адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1945—94. Складаўся з дзяржаў — членаў ААН, якія кіравалі тэрыторыямі пад апекай; з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, якія не кіравалі тэрыторыямі пад апекай, і інш. членаў, выбраных Ген. Асамблеяй ААН на 3-гадовы тэрмін з такім разлікам, каб агульная колькасць членаў Савета размяркоўвалася пароўну паміж першымі і другімі. Пад кіраўніцтвам Ген. Асамблеі Савет быў правамоцны: разглядаць справаздачы ўлад, якія кіравалі адпаведнай тэрыторыяй; прымаць петыцыі і разглядаць іх, кансультуючыся з кіруючай уладай; перыядычна наведваць адпаведныя падапечныя тэрыторыі ва ўзгодненыя з кіруючай уладай тэрміны і рабіць захады ў адпаведнасці з умовамі пагадненняў аб апецы. Ён распрацоўваў анкеты адносна паліт., эканам., сац. прагрэсу і прагрэсу ў галіне адукацыі насельніцтва падапечных тэрыторый, а кіруючыя ўлады кожнай такой тэрыторыі прадстаўлялі Ген. асамблеі штогадовыя даклады на аснове гэтых анкет. Да 1994 усе 11 падапечных тэрыторый, якія знаходзіліся ў веданні Савета, набылі самастойнасць. У сувязі з гэтым неабходнасць у Савеце адпала (гл. таксама Апека міжнародная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕТАЛО́ГІЯ,
сукупнасць даследаванняў абСССР у галіне гісторыі, палітыкі, ідэалогіі, гаспадаркі, культуры, якія праводзіліся да 1991 у заходніх краінах або ў цэнтрах, звязаных з імі. Частка даследчыкаў уключала ў С. і вывучэнне сацыяліст. краін — саюзнікаў СССР. Папярэднікамі ўласна С. былі пераважна рас. эмігранты 1920-х г. М.Бярдзяеў, Г.Фядотаў, М.Суханаў, а таксама К.Каўцкі і інш. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 1940—50-я г.Гал. цэнтрамі былі Гувераўскі ін-т вайны і рэвалюцыі ў ЗША, ун-ты ЗША і Зах. Еўропы (у Фрыбуры, Лондане, Парыжы). Выдаваліся часопісы па С.: «The Journal on Communist Studies» («Часопіс камуністычных даследаванняў»), «Slavic Review» («Славянскі агляд»), «Soviet Studies» («Савецкія даследаванні»), «Soviet Jewish Affairs» («Справы савецкіх яўрэяў» і інш.Найб. вядомыя саветолагі: З.Бжазінскі, Р.Конквест, С.Коэн, Р.Э.Пайпс, Л.Шапіра і інш. Напачатку С. мела практычна-прапагандысцкі характар ва ўмовах ідэалагічнага процістаяння капіталіст. і сацыяліст.сістэм. Творы вядучых саветолагаў пачалі выдавацца ў СССР з канца 1980-х г. Пасля распаду СССР (1991) цэнтры С. даследуюць посткамуністычныя і камуністычныя дзяржавы, пераважна ў Азіі (В’етнам, Кітай, Паўн. Карэя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДКО́ВІЧ Мікола (Мікалай Фёдаравіч; 21.1.1907, в. Вусце Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 16.8.1968),
бел. і расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). Да 1945 рэжысёр і сцэнарыст на кінастудыях Масквы, Адэсы, Кіева, Ташкента. У 1946—47 і 1950—53 міністр кінематаграфіі Беларусі, у 1953—56 нам. міністра культуры Беларусі. Працаваў гал. рэдактарам і рэжысёрам Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў (Масква). Рэжысёр маст. і дакумент. фільмаў «Шчаслівыя кольцы» (1929), «Песня пра першую дзяўчыну» (1930, абодва з Л.Голубам), «Шумі, гарадок» (1939), «Дэмакратычная Германія» (сумесна з «Дэфа», 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951). Сцэнарыст і пастаноўшчык фільмаў «Майская ноч» (паводле М.Гогаля, 1940), «Беларускі кінаканцэрт» («Жыві, родная Беларусь!»), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (абодва з У.Корш-Сабліным, 1944). Аўтар гіст. раманаў «Георгій Скарына» (з Я.Львовым, 1951), «Мадам Любоў» (1966), «Аповесці аб ясным Стахоры» (1956), аповесці «Чалавек у тумане» (1960), сцэнарыяў фільмаў «Міколка-паравоз» (з М.Лыньковым, 1957), «Наша зямля» (1960), «Ахвяры абвінавачваюць» (1962), «Я, Францыск Скарына» («Беларусьфільм», 1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАВІ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1919у Карэі,
