ДЗМІ́ТРЫЙ РАСТО́ЎСКІ, Дзімітрый (свецкае Туптала Данііл Савіч; снежань 1651, мяст. Макарава каля Кіева — 8.11.1709),
украінскі і рус.царк. і культ. дзеяч, асветнік. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі (1662—65). У 1668 прыняў манаства, у 1675 пасвячоны ў іераманахі. Быў ігуменам у розных манастырах на Украіне. З 1702 мітрапаліт у Растове, заснаваў там семінарыю. Сярод яго шматлікіх маральна-павучальных, багаслоўскіх, драм. твораў найб. вядомыя 4-томны зб. «Чэцці-Мінеі» («Кніга жыцій святых»), выд. ў 1689, 1695, 1700, 1705. Філасофію разглядаў як неабходны элемент рэліг. вопыту. У духу містычнай плыні праваслаўя ісіхазму лічыў, што свет прасякнуты боскімі дзеяннямі, якія адкрываюцца чалавеку ў прыгажосці і гармоніі прыроды. На яго думку, узаемаадносіны душы і цела маюць характар антаганізму, бо ў адносінах да душы цела — турма; таму адной з жыццёвых мэт з’яўляецца ўстанаўленне панавання душы над целам. Выкрывальнік стараверства (кн. «Вышук пра раскольніцкую брынскую веру...», выд. 1745). Кананізаваны ў 1757.
Тв.:
Сочинения святителя Димитрия, митрополита Ростовского. Ч. 1—5. Киев, 1895—1905;
Жития святых на русском языке, изложенные по руководству Четий-Миней св. Димитрия Ростовского с дополнениями из Пролога. Т. 1—12. М., 1902—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРКЕ́СТР СІМФАНІ́ЧНАЙ І ЭСТРА́ДНАЙ МУ́ЗЫКІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Створаны ў 1987. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор М.Фінберг. У складзе аркестра «Бігбэнд»
ансамбль салістаў (кіраўнік Б.Нічкоў). ансамбль І.Сацэвіча. Аранжыроўшчыкі аркестра А.Шпянёў. У.Ткачэнка; сярод артыстаў В.Шчарыца (труба), вакалісты М.Скорыкаў, Я.Навуменка. У рэпертуары эстр. песні, творы сімф., джазавай і эстр. музыкі сучасных, у т. л.бел., кампазітараў: У.Алоўнікава, А.Багатырова, У.Будніка, Г.Вагнера, Я.Глебава, Г.Гарэлавай, А.Елісеенкава, Э.Зарыцкага, Л.Захлеўнага, В.Іванова, У.Кур’яна, І.Лучанка, І.Паліводы, У.Прохарава, В.Раінчыка, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Р.Суруса, Шпянёва, Г.Гараняна, А.Мажукова, А.Пахмутавай, А.Пятрова, Ю.Саульскага, Г.Свірыдава, М.Фрадкіна, Дз.Шастаковіча, Р.Шчадрына і інш На базе аркестра праведзены фестывалі польскай песні (1988—1991), «Славянскі кірмаш» (1992—97) у Віцебску, бел. песні і паэзіі ў г. Маладзечна (1993—96), джазавай музыкі ў Мінску (1994—97), «Музы Нясвіжа» (1996, 1997), 3 фестывалі «Ступень да Парнаса» (Масква), аўтарскія вечары песні на словы паэтаў Я.Купалы, М.Багдановіча, А.Куляшова, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна, Л.Дранько-Майсюка, У.Карызны, У.Някляева і інш.
Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ВІ́ЦЕБСКАЙ ВО́БЛАСЦІ 3 1862 у Віцебску існаваў Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў, з 1903 — губ. архіў. У 1919 заснавана губ. архівасховішча Віцебскага губ. архіўнага ўпраўлення, з 1924 Віцебскі акр. аддзел Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Віцебскі гіст. архіў, з 1930 Віцебскае аддзяленне Цэнтр. архіўнага ўпраўлення БССР (у 1933—36 Паўн.-Бел., з 1938 Віцебскі абл. архіў). На 1.1.1997 у архіве 6219 фондаў, 1 033 696 спраў з 1917. Зберагае дакументы губ., пав., валасных, акруговых, раённых, гар. і сельскіх устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў. якія дзейнічалі на тэр. Віцебскай вобл., асабістыя фонды. Сярод іх матэрыялы пра гісторыка і краязнаўца А.П.Сапунова, пра Віцебскую нар. мастацкую школу і мастакоў М.Шагала, К.Малевіча, Ю.Пэна, В.Ермалаеву, нар. кансерваторыю і дырыжора М.А.Малько, кампазітара М.В.Анцава, якія працавалі ў ёй, і інш.; успаміны Р.Я.Арансона «Карнілаўскія дні ў Віцебску», дакументы па гісторыі нэпа і калектывізацыі, перыяду Вял.Айч. вайны і інш. Дакументы на бел., рус., ням. і яўр. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм: выкарыстання дакументаў; гасп.-разліковы.
