УКРАІНІ́ЗМ,

слова і форма слоў, запазычаныя бел. мовай з украінскай мовы.

У бел. пісьмовай мове вядомы з 15 ст. Рэалізаваліся ў змяшэнні «ы—и» [«печаты (и)», «влади (ы)-ка]; «ь—и» [«види(ъ)ти», «терпи(ъ)ти»]. Трапляюцца ў помніках стараж. перыяду, што ўзніклі на аснове ўкр. крыніц, напр., камянецкая «Чэцця-мінея» (1489). Узбагачэнне бел. лексікі У. найб. інтэнсіўна адбывалася з 1-й пал. 17 ст. (пасля перамяшчэння цэнтра правасл. культуры з Вільні ў Кіеў), праз помнікі, створаныя на суседняй з Украінай паўд.-зах. тэр. Беларусі, напр., Мазырскі спіс «Александрыі» (1697), Маскоўскі (бел.) спіс «Дыярыуша» Афанасія Філіповіча (1638—48). Пранікненню ў бел. помнікі У. садзейнічалі пісьменнікі, якія паходзілі з Украіны, але стваралі свае творы на бел. землях, напр. «Евангелле вучыцельнае» (1616) і «Казанне пахвальнае» (1620) М.​Сматрыцкага У некат. бел. помнікі траплялі словы з укр. агаласоўкай («котрий», «що», «сокіра»), а таксама лексічныя і словаўтваральныя У. («бучный» — раскошны, «зволокати» — адцягваць, марудзіць, «прохати» — прасіць, «шадок» — нашчадак). У 1920-я г. пры распрацоўцы бел. навук. тэрміналогіі некат. тэрміны бел. мовы ўтвараліся паводле ўкр. узораў: грамадска-паліт. («барацьба», «барацьбіт»), лінгвістычныя («дзеяслоў», «дзеепрыметнік», «займеннік», «дзеепрыслоўе», «чаргаванне»), бел. геагр. назвы ва ўкр. агаласоўцы («Мінск—Мънскъ, Пінск—Пьнскъ). Лексічныя У., звязаныя з абазначэннем спецыфічна ўкр. (сучасных і гіст.) рэалій, захоўваюцца ў перакладах з укр. мовы. Напр., у перакладах Я.​Купалы твораў Т.​Шаўчэнкі на бел. мову трапляюцца У. «байдак», «байрак», «гайдамак», «кабзар» і інш. Традыцыі ўкр. мовы аказаліся найб. устойлівымі ў бел. нар.-гутарковым маўленні (на ПдЗ), чым у літ. мове: «доня» — дачка, «худоба» — жывёла.

Літ.:

Булахаў М.Г. Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі. Мн., 1958;

Анічэнка У.В. Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі. Мн., 1969.

У.​В.​Анічэнка.

т. 16, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́ДА,

здольнасць і магчымасць для індывіда або пэўнай групы ажыццяўляць сваю волю, аказваць уздзеянне на характар і кірунак дзейнасці, паводзіны інш. людзей, незалежна ад іх згоды або нязгоды. Ажыццяўляецца праз эканам., ідэалаг. і арганізацыйна-прававыя механізмы, а таксама з дапамогай прымусу, аўтарытэту, традыцый і г.д. У. забяспечвае правапарадак, прызнаны ў дадзеным грамадстве. Існуе цэлы шэраг крыніц У. Агульнапрызнанай крыніцай з’яўляецца сіла, таму ў свядомасці многіх людзей У. атаясамліваецца з насіллем. Да істотных крыніц У. адносяцца таксама здольнасці асобы канкрэтнага лідэра, багацце і грамадскае становішча носьбітаў У., іх веды і валоданне інфармацыяй. Сярод метадаў рэалізацыі У. асаблівае месца займае фізічны і псіхічны прымус. Першы заключаецца ў прамым навязванні сац. суб’ектам пэўнага кшталту паводзін, другі — гэта пагроза ім негатыўнымі вынікамі ў выпадку ўхілення ад навязваемых паводзін. Носьбіты У. выкарыстоўваюць таксама прыёмы пераканання і заахвочвання, уздзеяння аўтарытэтам і г.д. У сучасным грамадстве сярод адпаведных інструментаў і прыёмаў уладарання вылучаюць паліт., эканам., сац., бацькоўскую, культ.-інфармацыйную і інш. віды У. Найб. важная сярод іх палітычная У. як рэальная здольнасць класа, сац. групы або індывіда праводзіць сваю волю, якая вызначаецца аб’ектыўнымі патрэбнасцямі і інтарэсамі, з дапамогай прававых паліт. норм і спец. ін-та — дзяржавы. Паліт. У. выконвае толькі ўласцівыя ёй функцыі — кіраванне грамадствам, падтрыманне парадку і стабільнасці, дасягненне грамадскай згоды, рэгуляванне паводзін людзей, выяўленне, абмежаванне і вырашэнне канфліктаў і да т.п. Для ажыццяўлення гэтых функцый паліт. У. афармляецца ў пэўныя дзярж. і паліт. структуры. Найважнейшым пытаннем паліт. У. з’яўляецца раздзяленне яе на заканад., выканаўчую і судовую. Прынцып раздзялення ўлад канкрэтна аформлены ў Канстытуцыі і законах Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Монтескье Ш.Л. Избр. произв.: Пер. с фр. М., 1955.