серыя нар. выступленняў супраць яп. панавання ў Карэі (краіна была анексіравана Японіяй у 1910). Штуршком да адкрытага нар. выступлення паслужыла Парыжская мірная канферэнцыя 1919—20, якая выклікала ў кар. грамадстве надзеі на аднаўленне краіны. У лют. 1919 члены рэліг.-паліт. арг-цыі Чхандагё на чале з Сон Бёнхі выдалі дэкларацыю аб незалежнасці Карэі. 1 сак., напярэдадні пахавання б. імператара Карэі Каджона, у Сеуле, Пхеньяне і інш. гарадах адбыліся антыяп. дэманстрацыі ў падтрымку незалежнасці краіны. Рэпрэсіі ўлад выклікалі ў сак.—крас.ўзбр. супраціўленне амаль ва ўсёй Карэі. Паўстанне ахапіла 211 з 218 паветаў; у ім прынялі ўдзел больш за 2 млн.чал. У Шанхаі (Кітай) група кар. эмігрантаў стварыла часовы ўрад Карэі на чале з Лі Сын Манам. Яп. войскі і паліцыя задушылі паўстанне. Аднак каланізатары былі вымушаны замяніць яп.ваен. адміністрацыю цывільнай, дапусціўшы ў яе склад прадстаўнікоў кар. эліты.
Літ.:
Пак Б.Д., Пак Тхэгын. Первомартовское движение 1919 г. в Корее: Глазами российского дипломата. М.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САМАПО́МАЧ»,
кааператыўна-гаспадарчы часопіс. Выдаваўся ў кастр. 1932 — чэрв. 1939 у Вільні на бел. мове. Рэдактар А.Клімовіч. Рэдакцыя прапагандавала ідэі вытв. і спажывецкай кааперацыі, аказвала арганізац.-практычную дапамогу сялянам у сац. абароне, павышэнні культуры земляробства, гаспадарання ў цэлым. У перадавіцах «У чым сіла кааперацыі?», «Нам патрэбна школа працы», «Жыць хочам і будзем жыць», у публікацыях «Як залажыць кааператыў», «Методыка кааперацыі» і інш. матэрыялах абкаап. руху ў Балгарыі, Чэхаславакіі, Літве засяроджвалася ўвага на вопыце і ўзорах каап. працы, даваліся практычныя парады па арганізацыі каап. дзейнасці, гучаў заклік да грамадскай салідарнасці. Часопіс друкаваў матэрыялы з розных рэгіёнаў Зах. Беларусі, у якіх удзельнікі каап. руху дзяліліся здабыткамі сваіх арганізацый, інфармавалі пра перашкоды і недахопы ў іх працы. Вял. ўвагу аддаваў задачам аб’яднання бел. кааператываў пад кіраўніцтвам аднаго бел. цэнтра. У раздзеле «Сельская гаспадарка» з агранамічнымі парадамі па культуры земляробства, садоўніцтва, пчалярства выступалі Клімовіч, Л.Войцік (З.Верас), М.Караленка, С.Яновіч. На старонках часопіса ўзнімаліся пытанні стану бел. асветы і адукацыі. Выйшлі 92 нумары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМУЙЛЁНАК Эдуард Людвігавіч (5.8.1907, С.-Пецярбург — 12.2.1939),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў польскай гімназіі (Петраград). Юнацкія гады правёў на радзіме бацькі ў в. Бандзелі Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», «Літаратура і мастацтва». Дэбютаваў вершамі ў 1928. Аповесць «Тэорыя Каленбрун» (1933) — вострасюжэтны твор пра барацьбу польск. працоўных супраць фашызму. Выкрыццю фашызму і яго дэмагагічнай ідэалогіі прысвечаны апавяданні «Сустрэча», «Урачыстая меса», «Герой нацыі». Аўтар зб-каў прозы «Пункт апоры» (1935), «Дачка эскадрона» (1937). Пісаў пра калектывізацыю («Абухам у лоб», «Русалчыны сцежкі», «Насустрач будучыні»), ідэалізавана адлюстраваў побыт калгаснай вёскі (аповесць «Паляўнічае шчасце», 1933). У рамане «Будучыня» (1938) паказаў жыццё груз. народа. Аўтар п’ес «Сяржант Дроб» (інсцэніроўка аповесці «Тэорыя Каленбрун», паст. 1935, БДТ-3), «Пагібель воўка» (апубл. і паст. 1939, БДТ-1 і БДТ-2).
