ПЯШКО́ЎСКІ (Аляксандр Мацвеевіч) (23.8.1878, г. Томск, Расія — 27.3.1933),

рускі мовазнавец; прадстаўнік рус. фармальна-граматычнай школы. Скончыў Маскоўскі ун-т (1906). З 1918 праф. Екацярынаслаўскага, 1-га і 2-га маскоўскіх ун-таў і інш. ВНУ. Спецыяліст у галіне тэорыі граматыкі (пераважна сінтаксісу) і методыкі яе выкладання. Асн. працы: «Рускі сінтаксіс у навуковым асвятленні» (1914), «Інтанацыя і граматыка» (1928), зб-кі «Методыка роднай мовы, лінгвістыка, стылістыка, паэтыка» (1925), «Пытанні методыкі роднай мовы, лінгвістыкі і стылістыкі» (1930). Працы «Школьная і навуковая граматыка» (1914), «Сінтаксіс у школе» (1915), «Наша мова» (вып. 1—3, 1922—27) скіраваны на скарачэнне разрыву школьнай граматыкі з грамат. тэорыяй.

Тв.:

Избр. труды. М., 1959.

т. 13, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЖАНКО́Ў (Ягор Васілевіч) (20.4.1923, в. Дуброўка Невельскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 4.10.1988),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1974), праф. (1977). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1977). Скончыў Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1954), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1959). З 1959 у Мінскай вышэйшай парт. школе (у 1973—86 прарэктар). У 1986—88 у Бел. НДІ эканам. праблем аграпрамысл. комплексу. Навук. працы па праблемах эканам. і сац. развіцця, эфектыўнасці і рэнтабельнасці с.-г. вытв-сці.

Тв.:

Валовой и чистый доход колхозов. М., 1969;

Рентабельность производства и накопление в колхозах. М., 1972;

Все для блага человека. Мн., 1982.

т. 13, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДО́Н ((Redon) Адылон) (20.4.1840, г. Бардо, Францыя —6.7.1916),

французскі графік і жывапісец. З 1855 вучыўся ў С.​Гарына ў Бардо, з 1861 у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы ў Ж.​Л.​Жэрома. Зазнаў уплыў Р.​Брэдэна, сімвалістаў, мастакоў групы «Набі». На аснове асацыяцый з прыроднымі формамі ствараў свет фантаст. істот, у які ўводзіў рэальныя дэталі, чым дамагаўся эфектаў змяшэння сну з рэчаіснасцю, з хваравіта-містычнымі недагаворкамі: серыі літаграфій «У свеце мары» (1879), «Эдгару По» (1882), «Пачаткі» (1883), «У гонар Гоі» (1885), «Ноч» (1886), «Густаву Флаберу», «Апакаліпсіс св. Іаана» (абедзве 1889), «Заплюшчаныя вочы» (1890) і інш. Пісаў дэкар. нацюрморты.

А.Рэдон. Заплюшчаныя вочы. 1890.

т. 13, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНТАРЖЭ́ЦКІ Баляслаў Часлававіч [1831, маёнтак (цяпер вёска) Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 1888], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Вучыўся ў Віленскім дваранскім ін-це, Пецярбургскім ун-це; у час эміграцыі — у ваен. школе ў Францыі. Служыў у Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе. З 1860 знаходзіўся пад сакрэтным наглядам паліцыі. Як член Мінскага губ. к-та ўдзельнічаў у распрацоўцы ўмоў сялянскай рэформы 1861. У 1863 паўстанцкі камісар Мінскай губ. Знаходзіўся пры атрадзе С.​Ляскоўскага. Увосень 1863 эмігрыраваў. Сядзіба Свентаржэцкіх у Багушэвічах была знішчана паводле загаду М.​М.​Мураўёва.

Літ.:

Кісялёў Г.В. На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-ГО́ДЭНС ((Saint-Gaudens) Агастэс) (1.3.1848, г. Дублін, Ірландыя — 3.8.1907),

амерыканскі скульптар; адзін са стваральнікаў нац. школы скульптуры 19 ст. Вучыўся ў Нац. акадэміі малюнка ў Нью-Йорку (1864—66), у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1867—70). У 1870—75 працаваў у Рыме. У творчасці спалучаў імкненне да канкрэтнасці і строгай стрыманасці выявы з паэтычнасцю і вобразнай яркасцю характарыстыкі, смелай жывапіснай лепкай формы: помнікі адміралу Д.​Фарагуту ў Нью-Йорку (1881), А.​Лінкальну ў Чыкага (1887), надмагіллі сям’і Адамс на могілках Рок-Крык ў Вашынгтоне (1891), мемарыял Р.​Шоу ў Бостане (1897), барэльефны партрэт Р.​Л.​Стывенсана (1899—1900) і інш.

