КА́НЗАС (Kansas),

штат у цэнтр.ч ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўн.Зах. цэнтра. Пл. 213,1 тыс. км², нас. 2572,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц. — Тапіка, найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры Уічыта і Канзас-Сіці. У гарадах жыве каля 70% насельніцтва. Паверхня — хвалістая раўніна, паката нахіленая ад перадгор’яў Скалістых гор на З (выш. каля 1200 м) да даліны р. Місуры на У (выш. каля 200—300 м). Узгоркавыя ўчасткі (Смокі-Хілс, Блу-Хілс) і даліны рэк Арканзас, Канзас і іх прытокаў ускладняюць рэльеф. Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 26 °C. Апалкаў 550—950 мм за год. Летам бываюць засухі. Каля 90% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Здабыча нафты і прыроднага газу. У апрацоўчай прам-сці развіта вытв-сць самалётаў, аўтамашын, с.-г. і дарожна-буд. машын, мінер. угнаенняў, прадуктаў нафтаперапрацоўкі, мясных кансерваў і мукі. Штат вылучаецца вял. зборамі пшаніцы і сорга, вытв-сцю ялавічыны і свініны. Мясная жывёлагадоўля. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Місуры.

Найбольш стараж. мясц. насельніцтва — індзейцы. Першыя еўрапейцы (іспанцы з Мексікі) з’явіліся тут у 1541. У 18 ст. ў К. заснавалі гандл. факторыю французы і ўключылі яго ў склад сваёй калоніі Луізіяна. З 1763 належаў Іспаніі. У 1803 выкуплены ЗША, у 1854 атрымаў статус тэрыторыі. Прыняцце Канзас-Небраска біля выклікала ў К. грамадз. вайну (1854—56) паміж перасяленцамі з паўд. штатаў, якія намагаліся ўвесці тут рабства неграў, і перасяленцамі з паўн. штатаў — праціўнікамі рабства. З 1861 штат ЗША У 1860—70 пабудавана транскантынент. чыгунка. Да 1890 б.ч. зямель заселена.

Інтэнсіўная распрацоўка зямель пад сельскую гаспадарку выклікала ў 1930-я г. пылавыя буры.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка).

т. 7, с. 584

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВА́ННЕ ў кібернетыцы,

сукупнасць дзеянняў на аснове пэўнай інфармацыі, накіраваных на падтрыманне (ці паляпшэнне) функцыянавання аб’екта ў адпаведнасці з зададзенай праграмай (алгарытмам) або з мэтай функцыянавання; адзін з універсальных прынцыпаў кібернетыкі. К. — аснова функцыянавання многіх тэхн. сістэм, жывых арганізмаў і сац. структур (эканам., адм., ваенных). Асн. праблемы К.: фарміраванне крытэрыяў аптымізацыі, эфектыўныя спосабы апісання станаў і працэсаў, вызначэнне абмежаванняў і іх уплыў на ўласцівасці і характарыстыкі аб’ектаў К., самаарганізацыя, саманавучанне, адаптацыя да ўмоў навакольнага асяроддзя і інш.

Агульныя задачы К.: выбар структур, планаванне работы на розных інтэрвалах часу, аналіз функцыянавання і на яго аснове карэкціроўка планаў, а таксама рэалізацыя планаў і стратэгіі з улікам апрацоўкі інфармацыі аб ходзе іх выканання і выпраўлення парушэнняў, што ўзнікаюць у выніку адхіленняў. Аптымальнае К. забяспечвае экстрэмальнае значэнне прынятага крытэрыю эфектыўнасці. Найб. даследаваны аб’екты К. тэхн. прыроды, якія вывучае аўтаматычнага кіравання тэорыя. Адзначаюць К. з адаптацыяй у сістэме з няпоўнай апрыёрнай інфармацыяй аб кіравальным працэсе (К. змяняецца на аснове атрыманай інфармацыі аб працэсе). Развіваецца таксама тэорыя адаптыўных сістэм К., для якіх за мадэлі нявызначанасці прыняты стахастычныя мадэлі і выкарыстоўваецца статыстыка выпадковых велічынь і працэсаў. Праблемы тэорыі і даследаванняў аўтам. і аўтаматызаваных сістэм К. асвятляюцца ў час. Рас. АН «Автоматика и телемеханика», «Теория и системы управления» (да 1995 «Техническая кибернетика»), а таксама «Весці Нац. АН Беларусі».