Засн. ў Мінску ў 1945 як Бел.дзярж. харэаграфічнае вучылішча, з 1996 сучасная назва. Яго стварэнне падрыхтавана развіццём прафес. харэаграфічнай адукацыі на Беларусі, якая бярэ пачатак ад харэаграфічнага класа пры Бел.муз. тэхнікуме (з 1928), Бел. студыі оперы і балета (1930—33), балетнай школы пры Дзярж. т-ры оперы і балета БССР (з 1934), харэаграфічнага аддзялення ў тэатр. вучылішчы (з 1939). Арганізатар і першы маст. кіраўнік З.Васільева (да 1949). У 1996/97 навуч.г. працавала аддзяленне класічнага танца з 8-гадовым тэрмінам навучання (прымаюцца дзеці на базе 4 класаў агульнаадук. школы). Навучанне дзённае. Да 1992 існавала таксама аддзяленне нар. танца з 5-гадовым тэрмінам навучання. Сярод педагогаў: А.Калядэнка, В.Лапо, К.Малышава, Н.Нікалаева, М.Пятрова, Г.Сінельнікава, В.Швяцова. Маст. кіраўнік Ю.Траян (з 1995). У розны час у каледжы працавалі: маст. кіраўнікі А.Нікалаева, І.Савельева; педагогі Л.Бржазоўская, Я.Глінскіх, В.Давыдаў, В.Дудко, А.Карзянкова, У.Камкоў, Р.Красоўская, М.Красоўскі, Н.Малахава, Н.Младзінская, Н.Лаўлава, Р.Сінёва, Л.Чахоўскі і інш. У 1995—96 у каледжы выдаваўся час. «Вестник» (па праблемах балетнага мастацтва; выйшла 8 нумароў).
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет. Мн., 1966.
А.І.Калядэнка.
Будынак Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАВЫЯ (Picidae),
сямейства птушак атр. дзятлападобных. 38 родаў, 213 відаў. Пашыраны ў трапічнай і ўмеранай зонах, акрамя палярных абласцей, Мадагаскара, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Новай Гвінеі і Палінезіі. Найб. разнастайныя ў Паўд. Амерыцы. Жывуць пераважна ў дрэвавых і кустовых насаджэннях. 4 віды і 8 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 10 відаў: жаўна, круцігалоўка, зялёны дзяцел, трохпальцы дзяцы, вялікі, сярэдні і малы стракатыя, сівы, беласпінны, сірыйскі; у Чырв. кнізе зялёны і трохпальцы.
Даўж. 8—56 см. Большасць Дз. прыстасавана да жыцця на дрэвах. Ногі кароткія, з доўгімі пальцамі і вострымі кіпцюрамі. Долатападобная дзюба, трывалы чэрап, моцныя мышцы шыі, жорсткае рулявое пер’е хваста, якое служыць апорай пры лажанні па дрэвах, дазваляюць дзяўбці драўніну ў пошуках корму і выдзёўбваць дуплы для гнёздаў. Язык чэрвепадобны, тонкі, далёка высоўваецца для захопу корму Некаторыя Дз. маюць слабую дзюбу і мяккі хвост (круцігалоўкі, дзяцелкі). Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, мурашкамі. насеннем, пладамі, сокам дрэў. Гняздуюцца ў дуплах дрэў і вял. кактусаў, жыхары пустынь — у норах або сярод камянёў. Нясуць 2—12 яец.
