КУПЯ́ЦІЦКІ УВЯДЗЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1628—1817 у в. Купяцічы (цяпер Пінскі р-н). Засн. Апалоніяй Войнай (з Валовічаў) як правасл. мужчынскі манастыр пры старадаўняй царкве Уводзін Багародзіцы ў храм. Гал. яго святыняй быў абраз Маці Божай у выглядзе меднага крыжа-энкалпіёна, знойдзенага, паводле царк. легенды, у 1182 пры дзівосных абставінах. У сярэдзіне 17 ст. абраз перанесены ў Сафійскі сабор у Кіеве. Першыя манахі прыйшлі ў Купяцічы ў 1629 з Віленскага Святадухаўскага манастыра. У 1630-я г. ў манастыры жыў бел. рэліг. дзеяч і пісьменнік Афанасій Брэсцкі, які ў сваіх творах усхваляў купяціцкі абраз як гал. правасл. святыню Рэчы Паспалітай. У 1743 манастыр стаў уніяцкім і неўзабаве далучаны да Пінскага Богаяўленскага манастыра. У 1817 зачынены. Будынкі былі драўляныя, не зберагліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 9, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЎСКАЯ (Алена Іванаўна) (25.12.1904, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 29.8.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1952). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—70 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выканаўца вострахарактарных роляў, майстар эпізоду. Глыбокая народнасць нац. вобразаў найб. ярка выявілася ў бел. рэпертуары: Марыля, Альжбета («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.​Купалы), бабка Мар’я («Навальніца будзе» паводле Я.​Коласа), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Наста («Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі), Агата («Цэнтральны ход» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага). Сярод роляў у класічным рэпертуары: Пашлёпкіна («Рэвізор» М.​Гогаля), Фяона («Мінулася кату масленіца» А.​Астроўскага), Варвара і Квашня («Ягор Булычоў і іншыя» і «На дне» М.​Горкага), Карміцелька («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера).

В.​А.​Ракіцкі.

т. 9, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДСКАЯ ЛІ́ГА,

саюз гарадоў Ламбардыі ў 12—13 ст. для абароны ад экспансіі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сфарміравана ў снежні 1167 (тэрмінам на 20 гадоў) з 16 гарадоў: Падуя, Мілан, Венецыя, Мантуя, П’ячэнца, Верона, Вічэнца, Бергама, Крэмона, Трэвіза, Ферара, Брэшыя, Лодзі, Парма, Мадэна, Балоння (пазней склад гарадоў мяняўся). Мела падтрымку рым. папы і сіцылійскага караля. У 1176 апалчэнне лігі разбіла каля г. Леньяна войска імператара Фрыдрыха I Барбаросы. Паводле Канстанцкага міру 1183 ламбардскія гарады захавалі самастойнасць. У 1198 ліга намінальна адноўлена (на 30 гадоў). Спроба Фрыдрыха П усталяваць у Паўн. Італіі сваю неабмежаваную ўладу падштурхнула шэраг гарадоў на чале з Міланам аднавіць (на 25 гадоў) лігу, супраціўленне якой вымусіла Фрыдрыха адмовіцца ад заваёўніцкіх планаў. З 2-й пал. 13 ст. ліга не аднаўлялася.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІ́НСКІ САЮ́З,

федэрацыя старажытнаіталійскіх гарадоў на тэр. сучаснай вобл. Лацыо, якая ўзнікла ў пач. 1-га тыс. да. н.э. і аб’ядноўвала (паводле ант. традыцыі) 30 абшчын. Напачатку Л.с. узначальваў г. Альба-Лонга, з 6 ст. да н.э. — Рым. Гарады мелі агульныя святы, саюзны сход вырашаў агульныя пытанні і спрэчкі паміж яго членамі. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. некаторыя лац. абшчыны часова вызваліліся ад рым. панавання. У 493 да н.э. Л.с. адноўлены (на чале з Рымам) на ўмовах узаемадапамогі ў войнах, удзеле камандавання пры падзеле здабычы. У час гальскага нашэсця (390 ці 387 да н.э.) Л.с. распаўся. У 358 да н.э. аднавіўся на больш выгадных для Рыма ўмовах. Скасаваны пасля 2-й Лацінскай вайны (340—338 да н.э., гл. Лацінскія войны).

т. 9, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАПО́ЛЬД III (Léopold; 3.11.1901, Брусель — 25.9.1983),

бельгійскі кароль [1934—44 і 1950—51]. З Саксен-Кобургскай дынастыі. Старэйшы сын Альберта 1 (правіў у 1909—34). З 1936 праводзіў курс на знешнепаліт. нейтралітэт Бельгіі. У 2-ю сусв. вайну 28.5.1940 падпісаў акт аб капітуляцыі краіны перад фаш. Германіяй, у 1940—44 інтэрніраваны ў замку Лаэкен каля Бруселя, у 1944 вывезены з Бельгіі як ваеннапалонны. З 1945 у эміграцыі (паводле прынятага ў ліп. 1945 бельг. парламентам закону не мог вярнуцца ў краіну без спец. дазволу). Вярнуўся ў Бельгію пасля рэферэндуму 12.3.1950 (57,68% тых, хто галасаваў, выказаліся за вяртанне Л. III). Не маючы дастатковай папулярнасці, 1.8.1950 заявіў аб перадачы правоў на прастол сыну Бадуэну I, у ліп. 1951 адрокся ад прастола на яго карысць.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕНКАРА́НЬ,

горад, раённы цэнтр у Азербайджане, на р. Ленкараньчай пры ўпадзенні яе ў Каспійскае м. 45,4 тыс. ж. (1991). Порт на Каспійскім м. Чыг. станцыя. Цэнтр раёна вырошчвання субтрапічных культур. Прам-сць харчасмакавая (чай, рыбныя і агароднінныя кансервы, мясныя вырабы і інш.); вытв-сць буд. матэрыялаў. Тэатр. Краязнаўчы музей. Прыморскі кліматычны і бальнеалагічны курорт (з 19 ст.).