т. 14, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКОК ((Skok) Петар) (1881, Юркава Сяло, Харватыя — 1956),

харвацкі і югаслаўскі мовазнавец. Чл.-кар. Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў. Д-р філал. й. (1912). Скончыў Венскі ун-т (1904). Выкладаў у школе, у Заграбскім ун-це. Даследаванні ў галіне славянскіх і раманскіх моў, параўнальнай лінгвістыкі, балканалогіі, анамастыкі і этымалогіі, гісторыі югаславянскіх і замежных л-р. Аўтар прац «Прыход славян у Міжземнамор’е» (1934), «Нарыс французскай граматыкі» (т. 1—2, 1938—39), «Асновы раманскай лінгвістыкі» (т. 1—3, 1940), «Славянства і раманства на астравах Адрыятыкі» (т. 1—2, 1950), «Этымалагічнага слоўніка харвацкай ці сербскай мовы» (т. 1—4, 1971—74).

І.​А.​Чарота.

т. 14, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАЎ (Фёдар Аляксеевіч) (9.1.1905, С.-Пецярбург — 15.3.1982),

адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Баранавіцкай вобласці ў Вял. Айч. вайну. Вучыўся ў Вышэйшай школе партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1939—40). У 1940—41 сакратар Баранавіцкага абкома КП(б)Б. З жн. 1943 сакратар Баранавіцкага падп. абкома КП(б)Б, у кастр. 1943 — сак. 1944 камандзір Баранавіцкага партыз. злучэння Паўд. зоны. З ліп. 1944 сакратар Баранавіцкага, 1-ы сакратар Бабруйскага, потым Гродзенскага абкомаў КПБ. У 1958—74 старшыня Камісіі сав. кантролю, потым дзярж. кантролю СМ БССР. Чл. ЦК КПБ у 1949—52, 1954—66. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—59, Вярх. Савета СССР у 1954—62.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЛАХ ((Barlach) Эрнст) (2.1.1870, г. Ведэль, Германія — 24.10.1938),

нямецкі скульптар, графік, пісьменнік. Вучыўся ў Гамбургскай школе маст. рамёстваў (1888—91), у Дрэздэнскай АМ (з 1891), у Парыжы (1895—96). У 1906 быў у Расіі, на Украіне, з 1910 працаваў у Гюстраве. Пластычную мову ням. готыкі Барлах пераасэнсаваў у духу экспрэсіянізму. Яго творам уласцівае спалучэнне гранічнай кампактнасці формы з рэзкімі пластычнымі кантрастамі, што часта надае ім абвостраную эмацыянальную напружанасць («Мсціўца», 1923). Скульптуры Барлаха прасякнуты глыбокім спачуваннем да пакут чалавека, вылучаюцца антымілітарысцкім пафасам: «Паранены», «Апалчэнец», «Малады салдат», «Загінулы», «Маці», «Бацька», «Сустрэча». Аўтар ілюстрацый да ўласнай драмы «Бедны кузен» (1918), да «Фауста» І.​В.​Гётэ (1923) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Э.Барлах. Сустрэча. 1926.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ ((Barrault) Жан Луі) (8.9.1910, Ле-Везінэ, дэп. Івелін, Францыя — 22.1.1994),

французскі акцёр і рэжысёр. Вучыўся на курсах жывапісу ў Луўрскай школе (Парыж). З 1931 у драм. т-ры «Атэлье», адначасова вывучаў мастацтва пантамімы. Працаваў у т-ры «Камеды Франсэз» (1940—46). Разам з жонкай актрысай М.​Рэно стварыў сваю трупу (1946), з якой паставіў «Гамлета» У.​Шэкспіра, «Працэс» Ф.​Кафкі, «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (і выканаў ролю Трафімава). У 1959—68 узначальваў «Тэатр дэ Франс» (Парыж), дзе паставіў «Насарогаў» Э.​Іанеска, «Маленькую пані Мальер» Ж.​Ануя і інш. З 1935 здымаўся ў кіно («Дзеці райка», «Вялікае каханне Бетховена», «Фантастычная сімфонія», «Завяшчанне доктара Кардэлье»). Развіваў традыцыі мастацтва пантамімы. Аўтар успамінаў «Роздум пра тэатр» (1949).

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІ́ЧНЫ САД БЕЛАРУ́СКАЙ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЙ АКАДЭ́МІІ.

Размешчаны ў г. Горкі Магілёўскай вобласці. Ствараўся паступова з 1847 пры Горы-Горацкай земляробчай школе (з 1848 — ін-це). Пасля закрыцця ін-та ў 1863 сад занядбаны. Аднаўленне пачалося ў 1920 з аднаўленнем Горы-Горацкага земляробчага ін-та (1919). У садзе было каля 300 відаў дрэўных раслін. У аддзеле сістэматыкі амаль 400 відаў травяністых раслін. У Вял. Айч. вайну большая ч. калекцыі загінула. Аднаўляецца з 1950. Пл. каля 25 га. Рэстаўрыраваны аддзел сістэматыкі травяністых раслін (450 відаў). Створаны новыя бат. экспазіцыі. База для падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.

Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Рэліктавае дрэва гінкга двухлопасцевае.

т. 2, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)