У Беларусі даследаванні па пытаннях К. і распрацоўка сістэм К. праводзяцца ў ін-тах тэхн. кібернетыкі і прыкладной фізікі Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі, НВА «Цэнтрсістэм». Гл. таксама Гібкая аўтаматызаваная вытворчасць.

Літ.:

Справочник по теории автоматического управления. М., 1987.

Г.​В.​Рымскі, М.​П.​Савік.

т. 8, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

спецыялізаваная галіна прамысловасці па выпуску маторнага і кацельна-пячнога паліва, змазачных і электраізаляцыйных матэрыялаў, растваральнікаў, матэрыялаў для дарожнага пакрыцця, нафтахім. сыравіны і інш.

Упершыню нафтаперапрацоўка ў прамысл. маштабе ажыццёўлена ў Расіі на з-дзе, пабудаваным у 1745 на р. Ухта. Першы нафтаперагонны з-д з кубамі перыядычнага дзеяння пабудаваны прыгоннымі сялянамі братамі Дубінінымі паблізу г. Маздок. З-д для перагонкі бакінскай нафты дзейнічаў у 1837—39. У 1869 у Баку дзейнічалі 23 нафтаперагонныя з-ды, а ў 1873—80—80 з-даў, здольных даваць 16 350 т газы ў год. У дарэв. Расіі ў выніку слабага развіцця аўтамабільнай і авіяц. прам-сці попыт на бензін цалкам задавальняўся бензінам прамой перагонкі. Распрацоўка новых тэхналогій перапрацоўкі нафты з мэтай атрымання больш каштоўных прадуктаў пачаўся пазней і дасягнуў высокіх паказчыкаў у гады Сав. улады. У 1840-я г. нафтаперагонныя з-ды ўзніклі ў Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі. У наш час сусв. лідэрамі ў галіне Н.п. з’яўляюцца ЗША, Вялікабрытанія, Расія, Францыя, ФРГ, Японія, краіны Блізкага і Сярэдняга Усходу.

На Беларусі фарміраванне Н.п. пачалося з уводам у эксплуатацыю ў 1963 Полацкага нафтаперапрацоўчага з-да (Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан»), З 1975 прадукцыю дае Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Асн. прадукцыя гэтых з-даў: бензін, дызельнае паліва, газа, мазут, змазачныя маслы, бітумы і інш. Нафта для перапрацоўкі паступае на гэтыя з-ды па адгалінаваннях магістральнага нафтаправода «Дружба». У 1998 Н.п. Беларусі ажыццявіла першасную перапрацоўку 11 539 тыс. т нафты, у выніку атрымана (тыс. т); бензіну — 2018, дызельнага паліва — 3318, топачнага мазуту — 4453 і інш. матэрыялаў. Гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць, Нафтаперапрацоўка.

Да арт. Нафтаперапрацоўчая прамысловасць. Нафтаперапрацоўчы комплекс у г. Наваполацк.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТАЛО́ГІЯ,

