зямляне, 1) катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ВКЛ, частка феад. саслоўя. У 15—16 ст. назва З. пашырылася сярод шляхты ў зах. землях ВКЛ, што тлумачацца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрознівае почты (ваен. атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтай, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вял. князем ВКЛ ці феадаламі. З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сейміках. Да пач. 18 ст. былі ўсвяцкія З. (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі.
2) Назва буйных землеўладальнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
паўднёва-заходняя частка Мінскага ўзвышша на У Валожынскага і Пн Дзяржынскага р-наў Мінскай вобл. Мяжуе на З з Верхнянёманскай нізінай, на Пд — са Стаўбцоўскай раўнінай, на Пн і У з Мінскім узвышшам. Выш. 210—280 м, найб. 345 м (Дзяржынская гара). Прымеркавана да Валожынскага грабена Бел. антэклізы. Складзена з сярэднедэвонскіх пясчана-гліністых адкладаў (з праслойкамі даламіту, мергелю, гіпсу) і верхнемелавой мергельнай тоўшчы. Антрапагенавыя адклады магутнасцю больш за 150 м. Выраўнаваная хвалістая паверхня, ускладненая невысокімі ўзгоркамі — камамі (адносныя перавышэнні 5—20 м) і буйнымі астраўнымі канцова-марэннымі ўзгоркамі. Фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступлення якога значна зменена эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Асабліва моцна былі размыты прыдалінныя ўчасткі водападзельных прастораў. Некаторыя глыбока ўрэзаныя лагчыны занятыя далінамі невялікіх прытокаў Іслачы і Пцічы. Прыдалінныя схілы ўзвышша стромкія (10—25°), астатнія спадзістыя, паступова пераходзяць у водна-ледавіковую раўніну. Глебы дзярнова-падзолістыя супясчаныя, радзей сугліністыя, месцамі эрадзіраваныя. Участкі лясоў (хваёвыя, дубовыя, яловыя). Ёсць сухадольныя лугі. Пад ворнымі землямі каля 60% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМАЙЛО́ВІЧ,
сёстры, рэвалюцыянеркі. Нарадзіліся ў Пецярбургу. З дваран, бацька — генерал рас. арміі Аляксандра Адольфаўна (1878—11.9.1941). Чл. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў з 1901. У 1905 падтрымлівала сувязі з Беларускай сацыялістычнай грамадой. 27.1.1906 разам з І.П.Пуліхавым удзельнічала ў няўдалым замаху на мінскага губернатара П.Р.Курлова і паліцмайстра Дз.Дз.Норава, за што прыгаворана да смяротнага пакарання (заменена пажыццёвай катаргай). З кастр. 1917 чл.ЦК Партыі левых эсэраў, саснеж. 1917 чл. Прэзідыума ВЦВК. У 1918 арыштавана, з 1923 у ссылцы. У 1930 арыштавана ў Ташкенце і выслана на 3 гады ва Уфу. У 1937 асуджана на 10 гадоў. 11.9.1941 расстраляна. Рэабілітавана ў 1957 па справах 1937 і 1941 і ў 1989 па справах 1920—30-х г. Аўтар кнігі «Паслякастрычніцкія памылкі» (1918).