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1952;
Апавяданні. Мн., 1967;
Будучыня. Мн., 1970;
Апавяданні і аповесць. Мн., 1977.
Літ.:
Вольскі В.Ф. Эдуард Самуйлёнак. Мн., 1951;
Слова пра сябра: Успаміны аб Эдуарду Самуйлёнку. Мн., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНТАЯ́НА (Santayana) Джордж (16.12.1863, Мадрыд — 26.9.1952),
амерыканскі філосаф, пісьменнік, прадстаўнік крытычнага рэалізму ў філасофіі. Праф. Гарвардскага ун-та (1907—12). Філас. погляды С. спалучаюць рысы ідэалізму і матэрыялізму. Стваральнік канцэпцыі метафізічнай сістэмы быцця, якое разглядаў як сукупнасць 4 царстваў: матэрыі, сутнасці, ісціны і духа. У трактоўцы сутнасці рэчаў набліжаўся да платанізму. прызнаваў аб’ектыўнае існаванне матэрыяльнага свету, але даступнай пазнанню лічыў выключна сутнасць. На думку С., абсалютная верагоднасць уласціва толькі феноменам свядомасці і духоўных утварэнняў, таму што яны надаюць быццю якасную акрэсленасць. Паводле С., пазнанне не адлюстроўвае рэчаіснасці; веды аб знешнім свеце адрозніваюцца суб’ектыўным, сімвалічным характарам, а найвышэйшай формай светаразумення з’яўляецца міф. У этыцы падтрымліваў канцэпцыю эскапізму, паводле якой шляхам да шчасця з’яўляецца вызваленне духу ад плоці, свету і пазнання. У сац. тэорыі прытрымліваўся прынцыпу біялагізму: развіццё грамадства звязваў з імкненнем да самазахавання. Для паліт. поглядаў С. характэрны крытыка дэмакратыі і падтрымка ідэі панавання «эліты». Аўтар прац «Жыццё розуму» (т. 1—5, 1905—06), «Царствы быцця» (т. 1—4, 1927—40), рамана «Апошні пурытанін» (1935) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРМА́ТЫ (лац. Sarmatac),
аб’яднанне качавых жывёлагадоўчых іранамоўных плямён (аланы, раксаланы, саўраматы, языгі і інш.). У 6—4 ст. да н.э. жылі ў стэпах і лесастэпах паміж рэкамі Табол (у Сібіры) і Волга. У 3 ст. да н.э. рассяліліся ў раёнах на Пн ад Каўказскіх гор і ў Паўн. Прычарнамор’і, дзе моцна пацяснілі скіфаў. Ў 2 ст. да н.э. разам са скіфамі ваявалі супраць Пантыйскага царства, але ў 1 ст. да н.э. падтрымалі пантыйскага цара Мітрыдата VI Еўпатара ў яго барацьбе з Рымам. У 1 ст.н.э. сярод С. асабліва ўзмацніліся аланы. У 3 ст. ўлада С. у Паўн. Прычарнамор’і падарвана готамі, у 4 ст. яны разгромлены гунамі. С. прынялі ўдзел у Вялікім перасяленні народаў (4—7 ст.н.э.), асобныя групы аланаў дасягнулі Іспаніі і Паўн. Афрыкі. У наступныя стагоддзі С. асіміляваліся з інш. народамі, у т. л. з цюркамоўнымі і славянскімі. У складзе асецінаў С. (аланы) захавалі аснову сваёй мовы. С. дасягнулі высокага майстэрства ў рамёствах, асабліва ў маст. апрацоўцы металаў і ювелірнай справе, аб чым сведчаць шматлікія знаходкі ў курганах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ПАЛЯ́КАЎ НА БЕЛАРУ́СІ,