навука аб палітыцы, паліт. жыцці грамадства, паліт. працэсах, сістэмах і з’явах, дзейнасці людзей, накіраванай на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады. Як навука склалася да сярэдзіны 20 ст. Аб’ект П. — паліт. жыццё грамадства ў яго розных праяўленнях, усталяванне і функцыянаванне паліт. улады. Прадмет П. — заканамернасці паліт. жыцця вял. сац. супольнасцей і малых груп людзей, узнікнення, развіцця і функцыянавання механізмаў улады, паліт. поглядаў і інтарэсаў, паліт. дзейнасці, развіцця паліт. працэсаў у цэлым. Асновай П. як тэорыі і практыкі з’яўляюцца адносіны паміж паліт. суб’ектамі адносна ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх карэнных інтарэсаў. Асн. катэгорыі П. — палітыка, улада, дзяржава, культура палітычная, палітычная сістэма грамадства, палітычныя працэсы, ідэалогія, свядомасць, інтарэсы, ін-ты і інш. Для вывучэння паліт. структур, працэсаў і з’яў П. выкарыстоўвае 3 асн. групы метадаў: агульнанавуковыя, сац.-гуманітарныя і спец.-навуковыя (вызначэнне рэйтынгу партый палітычных і паліт. лідэраў з улікам пэўных паліт. дзеянняў у канкрэтнай паліт. сітуацыі, імітацыйнае паліт. мадэліраванне, праектаванне і прагназаванне з выкарыстаннем элементаў тэорыі гульняў, сацыялаг. маніторынг паліт. сітуацыі або мнагамерны статыст. аналіз дзяржаў, партый. Функцыі П.: пазнавальная — пазнанне паліт. рэчаіснасці, даследаванне прыроды і крыніц улады; інструментальная — вызначэнне эфектыўных спосабаў пераўтварэння паліт. і інш. сфер грамадства; палітычная сацыялізацыя — фарміраванне паліт. культуры людзей, пошук месца ў паліт. рэчаіснасці; дыягнастычная — вызначэнне адпаведнасці паліт. праграм, дзеянняў, паліт. суб’ектаў інтарэсам і патрэбам вялікіх сац. груп; рэгулятыўная — забеспячэнне ўздзеяння суб’ектаў палітыкі на паліт. працэсы пры дапамозе ін-таў улады, што дазваляе рэалізаваць правы людзей на ўдзел у паліт. жыцці; прагнастычнаяраспрацоўка магчымых сцэнарыяў і прадбачанне развіцця паліт. працэсаў і з’яў; аналітычная — аналіз вынікаў паліт. дзейнасці розных паліт. суб’ектаў; аксіялагічная — ацэнка паліт. працэсаў, з’яў, дзеянняў палітыкаў і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ГІСТО́РЫІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1929 на базе гіст. кафедраў Інстытута беларускай культуры. Спачатку называўся Ін-там гіст. навук. У 1950-я г. ін-т стаў каардынацыйным цэнтрам рэспублікі па вывучэнні гісторыі Беларусі.

Асн. кірункі дзейнасці: археал. палявыя даследаванні помнікаў першабытнаабшчыннага ладу (каменнага, бронзавага, жал. вякоў) і сярэдневякоўя; вывучэнне, класіфікацыя і аналіз атрыманых даных, распрацоўка на іх аснове праблем ранняй гісторыі насельніцтва Беларусі; даследаванне па пісьмовых крыніцах сац.-эканам., грамадска-паліт., дзярж., нац.-культ. развіцця, замежных сувязей Беларусі; даследаванні па спец. гіст. навуках і інш. Аддзелы (1998): археалогіі каменнага і бронзавага вякоў, археалогіі жал. веку, археалогіі сярэдневяковага перыяду, археалогіі і гісторыі Полацкай зямлі, гісторыі Беларусі 13—18 ст., гісторыі Беларусі 19 — пач 20 ст., ваен. гісторыі Беларусі сав. перыяду, сац.-эканам. і паліт. гісторыі сав. перыяду, гісторыі нац.-культ. развіцця Беларусі 20 ст., нац. і міжнар. адносін, спец. гіст. навук; група гіст. навукі, цэнтр. навук. архіў Нац. АН Беларусі. Аспірантура (з 1934), савет па каардынацыі гіст. даследаванняў (з 1960), дактарантура (з 1988). У ін-це працавалі акад. АН БССР П.В.Горын, З.​Х.​Жылуновіч (Цішка Гартны), У.М.Ігнатоўскі, І.С.Краўчанка, С.Ю.Матулайціс, М.М.Нікольскі, У.М.Перцаў, У.І.Пічэта, В.​А.​Сербента, В.​К.​Шчарбакоў, А.​М.​Ясінскі, чл.-кар. Н.​В.​Каменская, І.Я.Марчанка, П.Ц.Петрыкаў, К.І.Шабуня, працуюць акад. І.​М.​Ігнаценка, М.​П.​Касцюк (з 1989 дырэктар). Ін-там падрыхтаваны і выдадзены «Гісторыя Мінска» (1967), «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 1—2, 1970—72), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95), 3-томная «Гісторыя сялянства Беларусі» (т. 1, 1997), 4-томная «Археалогія Беларусі» (т. 1, 1997) і інш.

Літ.:

Институт истории АН Беларуси: Краткий очерк. Мн., 1992.

М.​П.​Касцюк.