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНАУ́ТВАРЭ́ННЕ,

працэс фарміравання і змянення ўзроўняў, суадносін і структуры цэн на тавары і паслугі. Адрозніваюць 2 асн. сістэмы Ц.: рыначную, што складваецца на аснове ўзаемадзеяння попыту і прапановы, і цэнтралізаваную — на аснове назначэння цэн дзярж. органамі. Аб’ектыўнай асновай цаны з’яўляюцца грамадска неабходныя затраты працы, кошт тавараў, якія праз грашовую форму атрымліваюць адлюстраванне ў цане. Прававыя асновы дзярж. палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне Ц. ўстаноўлены Законам «Аб цэнаўтварэнні» ад 10.5.1999. Паводле гэтага закона суб’ектамі Ц. могуць выступаць: юрыд. асобы і прадпрымальнікі; рэсп. органы дзярж. кіравання; абласныя і мінскі гар. выканаўчыя і распарадчыя органы. Асн. прынцыпы Ц.: вызначэнне дзярж. палітыкі ў галіне Ц.; спалучэнне свабодных і рэгулюемых цэн (тарыфаў); размежаванне паўнамоцтваў суб’ектаў Ц. па ўстанаўленні і рэгуляванні цэн (тарыфаў); устанаўленне рэгулюемых цэн (тарыфаў) на тавары (работы, паслугі) на ўзроўні, які забяспечвае суб’ектам гаспадарання пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат і атрыманне прыбытку, дастатковага для расшыранага ўзнаўлення (з улікам дзярж. датацый і інш. мер дзярж. падтрымкі); дзярж. кантроль за захаваннем дзеючага парадку Ц., устаноўленых нарматываў і рэгулюемых цэн (тарыфаў). У Рэспубліцы Беларусь існуюць таксама свабодныя цэны на тавары (работы, паслугі). Рэгулюемыя цэны выкарыстоўваюцца: на тавары (работы, паслугі) суб’ектаў гаспадарання, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках краіны і ўключаны ў дзярж. рэестр; на асобныя сацыяльна значныя тавары (работы, паслугі), канкрэтны пералік якіх устанаўлівае Прэзідэнт дзяржавы або па яго даручэнні ўрад. Дзярж. органы, якія ажыццяўляюць рэгуляванне Ц., маюць права прымаць рашэнне аб выбары канкрэтнага спосабу рэгулявання цэн (тарыфаў), зыходзячы з дзярж. інтарэсаў і сац.-эканам. сітуацыі, якая складваецца ў краіне, у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Літ.:

Фишер С., Дорнбуш Р., Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ. М., 1999.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 17, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ШАРАВА́Я МАЛА́НКА»

