МАЙСТЭРЗІ́НГЕРЫ (ням. Meistersinger літар. майстар-спявак),
нямецкія паэты-спевакі 14—16 ст. з бюргерскага рамесна-цэхавага асяроддзя, якія прыйшлі на змену мінезінгерам. Заснавальнік паэзіі майстэрзангу паэт-вандроўнік Г.Фраўэнлаб з Майсена. Творчасць М. рэгламентавалася зводамі правіл (т.зв. табулатуры), якімі трэба было няўхільна кіравацца. Асн. тэмы — біблейскія, рэліг.-дыдактычныя, гіст. (14—15 ст.), свецкія, кахання (16 ст.). Нярэдка выступалі аўтарамі фастнахтшпіляў. Для запісу мелодый выкарыстоўвалі мензуральную натацыю. Найб. вядома пеўчая школа-гільдыя ў Нюрнбергу (прадстаўнікі — Г.Фольц, Г.Сакс), дзейнасць якой увасоблена ў оперы «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.Вагнера (1867).
іншаземцы, якія перасяліліся ў стараж.-грэч. полісы. Сярод М. былі і адпушчаныя на волю рабы. Мелі асабістую свабоду, але былі пазбаўлены паліт. правоў, не маглі выступаць на судзе і не валодалі нерухомасцю. Кожны М. павінен быў мець апекуна — грамадзяніна поліса (прастата), штогод плаціць дзяржаве спец. даніну — метэкіён (мужчына 12, жанчына 6 драхм), несці вайсковую службу. Займаліся пераважна гандлем, рамёствамі, ліхвярствам. Сярод іх былі вельмі багатыя гараджане. У 5—4 ст. да н.э. адыгрывалі важную ролю ў эканоміцы гарадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЛЬДА (ням. Mulde літар. карыта) у геалогіі, чашападобная разнавіднасць сінклінальнай складкі або тэктанічная ўпадзіна ізаметрычнай ці авальнай формы. Памеры М. ад некалькіх дзесяткаў метраў да соцень кіламетраў. Вылучаюць: М. накладзеныя, што запоўнены адкладамі, якія залягаюць паката або гарызантальна рэзка нязгодна з дыслацыраванымі горнымі пародамі (часта змяшчаюць буравугальныя радовішчы); М. асядання — зніжэнне паверхні над падземнымі горнымі вырабаткамі або ў выніку распрацоўкі нафтавых і газавых радовішчаў; М. ўціснутыя — прагінанне паверхні над ачагамі гразевых вулканаў; М. кампенсацыйныя — паніжэнні ў надсалявых адкладах вакол саляных купалаў у сувязі з адтокам пластычнай солі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІРВА́НА (санскр., літар. знікненне, згасанне),
у будызме і джайнізме канчатковае духоўнае выратаванне, якое дасягаецца асабістымі намаганнямі веруючага. Азначае найвышэйшы стан свядомасці, процілеглае сансары, калі адсутнічаюць перараджэнні і пераходы ад адной сферы сансарнага існавання да другой. Псіхалагічна стан Н. негатыўна апісваецца як адсутнасць жадання, прагі да жыцця ўвогуле, а пазітыўна — як стан дасканаласці, задаволенасці, самадастатковасці. Паводле тэорыі будызму, Н. — стан свабоды, незалежнасці, спакою, толькі чалавек можа дасягнуць Н. і стаць будай. Лічыцца, што поўнасцю дасягнуць Н. можна толькі пасля смерці, т.зв. парынірвана. У міфалогіі махаяны адрозніваюць некалькі ўзроўняў Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́Д (франц. parade ад лац. paro літар. рыхтую),
1) урачысты агляд войск, які праводзіцца ў азнаменаванне дзярж. свят, часам пасля заканчэння вучэнняў (манеўраў). Гіст. значэнне мелі П. ў Маскве 7.11.1941 у час Маскоўскай бітвы 1941—42, Парад Перамогі 24.6.1945 і інш. П. войск, а таксама Партызанскі парад 1944 у Мінску.
2) Урачыстае шэсце арг-цый, калектываў (напр., фізкультурны П.).
3) У цырку і тэатры — агульны выхад на сцэну (арэну) усіх удзельнікаў у пачатку ці ў канцы паказу.
4) Свята, урачыстасць; святочнае ўбранне.