т. 7, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКА-АРГАНІ́ЧНАЙ ХІ́МІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1929 (да 1959 Ін-т хіміі АН БССР). На базе аддзела біяарган. хіміі ін-та створаны Інстытут біяарганічнай хіміі Нац. АН Беларусі (1974), на базе аддзела мадэльных установак — Хіміка-тэхнал. цэнтр Нац. АН Беларусі (1993). У Ін-це (1998): 4 аддзелы, 1 лабараторыя, аспірантура.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: стварэнне новых мембран, палімерных сарбентаў і іонаабменных валокнаў, палімераў водарастваральных і тэхн. прызначэння; распрацоўка новых метадаў сінтэзу арган. і элементаарган. злучэнняў, тэхналогіі ачысткі вады і паветра, метадаў атрымання лек. прэпаратаў; даследаванне каталітычных сістэм на аснове палімерных валокнаў, свабоднарадыкальных рэакцый у кандэнсаванай фазе. Распрацаваны: антыблочная кампазіцыя для вытв-сці цэлафану; антыстатык «Тэтрамікс», штучныя глебы для раслін; радыехім. метады і прамысл. тэхналогія вырабу заменнікаў крыві (прэпараты Рандэкс, Неарандэкс і інш.); тэхналогіі атрымання лесахім. прадукцыі (політэрпены, лыжныя мазі, садовы вар, кляі, бактэрыцыдныя прэпараты, рэгулятары росту раслін) і дапаможных матэрыялаў для электроннай і радыёпрам-сці (фотарэзістары, паляроідныя плёнкі, кантрастузмацняльныя матэрыялы, матэрыял для электравізуалізацыі); каталізатары вытв-сці капралактаму, элементарнай серы і працэсу рыфромінгу; тэхналогія вытв-сці з бульбы рэагенту дэпрэсарту і вылучэння біялагічна актыўных рэчываў з воднага асяроддзя і прадуктаў мікробнага сінтэзу; метады сінтэзу бензахіналінаў, амінаў, пірыдзінаў, ртутнаарган. злучэнняў, разнастайных функцыянальна замешчаных аліфатычных і гетэрацыклічных полігалагенарган. злучэнняў, арган. пераксідаў; электрахім. спосабы атрымання π-комплексаў пераходных металаў. На аснове распрацаваных тэхналогій наладжана вытв-сць ультра- і мікрафільтрацыйных мембран і мембраннага абсталявання, хімічна актыўных тэкст. матэрыялаў і фільтрацыйнага абсталявання для ачысткі паветра прадпрыемстваў рознага профілю ад таксічных прымесей. Асвоены выпуск лек. прэпаратаў на аснове чыстых амінакіслот. У ін-це працавалі акад. АН Беларусі А.А.Ахрэм, Б.В.Ерафееў, М.С.Казлоў, К.М.Караткоў, С.М.Ліпатаў, М.І.Міцкевіч, Я.М.Павушкін, М.М.Паўлючэнка, М.А.Прыляжаеў, У.В.Шкатэлаў, М Ф.Ярмоленка, чл.-кар. Ю.А.Альдэкоп, І.І.Бардышаў, П.І.Бялькевіч; працуюць акад. Нац. АН Беларусі У.С.Салдатаў (дырэктар з 1981), чл.-кар. У.Я.Агабекаў, М.А.Майер.

Л.​В.​Гладкіх.

т. 7, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ НАВУКО́ВА-АСВЕ́ТНЫ ЦЭНТР ІМЯ́ Ф.СКАРЫ́НЫ пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь,

