнасці праведзены работы па паляпшэнні пашы, стварэнні вет. цэнтраў. Земляробства ў гаспадарках мясц. насельніцтва адыгрывае дапаможную ролю. Магчыма толькі на Пд і У краіны. Асноўныя с.-г. культуры — сорга, кукуруза, вырошчваюць пшаніцу, боб, проса, гародніну, садавіну. На ПдУ на плантацыях еўрап. фермераў вырошчваюць на арашальных землях экспартныя культуры: арахіс, тытунь, бавоўну, сланечнік, цытрусавыя. Некаторую ролю ў гаспадарцы карэннага насельніцтва адыгрываюць паляванне і рыбалоўства (асабліва на Пн). Гал. галіна прамысловасці — горназдабыўная. Батсвана займае 2—3-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (да 20 млн. каратаў штогод, гал. радовішчы Арапа, Джваненг, Летлхакане). Здабываюць таксама медныя, нікелевыя (другі па велічыні вытворца ў Афрыцы) і марганцавыя руды, каменны вугаль, азбест, серу. З галін перапрацоўчай прам-сці найб. развіта мясная (буйны мясакамбінат у г. Лабацэ). Есць невял. прадпрыемствы па вытв-сці касцявой мукі, масла, мыла, піва і інш. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд. кВт∙гадз. ЦЭС у Габароне і Селебі-Пікве. Трансп. сетка развіта слаба. Адзіная чыгунка (даўж. 714 км) перасякае ўсх. ч. краіны. Даўж. аўтадарог 15,5 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 3,5 тыс. км. Міжнар. аэрапорт каля Габароне, авіяц. сувязі з суседнімі краінамі. Экспарт: алмазы, медна-нікелевы канцэнтрат, мяса, скуры, прадукты плантацыйнай гаспадаркі. Імпарт: машыны, абсталяванне, паліва, збожжа і мука, тэкстыль, адзенне. Значнае месца ў эканоміцы займаюць турызм і грашовыя пераводы грамадзян Батсваны, якія працуюць у ПАР. Асн. гандлёвыя партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, інш. краіны ЕЭС, ЗША. Грашовая адзінка — пула.

Ф.​С.​Фешчанка (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Батсваны.
Батсвана. Агульны выгляд сталіцы Габароне.

т. 2, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНІ́КА (Martinique),

уладанне (заморскі дэпартамент) Францыі на аднайм. востраве з групы Малых Антыльскіх астравоў у Вест-Індыі. Пл. 1128 км². Нас. 407,3 тыс. чал. (1998). Афіц. мова — французская, пашырана таксама крэольская. Адм. ц. — г. Фор-дэ-Франс. Падзяляецца на 2 акругі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — заморскі дэпартамент і рэгіён Францыі. Орган дзярж. выканаўчай улады Францыі — прэфектура на чале з рэгіянальным сакратаром, якога прызначае прэзідэнт Францыі. Органы мясц. самакіравання — Ген. савет (дэпартаменцкі орган — 45 членаў) і Рэгіянальны савет (рэгіянальны орган — 41 член); выбіраюцца на 6 гадоў прамым усеагульным галасаваннем. У франц. парламенце М. прадстаўлена 4 дэпутатамі і 2 сенатарамі.

Прырода. Востраў гарысты, складзены пераважна з вулканічных парод. На Пн вулканічныя масівы, у т. л. Мантань-Пеле (1397 м), вывяржэнне якога ў 1902 знішчыла г. Сен-П’ер (загінула 40 тыс. чал.). На Пд горы выш. да 504 м, узгорыстая раўніна. Клімат трапічны пасатны з высокай вільготнасцю. Сярэднія месячныя т-ры 24—27 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Дажджлівы сезон (з навальніцамі і ўраганамі) з ліп. да лістапада. Рэкі невял. горныя. Ёсць мінер. крыніцы. На схілах гор захаваліся невял. трапічныя лясы (пальмы, чырвонае, ружавае, кампешавае і хлебнае дрэвы). На раўніне — участкі саваннаў і балот. На ўзбярэжжах месцамі мангравыя зараснікі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Некалькі рэзерватаў, у т. л. Мантань-Пеле.