Кацярына Адольфаўна (1881—9.2.1906). У 1905 куратар Мінскай арг-цыі эсэраў, праводзіла рэв. работу ў Магілёве, Маскве. Расстраляна ў Севастопалі за замах на віцэ-адмірала Р.П.Чухніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЦЫЯ,
1) вылучэнне адзінкавага і індывід.са ўсеагульнага. Ідэя І. сфармулявана ант. філосафамі. Прадстаўнікі «стаіцызму» (Зянон з Кітыёна, Хрысіп, Л.А.Сенека) лічылі, што навука імкнецца пазнаць агульнае, а пачуцці чалавека ўспрымаюць рэчаіснасць як нешта адзінкавае. Арыстоцель сфармуляваў прынцып І. як спалучэнне формы і матэрыі. У сярэдневяковай філасофіі прынцыпам яе называлі пастулат аб пачатках (асновах) І. Існавалі 3 канцэпцыі асноў І.: канцэптуалісцкая (яе прыхільнікі лічылі магчымым існаванне розных рэчаў адной формы), рэалісцкая (пачатак І. не ў колькасных, а ў якасных адрозненнях паміж рэчамі) і наміналісцкая (яе паслядоўнікі сцвярджалі, што пачаткі І. ў вонкавых характарыстыках рэчаў, іх назве, становішчы ў прасторы і часе). Ф.Шэлінг бачыў аснову І. ў адыходзе ад Бога. Дж.Лок, А.Шапенгаўэр яе формамі лічылі прастору і час. 2) У аналіт. псіхалогіі К.Г.Юнга І. — працэс станаўлення і развіцця індывіда ў выніку асіміляцыі свядомасцю зместу асабістага і калектыўнага неўсвядомленага; канчатковы вынік ажыццяўлення І. — самарэалізацыя чалавека, дасягнуць якой могуць найб. мэтанакіраваныя і здольныя людзі. Э.С.Дубянецкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШКАЛДСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры готыкі. Пабудаваны да 1472 у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Мікалаем Неміровічам. Мураваны храм зальнага тыпу. Кампактны асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. З паўн. боку да апсіды прылягаюць невысокія сакрысція і паўкруглы аб’ём з вітымі ўсходамі. Масіўныя сцены ў ніжняй ч. арнаментаваны сеткавай муроўкай (пазней атынкаваны) і ўмацаваны на бакавых фасадах вертыкальнымі, на вуглах ступеньчатымі контрфорсамі. Пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал.зах. фасадзе аздоблены сіметрычна размешчанымі плоскімі нішамі. Унутры асн. аб’ём падзелены 4 слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У апсідзе зорчатае нервюрнае скляпенне (у канцы 15—1-й пал. 16 ст. скляпенні касцёла і слупы былі размаляваны). У 2-й пал. 16 ст. касцёл перайшоў да кальвіністаў, у 1641 Радзівілы вярнулі яго католікам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пашкоджаны, у 1866—1919 — царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЗА́»,
«казёл», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.усх.-слав.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі вядома ўсюды, найб. пашыраны на Палессі.
Здольнага да імправізацыі выканаўцу ролі «К.» апраналі ў вывернуты кажух, надзявалі маску (яе магла замяняць шапка з аўчыны). Галаву маскі выразалі з дрэва і абшывалі аўчынай, да яе прымацоўвалі рогі (іх рабілі з лазы ці скруткаў саломы), вушы (часам са сталовых лыжак); ніжняя сківіца з барадой з лёну была рухомай. Вядома «К.» і ў выглядае вялікай лялькі на кіі. У абходны гурт на чале з «дзедам»-павадыром (яго прыбіралі таксама ў вывернуты кажух або рыззё, на спіне рабілі горб, надзявалі маску з бяросты, прыладжвалі бараду з лёну) уваходзілі адпаведна апранутыя «маладзіца», «афіцэр», «немец», «цыган», а таксама «песельнікі», музыка, механоша. Гурт спяваў спец. прымеркаваную песню, «К.» іншы раз імітавала яе сюжэт, прыкідвалася мёртвай (сімвал памірання і адраджэння прыроды).
М.А.Каладзінскі.
Калядная «каза»-маска. Вёска Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1873—76,
народнае паўстанне на тэр. Какандскага ханства (у 1710 вылучылася з Бухарскага ханства) пад кіраўніцтвам Ісхака Мулы Хасан-аглы (Пулат-бека). Пачалося як рух качэўнікаў-кіргізаў супраць самавольства і вял. падаткаў мясц. правіцеля Худаяр-хана. На працягу 1874—75 адбываліся сутыкненні паміж паўстанцамі і ханскімі войскамі. Калі сыны хана Насрэдзін-бек, Муратбек і военачальнікі разам са сваімі атрадамі далучыліся да паўстанцаў, Худаяр уцёк у Ташкент пад абарону рас. войск. Абвешчаны ханам Насрэдзін 22.9.1875 тайна заключыў з туркестанскім ген.губернатарам К.П.Каўфманам дагавор, паводле якога прызнаў сябе васалам Расіі. Гэта выклікала новы ўздым паўстання, якое набыло нац.-вызв. характар. Паўстанцы, якія абвясцілі ханам Пулат-бека, пасля шэрагу поспехаў у студз.—лют. 1876 разбіты рас. войскамі на чале з ген. М.Дз.Скобелевым каля Андыжана, Асаке і ў крэпасці Учкурган. Пулат-хан уцёк з Учкургана, але быў злоўлены і пакараны смерцю. Какандскае ханства ўключана ў склад Расіі як Ферганская вобл. у Туркестанскім краі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
форма ўласнасці, пры якой маёмасць належыць калектывам грамадзян. Паводле Закону «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 11.12.1990 К.ў. маюць арэндныя і калект. прадпрыемствы, кааператывы, акц. і гасп. т-вы, асацыяцыі, грамадскія, рэліг. і інш. арг-цыі і аб’яднанні.
