князь у ВКЛ. Сын вял.кн.Гедзіміна. Служылы князь у Ноўгарадзе з 1333, дзе атрымаў «у кармленне» г. Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, верагодна, каб заняць пасад у Полацкім княстве пасля смерці кн.Воіна. Каля 1338 разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Паводле завяшчання бацькі атрымаў Пінскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамі да канца 14 ст. У час праўлення вял.кн. Яўнута [1341—45] Н. быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута ў 1345 выступілі браты Альгерд і Кейстут. Н. уцёк у Залатую Арду, каля 1346 вярнуўся, але страціў Полацкае княства. У 1347 удзельнічаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Верагодна, узначальваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на р. Стрэва, у якой і загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАШЭ́ВІЧ (Ілья Рыгоравіч) (2.3.1905, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 18.11.1993),
бел. фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па фізіцы плазмы. Праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1927) і Маскоўскі ун-т (1930). У 1930—41 і з 1945 у БДУ (з 1937 і 1945 заг. кафедры), адначасова ў 1932—37 і 1946—69 у Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі (у 1946—67 заг. лабараторыі). Навук. працы па цвердацельнай электроніцы, фізіцы і тэхніцы плазмы. Даследаваў механізм электронных працэсаў у кантактах металаў з паўправаднікамі і газаразраднай плазмай, выявіў частотную інверсію выпрамлення пераменных токаў высокай частаты кропкавым кантактам паўправаднік-метал. Стварыў (з І.А.Бакутам) т.зв. міграцыйную тэорыю эл. эрозіі.
Тв.:
Частотная залежнасць уніпалярнай правадзімасці кантактаў // Весці АНБССР. 1948. № 6;
Об особенностях электрической эрозии пористых электродов (разам з І.А.Бакутам, М.К.Міцкевічам) // Сб. науч. тр. Физико-техн. ин-та АНБССР. 1956. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСВЯТА́ЙЛАЎ (Генадзь Аляксандравіч) (4.3.1939, г. Таганрог, Расія — 30.6.1999),
бел. сацыёлаг; заснавальнік бел. школы навуказнаўства. Д-р сацыялагічных н. (1991), канд.тэхн.н. (1970). Скончыў Мікалаеўскі караблебуд. ін-т (1962). З 1966 у Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це эканомікі, з 1990 у Ін-це сацыялогіі (заг. аддзела) Нац.АН Беларусі. Навук. працы па праблемах сацыялогіі навукі і адукацыі, трансфармацыі акад. навукі, інтэлектуальнай міграцыі. Распрацаваў комплексную праграму даследаванняў па сац. праблемах навук.-тэхн. палітыкі, каардынатар шэрагу міжнар. даследчых праектаў.
Тв.:
Наука и ее эффективность. Мн., 1979;
Интенсификация академической науки (в условиях союзных республик). Мн., 1986;
Научный потенциал республики. Мн., 1991 (у сааўт.);
Brain Drain in Belarus (разам з М.І.Арцюхіным) // Science Studies. 1995. № 1;
Научно-технические кадры: мобильность в условиях конверсии. Мн., 1998 (у сааўт.);
Compromised futures: the consequences of an aging research staff. East European Academies in Transition. Dordrecht etc., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЯ МО́ВА, галандская мова,
адна з германскіх моў (заходнегерманская падгрупа). Афіц. мова Нідэрландаў, адна з 2 (разам з франц.) афіц. моў Бельгіі. Пашырана таксама ў Вест-Індыі, ЗША. Асн. дыялектныя групы: паўн.-цэнтр. (паўд.-галандскія і утрэхцкія дыялекты), паўн.зах. (паўн.-галандскія), паўд.-цэнтр. (брабанцкія і ўсх.-фламандскія), паўд.-зах. (зах.-флам. і зеландскія), паўн.-ўсх. (саксонскія), паўд.-ўсх. (лімбургскія). У фанетыцы — глухія выбухныя зычныя p, t, k, дыфтонгі; націск сілавы, пераважна на каранёвым складзе. Паводле граматычнай будовы аналітычная. У словаўтварэнні пераважае словаскладанне. Сінтакс. адносіны выражаюцца пераважна парадкам слоў і прыназоўнікавымі канструкцыямі. Асновы адзінай нормы літ. мовы склаліся ў 17 ст. У пісьмовай і вуснай разнавіднасцях літ. мовы, а таксама паміж паўн. варыянтам (у Нідэрландах) і паўд. варыянтам (у Бельгіі) існуюць тэр. адрозненні. Пісьменства на аснове лац. графікі.