Насельніцтва. Жывуць пераважна мулаты і негры (93,7%). Невял. групы французаў, дравідаў, кітайцаў, італьянцаў, іспанцаў, партугальцаў, сірыйцаў. Вернікі пераважна католікі (87,9%). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 360 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы — да 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 80% насельніцтва. У г. Фор-дэ-Франс каля 100 тыс. ж.

Іншыя гарады невялікія. У прам-сці занята каля 15% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — каля 8%, астатнія — у абслуговых галінах. Характэрны вял. беспрацоўе і значная эміграцыя (больш за 6 тыс. чал. штогод, пераважна ў Францыю).

Гісторыя. Тэр. М. са старажытнасці насялялі індзейцы-аравакі, потым карыбы. У 1502 востраў першым з еўрапейцаў адкрыў Х.​Калумб. З 1635 пачалася каланізацыя М. французамі (з 1674 калонія Францыі), якія паступова знішчылі мясц. карыбаў. У 17—18 ст. тут засн. плантацыйная гаспадарка па вырошчванні бавоўніку, тытуню, цукр. трыснягу, кавы; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 на М. часова скасавана рабства (1794, адноўлена ў пач. 19 ст.). У 17 — пач. 19 ст. за валоданне востравам з Францыяй сапернічалі Нідэрланды і Вялікабрытанія (у 1794 М. акупіравалі брыт. войскі, паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 вярнулі Францыі, у 1809—14 зноў акупіравана англічанамі). З 1816 канчаткова ўладанне Францыі. У 1848 адменена рабства. У 1854 Францыя надала М. частковую ўнутр., у 1900 — і фін. аўтаномію. У пач. 20 ст. ўзніклі марцініканскія паліт. партыі і прафсаюзы. На пач. 2-й сусв. вайны востраў знаходзіўся пад уладай франц. калабарацыянісцкага ўрада «Вішы», з ліп. 1943 марцініканцы падтрымлівалі Франц. к-т нац. вызвалення.

З 1946 М. — заморскі дэпартамент Францыі. У 1982—83 пашырана самакіраванне М. На выбарах 1992 у Ген. і Рэгіянальны саветы большасць атрымалі левыя партыі (у т. л. Марцініканская прагрэс. партыя), якія патрабуюць большай аўтаноміі для М.

На востраве дзейнічаюць аддзяленні 3 паліт. партый Францыі і 12 мясц. партый і рухаў (1999); найбуйнейшае прафс. аб’яднанне — Усеагульная канфедэрацыя працы М.