(«Kugelblitz»),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва Суражскай партыз. зоны 14.2—19.3.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 201-й ахоўнай дывізіі, 2-га матарыз. палка 3-й танк. арміі, 3 мясц. паліцэйскіх фарміраванняў, артыл., сапёрных, контрразведвальных падраздзяленняў 825-га «ост-мусульманскага» батальёна (усяго 36 тыс. салдат і афіцэраў) з падтрымкай бронецягніка і 10 бронемашын. Мэта аперацыі — акружыць і знішчыць партызан у трохвугольніку Гарадок—Сураж—Мяжа, захапіць працаздольнае насельніцтва для вывазу ў Германію, забяспечыць бяспеку руху па чыгунцы на ўчастку Віцебск—Гарадок—Невель, перашкодзіць баявому ўзаемадзеянню партызан з часцямі Чырв. Арміі. Да 14 лютага партызаны вялі бой, каб перашкодзіць праціўніку сканцэнтраваць сілы і захапіць плацдарм па берагах рэк вакол партыз. зоны. Гітлераўцы не здолелі ўварвацца ў партыз. зону і з 18 лют. пачалі сістэматычны абстрэл і бамбардзіроўку пярэдняга краю партыз. абароны. 11, 15, 20—24 лют. сав. самалёты ў дапамогу партызанам даставілі ў зону боепрыпасы і зброю, у т. л. 700 кг толу. У ноч на 23 лют. на бок партызан амаль у поўным складзе перайшоў «ост-мусульманскі» батальён. Партызаны пазбягалі зацяжных баёў, прабіваючыся невял. групамі праз шчыльныя ланцугі карнікаў. Да 20 сак. гітлераўцы адышлі ў Віцебск, Гарадок, Сураж. Фашысты «праверылі» 169 вёсак, «прафільтравалі» 3583 чал. і перадалі іх 9-й эйнзацкамандзе СД, 1456 чал. з іх расстралялі, 804 чал. даставілі на зборны лагер для адпраўкі на прымусовыя работы. У палон узята 260 партызан, з якімі па-зверску расправіліся — жанчын і дзяцей знішчалі гранатамі, злоўленых у лесе жыхароў жывымі спальвалі ва ўцалелых пабудовах. У баях гітлераўцы страцілі каля 500 забітымі і параненымі, амаль поўнасцю знішчаны бронедывізіён вермахта. Працягам «Ш.м.» стала карная аперацыя «Грамавы ўдар».

У.​С.​Пасэ.

т. 17, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, электраразведка,

група метадаў геафізічнай разведкі, засн. на даследаванні прыродных або штучна ўзбуджаных у зямной кары электрамагнітных палёў.

Існуе больш за 100 мадыфікацый Э.р. Метады Э.р. падзяляюць на асн. групы: уяўных супраціўленняў (засн. на вывучэнні пастаянных эл. палёў, што ствараюцца пры дапамозе 2 зазямленняў, падключаных да полюсаў крыніцы пастаяннага току; паводле размеркавання ўяўных супраціўленняў горных парод мяркуюць пра геал. будову даследуемай плошчы); электрахімічнай палярызацыі (даследуюць палі, што ствараюцца электрычна палярызаванымі геал. ўтварэннямі, напр., на кантакце руд і ўмяшчальных парод, і фільтрацыяй падземных вод праз поры горных парод; у шэрагу метадаў палярызацыя ствараецца штучна); магнітатэлурычнага поля (гл. Магнітатэлурычныя метады разведкі); электрамагнітнага зандзіравання (даследуюць асаблівасці змен у зямной кары штучна ствараемых палёў; прызначаны для вывучэння геал. разрэзу ў верт. кірунку); індукцыйныя (поле ўзбуджаецца пры дапамозе незаземленых контураў пераменнымі нізкачастотнымі токамі, даследуецца другаснае, магнітнае поле, што ствараецца віхравымі токамі, індуцыраванымі ў добра праводных абласцях, пераважна ў рудных пакладах); радыёхвалевыя (засн. на вывучэнні пашырэння радыёхваль у горных пародах; паглынанне радыёхваль горнымі пародамі нарастае з павелічэннем іх праводнасці; на з’яве адбіцця радыёхвалі ад межаў, што раздзяляюць горныя пароды, засн. радыёлакацыйны спосаб).

Электраразведачная апаратура складаецца з крыніц току (батарэі, генератары і інш.), прылад сілкавання і вымярэння. Для даследавання малых глыбінь (да 1 км) выкарыстоўваюць пераносную апаратуру, для глыбінных даследаванняў — электраразведачныя станцыі. Паводле вынікаў палявых назіранняў (у выглядзе графікаў і карт элементаў электрамагнітных палёў) і іх інтэрпрэтацыі вызначаецца тып геал. структур, наяўнасць карысных выкапняў, глыбіні і магутнасці пластоў, вуглы падзення і інш. У горнай справе шахтавыя, свідравінныя і кар’ерныя мадыфікацыі Э.р. выкарыстоўваюцца пры эксплуатацыйнай разведцы, тэхнал. карціраванні руд, даследаванні ўстойлівасці горных вырабатак і інш.

