БАГУ́Н Міхась (сапр.Блошкін Міхаіл Фёдаравіч; 8.11.1908, Мінск — 17.2.1938),
бел. пісьменнік. Скончыў курсы пры Мінскім бел.пед. тэхнікуме (1928). З 1929 настаўнічаў. Працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Сібіры. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Яго лірыка рамантычна-акрыленая, жыццесцвярджальная (зб-кі «Рэха бур», 1931, «Рэвалюцыі», 1932). Паэма «Крокі ў вяках» (1930) і некат. вершы напісаны пад уплывам У.Маякоўскага. Паэма «Канчыта з-пад Таледа» (1936) пра нац.-рэв. вайну ў Іспаніі. Пісаў апавяданні для дзяцей («Жэнька», 1934). Пераклаў на бел. мову раманы М.Астроўскага «Як гартавалася сталь» (1936), Л.Первамайскага «Ваколіцы» (1931, з З.Астапенкам), Ф.Панфёрава «Брускі» (1932, з Т.Кляшторным), вершы А.Пушкіна, Маякоўскага, Э.Багрыцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЕ СЛО́ВА»,
навукова-метадычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1988 у Мінску на бел. мове штомесячна. Да 1992 наз. «Беларуская мова і літаратура ў школе». Асвятляе пытанні літ., мовазнаўчай і культуралагічнай адукацыі ў сярэдняй школе і ВНУ. Змяшчае матэрыялы па гісторыі нац. культуры, пра сучасны літ. працэс, лінгвіст. праблемы, міжмоўныя сувязі, адметнасць бел. мовы. У раздзелах «Філалогія», «Методыка і вопыт», «На ростанях», «Калі закончыўся ўрок», «Культура Беларусі» і інш. адлюстроўвае шляхі развіцця нац. школы, пед. майстэрства бел. славеснікаў, дасягненні філал. навукі, узаемасувязь л-ры, мовы, выяўл. мастацтва, музыкі, т-ра і кіно, дзейнасць літ. музеяў і інш. Друкуе творчыя партрэты бел. мовазнаўцаў, літаратараў і дзеячаў культуры, архіўныя дакументы, звязаныя з іх дзейнасцю. Адзначае юбілеі дзеячаў культуры, публікуе паэт. і вакальныя творы, рэцэнзіі на філал., культуралагічныя і пед.-метадычныя выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗЕ́МБЛА Люцыян (11.2.1864, Вільня — 12.12.1942),
гісторык культуры, краязнавец, калекцыянер. Адзін з ініцыятараў стварэння ў Вільні т-ва аматараў старажытнасцей і народазнаўства (1899), т-ва музея навукі і мастацтва (1906), прымаў актыўны ўдзел у віленскім т-ве сяброў навукі. Сабраў каштоўную б-ку і калекцыю рукапісаў (часткова зберагаецца ў рукапісным аддзеле Цэнтр. б-кі АН Літвы). Апублікаваў у польскай прэсе (Варшава, Вільня) шмат артыкулаў на гіст.-культ. і гіст.-літ. тэмы, у т. л. пра жыццё і творчасць У.Сыракомлі. Перапісваўся з Э.Ажэшка. Ініцыятар ушанавання памяці А.Міцкевіча ў 1897 у Вільні, членам юбілейнага к-та быў і Ф.Багушэвіч. Аўтар некралогаў пра Багушэвіча «Паэт-юрыст», «Францішак Бенедыкт Багушэвіч» (1900).