Гаспадарка. М. — параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1995 валавы нац. прадукт на 1 чал. склаў 10 тыс. дол. ЗША. Асновай эканомікі з’яўляюцца сельская гаспадарка і абслугоўванне замежных турыстаў. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць замежныя, у асн. франц. і амер. кампаніі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 34 тыс. га зямлі. Традыцыйна асновай сельскай гаспадаркі М. быў цукр. трыснёг, аднак яго вытв-сць пастаянна зніжаецца ў выніку палітыкі Францыі па абароне айч. вытворцаў цукру. Збор цукр. трыснягу 200 тыс. т, бананаў 230 тыс. т. Вырошчваюць таксама ананасы, манга, цытрусы, батат, маніёк, гародніну, бавоўну і тытунь. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 35, свіней — 26, авечак — 40, коз — 20. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс. т рыбы штогод). Эксплуатацыя лясоў. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы харч. галіны — цукровыя, хлебапякарныя, піваварныя, маргарынавыя, па вытв-сці рому, ананасных і рыбных кансерваў. Працуе нафтаперапр. з-д (Ламантэн, перапрацоўвае штогод каля 1 млн. т нафты), 2 нафтахім. прадпрыемствы (выпускаюць поліэтылен), цэм. з-д (260 тыс. т цэменту штогод). Ёсць прадпрыемствы металаапр., паліграф., керамічнай і швейнай прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд. кВт ∙ гадз штогод. Пераважаюць цеплавыя электрастанцыі на імпартнай нафце, ёсць некалькі невялікіх ГЭС. Развіты рамёствы, у т. л. пляценне кошыкаў, ручное ткацтва, разьбярства па дрэве. Дэфіцыт знешнегандл. балансу часткова пакрываецца за кошт даходаў ад турызму. Штогод М. наведваюць да 1 млн. турыстаў, пераважна з ЗША, Канады, Францыі. Турыстаў вабяць на М. маляўнічыя горы і вадаспады, руіны Сен-П’ера і старадаўнія крэпасці, старафранц. архітэктура, музеі, пясчаныя пляжы, добра арганізаваная «індустрыя турызму». Дадатковая крыніца сродкаў — грашовыя пераводы эмігрантаў. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі. На востраве 1690 км асфальтаваных аўтадарог. Гал. марскі порт — г. Фор-дэ-Франс. За 8 км ад яго міжнар. аэрапорт. Штогадовы экспарт складае 200—300 млн. дол., імпарт — 1500—1700 млн. дол. Экспартуюцца бананы, ром, цукар, ананасы, нафтапрадукты; імпартуюцца машыны, нафта, харч. прадукты, буд. матэрыялы. Асн. гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады да 80% знешнегандл. абароту), Германія, Італія, Японія, Вялікабрытанія. Фін. дапамога Францыі складае 4,5 млрд. франкаў штогод. Грашовая адзінка — франц. франк.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

т. 10, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАНДАРМЕ́РЫЯ (франц. gendarmerie ад gens d’armes узброеныя людзі),

палітычная паліцыя. Як інстытут паліт. паліцыі ўпершыню ўведзена ў Францыі (1791). У Расіі ў 1792—1817 (з перапынкамі) існавала ў якасці ваен. паліцыі пры рас. арміі. З лютага 1817 набыла самаст. характар. У Пецярбургу і Маскве былі створаны жандарскія дывізіёны, а ва ўсіх губернскіх гарадах конныя жандарскія каманды. Пасля паўстання дзекабрыстаў Ж. стала сродкам барацьбы з рэв. рухам. У 1826 у Расіі існавала 59 розных па прызначэнні жандарскіх часцей і падраздзяленняў. У 1827 Ж. аб’яднана ў корпус жандараў (у 1837—67 і 1875—1917 — асобны корпус) і падпарадкавана кіраўніку Трэцяга аддзялення ў складзе імператарскай канцылярыі, які з 1839 стаў таксама начальнікам штаба корпуса Ж. У 1867 праведзена рэформа і прынята Палажэнне аб корпусе Ж., якое з нязначнымі зменамі дзейнічала да лют. 1917. Корпус Ж. ахопліваў усю імперыю і выконваў абавязкі паліт., коннай гарадской і ваен. паліцыі. Жандарскія падраздзяленні неслі абавязкі па выяўленні і расследаванні дзярж. злачынстваў, нагляду за турмамі і паліт. вязнямі, падтрыманні парадку на чыгунцы. Ж. мела права весці вышук, тайнае назіранне, рабіць вобыскі і інш. У 1880 пасля скасавання Трэцяга аддзялення Ж. ўвайшла ў падпарадкаванне Мін-ва ўнутр. спраў. У 1882 створана пасада камандзіра Асобнага корпуса Ж. Ім стаў нам. міністра ўнутр. спраў, які курыраваў дэпартамент паліцыі. Бел. губернскія жандарскія ўпраўленні (Віленскае, Гродзенскае, Мінскае, Магілёўскае і Віцебскае) уваходзілі ў склад 4-й (Віленскай) жандарскай акругі. У губернскіх гарадах існавалі ўпраўленні жандарскіх штаб-афіцэраў. У буйных нас. пунктах губерняў размяшчаліся жандарскія каманды. У 1885 у 5 бел. губернях былі 24 павятовыя ўпраўленні (па 4 у Віленскай і Мінскай губ., па 5 у Гродзенскай і Магілёўскай, 6 у Віцебскай губ.), у якія ўваходзілі 24 обер- і 263 унтэр-афіцэры. У кожным губ. горадзе было гар. ўпраўленне з адпаведным штатам чыноў, пры Віленскім гар. упраўленні існавала конная каманда. На чыгунках, якія праходзілі праз тэр. Беларусі і Літвы, для падтрымкі грамадскага парадку дзейнічалі Віленскае і Мінскае чыг. жандарскія ўпраўленні. Жандарскія падраздзяленні на тэр. Беларусі прымалі ўдзел у падаўленні паўстання 1863—64, у выкрыцці рэв. гурткоў, дзеячаў рэв. руху. Ж. ліквідавана пасля Лют. рэвалюцыі 1917.