Ва ўласнасці арэнднага прадпрыемства знаходзяцца прадукцыя і даходы, атрыманыя ў выніку выкарыстання арандаванай маёмасці, а таксама інш. маёмасць, набытая на законных падставах. Уласнасць калект. прадпрыемстваў узнікае, калі прац. калектыў поўнасцю набудзе маёмасць адпаведнага прадпрыемства. Уласнасцю акц т-ва з’яўляюцца маёмасць і грашовыя ўзносы яго ўдзельнікаў, вырабленая ім прадукцыя, атрыманыя даходы і інш. Удзельнікамі гасп.т-ва могуць быць прадпрыемствы, установы, арг-цыі, дзярж. органы і грамадзяне, іх уласнасць складаецца з укладаў і маёмасці ад гасп. дзейнасці. Грамадскія арг-цыі маюць права мець ва ўласнасці будынкі, жыллёвы фонд, грашовыя сродкі і інш. Ва ўласнасці рэліг. арг-цый закон прадугледжвае знаходжанне будынкаў, культавых рэчаў, грашовых сродкаў і інш. Уласнікамі маёмасці, якая адносіцца да К.ў., з’яўляюцца толькі прадпрыемствы, арг-цыі і аб’яднанні са статусам юрыд. асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІ (Віктар Отан Сямёнавіч) (21.4.1833, в. Мастаўляны, Беластоцкага ваяв., Польшча — 6.11.1862),
гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нац.вызв. руху 1860-х г. Старэйшы брат К.Каліноўскага. Вучыўся ў Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях, з 1852 — на мед. ф-це Маскоўскага ун-та. У 1858—62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. Падрыхтаваў да друку манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 укр. сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобл., праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы, у каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях бел. і польскай гісторыі. Сабраў унікальную б-ку гал.ч. па гісторыі ВКЛ (больш за 5000 рукапісаў і кніг). Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І.Агрызка. Восенню 1862 захварэў на туберкулёз, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., дзе і памёр.
Літ.:
Нікалаеў М. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка // Шляхам гадоў. Гіст літ.зб.Мн., 1990. [Вып. 1].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫ́МСКАЕ НАГО́Р’Е, Гыдан,
на ПнУ Сібіры, пераважна ў Магаданскай вобл. Расіі. Даўж. каля 1300 км ад хр. Сунтар-Хаята на У і ПнУ да даліны р. М. Анюй і да вытокаў р. Анадыр. Аддзяляе бас.р.Калыма ад рэк бас. Ціхага ак. Складаецца з плато, сярэднягорных хрыбтоў і масіваў (выш. да 1962 м у Амсукчанскім хр.), падзеленых тэктанічнымі ўпадзінамі. Зах.ч. нагор’я складзена пераважна з алеўралітаў і пясчанікаў, усх. — з эфузіўных адкладаў. Са шматлікімі гранітнымі інтрузіямі звязаны залатое, алавянае і рэдкаметалавае зрудзяненні. Ва ўпадзінах каменна- і буравугальныя радовішчы. На зах. схіле К.н. клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-раліп. 8—10 °C, студз. -40 °C. Лета сухое. Усх. схіл наветраны, вільготны. Сярэдняя т-раліп. 4 °C, студз. да -20 °C. Даліны і ніжнія ч. схілаў укрыты лістоўнічнымі рэдкалессямі, вышэй 500 м на Пн і 800 м на Пд — хмызняковая і мохава-лішайнікавая горная тундра. На дне далін поймавыя лясы.