Літ.:

Электроразведка. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1989.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 18, кн. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎДЭМАНІ́ЗМ (ад грэч. eudaimonia шчасце, асалода),

вучэнне, якое асновай маралі і вышэйшай мэтай чалавечага жыцця абвяшчае шчасце. Узнік у Стараж. Грэцыі і аб’ядноўваў разнастайныя філас.-этычныя сістэмы. На думку Дэмакрыта, вышэйшая дабрадзейнасць — задавальненне, а сродак яго дасягнення — розум; сутнасць жа задавальнення заключаецца ў стане гармоніі, цішыні і спакоі духу. У этыцы Арыстоцеля шчасце — канчатковая мэта і вынік чалавечага дзеяння, якое накіроўваецца праз розум і прыводзіць не толькі да дасканалага жыцця, але і да ўдасканалення самога чалавека. Эпікур пад шчасцем разумеў задавальненне, а няшчасце бачыў у пакутах; гэта набліжала яго погляды да геданізму, які развіваўся адначасова з Э. Прадстаўнікі некаторых кірункаў этычнай думкі (кінікі, стоікі) асобна вылучалі ў якасці перадумовы шчасця неабходнасць барацьбы са злом і адмоўнымі схільнасцямі чалавека. Стараж.-грэч. Э. быў у значнай меры абстрактны, хоць і адпавядаў высокаму стану развіцця філас.-этычнай думкі. У той жа час ён меў у сабе важны станоўчы момант — палажэнне, што шчасце залежыць ад актыўнага стаўлення чалавека ды жыцця, ад яго ўласных намаганняў, якія павінны накіроўвацца разумнымі этычнымі ідэямі. Т.ч., Э. процістаяў фаталізму.

У новы час ідэі Э. ўспрынялі і развівалі Б.​Спіноза, К.​Гельвецый. П.​Гольбах. Напр., Спіноза сцвярджаў, што кожны павінен дзейнічаць у адпаведнасці са сваёй прыродай незалежна ад знешніх уплываў; такія дзеянні адкрываюць чалавеку шлях да самага высокага шчасця — пазнання Бога і містычнага спалучэння з ім. Гельвецый, схіляючыся да больш геданістычнага і эгаістычнага разумення шчасця. прытрымліваўся думкі, што паколькі людзі імкнуцца да прыемнасцей. то і маральнасць павінна падпарадкоўвацца закону чалавечага інтарэсу. Гольбах звязваў уяўленні аб шчасці з засваеннем людзьмі філас.-навук. ісцін і дзейнасцю выдатных асоб. Ідэі франц. філосафаў знайшлі свой працяг у англ. утылітарызме.

В.​І.​Боўш.

т. 18, кн. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯЧЫ ФАЛЬКЛОР.

Да дзіцячага фальклору адносяцца творы розных жанраў нар. паэзіі, разлічаныя на рознаўзроставую дзіцячую аўдыторыю. Межы дзіцячага фальклору, як і сам тэрмін, мяняліся. Першапачаткова да яго адносіліся творы, якія стваралі і выконвалі дзеці. Пазней да дзіцячага фальклору далучана творчасць дарослых, прызначаная для выхавання, а таксама творы, што страцілі цікавасць для дарослых і перайшлі ў дзіцячы рэпертуар. Такі падзел адлюстроўвае асаблівасці паходжання творчасці для дзяцей, вопыт нар. педагогікі, спосабы і шляхі перадачы традыцыйнага фальклору праз дарослых, равеснікаў і старэйшых дзяцей. Сярод дзіцячага фальклору вылучаюць групу твораў для самых маленькіх («матчына школа», ці «паэзія пеставання» — калыханкі, забаўлянкі), гульнёвы фальклор, які звязаны з сюжэтна-арганізаванымі маторнымі дзеяннямі (гульні, лічылкі, жараб’ёвыя згаворы, пацешкі-забаўлянкі, скорагаворкі, маўчанкі, дыялагічныя сцэнкі), творы, не звязаныя з гульнямі (дражнілкі, заклічкі, песенькі, страшылкі, некат. загадкі і казкі). Паводле спосабу адлюстравання рэчаіснасці, асаблівасцях арганізацыі тэкстаў вылучаюцца песенныя, вершаваныя і празаічныя творы.

