АРА́ЦЫІ
(ад лац. oro гавару),
празаічны жанр у літаратуры Беларусі 17—18 ст.; своеасаблівыя тэатралізаваныя паказы-прамовы ў школьным тэатры. З арацыямі выступалі шкаляры ў час розных святаў (Каляды, Вялікдзень), на т.зв. школьных сейміках, дзе парадзіраваліся шляхецкія павятовыя сеймікі, і ў сувязі з заканчэннем навуч. года, каб прадэманстраваць поспехі ў красамоўстве. Прамоўцы гаварылі на польск. і бел. мовах. Тэатралізаваныя арацыі наладжваліся ў Жыровіцкай базыльянскай школе (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.) і школьным т-ры пры ёй (1751—56 і 1761), Забельскім дамініканскім калегіуме (в. Валынцы, Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.; 1780-я г.). Лепшыя арацыі распаўсюджваліся ў рукапісных зборніках, садзейнічалі развіццю аратарскай прозы на Беларусі.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974.
А.І.Мальдзіс.
т. 1, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)