АНТАЛО́ГІЯ
(грэч. anthologia літар. букет кветак),
зборнік літаратурных твораў (пераважна аднаго жанру) розных аўтараў пэўнай літаратуры, перыяду, літаратурнага кірунку і г.д. Вядомая са стараж. часоў на Усходзе і ў Грэцыі (складальнікам першай анталогіі лічаць грэч. паэта Мелеагра, 60 да н.э.). Бел. анталогіі бяруць пачатак ад стараж.-рускіх («Ізборнікі Святаслава» 1073, 1076). Адна з першых анталогій новага часу — «Дыяменты беларускага прыгожага пісьменства» (1919). У Беларусі выйшлі «Анталогія беларускай паэзіі» (т. 1—3, 1961; т.1—3, 1993), «Анталогія беларускага апавядання» (т. 1—2, 1967), анталогія бел. дзіцячай л-ры «Арлянятам» (т. 1—2, 1967), «Анталогія беларускай народнай песні» (1968; 2-е выд. 1975), анталогія «Беларуская балада» (1978).
т. 1, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)