Да арт.Дзятлавыя. Дзятлы: 1 — вялікі стракаты; 2 — сярэдні стракаты; 3 — малы стракаты; 4 — беласпінны; 5 — сірыйскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ (Вікенцій) (1805 або 1807, в. Нагародавічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.2.1862),
бел. жывапісец, тэатр. дэкаратар. Бацька мастака У.Дмахоўскага. Вучыўся ў Віленскім ун-це на літ. ф-це, адначасова займаўся жывапісам у Я.Рустэма (1826—29).
Удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—37 у эміграцыі, потым жыў у Вільні, у 1855—58 у в. Брацянка каля Навагрудка. Аўтар рамант. пейзажаў «Рака Нерыс каля Верак» (1840), «Радзіма» («Двор у Нагародавічах», 1843), «Пажар у лесе» (1850), «На начлезе» (1854), «Каля пераправы», «Замак і вежа ў Троках», «Від замка ва Урадніках», «Вуліца ў Вільні», «Руіны замка ў Гальшанах», «Замак у Крэве», «Дом Міцкевіча ў Навагрудку» і інш.Сярод жывапісных работ «Аўтапартрэт», «Крыжакі пры асадзе крэпасці Пуня» (1837), «Яўрэйскае вяселле» (1860-я г.). Выканаў акварэлі — віды ваколіц Навагрудка, Вільні, «Сядзіба ў Тутанавічах». У 1850—54 афармляў спектаклі ў Віленскім гар. т-ры («Галька» М.Манюшкі, «Італьянка ў Алжыры» Дж.Расіні, «Фаварытка» Г.Даніцэці і інш.).
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Картинная галерея. Вильнюс, 1969.
В.Дмахоўскі. Аўтапартрэт.В.Дмахоўскі. Каля пераправы. 1850-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУКО́РСКІЯ ПАРТЫЗА́НЫ,
удзельнікі барацьбы супраць польскіх акупантаў на тэр. Ігуменскага і Мінскага пав. у 1919—20. У кастр. 1919 — крас. 1920 пад кіраўніцтвам Мінскага падп.к-та КП(б)ЛіБ у Дукорскай, Пярэжырскай, Самахвалавіцкай, Сенніцкай і інш. валасцях створаны партыз. групы і атрады (каля 600 чал., кіраўнікі А.А.Блажко, С.Р.Камлюк, Г.Ф.Катлянік, А.А.Крывашчокі і інш.). Партызаны вялі агітработу сярод сялян, псавалі лініі сувязі, выконвалі заданні камандавання Чырв. Арміі. Падпольны к-т сіламі партызан і падпольшчыкаў рыхтаваў у маі 1920 адначасовы ўдар па ворагу ў некалькіх месцах, але гэтаму перашкодзілі праведзеныя дэфензівай 27—28 крас. і ў ноч на 3 мая арышты ў вёсках Козырава, Калядзічы, Гатава, Дукора, Харавічы і інш. Пасля катаванняў паводле прыгавору ваен.-палявога суда 17.5.1920 ва ўрочышчы Пушча (каля в. Дукора) расстраляны 11 Д.п.: А.К.Ахрамовіч, Блажко, П.К.Буры, І.І.Камлюк, І.Р.Камлюк, С.Р.Камлюк, Катлянік, Крывашчокі, М.Ф.Маліноўскі, П.С.Пазняк, М.І.Рудовіч. 30 партызан сасланы ў польскія турмы на тэрмін ад 1 да 10 гадоў, дзе 5 з іх загінулі. У в. Пярэжыр і на месцы расстрэлу партызан пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЗЕНТЭРЫ́Я (ад дыз... + грэч. enteron кішка),
крываўка, эпідэмічная хвароба з групы кішачных. Узбуджальнік Д. ў чалавека — дызентэрыйныя бактэрыі (самы пашыраны від Флекснера і Зоне). Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бактэрыяносьбіты. Пашырэнню Д. спрыяюць мухі, парушэнне асабістай гігіены і сан. стану ўстаноў водазабеспячэння і харч. прадпрыемстваў. З харч. прадуктамі і вадой бактэрыі трапляюць у страўнікава-кішачны тракт і выклікаюць спецыфічнае запаленне язваў на слізістай абалонцы тоўстага кішэчніка.