(СПБ; Związek Polaków na Białorusi), добраахвотнае нац.-культ. аб’яднанне грамадзян Беларусі, якія лічаць сябе палякамі. Створаны ў 1986. Мэты саюза: адраджэнне і захаванне польскай мовы і культуры, ахова помнікаў гісторыі, архітэктуры і экалогіі, каардынацыя сумеснай дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый у вырашэнні праблем духоўнага развіцця польскага этнасу на Беларусі. На 1999 у СПБ больш за 30 тыс. членаў. Паводле статута вышэйшым органам СПБ з’яўляецца з’езд, які склікаецца 1 раз у 4 гады. У перыяд паміж з’ездамі саюзам кіруе Гал. праўленне (знаходзіцца ў г. Гродна) на чале са старшынёй. Мае абл., гар., раённыя, мясц. пярвічныя арг-цыі. Найб.абл.арг-цыя пасля гродзенскай — Саюз палякаў на Міншчыне. СПБ удзельнічае ў правядзенні фестываляў, конкурсаў, аглядаў маст. самадзейнасці і інш. Хадайнічае перад Мін-вам адукацыі аб адкрыцці польскіх школ, збірае сродкі на іх фінансаванне. Падтрымлівае сувязі з Польшчай і польскай дыяспарай у свеце. Выдае газ.«Глос знад Немна» і час.«Магазын польскі». Пра нац.-культ. дзейнасць СПБ гл. таксама ў арт.Палякі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАЯ́К Казімір (сапр.Стаповіч Канстанцін Мацвеевіч; 19.2.1890, в. Барані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 6.5.1926),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1914). У 1915 пасвячоны ў ксяндза. Абавязкі ксяндза спалучаў з адукацыйна-асветнай работаю: адкрываў бел. школы, збіраў бел. фальклор, казанні ў касцёле гаварыў па-беларуску, за што зазнаў нападкі касцельнай іерархіі. Друкаваўся з 1913. Аўтар публіцыст. трактата аб шкоднасці п’янства «Алкаголь» (1913), п’есы «Янка Канцавы» (1920), зб. вершаў «Мая ліра» (1924), вершаванага апавяд. «Чарку дай, браце» (1926), драм. паэмы «Купалле» (1930), філас. дзённіка «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» (1932). Пісаў вершы, апавяданні, эсэ, філас. эцюды, гумарэскі, публіцыст. артыкулы рэліг. і літ.-крытычнага зместу (нарыс пра Ф.Багушэвіча, арт. пра аповесць М.Гарэцкага «Дзве душы») і інш.Найб. раскрыўся ў паэзіі: творы прасякнуты патрыят. думкамі і гуманіст. ідэямі, напоўнены высокай духоўнасцю, ранімай чалавечнасцю, устаноўкай на асветніцтва, пошукамі «найвышэйшай справядлівасці».
Тв.:
У кн.: Ростані волі. Мн., 1990.
Літ.:
Станкевіч А. З жыцьця і дзейнасці Казімера Сваяка. Вільня, 1936;
Калеснік У. Зорны спеў. Мн., 1975;
Стаповіч Б. З успамінаў пра Казіміра Сваяка // Полымя. 1990. № 2.