МУРАВА́НКАЎСКАЯ ЦАРКВА́-КРЭ́ПАСЦЬ, Маламажэйкаўская царква-крэпасць,

помнік абарончага дойлідства ў в. Мураванка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў пач. 16 ст. Трохнефавае 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане — прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае высокім 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, адной паўкруглай апсідай (на ўсю шырыню асн. аб’ёму) і 4 круглымі вуглавымі вежамі, накрытымі шатрамі. Вітыя ўсходы вежаў вялі да байніц абарончага пояса ў верхняй частцы храма. Сцены і вежы ўпрыгожаны яруснай кампазіцыяй плоскіх атынкаваных нішаў, завершаных падвойнымі аркамі. Падобны дэкор мае фігурны шчыт на гал. фасадзе. Гатычныя скляпенні царквы вызначаюцца тонкім малюнкам (спляценне гуртоў і нервюр зорчатых скляпенняў утварае трохвугольнікі і ромбы розных абрысаў і памераў). Пад храмам — скляпеністае сутарэнне. Да пач. 19 ст. ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У час рэканструкцый (1817, 1871—72) да гал. фасада прыбудаваны прытвор, надбудаваны зах. вежы, паніжаны дах, зроблены карнізы і павялічаны аконныя праёмы.

А.​М.​Кулагін.

Мураванкаўская царква-крэпасць. Малюнак 2-й пал. 19 ст. Мастак В.​Гразноў.
Мураванкаўская царква-крэпасць. Сучасны выгляд.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБЛІ́ЖАНАЯ ФО́РМУЛА,

матэматычная формула для замены складанай функцыі больш простай. Мае выгляд 𝑓(x) ≈ 𝑓*(x); атрымліваецца з формулы 𝑓(x) = 𝑓*(x) + E(x), дзе E(x) разглядаецца як хібнасць і пасля ацэньвання адкідваецца.

Для атрымання канкрэтнай Н.ф. карыстаюцца раскладаннем зыходнай функцыі (напр., у Тэйлара шэраг) і абмяжоўваюцца некалькімі яго членамі, найменшых квадратаў метадам, метадам ітэрацый і інш. Колькасць членаў шэрагу ці ступень ітэрацыі вызначаецца зададзенай дакладнасцю вылічэнняў. Некаторыя Н.ф. і іх хібнасці гл. ў табл.

Табліца. Некаторыя набліжаныя формулы
Формула Хібнасць формулы не перавышае δ, калі |х| не перавышае
δ = 0,1% δ = 1% δ = 10%
sin x ≈ x 0,077 = 4°,4 0,245 = 14°,0 0,786 = 45°,0
sin x ≈ x−x​3/6 0,580 = 33°,2 1,005 = 57°,6 1,632 = 93°,5
cos x ≈ 1 0,045 = 2°,6 0,141 = 8°,1 0,451 = 25°,8
cos x ≈ 1−x​2/2 0,386 = 22°,1 0,662 = 37°,9 1,036 = 59°,3
1±x ≈ 1± x/2 0,85 0,247 0,607
e​x ≈ 1 + x 0,045 0,134 0,375

т. 11, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВЫ СТЫЛЬ,

адзін з кніжных стыляў мовы, які абслугоўвае разнастайныя галіны навукі (тэхн., прыродазнаўчыя, гуманітарныя і інш.) і рэалізуецца ў манаграфіях, навук. артыкулах, дысертацыях, рэфератах, навук. паведамленнях, дакладах і інш. Мае 3 асн. падстылі; уласна навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны. Асн. стылявыя рысы: яснасць, дакладнасць, аб’ектыўнасць, лагічнасць, доказнасць, недвухсэнсавасць, бязвобразнасць. Найб. ярка праяўляецца ў пісьмовай форме, у апошні час актыўна пранікае (зберагаючы сваю спецыфіку) і ў вуснае маўленне. У сучасным Н. с. многа розных наменклатурных знакаў, схем, табліц, дыяграм і інш. Н. с. ўласцівы; у лексіцы — шырокае выкарыстанне тэрміналогіі і слоў з абстрактным значэннем; у марфалогіі — пераважнае выкарыстанне некаторых класаў слоў, напр., назоўнікаў, прыметнікаў (каля 13% любога навук. тэксту), займеннікаў мнл. 1-й асобы для ўказання асобы аўтара; у сінтаксісе — складаныя сінтакс. канструкцыі, дзеепрыметныя і дзеепрыслоўныя словазлучэнні, розныя ўстаўкі, тлумачэнні і інш. Характарызуецца тэндэнцыяй да інтэрнацыяналізацыі.

