ДЭСЕЛЕРО́МЕТР (ад дэ... + лац. celero паскараю + ...метр),

прылада для вымярэння запавольвання руху машын і інш. трансп. сродкаў. Дзеянне заснавана на вызначэнні сіл інерцыі маятніка, па адхіленні якога вызначаюць запавольванне (тармазную сілу). Бываюць маятнікавыя, гідраўлічныя і электронныя, індыкатарныя і самазапісвальныя. Маятнікавыя Д. (з маятнікам, падвешаным на восі ў празрыстым корпусе) прымацоўваюцца прысоскамі да ветравога шкла або пярэдняй панэлі аўтамабіля.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРАЭНТЭРЫ́Т (ад гастра... + энтэрыт),

вострае або хранічнае захворванне страўнікава-кішачнага тракту жывёл і чалавека, пры якім запаленчы працэс ахоплівае страўнік і тонкі кішэчнік. Прычыны ўзнікнення, прыкметы і лячэнне гастраэнтэрыту ў асноўным тыя, што пры гастрыце і энтэрыце. Звычайна гастраэнтэрыту спадарожнічае запаленне тоўстага кішэчніка, пасля ўзнікае гастраэнтэракаліт. Лячэнне залежыць ад лакалізацыі запаленчага працэсу (на страўніку ці тонкім кішэчніку).

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУРАКУ́ЛАЎ (Умаркул) (люты 1894, г. Самарканд, Узбекістан — 22.3.1973),

узбекскі майстар маст. керамікі; стваральнік школы сучаснай самаркандскай керамікі. Нар. мастак Узбекістана (1953). Фармоўцы вучыўся ў свайго бацькі Джуракула Кабулава, размалёўцы — у майстра У.​Умарава з г.Гіждуван. Пачаў працаваць у 1902. Аўтар аздобленых падглазурнай размалёўкай збаноў са складаным рэльефным узорам, разнастайных пасудзін у форме птушак або драконаў, фігурак жывёл.

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржаўнае зямельнае ўладанне ў ВКЛ, якое знаходзілася ў распараджэнні пэўнай асобы — дзяржаўцы — на вызначаных умовах трымання. У 15—16 ст. мелі розную велічыню, некат. з іх ператварыліся ў староствы. У 17—18 ст. Дз. складаліся з адной ці некалькіх вёсак або нават іх частак, часам пад Дз. лічылася пэўная колькасць зямлі, на якой не было аселых сялян.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЯ,

1) падатак з сялян ВКЛ у 15—18 ст. на карысць землеўладальніка, які забіраў чацвёртую частку (долю) ураджаю. У 16—18 ст. пашырана на Бел. Падзвінні. Выконвалі гэту павіннасць сяляне — дольнікі. У канцы 18 ст. Д. заменена чыншам або паншчынай.

2) Руская мера вагі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Д. = ​1/96 залатніка = 0,0444 г.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́НІКІ, драчонікі, бульбянікі,

бліны з бульбы, традыцыйная бел. страва. Гатуюць з дранай (таркаванай) на тарцы бульбы, у якую часам дадаюць муку. Пякуць вялікімі (на ўсю патэльню) або невялікімі накшталт аладак. Да Д. смажаць сала, робяць мачанне з тварагу і смятаны. На Беларусі пашыраны ўсюды. На Віцебшчыне пад назвай драчоны вядомы бліны з пшанічнай, змешанай з жытняй, мукі.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРТ,

бакавая паверхня (рабро) манеты, абмежаваная плоскасцямі аверса і рэверса. З 2-й пал. 16 ст. на гурце некат. заходнееўрап. манет змяшчалі легенды (надпісы), з канца 17 ст. рабілі карбоўку (геам. або раслінны арнамент) з мэтаю ўскладніць падробку і псаванне манет. Пазней спец. апрацоўка гурта стала ўсеагульнай.

Карбоўка на гурце расійскіх манет 18 — пач. 20 ст.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЁКАЯ СУ́ВЯЗЬ, міжгародняя сувязь,

від тэлефонна-тэлеграфнай сувязі паміж карэспандэнтамі, якія знаходзяцца на далёкай (практычна неабмежаванай) адлегласці адзін ад аднаго. Адначасовая перадача тэлеф., тэлегр., фотатэлегр., тэлевізійных і інш. сігналаў ажыццяўляецца па паветраных, кабельных, радыёрэлейных, спадарожнікавых і інш. лініях сувязі (гл. Многаканальная сувязь). Для кампенсацыі затухання сігналаў на асобных участках ліній устанаўліваюць узмацняльныя пункты або прамежкавыя (рэтрансляцыйныя) станцыі.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎЖНІ́К,

у цывільным працэсе бок абавязацельства (дэбітор), які павінен выканаць на карысць другога боку (крэдытора) пэўнае дзеянне або ўстрымацца ад такога дзеяння. Д. могуць выступаць асобы, здольныя быць носьбітамі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, г.зн. праваздольныя грамадзяне, юрыд. асобы і сама дзяржава. Калі ў абавязацельстве бяруць удзел некалькі Д., кожны з іх павінен выканаць абавязацельства ў роўнай долі з іншымі.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФІЛІ́Я (ад гідра... + ...філія),

1) прыстасаванасць вышэйшых раслін да пераносу пылку вадой і апыленні кветак на паверхні вады або ў вадзе (гідрагамія). Уласціва відам узморніку, наяды, рагалісніку і інш. На Беларусі з гідрафільных раслін пашыраны рагаліснік апушчаны, наяда гнуткая, валіснерыя спіральная і інш. 2) У фізіялогіі — здольнасць тканак арганізма звязваць і ўтрымліваць ваду, перашкаджаючы яе выдаленню.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)