Літ.:

Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983;

Курлов П.Г. Гибель императорской России. М., 1992;

Новицкий В.Д. Из воспоминаний жандарма. М., 1991;

Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982;

Спиридович А. Записки жандарма. М., 1991.

І.​В.​Аржахоўскі.

т. 6, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАСНАЯ АПРАЦО́ЎКА ЛЁНУ, пачатковая апрацоўка лёну,

комплекс тэхнал. працэсаў па апрацоўцы льносаломы на валакно. У выніку атрымліваюць доўгае і кароткае валакно, кастрыцу і пакулле. Асн. этапы — рассціланне (ці вымочванне), размінанне, трапанне (гл. Ільноапрацоўка).

Рассціланне абмалочанай ці ачэсанай ільносаломы, сартаванай па даўж. сцябла, робяць на льнішчах ці лугах з невысокай густой травой. Найб. эфектыўна праводзіць у жн., пры цёплым (18 °C) і вільготным надвор’і з вял. росамі, на 3—4 тыдні (пры больш познім рассціланні на 5—7). Ільносалома ператвараецца ў трасту ў выніку жыццядзейнасці мікраарганізмаў (аэробных і анаэробных), якія раскладаюць пекцінавыя рэчывы і разбураюць сувязі паміж асобнымі валокнамі, валакністымі пучкамі і інш. тканкамі сцябла. Вылежалая льносалома змяняе колер з жоўтага на шэры. Каб пазбегнуць псавання, лён пераварочваюць і адбіраюць пробы для кантролю за якасцю (пераляжалае валакно робіцца слабым, пухлявым, зніжаецца выхад). Вымочванне дае валакно лепшай якасці, яго праводзяць у прыродных вадаёмах ці спец. ёмістасцях на льнозаводах. Выкарыстоўваюць вымочванне адзінарнае (10—12 дзён), камбінаванае (5—6 дзён, потым рассцілаюць) і падвойнае (2 вымочванні па 4—5 дзён з перапынкам на 2—3-дзённае прасушванне). Сушаць трасту на льнішчах у конусах ці ў спец. агрэгатах. Доўгае валакно аддзяляюць ад кастрыцы размінаннем (ламанне драўніны) і трапаннем (выдаленне з сырцу кастрыцы) на мяльна-трапальных агрэгатах (з адходаў на кудзелепрыгатавальных агрэгатах атрымліваюць кароткае валакно — кудзелю; гл. Ільноапрацоўчыя машыны). Валакно сартуюць і прасуюць. На прадпрыемствах ільняной прамысловасці доўгае валакно ідзе на выраб кашульна-блузачных, касцюмна-сукеначных, парцьерных, матрацных тканін, кароткае — брызентавых, тарных тканін, нятканых матэрыялаў, кручаных вырабаў. Кастрыцу (да 65% ад масы трасты) выкарыстоўваюць як паліва, сыравіну для вытв-сці кастрапліт, арбаліту, кармавых дабавак, цэлюлозы, паперы. Пакулле (кароткае, грубае валакно, непрыдатнае для пражы) атрымліваюць сепарацыяй кастрыцы; служыць буд. матэрыялам, сыравінай для вытв-сці кручаных вырабаў. У выніку П.а.л. з трасты атрымліваюць 25% валакністай масы, з яе 25—35% доўгага і 60—70% кароткага валакна, каля 5% пакулля.