установа, якая праводзіць даследаванні ў галіне гуманітарных навук, беларуса- і народазнаўства, гуманістыкі. Засн. ў 1991 у Мінску. Да 7.2.1992 пры аддзяленні грамадскіх навук АН Беларусі. Арганізатар і першы дырэктар — А.В.Мальдзіс. Асн. кірункі дзейнасці: бел. асветніцтва; гісторыя і тэорыя бел. культуры; праблемы хрысціянства і нац. развіцця; гісторыя, сучасны стан бел. дыяспары; праблемы выяўлення, вяртання і сумеснага выкарыстання бел. матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, стварэнне банка інфармацыі па адукацыі, гісторыі, культуры, навуцы, рэлігіі Беларусі; грамадска-культ. ўзаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі і народамі; распрацоўка бел. тэрміналогіі. Б-ка (з 1993) мае рукапісны аддзел, калекцыю выданняў бел. дыяспары, збор фота- і фонаматэрыялаў, выразкі з перыяд. выданняў, картатэкі па персаналіях, навук. кірунках, нас. пунктах, краінах, дыяспары, рэстытуцыі. З 1993 дзейнічае музейная экспазіцыя «Беларусы ў свеце». Цэнтр забяспечвае ВНУ і н.-л. ўстановы неабходнай інфармацыяй па бібліяграфіі, тэрміналогіі, наладжвае павук. кансультацыі, ажыццяўляе навук. супрацоўніцтва з Ін-там славяназнаўства і балканістыкі Рас. АН, Ін-там Цэнтр. і Усх. Еўропы ў Любліне, Варшаўскім ун-там (Польшча), Бел. ін-там навукі і мастацтва (ЗША), Б-кай і музеем імя Ф.​Скарыны (Англія), навук. ўстановамі Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Украіны, Францыі і інш. На базе цэнтра дзейнічаюць Міжнар. асацыяцыя беларусістаў (МАБ, 1991), Скарынаўскае брацтва (1997). Цэнтрам арганізавана каля 30 міжнар. навук. канферэнцый, у т. л. 3 кангрэсы беларусістаў (1991, 1995, 2000); распрацавана і ажыццяўляецца праграма фундаментальных даследаванняў «Беларускае асветніцтва» (1999—2001). Выдадзены 15 навук. зб. «Беларусіка=Albaruthenica» (1993—2000), зб-кі «Адам Міцкевіч і Беларусь» (1997), «А.​С.​Пушкін і Беларусь» (1999) і інш. З 1996 МАБ і Бел. т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі на базе Цэнтра выдаюць штомесячны інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 2000 і на англ. мове). Цэнтр размяшчаецца ў будынку былога Інстытута беларускай культуры.

Б.​Л.​Харкевіч.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́СТЫКА (ад грэч. akustikos слыхавы),

раздзел фізікі, які вывучае пругкія ваганні і хвалі ад самых нізкіх частот (умоўна ад 0 Гц) да самых высокіх (10​12—10​13 Гц), іх узаемадзеянне з рэчывам і выкарыстанне.

Першыя звесткі аб акустыцы — у Піфагора (6 ст. да н.э.). Развіццё акустыкі звязана з імёнамі Арыстоцеля, Г.Галілея, І.Ньютана, Г.Гельмгольца. Вынікі класічнай акустыкі падагульніў Дж.Рэлей. Значны ўклад у развіццё акустыкі зрабілі М.М.Андрэеў, А.А.Харкевіч, Л.М.Брэхаўскіх, Л.І.Мандэльштам, М.А.Леантовіч і інш. Новы этап развіцця акустыкі ў 20 ст. звязаны з развіццём электра- і радыётэхнікі, электронікі.

Агульная акустыка на аснове лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў вывучае заканамернасці адбіцця і пераламлення акустычных хваляў на паверхні, распаўсюджванне, інтэрферэнцыю і дыфракцыю іх у суцэльных асяроддзях, ваганні ў сістэмах з засяроджанымі параметрамі. Акустыка рухомых асяроддзяў і статыстычная разглядаюць уплыў руху і нерэгулярнасцяў асяроддзя на распаўсюджванне, выпрамяненне і прыём гукавых хваляў. Фізічная акустыка вывучае залежнасць характарыстык хваляў ад уласцівасцей і стану асяроддзя; яе падраздзелы: малекулярная акустыка (паглынанне і дысперсія гуку), квантавая акустыка (разглядае пругкія хвалі як фаноны, пры нізкіх т-рах, ва ультра- і гіпергукавым дыяпазонах). Псіхафізіялагічная акустыка вывучае ўздзеянне гуку на чалавека. Асн. задача электраакустыкі (магнітаакустыкі)распрацоўка гучнагаварыцеляў, мікрафонаў, тэлефонаў і інш. выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў гуку. Гідраакустыка і атмасферная акустыка — выкарыстанне гуку для падводнай лакацыі, сувязі, зандзіравання атмасферы і інш. Задачы архітэктурнай і будаўнічай акустыкі — паляпшэнне распаўсюджвання і ўспрымання мовы і музычных гукаў у памяшканнях, памяншэнне шуму (гл. Акустыка архітэктурная, Акустыка музычная). Нелінейная акустыка, акустаоптыка і акустаэлектроніка вывучаюць узаемадзеянне акустычных хваляў з фіз. палямі і часціцамі. Новыя магчымасці візуалізацыі гукавых палёў дала акустычная галаграфія. На Беларусі даследаванні па акустыцы праводзяцца з 1950-х г. у ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю АН. Найб. значныя вынікі атрыманы Ф.І.Фёдаравым у тэорыі пругкіх хваляў у крышталях.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Механика сплошных сред. М., 1953;