Літ.:
Миронов С.А. Нидерландский (голландский) язык. М., 1965;
Яго ж. История нидерландского литературного языка (IX—XVI вв.). М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА РЭА́КЦЫІ,
здольнасць генатыпу ў пэўных межах забяспечваць змены фенатыпу ў адпаведнасці з умовамі навакольнага асяроддзя. У ходзе індывід. жыцця арганізм набывае рэакцыі (напр., умоўныя рэфлексы, набыты імунітэт, прывыканне да ядаў і лекаў), большасць якіх не перадаецца ў спадчыну і заканчвае свой жыццёвы шлях разам з іх носьбітам (арганізмам). У Н.р. здольны ўвайсці толькі тыя змены, якія становяцца элементамі генатыпу. Нават глыбокая змена фенатыпу мае абарачальны характар, таму што не закранае генатып. Пры вяртанні зыходных умоў навакольнага асяроддзя ў тым жа пакаленні (напр., загар чалавека) або ў наступным (напр., колькасць сцёблаў у адной расліны пшаніцы), а часам і ў шэрагу пакаленняў (т.зв. падоўжаныя мадыфікацыі) арганізм аднаўляе страчаныя адзнакі. У працэсе натуральнага адбору выпрацоўваюцца межы Н.р., якая ўласціва ўсім арганізмам і забяспечвае выжыванне пры зменах умоў існавання. Т.ч. генатып вызначае не жорсткую камбінацыю строга дэтэрмінаваных адзнак фенатыпу, а Н.р. арганізма пры яго фарміраванні і развіцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДУВАЙ, Олдавай (Olduvai, Oldoway),
цясніна на Пн Танзаніі, за 36 км на ПнУ ад воз. Эясі, дзе знойдзены рэшткі выкапнёвых прыматаў, адны з найстаражытнейшых у свеце, і рэшткі палеалітычных культур. Даследавалі ў 1930—60-я г. Л.С.Б.Лікі і М.Лікі. У 1959—63 у ніжнім пласце, які пачаў намнажацца каля 1,9 млн.г. назад, знойдзены косці зінджантрапа і прэзінджантрапа, жылыя і лагерныя стаянкі з галечнымі прыладамі, чоперамі і прыладамі на адшчэпах. Косці прыматаў маюць узрост 1,75 млн. гадоў. У пласце, які залягаў вышэй (1,2—0,5 млн. гадоў), разам з каменнымі прыладамі знойдзены косці людзей, што займалі прамежкавае становішча паміж Homo habilis (чалавекам умелым) і пітэкантрапам. Гэтыя пласты перакрыты стараж.-ашэльскімі (шэльскімі) праслойкамі, у ’адной з якіх выяўлены косці т.зв. олдувайскага пітэкантрапа. Прылады працы гэтага перыяду больш дасканалыя, трапляюцца грубыя ручныя рубілы. У верхнім пласце знойдзены косці, якія нагадваюць косці неандэртальца.