На Беларусі льнозаводы (Дрысенскі, Лёзненскі) працуюць з 1930; у 2000 дзейнічаюць 53 ільнозаводы, 82 тэхнал. лініі, пераважна на Пн і ПнУ, дзе больш сеюць лёну (гл. Ільнаводства). Аб’ём вытв-сці льновалакна на Беларусі — 30,4 тыс. т у год, сусв. аб’ём — 350 тыс. т (1998). Навук. даследаванні па П.а.л. вяліся ў БелНДІ лёну (1971—1994), з 1994 у БелНДІ Мін-ва сельскай гаспадаркі працуе лабараторыя механізацыі вырошчвання, уборкі і перапрацоўкі лёну.

П.​М.​Сяргееў.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАГРАФІ́ЧНЫЯ ПРАЕ́КЦЫІ,

матэматычныя спосабы адлюстравання паверхні зямнога шара (эліпсоіда) або інш. нябеснага цела падобнай формы на плоскасці. К.п. ўстанаўліваюць аналітычную залежнасць (адпаведнасць) паміж геагр. каардынатамі пунктаў зямнога эліпсоіда і прамавугольнымі каардынатамі тых жа пунктаў на плоскасці. Вывучэннем К.п. займаецца картаграфія. Праекцыі, як правіла, маюць скажэнні даўжынь ліній, плошчаў, вуглоў і форм (існуюць праекцыі, у якіх адсутнічаюць скажэнні вуглоў ці плошчаў). Агульную характарыстыку скажэнняў дае эліпс скажэнняў (адлюстроўвае на плоскасці бясконца малыя акружнасці, узятыя ў розных месцах эліпсоіда). На карце адрозніваюць маштабы гал. (роўны маштабу мадэлі зямнога эліпсоіда, паменшанаму ў зададзеных адносінах) і прыватны (адносіны бясконца малога адрэзка, узятага ў дадзеным месцы карты па дадзеным напрамку, да адпаведнага адрэзка на паверхні эліпсоіда). Адносіны прыватнага маштабу да гал. характарызуюць скажэнне даўжынь. Паводле характару скажэнняў К.п. падзяляюцца на роўнавугольныя (перадаюць вуглы без скажэнняў), роўнавялікія (перадаюць плошчы без скажэнняў) і адвольныя (скажаюцца і вуглы і плошчы). Сярод адвольных вылучаюцца роўнапрамежкавыя (скажаюцца вуглы і плошчы ў аднолькавых прапорцыях). У залежнасці ад становішча восі сферычных каардынат (арыенціроўка дапаможнай паверхні адносна палярнай восі) вылучаюць К.п.: нармальныя (вось каардынат супадае з воссю вярчэння зямлі), папярочныя (вось каардынат ляжыць у плоскасці экватара), косыя (вось каардынат размяшчаецца пад вуглом да зямной восі).