Дзіцячаму фальклору ўласціва поліфункцыянальнасць — спалучэнне пазнавальна-выхаваўчай функцыі з мнеманічнай і эстэтычнай. На змест і форму кожнай групы твораў уплываюць асаблівасці псіхалогіі і светаўспрымання дзяцей, а таксама сацыяльна-гіст. і быт. ўмовы развіцця грамадства. Узроставая дынаміка вызначае змест, чарговасць жанраў у бытаванні: калыханкі і забаўлянкі саступаюць месца самаст. дзіцячым гульням і забавам. Уласна дзіцячая творчасць спрыяе выпрацоўцы самастойнасці мыслення. Асн. прынцып адлюстравання рэчаіснасці — канкрэтнасць, што адпавядае маст. мысленню дзяцей, аднак гэта не выключае незвычайнасці, фантастыкі. Сучасная творчасць для дзяцей характарызуецца памяншэннем ролі традыцыйных форм за кошт пашырэння твораў прафесійнага мастацтва для дзяцей, дзіцячай літаратуры. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Дзіцячы фальклор» (1972, укладальнікі Г.​Барташэвіч, В.​Ялатаў), «Гульні, забавы, ігрышчы» (3-е выд., 2003, укладальнік А.​Лозка).

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 18, кн. 2, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),

італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.

Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.

Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.​Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.​Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.​Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст. біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.​Мельцы. Іл. гл. таксама да арт. Адраджэнне.

Тв.:

Рус. пер. — Книга о живописи. М., 1934;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1935;

Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;

Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.

Літ.:

Дживелегов А.К. Леонардо да Винчи. М., 1974;

Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;

Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.

Л.​Ф.​Салавей.

Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.
Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЕЖ Іван Паўлавіч (8.2.1921, в. Глінішча Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.8.1976),

бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1945). Удзельнік Вял. Айч. вайны. У 1942 пад Растовам цяжка паранены. У 1941—42 вёў дзённік. З 1945 працаваў у час. «Полымя», у апараце ЦК КП(б)Б. З 1966 сакратар, у 1971—76 нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дэбютаваў вершамі ў 1939. Як празаік упершыню выступіў у 1943 у газ. «Бугурусланская правда». Першае апавяданне на бел. мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў — «У завіруху» — высока ацаніў К.​Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аповесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаўленчага перыяду. Першы раман «Мінскі напрамак» (1952). У 1960—70-я г. гэты твор перапрацаваны і стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя нар. характары, праз якія пераканаўча паказана героіка і трагедыя вайны. Выдаў зб-кі апавяданняў «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Аўтар п’есы пра інтэлігенцыю «Пакуль вы маладыя» (1956, паст. Бел. т-рам імя Я.​Купалы 1957), гісторыка-рэв. драмы «Дні нараджэння» (1958, паст. тамсама 1959). Найвялікшым дасягненнем М. і ўсёй бел. л-ры стала трылогія з цыкла «Палеская хроніка» — раманы «Людзі на балоце» (1961, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1962), «Подых навальніцы» (1964—65, за абодва Ленінская прэмія 1972) і «Завеі, снежань» (1976). Раман «Людзі на балоце» М. пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадз. смеласць і ідэйна-маст. маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х г., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафес. культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы бел. селяніна. Непаўторная маст. канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вял. ідэйны змест данесены праз дасканалую маст. форму і адметныя вобразы. Лёс і драма жыцця і кахання Васіля Дзятла і Ганны індывідуальныя, глыбока народныя; і астатнія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні і непаўторнасці, яны сцвярджаюць чалавечнасць у чалавеку. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-маст. асэнсаванне жыцця бел. народа на вельмі важным гіст. этапе, яна стала нац. эпапеяй. У 1975 М. выдаў кн. літ.крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваен. гадоў). Паводле «Палескай хронікі» Бел. тэлебачанне паставіла 3-серыйны тэлеспектакль (1965), у 1979 — тэлеспектакль па рамане «Завеі, снежань». Бел. тэатр імя Я.​Купалы паставіў спектакль «Людзі на балоце» (1966, інсцэніроўка Т.​Абакумоўскай і З.​Браварскай). Паводле матываў гэтага рамана К.​Цесакоў стварыў радыёоперу «Барвовы золак» (1983). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакумент. фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В.​Адамчыка, 1978). Рэжысёры В.​Тураў і Дз.​Зайцаў на студыі «Беларусьфільм» паставілі маст. кінафільмы «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1983). У 1984 Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм. М. быў старшынёй праўлення Бел. аддзялення т-ва «СССР—Францыя», старшынёй Бел. к-та абароны Міру, чл. Сусв. Савета Міру. Яго імем названы школа ў в. Глінішча, б-ка ў Гомелі, цеплаход. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей М. У 1980 устаноўлена Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя М.

