БАЛА́НС ГРУНТАВЫ́Х ВО́ДАЎ,

колькасны паказчык намнажэння і расходавання грунтавых водаў на пэўнай тэрыторыі за вызначаны час. Прыходная частка — жыўленне за кошт прасочвання (інфільтрацыя) атм. ападкаў і паверхневых водаў (рэк, азёраў, балотаў, арашальных і інш.), кандэнсацыі вадзяной пары, паступлення з больш глыбокіх напорных гарызонтаў. Расходная частка — падземны сцёк, выпарэнне з паверхні грунтавых водаў, транспірацыя раслінамі, рачны сцёк. Баланс грунтавых водаў залежыць ад клімату (колькасці і віду атм. ападкаў, т-ры паветра), глебава-расліннага покрыва, формаў рэльефу, саставу і структуры горных парод у зоне аэрацыі, гасп. дзейнасці чалавека (водазабор, меліярацыя і інш.). На Беларусі прыходная частка балансу рэзка павялічваецца пры раставанні снегу і ў час працяглых дажджоў. Элементы балансу вызначаюцца ў выніку працяглых назіранняў на гідрагеалагічных стацыянарах. Вывучэнне балансу грунтавых водаў неабходна для колькаснай ацэнкі рэсурсаў грунтавых водаў і рацыянальнага іх выкарыстання на водазабеспячэнне, для прагнозу іх рэжыму на меліяраваных землях, горных вырабатках, у зоне падпору каля вадасховішчаў і інш.

М.​С.​Капора.

т. 2, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАПО́ЛІЯ (ад аліга... + грэч. pōlēo прадаю),

тып рыначнай структуры, у якой значная ці пераважная частка галіновай вытв-сці і збыту ажыццяўляецца на аснове спалучэння манаполіі і канкурэнцыі. Характэрна для большасці галін сучаснай рыначнай эканомікі.

Сутнасць алігаполіі ў тым, што абмежаваная колькасць буйных кампаній манапалізуе вытв-сць і збыт асн. ці нават большай часткі прадукцыі пэўнай галіны эканомікі ўзгадненнем узроўню цэн, якое ажыццяўляецца двума шляхамі: лідэрствам у цэнах (цэны, устаноўленыя адной з фірмаў, як правіла, найб. буйной, выкарыстоўваюцца і інш. фірмамі) і выбарам узгодненых правілаў паводзін (усе буйныя кампаніі прымаюць адзіныя правілы вылічэння цэн). Адначасова ўсе гэтыя кампаніі вядуць паміж сабой жорсткую нецанавую канкурэнцыю, каб пры ўзгодненых цэнах стварыць для сябе найб. спрыяльныя ўмовы за кошт рэкламы, тэхн. перааснашчэння вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі, удасканалення формаў і метадаў збыту, прадастаўлення пакупнікам пэўных паслуг, гарантый, ільгот. Каб нейтралізаваць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку манаполіі і канкурэнцыі, дзяржава імкнецца забяспечыць аптымальнае спалучэнне гэтых сіл на аснове антыманапольнай палітыкі.

І.​А.​Мацулевіч.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

узбурэнні гравітацыйнага поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы ў выглядзе папярочных хваль са скорасцю святла. Існаванне гравітацыйнага выпрамянення прадказана А.Эйнштэйнам (1916) на аснове агульнай адноснасці тэорыі. Узнікае пры перыядычным руху цел (напр., падвойныя і вярчальныя зоркі), катастрафічных астрафіз. з’явах (успышкі звышновых зорак, несіметрычны гравітацыйны калапс); выклікае адносныя паскарэнні цел або іх пругкія дэфармацыі.

Спробы эксперым. рэгістрацыі гравітацыйнага выпрамянення ад касм. крыніц з выкарыстаннем дэтэктараў (гравітацыйных антэн) пачалі праводзіцца ў ЗША Дж.​Веберам у канцы 1950-х г., аднак з-за надзвычай слабага ўзаемадзеяння з рэчывам статыстычна значных пацвярджэнняў не атрымана. Эксперым. пацвярджэннем лічаць вынікі шматгадовых назіранняў падвойнага пульсара PSR 1913+16: прадказанні аб паступовым змяншэнні яго арбітальнага перыяду за кошт гравітацыйнага выпрамянення з дакладнасцю да 0,4% узгадняюцца з данымі назіранняў.