Літ.:

Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;

Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Современный русский язык. Ч. 3. 2 изд. Мн., 1998.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 11, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРВЕ́ЖСКАЯ МО́ВА,

адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа); мова нарвежцаў. Пашырана ў Нарвегіі, ЗША. Канадзе. Афіц. мова Нарвегіі.

Мае зах. і ўсх. групы дыялектаў. Гісторыю Н.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-нарвежскі (з 9 ст.) і нованарвежскі (з 1525). З 1380 (пасля далучэння Нарвегіі да Даніі) пачала распаўсюджвацца дацкая пісьмовая мова, якая ў 16 ст. атрымала статус афіц. мовы. У выніку значнага ўплыву нарвежскага субстрату адбылося адасабленне дацка-нарвежскай літ. мовы, якая ў 19 ст. атрымала назву рыксмал. Другі варыянт літ. Н.м. — лансмал, створаны ў 19 ст. І.​Осенам на аснове сінтэзу мясц. дыялектаў. У 1929 рыксмал і лансмал афіцыйна перайменаваны ў букмал і нюнорск. Найб. пашыраны букмал, блізкі па структуры да дацкай мовы. Асн. адрозненні букмала ад сучаснай дацкай мовы: муз. націск, частае выкарыстанне дыфтонгаў на месцы дацкіх манафтонгаў, глухія змычныя зычныя пасля галосных, сістэма трох родаў. Пісьменства на аснове лац. алфавіта. Найб. стараж. помнікі — рунічныя надпісы «эпохі вікінгаў» (гл. Руны і рунічныя алфавіты) і рукапісныя помнікі 2-й пал. 12 ст. (законы, легенды і інш.).

Літ.:

Якуб В.Л. Практический курс норвежского языка. М., 1966.

т. 11, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРО́ННАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць штучных нейронных элементаў і сувязей паміж імі. Структура Н.с. запазычана ў біял. аб’ектаў, мае здольнасць да навучання і дазваляе мадэліраваць разумовыя працэсы жывой матэрыі. З Н.с. звязваюць перспектывы развіцця выліч. тэхнікі, сістэм кіравання і інш.

Складаецца з штучных нейронных элементаў (гл. Нейрон), якія злучаны сінаптычнымі сувязямі і выконваюць аперацыю нелінейнага пераўтварэння сумы здабыткаў уваходных сігналаў на іх вагавыя каэфіцыенты. Самаарганізацыя і прыстасавальнасць Н.с. дасягаецца ў працэсе яе навучання, у выніку чаго ўдакладняюцца сінаптычныя сувязі паміж яе элементамі. Правілы навучання вызначаюць залежнасці вагавых каэфіцыентаў ад уваходных уздзеянняў. Асаблівасць Н.с. — здольнасць карэктна функцыянаваць пры паступленні даных, якія не ўваходзілі ў навуч. выбарку (здольнасць да абагульнення).

На Беларусі даследаванні па праблемах Н.с. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш. Для каардынацыі работы ў гэтай галіне створана бел. аддзяленне Міжнар. т-ва Н.с. (г. Брэст).

Літ.:

Головко В.А. Нейроинтеллект теория и применение. Кн. 1—2. Брест, 1999.