Тв.:
Бел.пер. — Паэт-юрыст // Пачынальнікі. Мн., 1977;
Францішак Бенедыкт Багушэвіч // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАШКО́Ў Алесь (Аляксандр Андрэевіч; н. 3.1.1923, в. Раманаўшчына Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1950), Вышэйшыя літ. курсы (1959) і Літ.ін-т імя М.Горкага (1961) у Маскве. З 1947 працаваў у чашніцкай раённай газеце, з 1954 у час. «Калгаснік Беларусі», газ. «Літаратура і мастацтва», «Звязда», на Бел. радыё, у Мін-ве культуры Беларусі, у выд-ве «Народная асвета». Друкуецца з 1947. Аўтар зб-каў апавяд. «Змена» (1951), «Абуджэнне» (1955), «На рачных плёсах» (1956), «Ранняй вясною» (1957), «Сонца тушыць зоркі» (1959), «На вадзе і такое здараецца» (1966), зб. аповесцей «Лань — рака лясная» (1979), раманаў «Спытай сваё сэрца...» (1971), «Навальніца спее ў цішыні» (1995). У іх тэмы перажытага на вайне, пасляваен. жыцця вёскі, складанасць і непаўторнасць чалавечых характараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯЦВЕ́Т Эдзі (сапр.Каган Эдзі Сямёнаўна; н. 11.10.1913, Мінск),
бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед.ін-т (1936). Друкуецца з 1929. Выдала зб-кі лірыкі «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Беларуская рабіна» (1959), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і інш. Шмат піша для дзяцей: «Васількі» (1947), «Твае таварышы» (1959), «Доктар Смех» (1977), «На двары алімпіяда» (1984, Міжнар. ганаровы дыплом 1986), «Рэчка-рэчанька мая» (1991) і інш. На бел. мову пераклала творы франц. паэзіі («Краіна Паэмія», для дзяцей, 1962; «Выбраныя песні» П.Ж.Беранжэ, 1960; «Зямны акіян» Г.Апалінэра, 1973; «З табой» П.Элюара, 1980); у 1993 выдадзены зб. перакладаў «З французскай і бельгійскай паэзіі»). Па яе лібрэта пастаўлены оперы для дзяцей «Джанат» (1942, муз. Л.Шварца) і «Марынка» (1955, муз. Р.Пукста).
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1976.
Літ.:
Барсток М.М. Эдзі Агняцвет // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРАВА Ефрасіння Леанідаўна (н. 25.11.1922, в. Гапонава Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. Кіназнавец, кінакрытык. Засл. дз. нав. Беларусі (1982). Д-рфілал.н. (1977), праф. (1980). Скончыла БДУ (1949). Працавала ў друку і на радыё (1943—47). Рэдактар-кансультант Мін-ва кінематаграфіі БССР (1948—50). Гал. рэдактар па вытв-сці фільмаў Мін-ва культуры БССР (1951—61), адначасова з 1953 выкладчык БДУ. Даследуе праблемы бел. кінамастацтва і публіцыстыкі, выступае як кінакрытык. Аўтар сцэнарыяў шэрагу дакумент. фільмаў, спец. выпускаў кінахронікі, творчых партрэтаў дзеячаў кіно.
Тв.:
В.В.Корш-Саблин. Мн., 1960;
Очерк на экране. Мн., 1969 (разам з Л.Шылавай);
В кадре и за кадром. Мн., 1973;
Время, экран, критика. Мн., 1975;
Кино Советской Белоруссии. М., 1975 (у сааўт.);
Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980;
Экран в разных измерениях. Мн., 1983;
Кінематограф і літаратура: Тв.бел. пісьменнікаў на экране. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАБЕ́Й Анатоль Леанідавіч (н. 10.8.1950, в. Вайнілавічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1979). Скончыў БДУ (1972). У 1977—90 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1990 у БДУ. Друкуецца з 1976. Даследуе сучасную бел. л-ру, пытанні маст. перакладу і літ. сувязей. Аўтар манаграфій «Максім Танк і польская літаратура» (1984), «Жывая повязь часоў: Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча» (1985), «Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20—30-х гадоў» (1990), «Абуджаная памяць: Нарыс жыцця і творчасці У.Караткевіча» (1996), брашуры «Паэзія Максіма Танка» (1983). Падрыхтаваў да выдання «Збор твораў» П.Пестрака (т. 3, 1985), зб. «На ўзвеях дзён» У.Хадыкі (1986), «Збор твораў» У.Караткевіча (т. 1—8, 1987—91), кн. яго перакладаў «Галасы маіх сяброў» (1993) і «Творы» (1996). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра Караткевіча «Рыцар і слуга Беларусі» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КЕНРОДЭР (Wackenroder) Вільгельм Генрых (13.7.1733, Берлін — 13.2.1798),
