ДУЭ́РА (Duero),
партуг. Дору, рака ў Іспаніі і Партугаліі. Даўж. 925 км, пл. бас. каля 95 тыс. км². Вытокі ў Іберыйскіх гарах, у верхнім і сярэднім цячэнні ў глыбокай даліне перасякае Старакастыльскае пласкагор’е. Пры спуску да прыморскай нізіны ўтварае каньён, упадае ў Атлантычны ак. Вусце Д. — эстуарый, перагароджаны барам. Гал. прытокі: Пісуэрга, Адаха, Эсла, Тормес, Тамега. Сярэдні расход вады ў вусці каля 700 м³/с (самая мнагаводная рака на Пірэнейскім п-ве). Зімова-веснавыя паводкі. Суднаходная на 200 км. ГЭС. Вадасховішча. На Д. — гарады Сорыя, Аранда-дэ-Дуэра, Самора (Іспанія), Порту (Партугалія).
т. 6, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБІ́Т (ад франц. débit збыт, расход),
колькасць вадкасці (вады, нафты) або газу, якія паступаюць за адзінку часу з прыроднай ці штучнай крыніцы (буравой свідравіны, калодзежа, водазаборнага збудавання, трубы і інш.). Д. вадкасці вымяраецца ў л/с, м³/с, м³/сут (для нафты і т/сут); газу — у м³/сут.
Д. вызначаецца разлікам (па формулах падземнай гідрадынамікі) і з дапамогай адпампоўвання (пробных, доследных, эксплуатацыйных). Пры адпампоўваннях для вымярэння Д. вадкасці выкарыстоўваюць мерныя пасудзіны, вадамеры, дэбітометры, самапісныя дэбітографы, свідравінныя расхадамеры; газу — анемометры, шайбавыя вымяральнікі і інш. Д. водазаборных свідравін на Беларусі ад 0,005 да 0,05 м³/с.
П.М.Багаслаўчык.
т. 6, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ТВА,
рака на тэр. Літвы і Воранаўскага і Лідскага р-наў Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 93 км (у межах Беларусі каля 90 км). Пл. вадазбору 1220 км². Пачынаецца каля г. Эйшышкес у Літве, цячэ ў межах Лідскай раўніны, у нізоўі — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Каменка, Восава, Няшкрупа, Крупка, Лідзея (злева), Радунька, Чарняўка (справа). Даліна выразная, яе шыр. да ўпадзення р. Крупка 1—2,5 км, ніжэй 600 м — 1,1 км. Рэчышча ад мяжы з Літвой на працягу 50 км каналізаванае, ніжэй моцназвілістае, падзяляецца на рукавы. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,2 м³/с.
т. 6, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАПУРА́, Япура (Japurá, Yapurá),
рака ў Бразіліі і Калумбіі (дзе наз. Какета, Caquetá). Левы прыток р. Амазонка. Даўж. 1930 км, пл. бас. 282 тыс. км². Пачынаецца ў Цэнтр. Кардыльеры Калумбіі. У верхнім цячэнні, у Андах і ў зах. ч. Гвіянскага пласкагор’я парожыстая, на Амазонскай нізіне шырокая і спакойная, у ніжнім цячэнні ўтварае шматлікія рукавы, пратокі (адзін з іх злучаецца з Амазонкай на 600 км вышэй за вусце Ж.). Жыўленне дажджавое. Паводка з сак. да ліпеня. Сярэдні гадавы расход вады 17900 м³/с. Суднаходная ў межах Бразіліі і на асобных участках у Калумбіі.
т. 6, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́СА,
рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 554 км². Пачынаецца каля в. Серабрышча Баранавіцкага р-на. Асн. прытокі Пляхоўка і Рудня (справа). Пойма чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае, шыр. яе 100—180 м. Рэчышча ў верхнім і ніжнім цячэнні на пра цягу 15 км каналізаванае; яго шыр. ў межань 4—8 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с. На рацэ каля г. Слонім і в. Нагуевічы Слонімскага р-на плаціны; каля Слоніма зона адпачынку Іса.