Ваенны парад на плошчы Незалежнасці ў Мінску. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКА́ЙЛЬ (франц. rocaille літар. драблёны камень, ракавіны),
матыў арнаменту — стылізаваная ракавіна, С- і S-падобныя завіткі, хвалістыя грабяні, языкі полымя і інш., характэрны для ракако. Кампазіцыйныя вырашэнні Р. разнастайныя (хвалісты веер, гірлянда, мудрагеліста выгнуты картуш, расл. матывы), элементы звычайна не паўтараюцца, вылучаюцца экспрэсіяй. Пашырэнню Р. ў еўрап. мастацтве садзейнічала кніга франц. мастака Я.Мандона «Першая кніга арнаментальных форм ракайляў і картушаў» (Парыж, 1736). Матыў Р. шырока выкарыстоўваўся ў бел. архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, кніжнай графіцы. Тэрмін «Р.» часам ужываюць для абазначэння стылю ракако.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБРА́ХІЙ (грэч. amphibrachys літар, кароткі з абодвух бакоў),
1) у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў — 1 доўгага і 2 кароткіх (◡-◡). Наз. таксама брахіхарэй — стапа, якая складаецца з кароткага складу і харэя.
2) У сілабатанічным вершаскладанні амфібрахій — 3-складовая стапа з рытмічным націскам на сярэднім складзе (- -́ -): «З леге́ндаў і ка́зак былы́х пакале́нняў, // З кало́сся цяжко́га жыто́ў і пшані́ц...» (М.Танк. «Родная мова»), У бел. Паэзіі амфібрахій з’явіўся ў канцы 19 ст. У зб. Ф.Багушэвіча «Смык беларускі» (1894) з 9 вершаў (акрамя цыкла «Песні») 32 радкі вытрыманы ў памерах 3-складовага амфібрахія. Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай паэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДО́Н (франц. bourdon літар. густы бас),
1) бесперапыннае гучанне аднаго або некалькіх басовых гукаў нязменнай вышыні. Спалучэнне мелодыі з бурдонам — адна са стараж. формаў шматгалосся, уласцівая і бел. песеннаму і інстр. фальклору. Элементы бурдону захоўваюцца ў каляндарных і вясельных песнях некаторых раёнаў Палесся. У інстр. музыцы ўзнікае пры выкананні на варгане, дудзе, цытры, колавай ліры, скрыпцы, балалайцы і інш., што абумоўлена іх канструкцыяй — наяўнасцю адкрытых струн, бурдонных трубак і інш. Сустракаецца ў творчасці прафес. кампазітараў (арганны пункт).
2) Арганны рэгістр лабіяльнай групы сям’і флейтавых. Трубы метал., закрытыя з аднаго канца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІКА́НСТВА, галіканізм (ад лац. gallicanus літар. гальскі, тут французскі),
рэліг.-паліт. рух у Францыі ў 13—18 ст., які меў на мэце дасягненне аўтаноміі франц. каталіцкай царквы ад папства. Зарадзілася ў часы Філіпа IV Прыгожага ў час яго барацьбы з папам Баніфацыем VIII за прэрагатывы свецкай улады. Найб. развіццё галіканства атрымала ў 15—17 ст.Асн. палажэнні (сфармуляваны ў 1682 у «Дэкларацыі галіканскага духавенства») дзейнічалі да канца 18 ст. і былі пакладзены Напалеонам I у аснову статуса франц.дзярж. царквы. У сучасных умовах ідэі галіканства праяўляюцца аддалена ў патрабаваннях франц. епіскапату большай самастойнасці ў мясц.царк. кіраванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОСМА́ЙСТАР (ням. Großmeister літар.вял. майстар),
вышэйшае ганаровае спарт. званне па шахматах і шашках. У 1949 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (ФІДЕ) устаноўлена званне гросмайстра па шахматах. На Беларусі яго атрымалі Б.Гельфанд, В.Дыдышка, А.Заяц, К.Зварыкіна, А.Кавалёў, В.Купрэйчык, Ю.Шульман, Р.Эйдэльсон. З 1958 прысвойваецца званне гросмайстра Міжнар. федэрацыі гульні ў шахматы па перапісцы (ІКЧФ). Званне гросмайстра па шашках устаноўлена ў 1948 Сусв. федэрацыяй шашак. У Беларусі яго атрымалі А.Альтшуль, А.Балякін, Я.Ватуцін, А.Гантварг, В.Камышлеева, М.Кац, І.Пашкевіч, А.Плакхін, А.Прэсман, З.Садоўская, Л.Сахненка.