Інкубацыйны перыяд 2—3, часцей 3—7 дзён. Вострая Д. пачынаецца з павышэння т-ры (37—38 °C), агульнай млявасці, дрэннага апетыту, схваткападобнага болю ў ніжняй ч. жывата, вадкага (з крывёю і сліззю) і частага (5—10 разоў у суткі) надворку. У апошні час амаль у 80% хворых Д. бывае са слабымі клінічнымі прыкметамі. Цяжкая форма вострай Д.: высокая ліхаманка, ці гіпатэрмія, часты (30—40 разоў у суткі) надворак і інш. — трапляецца рэдка. Хранічная Д. перыядычна абвастраецца. Лячэнне: шпіталізацыя, лячэбнае харчаванне, антыбіётыкі, аральная дэгідратацыя салявымі растворамі.
Сярод с.-т. жывёл на Д. хварэюць ягняты і парасяты. Заражэнне адбываецца праз корм, пітную ваду і подсціл, забруджаныя выдзяленнямі хворых жывёл і бактэрыяносьбітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,
раздзел матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння мнагакрокавых задач аптымальнага кіравання. Грунтуецца на прынцыпе аптымальнасці, прапанаваным у 1950-я г.амер. матэматыкам Р.Белманам. У матэм. тэорыі кіроўных працэсаў строгае абгрунтаванне атрымана Л.С.Пантрагіным і інш. Выкарыстоўваецца ў аперацый даследаванні, у задачах аптымальнага планавання (напр., аб аптымальнасці размеркавання рэсурсаў, замены абсталявання), пры рашэнні многіх тэхн. праблем (у задачах кіравання паслядоўнымі хім. працэсамі, аптымальнага праектавання пракладкі дарог, аптымальных памераў ступеней ракет).
У Д.п. для кіроўных працэсаў сярод магчымых кіраванняў выбіраецца тое, якое вядзе да экстрэмальнага значэння мэтавай функцыі. Мнагакрокавасць вынікае з рэальнага працякання працэсаў або ўводзіцца штучна для расчлянення зыходнага працэсу прыняцця рашэння (у т. л. неперарыўнага) на асобныя этапы (крокі), якія выконваюцца ў розныя моманты часу. Гал. асаблівасць Д.п. — магчымасць рашаць усе аднатыпныя задачы пры любых пачатковых умовах (напр., вызначэнне аптымальнага рэжыму палёту самалёта ў зменлівых умовах надвор’я). На Беларусі праблемы Д.п. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел.дзярж.эканам. ун-це.
Літ.:
Беллман Р. Динамическое программирование: Пер. с англ.М., 1960;
Хедли Дж. Нелинейное и динамическое программирование: Пер. с англ.М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
тайная рэв.арг-цыя, якая дзейнічала ў 1836—38 у Віленскай мед. акадэміі. Заснавальнік і арганізатар Ф.А.Савіч. Складалася са студэнтаў і дробнай шляхты. Уваходзілі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: беларусы, украінцы, палякі і інш. Мела статут «Прынцыпы дэмакратызму». У 1837 устанавіла сувязі з Ш.Канарскім, які ўзначальваў тайную арг-цыю «Садружнасць польскага народа», што дзейнічала на тэр. Беларусі, Літвы і Украіны. Д.т. пад назвай «Маладая Польшча» ўвайшло ў склад «Садружнасці» як яе радыкальнае крыло. Члены т-ва імкнуліся наладзіць сувязі з сялянамі, прапагандавалі сярод іх ідэі свабоды і роўнасці, выступалі за асвету народа, за права кожнага народа на нац. самастойнасць, адстойвалі ідэю рэв. саюзу братніх народаў у барацьбе супраць самадзяржаўя, лічылі сябе прадаўжальнікамі справы дзекабрыстаў. Найлепшай формай дзярж. кіравання абвяшчалі рэспубліку. Ідэалогія Д.т. адлюстроўвала працэс пераходу ад шляхецкай рэвалюцыйнасці да рэв. дэмакратызму. У чэрв. 1838 частка членаў Д.т. арыштавана. Савіч і яго памочнікі Я.Загорскі і К.Рабчынскі прыгавораны да ссылкі на Каўказ, астатнія аддадзены ў салдаты.
Літ.:
Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е г. XIX в. Мн., 1971;
Смирнов А.Ф. Революционные связи народов России и Польши, 30—60 гг. XIX в. М., 1962.