Тв.:

Збор тв. Т. 1—6. Мн., 1969—71;

Збор тв. Т. 1—10. Мн. 1979—85.

Літ.:

Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982;

Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984;

Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977;

Кулешов Ф. Подвиг художника. 2 изд. Мн., 1982;

Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984;

Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976;

Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981;

Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;

Яго ж. Літаратура, мы і час. Мн., 1979;

Яго ж. Собр. соч. Т. 4. Мю. 1983;

Андраюк С. Іван Мележ // Стыль пісьменніка. Мн., 1974;

Драздова З.У. Майстэрства слова. Мн., 1993;

Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12—81;

Смыкава І. Іван Мележ // Смыкава І. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973.

Г.​С.​Шупенька.

І.П.Мележ.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАРЫ́С АПТЫ́ЧНЫ,

карціна, якая атрымліваецца ў выніку праходжання прамянёў святла, што ідуць ад аб’екта, праз аптычную сістэму (лінзы, прызмы, люстэркі і інш.) і аднаўляе яго контуры і дэталі. Утвараецца паводле законаў геаметрычнай оптыкі і з’яўляецца асновай зрокавага ўспрымання розных аб’ектаў на сятчатцы вока і іх утварэння на фотаплёнцы, кінаэкране, фотакатодзе і інш.

Адрозніваюць відарыс аптычны сапраўдны і ўяўны. Сапраўдны відарыс аптычны ўтвараецца збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння і можа назірацца візуальна, праектавацца на экран і фатаграфавацца. Калі прамяні, што выходзяць з аптычнай сістэмы, разыходзяцца, то ўяўны відарыс аптычны ўтвараецца ў пунктах перасячэння прадаўжэнняў гэтых прамянёў, што праведзены ў бок, процілеглы іх распаўсюджанню. Уяўны відарыс аптычны немагчыма атрымаць на экране ці сфатаграфаваць, аднак ён можа выконваць ролю аб’екта для інш. аптычнай сістэмы (напр., вока ці збіральнай лінзы), якая пераўтварае яго ў сапраўдны. Наяўнасць аберацый аптычных сістэм прыводзіць да ўтварэння аберацыйных плям, што выклікае афарбоўку відарыса аптычнага і парушае яго геам. падабенства з арыгіналам. У выніку таго, што на аб’ектывах, акулярах, дыяфрагмах і інш. аптычных дэталях адбываецца дыфракцыя святла, відарыс аптычны пункта ў ідэальных (безаберацыйных) сістэмах выглядае як складаная дыфракцыйная карціна, характарыстыкі якой залежаць ад раздзяляльнай здольнасці аптычных сістэм.

Літ.:

Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;

Марешаль А., Франсон М. Структура оптического изображения: Пер. с фр. М., 1964.

В.​В.​Валяўка.

Утварэнне відарысаў аптычных: а — уяўнага відарыса M′ пункта M у плоскім люстэрку; б уяўнага відарыса M′ пункта M і сапраўднага відарыса N′ пункта N ва ўвагнутым сферычным люстэрку; в — сапраўднага A′B′ і ўяўнага M′N′ відарысаў аб’ектаў AB і MN у збіральнай лінзе; i, j — вуглы падзення, а i′, j′ — вуглы адбіцця прамянёў святла; C — цэнтр сферы; F, F′ — фокусы лінзы.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)