Паводле віду дапаможнай паверхні для праектавання вылучаюць некалькі тыпаў праекцый. У азімутальных К.п. паверхня зямнога эліпсоіда праектуецца на датычную або сякучую плоскасць. У нармальных азімутальных праекцыях мерыдыяны паказваюцца прамымі, якія сыходзяцца ў адзін пункт (полюс), а паралелі — канцэнтрычнымі акружнасцямі, якія праводзяцца з агульнага цэнтра (полюса). У косых і большасці папярочных азімутальных праекцыях мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі — крывыя лініі; экватар у папярочных праекцыях — прамая лінія. У цыліндрычных К.п. дапаможнай паверхняй служыць бакавая паверхня цыліндра, што датыкаецца да эліпсоіда або перасякае яго. У нармальных цыліндрычных праекцыях мерыдыяны і паралелі — прамыя лініі, у папярочных і косых праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У канічных К.п. паверхня эліпсоіда праектуецца на бакавую паверхню конуса, што датыкаецца да эліпсоіда ці перасякае яго. У нармальных канічных праекцыях мерыдыяны — прамыя лініі, якія сыходзяцца ў полюсе, а паралелі — дугі канцэнтрычных акружнасцей з цэнтрам у полюсе. У косых і папярочных канічных праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У поліканічных К.п. сетка мерыдыянаў і паралелей праектуецца на некалькі конусаў, кожны з якіх разгортваецца ў плоскасць. Паралелі (за выключэннем прамалінейнага экватара) — дугі эксцэнтрычных акружнасцей, цэнтры якіх ляжаць на прадаўжэнні сярэдняга мерыдыяна, што мае выгляд прамой лініі. Астатнія мерыдыяны — крывыя, сіметрычныя да сярэдняга. Псеўдаазімутальныя К.п. маюць паралелі нармальнай сеткі ў выглядзе канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя, якія сыходзяцца ў полюсе і сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Трапляюцца сеткі, пабудаваныя ў косым і папярочным варыянтах, дзе паралелі і мерыдыяны — крывыя лініі. Псеўдаканічныя К.п. маюць паралелі ў выглядзе дуг канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Псеўдацыліндрычныя К.п. маюць прамыя паралелі, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Кругавыя К.п. маюць мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі (за выключэннем экватара) у выглядзе эксцэнтрычных акружнасцей; сярэдні мерыдыян і экватар — прамыя. Пры пабудове ўмоўных К.п. не карыстаюцца дапаможнай геам. паверхняй.

Выбар К.п. залежыць ад прызначэння і тэматыкі карты, маштабу і геагр. становішча тэрыторыі, яе канфігурацыі і памераў, спецыфічных патрабаванняў да карты і інш. Прызначэнне карты вызначае характар скажэнняў (даўжынь, плошчаў, вуглоў). Напр., для карт, прызначаных для вымярэння плошчаў, выбіраюць роўнавялікія праекцыі, для вымярэння вуглоў і азімутаў — роўнавугольныя, для сусв. карт — поліканічныя, нармальныя цыліндрычныя, псеўдацыліндрычныя і інш., для карт паўшар’яў, мацерыкоў і частак свету — папярочныя і косыя азімутальныя і інш.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 8, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗКАЎСХО́ДНІ КАНФЛІ́КТ,

ваеннае і палітычнае проціборства на рэгіянальным узроўні Ізраіля з араб. краінамі і Арганізацыяй вызвалення Палесціны (АВП). На глабальным узроўні — паміж ЗША, што падтрымлівалі Ізраіль, і СССР (да 1991), які дапамагаў дружалюбным яму араб. рэжымам. Бярэ пачатак ад утварэння Ізраільскай дзяржавы (1948). У аснове канфлікту палесцінская праблема і ўзаемаадносіны Ізраіля і араб. краін (гл. Араба-ізраільская вайна 1948—49, Ізраільска-арабскія войны). Праблема вяртання акупіраваных ізраільцянамі тэрыторый (Сінайскі п-аў, сектар Газа, Галанскія вышыні, Зах. бераг р. Іардан, частка г. Іерусалім) і барацьба палесцінцаў (у т. л. тэрарыстычныя акцыі) за стварэнне ўласнай дзяржавы зрабілі Б. Усход асяродкам самага працяглага канфлікту ў сусв. палітыцы. Пры пасрэдніцтве ЗША першым крокам да міру з’явіліся Кэмп-Дэвідскія пагадненні паміж Егіптам і Ізраілем (1979). Да 1993 па праблеме Блізкаўсходняга канфлікту ішла дыпламат. барацьба, у ходзе якой Ізраіль прызнаў АВП адзіным прадстаўніком араб. народа Палесціны, а АВП прызнала Ізраіль як дзяржаву. 13.9.1993 у Вашынгтоне бакі падпісалі мірны дагавор і палесцінцы атрымалі права на самакіраванне ў сектары Газа і гарадах Іерыхон і Віфлеем. 26.10.1994 падпісаны мірны дагавор паміж Ізраілем і Іарданіяй. У чэрв. 1995 пачаліся перагаворы паміж Ізраілем і Сірыяй па праблеме вываду ізраільскіх войскаў з Галанскіх вышыняў. Гал. перашкодай на шляху да канчатковага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту з’яўляецца дзейнасць экстрэмісцкіх сіл як у Палесцінскім руху супраціўлення (ХАМАС і інш. арг-цыі), так і ўнутры ізраільскага грамадства (забойства прэм’ер-міністра І.​Рабіна ў ліст. 1995).