Стретт Дж.В. (лорд Рэлей). Теория звука: Пер. с англ. Т. 1—2. 2 изд. М., 1955;

Скучик Е. Основы акустики: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1958—59;

Фёдоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;

Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́І (Hawaii),

штат ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. Займае групу вулканічных астравоў у цэнтр. ч. Ціхага ак. Пл. 16,7 тыс. км², нас. 1172 тыс. чал. (1993). Сярэдняя шчыльн. нас. 70,2 чал. на 1 км². Б. ч. яго пражывае на в-ве Ааху (пл. 1574 км²), дзе знаходзіцца адм. ц., буйнейшы горад і порт Ганалулу (371,3 тыс. ж., з прыгарадамі каля 900 тыс. ж., 1992). 61,8% насельніцтва складаюць выхадцы з Азіі і астравоў Ціхага ак., у т. л. японцы, філіпінцы, кітайцы, карэйцы. Карэнных жыхароў (гавайцы разам з метысамі) каля 100 тыс. чал. Амерыканцы і еўрапейцы складаюць 33,4% насельніцтва. (Аб прыродзе гл. ў арт. Гавайскія астравы). Гаваі — важны трансп. вузел паўн. ч. Ціхага ак. Праз Ганалулу праходзяць марскія і авіяц. шляхі, якія злучаюць ЗША і Канаду з Усх. Азіяй, Аўстраліяй і Новай Зеландыяй. Здабыўная прам-сць (распрацоўка цэментнай сыравіны і буд. каменю). Гал. віды прадукцыі апрацоўчай прам-сці: цукар, садавіна-агароднінныя вырабы, нафтапрадукты, вырабы лёгкай і паліграф. прам-сці, папера, цэмент. Аснова сельскай гаспадаркі — плантацыі ананасаў (гал. вытворца ў свеце), цукр. трыснягу, арэхаў (міндаль), садавіны, агародніны, кавы і кветак. Рыбалоўства і аквакультура. Мясная і малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, птушка). Развіты аўтамаб. і марскі транспарт. Цэнтр турызму і адпачынку. Кліматычныя курорты. Абарончыя ваен. збудаванні ў Пёрл-Харбары. Гавайскі вулканічны нацыянальны парк.

Пачалі засяляцца, верагодна, з 5 ст., найб. інтэнсіўна ў 13—14 ст. палінезійцамі, якія прыбывалі з Таіці. Паміж 1527 і 1555 астравы адкрылі іспанцы, у 1778 да іх даплыў англічанін Дж.​Кук і назваў Сандвічавымі а-вамі. У гэты час тут існавала некалькі дзярж. утварэнняў пад кіраўніцтвам мясц. уладароў, якія вялі барацьбу паміж сабой. Каля 1800 кароль Каменамена I аб’яднаў іх у адзінае каралеўства. У 1820 амер. місіянеры пачалі хрысціянізацыю мясц. насельніцтва, прыстасавалі да мясц. мовы лац. алфавіт, заснавалі школы, стварылі падручнікі, пераклалі на гавайскую мову Біблію. У 1839 Гаваі атрымалі канстытуцыю. У 1894 абвешчана Гавайская рэспубліка. У 1898 Гаваі анексіравалі ЗША, у 1900 надалі ім статус «тэрыторыі». У 1959 абвешчаны 50-м штатам ЗША.

М.​С.​Вайтовіч, Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВЕ́ДНІКІ,

1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп. дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; від запаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл. Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».

Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн. га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.

На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.

2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.

Літ.:

Заповедники и национальные парки мира. М., 1969;

Заповедники Белоруссии: Исслед. Вып. 1—6. Мн., 1977—82;

Заповедники СССР: [Справ.]. М., 1980;

Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993;

Березинский биосферный заповедник. Мн., 1996.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)