Адзін з самых стараж. гарадоў Азербайджана. У 12 ст. паблізу Л. адкрыты гарачыя мінер. крыніцы. У 1629 цэнтр нац.-вызв. паўстання. З сярэдзіны 18 ст. гал горад Талышынскага ханства. У перыяд Руска-іранскіх войнаў 19 стагоддзя разбурана персамі, якія пабудавалі тут крэпасць. У 1813 узята рус. войскамі. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 уваходзіла ў склад Расіі (да 1918, з 1846 пав. горад).

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЎКІ́П (Leukippos; каля 550—400 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, адзін са стваральнікаў атамістычнага вучэння. Вучань Зянона Элейскага, настаўнік Дэмакрыта. Пасля 450 заснаваў філас. школу ў Абдэры. Л. прыпісваюць творы «Вялікі дыякосмас», «Пра розум». Ён першы ўстанавіў закон прычыннасці і закон дастатковага абгрунтавання: «Ні адна рэч не ўзнікае беспрычынна, але ўсё ўзнікае на якой-небудзь падставе і ў сілу неабходнасці». Увёў у навук. ўжытак паняцці: абсалютнай пустаты; атамаў, якія рухаюцца ў гэтай пустаце; механічнай неабходнасці. Сцвярджаў, што пустата раздзяляе ўсё існае на мноства элементаў, якія ўяўляюцца аднароднымі, непарыўнымі, а таму і непадзельнымі (atomoi). Паводле Л., атамы нязменныя, не валодаюць якасцю і адрозніваюцца адзін ад аднаго толькі велічынёй і формай; знаходзяцца ў вечным руху і ўтвараюць усё мноства рэчаў.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБРЭ́ТА (італьян. libretto літар. кніжачка),

1) славесны тэкст муз.-драм. твора (оперы, аперэты; раней таксама кантаты і араторыі). Будуецца на паслядоўным сюжэтным развіцці дзеяння, пішацца пераважна вершамі, радзей прозай (часцей у дыялогу). Л. — літ. драм. аснова оперы і не разглядаецца як самаст. маст. твор. Слова ў ім набывае поўную сілу ўздзеяння толькі ў адзінстве з музыкай. Задума Л., а часам і драматургічны сцэнарны план (сцэнарый) часта належаць кампазітару. Некаторыя кампазітары пішуць Л. сваіх твораў. Можа быць арыгінальным паводле тэмы, але часцей грунтуецца на сюжэтах і вобразах маст. л-ры ці нар. творчасці. Муз. інтэрпрэтацыя драм. тэксту абумоўлівае пераасэнсаванне кампазітарам і лібрэтыстам літ. першакрыніцы.

2) Літаратурны сцэнарый балетнага спектакля.

3) Кароткі выклад зместу оперы, аперэты, балета.

Г.​Р.​Куляшова.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЙТАР (Навум Барысавіч) (Нохум Борухавіч; 9.1.1891, г. Бярдзічаў Жытомірскай вобл., Украіна — 29.8.1966),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1945).

Скончыў Вольныя рэжысёрскія майстэрні У.​Меерхольда (1925). Працаваў у т-рах Масквы, Ленінграда, Кіева, Адэсы, Харкава. У 1940—57 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Творчасці ўласцівы манум. героіка, наватарства ў спалучэнні з яркай тэарэт. формай, лаканізм сродкаў, сатырычная вастрыня, глыбокае раскрыццё характараў. Сярод пастановак: «Несцерка» В.​Вольскага (1941), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1942), «Проба агнём» К.​Крапівы (1943), «Позняе каханне» (1944) і «Гарачае сэрца» (1955) А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля (1945), «Ганна Лучыніна» К.​Транёва (1954), «Крэпасць над Бугам» С.​Смірнова (1956), «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага (1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Г.​П.​Маркіна.

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—16 ст. Размяшчаўся каля правага берага р. Лукомка (зараз в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.). Паводле «Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», у 14 ст. Лукомль лічыўся горадам з магутным і добра ўмацаваным замкам. У 1386 аб’яднаныя войскі прускіх і лівонскіх рыцараў аблажылі замак. Гарнізон мужна і доўга абараняўся, шмат крыжакоў загінула пад сценамі Лукомля, аднак у ходзе працяглай аблогі і штурму замак быў узяты. У час Лівонскай вайны 1558—83 у 1563 горад і замак захапіла і знішчыла войска Івана IV Грознага. Замак больш не аднаўляўся. Рэшткі вял. валоў аглядваў у 1573 гісторык М.​Стрыйкоўскі, які адзначыў, што на гэтым месцы быў некалі вял. замак. З 17 ст. дакументы згадваюць толькі вёску Лукомль.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)