чэшскі скрыпач, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Парыжскай (1877—79) кансерваторыях у А.Беневіца і Л.Ж.Масара. У 1879—81 саліст аркестра Ж.Э.Падлу ў Парыжы. З 1909 выкладчык, з 1912 дырэктар заснаванай ім Новай венскай кансерваторыі, з 1919 кіраўнік скрыпічнага класа Школы майстэрства пры Пражскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучалася віртуознасцю, чысцінёй інтанавання, адточанасцю дэталей і эмацыянальнасцю. Аўтар твораў для скрыпкі і фп., у т. л. «Фантазіі на тэмы оперы «Іван Сусанін» Глінкі» (1889), «Чэшскай рапсодыі» (1906), танцаў і інш. п’ес, кадэнцый да скрыпічных канцэртаў Н.Паганіні, І.Брамса, В.А.Моцарта і інш. Напісаў (разам з С.Мітэльманам) метадычную працу «Новы метад навучання вышэйшай тэхніцы скрыпічнай ігры...» (1909; з дадаткам — 15 маст. эцюдаў для скрыпкі сола).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЦЕЛЯЙМО́Н (свецкае Ражноўскі Павел Стафанавіч; 21.10.1867, г. Кастрама, Расія —30.12.1950),
мітрапаліт, царк. дзеяч Беларусі. Скончыў духоўныя курсы пры Казанскай духоўнай акадэміі. У 1897 прыняў манаства. Настаяцель Маркава манастыра ў Віцебску (1906—13), вікарны епіскап дзвінскі (1913—20), епіскап пінскі (1920—22). З-за нязгоды з царк. палітыкай польскіх улад, пазбаўлены кафедры і знаходзіўся пад наглядам у розных манастырах Польшчы. У 1939—40 патрыяршы экзарх Заходніх Беларусі і Украіны, у 1940—41 архіепіскап гродзенскі. У 1941—44 ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі. У ліп. 1944 эмігрыраваў у Германію. У 1946 разам з большасцю бел. епіскапаў, якія эмігрыравалі, перайшоў пад юрысдыкцыю Рус. праваслаўнай царквы ў замежжы. Пахаваны на могілках у прыгарадзе Мюнхена. У 1987 перапахаваны на рус.гіст. могілках каля г. Вісбадэн.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМО́Н (Валянцін Мікалаевіч) (н. 18.4.1948, г. Брандэнбург, Германія),
расійскі фізікахімік. Акад.Рас.АН (1997, чл.-кар. 1991). Беларус. Скончыў Маскоўскі фіз.-тэхн. ін-т (1972). З 1977 у Ін-це каталізу Сібірскага аддз.Рас.АН (з 1985 нам. дырэктара, з 1995 дырэктар), адначасова з 1978 у Новасібірскім ун-це (з 1989 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, фота- і радыяцыйнай хіміі. Распрацаваў тэорыю спектраў электроннага парамагн. рэзанансу стабільных бірадыкалаў, навук. асновы фотакаталітычных метадаў пераўтварэння сонечнай энергіі ў хім., радыяцыйна-тэрмічнага каталізу (новы кірунак у радыяцыйным каталізе). Пад яго кіраўніцтвам створаны першыя ў Расіі сонечныя каталітычныя рэактары, каталізатары на аснове аксідаў урану, якія спалучаюць функцыі ядз. паліва і каталізатараў для акумуляцый хім. энергіі.
Тв.:
Стабильные бирадикалы. М., 1980 (разам з А.І.Какорыным, Г.М.Жыдаміравым);
Фотокаталитическое преобразование солнечной энергии. Ч. 2. Молекулярные системы для разложения воды. Новосибирск, 1985 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІК ((Pieck) Вільгельм) (3.1.1876, г. Губен, Германія — 7.9.1960),
германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1895 чл.С.-д. партыі Германіі (СДПГ). Адзін з заснавальнікаў «Спартака саюза» (1918) і Камуніст. партыі Германіі (КПГ; 1919), чл.ЦК КПГ. З 1921 дэп. ландтага Прусіі, у 1928—33 дэп. рэйхстага, у 1930—32 чл. прускага Дзярж. савета. Пасля прыходу да ўлады нацыстаў эмігрыраваў у Францыю (1933), потым у СССР, дзе з 1935 быў старшынёй КПГ у выгнанні. У 1928—43 чл. Выканкома Камуністычнага інтэрнацыянала. У 2-ю сусв. вайну адзін з заснавальнікаў (1943) і кіраўнікоў антыфаш. Нацыянальнага камітэта «Свабодная Германія». У 1945 вярнуўся ў Германію (сав.акупац. зона). У 1946—54 сустаршыня (разам з О.Гротэвалем) Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (створана ў выніку аб’яднання ва Усх. Германіі КПГ і СДПГ). З 11.10.1949 першы прэзідэнт Герм.Дэмакр. Рэспублікі.