А.​А.​Чалядзінскі.

Да арт. Блізкаўсходні канфлікт. У час падпісання пагаднення ў Вашынгтоне. 1993. Злева направа: І.​Рабін, Б.​Клінтан, Я.​Арафат.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМА́ЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна горнай прам-сці па здабычы і апрацоўцы алмазаў, а таксама вытв-сці сінт. алмазаў.

Апрацоўка алмазаў існуе са старажытнасці. Алмазы былі вядомы ў Індыі з 8—7 ст. да н.э. У пач. 18 ст. яны знойдзены ў Бразіліі, у 1829 — у Расіі (на Урале), у 1866 — у Паўд. Афрыцы. З канца 19 — пач. 20 ст. Афрыка стала асн. алмазаздабыўным рэгіёнам свету. З 1955 пачалася прамысл. здабыча алмазаў у Якуціі. Аульныя запасы алмазнай сыравіны ацэньваюцца больш як у 2 млрд. каратаў (І кар — 200 мг), найб. ў Заіры, ПАР, Батсване, Анголе, Гане, Намібіі, Аўстраліі.

Па здабычы ювелірных алмазаў 1-е месца ў свеце займае Афрыка, каля палавіны тэхн. алмазаў здабываецца ў Аўстраліі. Асн. вытворцы ювелірных алмазаў — Паўд. Афрыка, Батсвана, Расія, Намібія і Ангола. Каля 80% сусв. здабычы алмазаў кантралюе найбуйнейшая ў галіне кампанія «Дэ Бірс кансалідэйтэд майнс». Збыт прыродных алмазаў на сусв. рынку ажыццяўляе манапаліст — Алмазны сіндыкат. Каля 100% ювелірнай сыравіны, якая паступае на рынак, перапрацоўваецца ў брыльянты. Ювелірныя алмазы апрацоўваюцца пераважна ў Амстэрдаме, Тэль-Авіве, Бамбеі, Нью-Йорку. Сінтэтычныя алмазы (памеры 0,01—1,2 мм) вырабляюць Расія і некат. краіны Усх. Еўропы, амер. кампанія «Джэнерал электрык», прадпрыемствы кампаніі «Дэ Бірс», у ПАР, Ірландыі і Швецыі, а таксама японскія, герм. і інш. фірмы. Сучасная штогадовая вытв-сць сінт. алмазаў ацэньваецца ў 150 млн. кар; за іх кошт на 75% забяспечваецца выраб алмазнага інструменту. На Беларусі арг-цыямі ВА «Беларусьгеалогія» вядзецца пошук алмазаў. У 1980—90 выяўлены алмазаносныя кімберліт-лампраітавыя пароды на ПдУ рэспублікі. Знойдзены 3 крышталі алмазаў. На прывазной сыравіне наладжана апрацоўка алмазаў у Гомелі (прадпрыемства «Крышталь»).

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)