нямецкі пісьменнік. Прадстаўнік іенскага кола рамантыкаў (гл. ў арт.Германія, раздзел Літаратура). Сябар Л.Ціка. Сваімі творамі і праз уздзеянне на Ціка (прыняў непасрэдны ўдзел у стварэнні яго рамана «Вандраванні Франца Штэрнбальда») зрабіў уплыў на развіццё еўрап. л-ры 19 ст. Кніга Вакенродэра «Шчырыя выказванні сэрца брата-манаха, аматара мастацтва» (1797, выдадзена ананімна) прысвечана жывапісу і музыцы. У кн. «Фантазіі пра мастацтва для сяброў мастацтва» (выд. 1799) выступіў за цэласнае спасціжэнне свету (якое абазначыў як «рэлігійнае») праз мастацтва. Навела «Славутае музыкальнае жыццё кампазітара Іозефа Берглінгера» пра трагедыю геніяльнага мастака, якога не зразумеў свет.
Тв.:
Рус.пер. — Об искусстве и художниках;
Размышления отшельника, любителя изящного. М., 1826;
Фантазии об искусстве. М., 1977.
Літ.:
Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973;
Дмитриев А.С. Проблемы иенского романтизма. М., 1975;
Балашов Н.И. Вакенродер // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́ШКА (Onoszko) Ян (каля 1775, Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 1820 або 1827),
польскі і бел.паэт. Дакладныя факты біяграфіі не захаваліся. Некаторыя аўтары атаясамліваюць яго з ксяндзом Янам Аношкам, рэктарам Варшаўскай духоўнай семінарыі (1823—31). Пісаў панегірыкі шляхце, сатыр. вершы. Аўтар паэмы «Бібеіда» (распаўсюджвалася ў рукапісах). У сваіх сентыментальных творах услаўляў жыццё ў вясковым зацішшы («Муза з вясковае далі», «Мае думкі», «На дажынкі»), прапаведаваў працавітасць і сумленнасць («Літасць»), высмейваў асобныя заганы («На п’янага ветрагона»). Некаторыя яго вершы маюць рэлігійна-містычнае адценне («Сон», «Да бога»), У 1828 Т.Урублеўская выдала ў Полацку яго «Паэтычныя творы». П.Мядэкша ўключыў вершы Аношкі ў зб. «Вянок з папараці» (Вільня, 1842). Пра Аношку як «беларускага паэта» пісалі Р.Падбярэскі, рус. бібліёграф Р.Генадзі. На бел. мову творы Аношкі перакладаў У.Дубоўка.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 451—454.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў Уладзімір Аляксеевіч (н. 25.8.1953, г. Полацк),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). З 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1989 віцэ-прэзідэнт Бел. ПЭН-клуба. Друкуецца з 1976. Дэбютаваў вершамі. У прозе распрацоўвае гіст. тэматыку: «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая» (1989), «Рандэву на манеўрах», «Ефрасіння Полацкая», «Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі» (усе 1992), «Міласць князя Гераніма» (1993), «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Таямніцы полацкай гісторыі» (абедзве 1994). Героі яго твораў — патрыёты роднай зямлі, славутыя людзі Беларусі, якія памнажалі яе славу і гонар, не шкадавалі свайго жыцця дзеля шчасця Бацькаўшчыны. Аўтар зб. вершаў у прозе «Там, за дзвярыма» (1991), кн.літ.-публіцыст. артыкулаў і эсэ «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях» (1992), «Мой радавод да пятага калена» (1993). Перакладае з рус., укр., фінскай моў.