У.​А.​Галаўко, А.​А.​Дудкін.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМА МО́ЎНАЯ,

сукупнасць варыянтаў моўных адзінак, якія прызнаюцца грамадствам найлепшымі для здзяйснення маўленчай камунікацыі. Выяўляецца на ўсіх узроўнях і ва ўсіх аспектах функцыянавання моўнай сістэмы: у фанетыцы (вымаўленне, інтанацыя), марфалогіі (словаўтварэнне і словазмяненне), лексіцы і фразеалогіі (выбар і ўжыванне слоў і іх эквівалентаў), сінтаксісе (спалучэнне слоў, пабудова сказа, парадак слоў), стылістыцы, арфаграфіі (пісьмо). Н.м. — вядучая адметная рыса літаратурнай мовы як сістэмы уніфікаваных і стабільных моўных сродкаў і правіл іх ужывання. Адначасова яна з’яўляецца сістэмна-структурнай і сацыялінгвістычнай катэгорыяй. Яе захаванне або парушэнне добра ўсведамляецца большасцю адукаваных людзей і адлюстроўваецца ў метамоўных ацэнках накшталт «правільна — няправільна», «дарэчна — недарэчна», «прыгожа — непрыгожа» і г.д. Н.м. кадыфікуюцца ў граматыках і слоўніках. Мае гістарычна зменлівы характар. Выступае істотным паказчыкам культуры мовы асобы і культуры грамадства ў цэлым. Унармаванне нацыянальнай мовы — адна з гал. задач мовазнаўства, моўнай педагогікі, творчай дзейнасці пісьменнікаў, журналістаў, прамоўцаў і інш.

Літ.:

Семенюк Н.Н. Норма // Общее языкознание. М., 1970;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;

Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн.. 1989.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ЙНАЕ ПРАМЕНЕПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ,

падваенне светлавых прамянёў пры праходжанні праз анізатропнае асяроддзе (напр., крышталь). Абумоўлена залежнасцю пераламлення паказчыка дадзенага асяроддзя ад напрамку эл. вектара светлавой хвалі (гл. Анізатрапія ў фізіцы, Крышталяоптыка).

Пры падзенні светлавой хвалі на анізатропнае асяроддзе ў ёй узнікаюць 2 хвалі з узаемна перпендыкулярнымі плоскасцямі палярызацыі (гл. Палярызацыя святла). У аднавосевых крышталях адна з хваль мае плоскасць палярызацыі, перпендыкулярную да плоскасці, якая праходзіць праз напрамак праменя святла і аптычную вось крышталя (звычайны прамень), плоскасць палярызацыі другой хвалі паралельная гэтай плоскасці (незвычайны прамень). Скорасць распаўсюджвання звычайнай хвалі і яе паказчык пераламлення не залежаць ад напрамку распаўсюджвання, а скорасць і паказчык пераламлення незвычайнай хвалі — залежаць, і для яе парушаюцца звычайныя законы пераламлення, напр., незвычайны прамень не можа ляжаць у плоскасці падзення. П.п. назіраецца таксама ў асяроддзях са штучнай анізатрапіяй, напр., пры накладанні эл. поля (Кера эфект), магн. поля (Катона—Мутона эфект) або поля пругкіх сіл (гл. Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў, Фотапругкасць).

Падвойнае праменепераламленне ў аднавосевым крышталі: 1 — падаючы прамень, 2 — крышталь, 3 — звычайны прамень, 4 — незвычайны прамень, α — вугал падвойнага праменепераламлення, OZ — аптычная вось крышталю.

т. 11, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ЙНЫЯ ЗО́РКІ,

зорная сістэма з 2 зорак, звязаных фізічна (фізічныя П.з.) ці размешчаных амаль на адным прамені назірання (аптычныя П.з.). Фіз. П.з. з прычыны ўзаемнага прыцяжэння рухаюцца па эліптычных арбітах вакол агульнага цэнтра мас.