Літ.:

Амальди Э., Пиццелла Г. Поиск гравитационных волн // Астрофизика, кванты и теория относительности: Пер. с ит. М., 1982;

Уилл К.М. Двойной пульсар, гравитационные волны и Нобелевская премия: Пер. с англ. // Успехи физ. наук 1994. Т. 164. № 7.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАЛА́ПС,

працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.

У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя ад хім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.

Літ.:

На переднем крае астрофизики: Пер. с англ. М., 1979;

Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДА́ТКІ АБАРАЧЭ́ННЯ,

сукупнасць затрат жывой і арэчаўленай працы, выражаных у грашовай форме, на давядзенне тавару ад вытв-сці да непасрэднага спажыўца. Падзяляюцца на чыстыя і дадатковыя. Чыстыя звязаны з актам куплі-продажу, г.зн. ператварэннем таварнай формы прадукту ў грашовую. Яны не дадаюць да тавару ніякай вартасці і з’яўляюцца непрадукц. затратамі. Кампенсаванне гэтых выдаткаў абарачэння ажыццяўляецца за кошт прыбавачнага прадукту, створанага ў сферы вытв-сці. Дадатковыя выдаткі абарачэння абумоўлены працягам працэсу вытв-сці ў сферы абарачэння. Яны адносяцца да катэгорыі прадукцыйнай, паколькі дадаюць да вартасці тавару новую вартасць (дастаўка, дапрацоўка, фасоўка тавару). Крыніцай кампенсавання дадатковых выдаткаў абарачэння з’яўляецца вартасць, створаная ў самім таварным абарачэнні. Чыстыя выдаткі абарачэння складаюць прыблізна 35—40%, дадатковыя — 60—65% іх агульнай масы. З павелічэннем вытв-сці тавараў і давядзеннем іх да непасрэднага спажыўца доля чыстых выдаткаў абарачэння павялічваецца. Гэта звязана з ростам затрат на ўтрыманне прадаўцоў і гандлёвых агентаў, збытавых падраздзяленняў, транспартна-экспедытарскіх аддзелаў, маркетынгавых даследаванняў, рахункаводства, бухгалтэрыі і інш.

т. 4, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,

найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦ або кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.

Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.

В.​Р.​Баштавой.

Схема далучэння вадзянога ацяплення да цеплавых сетак: 1 — паветраўлоўнік; 2 — ацяпляльная прылада; 3 — водаструменная помпа; 4 — улоўнікі гразі.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСНЫ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

пачатковыя навучальныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1830—60-я г. Засноўваліся паводле ўказа Мін-ва нар. асветы ад 24.12.1830 па аднаму на воласць для падрыхтоўкі пісараў. Навучанне было бясплатнае, а яго ўзровень даволі нізкі. У валасных вучылішчах вучыліся сял. дзеці ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, чытанне, руская мова, арыфметыка, чыстапісанне, спевы, геаграфія і гісторыя. Заняткі праводзіліся пасля заканчэння палявых работ і да іх пачатку ў наступным годзе па 4 гадзіны на дзень, акрамя святаў і выхадных. Настаўнікамі былі прыходскі святар або той, хто папярэдне вытрымаў экзамен у мясц. павятовым вучылішчы. Кожнае вучылішча мела невялікую б-ку. Існавалі за кошт падаткаў дзярж. і ўдзельных сялян. На ўтрыманне валасных вучылішчаў штогод выдаткоўвалася па 700 руб., аднак частка гэтых грошаў існавала толькі на паперы. У 1860-я г. паводле Палажэння аб дзярж. і ўдзельных сялянах падаткі на валасныя вучылішчы сталі неабавязковыя. Пазбаўленыя сродкаў, валасныя вучылішчы спынілі дзейнасць (засталіся толькі ў прыбалтыйскіх губернях).