т. 7, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́І (Kasai),
рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга (часткова — мяжа паміж імі), буйнейшы левы прыток р. Конга. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна 880,2 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда, спускаецца з яго паўн. схілаў ва ўпадзіну Конга, утварае парогі і вадаспады. У ніжнім цячэнні наз. Ква. Гал. прытокі: Лулуа, Санкуру (справа), Кванга (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводка з вер.—кастр. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў нізоўі каля 10 тыс. м³/с. Суднаходная на 790 км ад вусця. Рыбалоўства. У бас. К. — буйная здабыча алмазаў. 3 ГЭС. Буйная прыстань — Ілеба (Дэмакр. Рэспубліка Конга).
т. 8, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЦЬ,
рака ў Краснаярскім краі і Томскай вобл. Расіі, правы прыток р. Об. Даўж. 1621 км, пл. бас. 94,2 тыс. км². Бярэ пачатак з балот Об-Енісейскага водападзелу. Цячэ па паўд.-ўсх. частцы Зах.-Сібірскай раўніны, рэчышча звілістае, шматлікія пратокі; упадае ў р. Об 2 рукавамі — Тагурскім і Нарымскім на адлегласці 160 км адзін ад аднаго. Гал. прытокі: Сачур, Арлоўка, Лісіца (справа), М. Кець, Мендэль, Яловая, Чачамга (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з канца кастр. — пач. ліст. да канца крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады 560 м³/с. Суднаходная на 737 км ад вусця. Сплаўная.
т. 8, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ША,
рака ў Ашмянскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Ашмянкі (бас. р. Вілія). Даўж. 55 км. Пл. вадазбору 455 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдУ ад в. Ваўкоўшчына Ашмянскага р-на. У вярхоўі цячэ на паўн. схілах Ашмянскага ўзвышша. Асноўны прыток — р. Кавалёўка. Даліна да в. Лоша невыразная, ніжэй трапецападобная, яе шыр. 200—300 м. Пойма двухбаковая, пераважная шыр. 100—150 м. Рэчышча на працягу 12 км ад вытоку каналізаванае. Берагі стромкія, у вярхоўі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,9 м³/с. Ёсць сажалка, на У ад яе Янаўскае вадасховішча.
т. 9, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУА́РА (Loire),
самая доўгая рака Францыі. Даўж. 1012 км, пл. басейна 115 тыс. км². Вытокі ў гарах Севены, цячэ па Цэнтр. Французскім масіве і Луарскай нізіне. Упадае ў паўн. ч. Біскайскага зал. Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Гал. прытокі: Алье, Шэр, В’ена (злева), Сарта з Луарам (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 800 м³/с. Суднаходная ад г. Раан (часткова па абводных каналах), злучана каналамі з рэкамі Сена, Сона, Рэйн. На Л. гарады Арлеан, Тур, Нант (пачатак марскога суднаходства), у эстуарыі — порт Сен-Назер. У даліне Л. — шматлікія замкі 15—16 ст.
т. 9, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАА́С, Мёз (флам. Maas, франц. Meuse),
рака ў Францыі, Бельгіі і Нідэрландах. Даўж. 925 км, пл. бас. 36 тыс. км². Бярэ пачатак у Францыі на плато Лангр, перасякае Ардэны ў глыбока ўрэзанай даліне, працякае па Сярэднееўрап. раўніне, упадае ў паўд. рукаў дэльты р. Рэйн. Жыўленне пераважна дажджавое і снегавое. Зімой і вясной моцныя паводкі, узровень вады падымаецца да 5—8 м. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 300—400 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў, злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Сена, Рэйн і інш. Вышэй г. Седан рэчышча шлюзаванае. На М. гарады Вердэн (Францыя), Льеж (Бельгія), Маастрыхт (Нідэрланды).
т. 9, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)