Паводле ўмоў назірання фіз. П.з. падзяляюць на 4 групы. Візуальна-П.з. можна бачыць паасобна простым вокам ці ў тэлескоп, напр. зоркі Міцар і Алькор. Адлегласць паміж кампанентамі можа быць настолькі вялікая, што прыцяжэнне інш. зорак разбурае падвойную сістэму. Спектральна-П.з. выяўляюцца па зменах спектральных ліній (зрушэнне ці раздваенне) у іх спектрах. Зацьменна-П.з. (разнавіднасць спектральна-падвойных) бачныя як пераменныя: перыядычна трапляючы на адну лінію з праменем назірання, яны зацямняюць адна адну. Астраметрычныя П.з. — адна з кампанент вельмі малая і нябачная ў тэлескоп; выяўляецца па анамаліях у руху гал. кампаненты. Існуюць кратныя зорныя сістэмы (складаюцца з некалькіх зорак), напр. Кастар. Прыблізна 70% усіх зорак уваходзяць у склад падвойных ці кратных сістэм. Іх даследаванне мае важнае значэнне для высвятлення прыроды і эвалюцыі зорак.

Літ.:

Бэттен А. Двойные и кратные звезды: Пер. с англ. М., 1976;

Тесные двойные звездные системы и их эволюция. М., 1976.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДРА́Д,

1) у цывільным праве дагавор, паводле якога адзін бок (падрадчык) абавязваецца на сваю рызыку выканаць пэўную работу па заданні другога боку (заказчык). Работы выконваюць з матэрыялаў падрадчыка або заказчыка, заказчык абавязваецца прыняць і аплаціць вынікі работы. Парадак заключэння дагавораў на падрад, правы і абавязкі іх удзельнікаў рэгламентуюцца заканадаўствам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь грамадзянін можа прыняць на сябе выкананне работы па П. ў выпадку, калі гэта не забаронена законам. Падрадчык, які выконвае работу з свайго матэрыялу, нясе адказнасць за яго якасць. Калі з закона або з дагавора не вынікае, што падрадчык павінен выканаць работу асабіста, ён мае права прыцягнуць для выканання работ інш. асоб (субпадрадчыкаў). Са згоды генеральнага падрадчыка заказчык можа заключаць дагаворы на выкананне асобных работ. Спец. правілы існуюць для асобных відаў П. (бытавы П., П. на буд-ва, выкананне праектных, вышукальных работ і інш.).

2) Форма арг-цыі працы, заснаваная на замацаванні за пэўным калектывам часткі або ўсяго аб’ёму работ па вытв-сці прадукцыі, аказанні паслуг (напр., калектыўны П., брыгадны П.).

А.​В.​Моцін.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ БАЦЬКО́ЎСКІХ ПРАВО́Ў,

мера, накіраваная на абарону дзяцей. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і» ад 9.6.1999, бацькі (або адзін з іх) пазбаўляюцца правоў у адносінах да непаўналетніх дзяцей, калі ўстаноўлена, што яны ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей або злоўжываюць бацькоўскімі правамі, жорстка абыходзяцца з дзецьмі, вядуць амаральны лад жыцця (хранічныя алкаголікі, наркаманы і інш.) або падалі пісьмовую заяву пра адмаўленне ад дзіцяці. П.б.п. праводзіцца ў суд. парадку, справа разглядаецца з удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і папячыцельства. Пазбаўленыя бацькоўскіх правоў трацяць правы на дзіця (дзяцей), у т. л. правы на атрыманне забеспячэння ад іх, на іх спадчыну і на пенсіённае забеспячэнне пасля смерці дзяцей. П.б.п. не вызваляе бацькоў ад абавязкаў па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах дапускаецца, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяцей і калі дзеці не ўсыноўлены. Іск аб П.б.п. мае права прад’явіць адзін з бацькоў, апякун, папячыцель дзіцяці, пракурор, орган апекі і папячыцельства, камісія (інспекцыя) па справах непаўналетніх, інш. дзярж. органы, на якія ўскладзены абавязак па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх дзяцей.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)