А.​Ф.​Самусік.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ Створаны ў 1932 як секстэт домраў з артыстаў аркестра рус. нар. інструментаў Бел. радыёкамітэта. У рэпертуары творы рус. і зах.-еўрап. класікі, апрацоўкі фальклору народаў б. СССР. У 1935 удзельнічаў у першых запісах бел. музыкі на грампласцінкі (інстр. і вак. творы бел. кампазітараў, апрацоўкі бел. нар. песень у выкананні Л.​Александроўскай, І.​Балоціна, М.​Дзянісава, Р.​Млодак, В.​Несцярэнкі, М.​Пігулеўскага). Выступаў таксама з хорам Бел. радыё. У 1941—44 не працаваў. З 1971, пасля ўключэння ў ансамбль арфы, баяна, цымбалаў і ўдарных інструментаў, сучасная назва. Рэпертуар узбагачаецца за кошт пералажэнняў сусв. папулярнай музыкі розных кірункаў. Кіраўнікі: Г.​Лабанок (з 1938), Г.​Жыхараў (з 1946), Л.​Смялкоўскі (з 1960), А.​Халшчанкоў (1976—79), Я.​Валасюк (1983—91), А.​Арабей (з 1995). Сярод салістаў (1998): Г.​Радзько, Т.​Пячынская. В.​Кучынскі, А.​Золатава.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1982.

Н.​Я.​Бунцэвіч.

Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАНТА́БІЛЕ»,

бел. ансамбль старадаўняй музыкі. Створаны ў 1976 у Мінску. Арганізатар і маст. кіраўнік Г.​Гедыльтэр. У складзе ансамбля (1998): Гедыльтэр (флейта), Я.​Віданаў (флейта), А.​Маскаленка (скрыпка), І.​Жукоўскі (віяланчэль), К.Шараў (клавесін і арган). Доўгі час у калектыве працавалі С.​Драбкін (віяланчэль, да 1995) і П.​Сакін (скрыпка, да 1996). У рэпертуары тэматычныя праграмы акрэсленай стыліст. накіраванасці («І.​С.​Бах і Г.​Ф.​Гендэль», «Музыка Еўропы да І.​С.​Баха», «Музычны Парыж 18 ст.», «Музыка барока», «Італія 17—18 ст.», «Руская музыка 17—18 ст.»). Упершыню выканаў многія творы «Полацкага сшытка» — помніка бел. быт. музыкі 17 ст. Пастаянна ўзбагачае рэпертуар за кошт раней невядомых твораў бел. музыкі (Серэнада, Дывертысмент у 3 частках, Санаціна, 2 паланэзы Мацея Радзівіла, 12 песень Міхала Казіміра Агінскага ў пералажэнні для ансамбля і інш.). У 1992—96 калектыў запісаў 4 кампакт-дыскі, сродкі ад рэалізацыі якіх пералічаны ў фонд дапамогі дзецям, пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы.

т. 7, с. 601

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕ́ЛЬНЫ КАДА́СТР, Дзяржаўны зямельны кадастр,

сістэма дакументаў і неабходных звестак аб прававым рэжыме зямель, іх размеркаванні па ўласніках, землеўладальніках, землекарыстальніках і па катэгорыях зямель, а таксама аб якасных характарыстыках і нар.-гасп. каштоўнасці зямель, якія маюць абавязковае значэнне для ўсіх суб’ектаў зямельных адносін і зацверджаны спец. упаўнаважанымі дзярж. органамі. Гэтыя звесткі фарміруюцца ў выніку тапографа-геад., аэрафотагеад., глебавых, геабат. і інш. абследаванняў, аграметэаралагічных назіранняў, рэгістрацыі землеўладанняў, землекарыстанняў і прыватных зямельных участкаў, уліку і ацэнкі зямель. Парадак вядзення З.к. ўстанаўліваецца ўрадам. У Рэспубліцы Беларусь З.к. вядзецца за кошт сродкаў дзярж. бюджэту з мэтай забеспячэння дзярж. органаў, устаноў і інш. суб’ектаў гаспадарання дакладнымі звесткамі пра канкрэтны зямельны ўчастак, яго рацыянальнага выкарыстання і аховы, абгрунтавання памераў платы за зямлю і інш. У зямельным заканадаўстве вызначаны крыніцы інфармацыі, што ўключаюцца ў кадастр, формы кадастравай дакументацыі, перыядычнасць абнаўлення кадастравых звестак і інш. Службовыя асобы нясуць юрыд. адказнасць за дакладнасць звестак, якія знаходзяцца ў зямельна-кадастравай кнізе раёна (горада).

В.​М.​Заркоў.

т. 7, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)