метамарфічная горная парода, складзеная пераважна з кварцу. Прадукт перакрышталізацыі кварцавых пясчанікаў і інш. крэменязёмістых адкладаў або замяшчэння кварцам парод інш. зыходнага складу. Мае больш як 97% аксіду крэмнію, SiO2. Трываласць на сцісканне 100—450 МПа, вогнетрываласць да 1770 °C. Залягаюць у выглядзе суцэльных пластоў вял. працягласці. Найб. характэрны для адкладаў пратэразою. Змяшчаюць радовішчы медзі, золата, серабра, сернага калчадану, жалеза (радовішчы Крывога Рога на Украіне, Курскай магн. анамаліі ў Расіі, Аколаўскае на Беларусі і інш.). Выкарыстоўваюцца для вытв-сці вогнетрывалых вырабаў (дынас), атрымання метал. крэмнію, як флюс у металургіі, кіслотатрывалы матэрыял, буд. (у т. л. дэкаратыўны) камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́Н,
археалагічныя помнікі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў, эпохі Кіеўскай Русі (паселішчы, гарадзішча і селішча) каля в.Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Паселішчы належалі плямёнам верхнедняпроўскай культуры і сярэднедняпроўскай культуры. Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі ў цэнтры. Знойдзены крамянёвыя прылады працы і інш. вырабы, ляпны арнаментаваны посуд. Гарадзішча ўмацавана падковападобным валам. Як і селішча, яно належала носьбітам мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і насельніцтву часоў ранняга сярэдневякоўя. Знойдзены ляпная і ганчарная кераміка, вырабы з жалеза і бронзы, фрагменты шкляных бранзалетаў. Даследчыкі лічаць, што тут, магчыма, знаходзіўся летапісны Лучын. На селішчы знойдзены фрагменты ляпных і ганчарных гаршкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НАС-ЖЭРА́ЙС (Minas Gerais),
1) буйнейшы жалезарудны раён у паўд,ўсх.ч. Бразіліі (штат Мінас-Жэрайс). Руды — жалезістыя кварцыты (ітабірыты) і гематытавыя. Адкрыты ў 1910, распрацоўваецца з 1934. Пл. каля 7 тыс.км². Уключае 125 радовішчаў. Агульныя запасы гематытавых руд (з сярэдняй колькасцю жалеза больш за 64%) — 4,5 млрд.т, ітабірытаў (45%) — каля 23,5 млрд.т. Гал. радовішчы ў раёнах Ітабіра, Пірасікаба, у даліне р. Параапеба.
2) Рэдкаметальны рудны раён у Бразіліі, на Пн штата Мінас-Жэрайс. Гал. радовішчы Араша, Тапіра. Латэрытныя коры выветрывання. Запасы ніобіевых руд на радовішчы Араша (пл. 16 км²) — 462 млн.т, пры сярэднім змяшчэнні Nb2Os 2,5%. Распрацоўваецца з 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад грэч. piezō цісну + магнетызм),
п’езамагнітны эфект, узнікненне ў рэчыве намагнічанасці пад уздзеяннем знешняга ціску. Адкрыты ў 1959 В.-А.С.Баравік-Раманавым. Магчымы толькі ў антыферамагнетыках і прынцыпова немагчымы ў парамагнетыках і дыямагнетыках. Узнікае з прычыны скосу антыферамагн. падрашотак ці адноснай змены значэння іх намагнічанасці. Выяўлены ў фтарыдзе кобальту CoF2, фтарыдзе марганцу MnF2, аксідзе жалеза α-Fe2O3. Намагнічанасць Ji у іх прапарцыянальная прыкладзенаму мех. напружанню σkl : Ji = Λikl∙σkl. П’езамагнітны эфект невялікі — макс. значэнне каэфіцыента Λikl (у CoF2) ~2∙10−12Тл∙м²/H. Адваротным адносна П. эфектам з’яўляецца лінейная магнітастрыкцыя — лінейнае змяненне памераў крышталя, прапарцыянальнае прыкладзенаму магн. полю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЦІНА САМАРО́ДНАЯ,
мінерал класа самародных элементаў. У крышталёвай структуры П.с. плаціна з’яўляецца металам-растваральнікам. Мінералы П.с.: цвёрдыя растворы жалеза ў плаціне — уласна П.с. (Pt больш за 80%), жалезістая плаціна (Fe 20—50%), ізафераплаціна (Pt3Fe), тэтрафераплаціна (PtFe); ірыдыстая плаціна (10,4—37,5% Ir), паладыстая плаціна (14—40% Pd), паладыстая станаплаціна (16—23% Sn і 17,2—20,9% Pd) і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Украпанікі, у россыпах — зерні. Колер сталёва-шэры, сярэбрана-белы. Цв. 3,5—5,5. Шчыльн. 13,1—21,5 г/см³. Коўкі. Найб. самародкі знойдзены на Урале ў дунітах (маса 427,5 г) і алювіяльных россыпах (9635 г) Мінералы П.с. канцэнтруюцца ў радовішчах плацінавых руд. Сыравіна на плацінавыя металы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРПЕНЦІ́Н [ад лац. serpens (serpentis) змяя],
мінерал падкласа слаістых сілікатаў, Mg3[Si2O5](OH)4. Змяшчае аксід магнію MgO да 43%, прымесі жалеза, алюмінію, нікелю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае скрытакрышт. шчыльныя масы, агрэгаты зблытана-валакністыя, паралельна-валакністыя, лускавінкавыя і інш.Гал. структурныя разнавіднасці С. — антыгарыт (мікралускаватая, пласціністая), лізардыт (тонказярністая) і хрызатыл (тонкавалакністая). Колер зялёны розных адценняў, зрэдку белы, жоўты, блакітны і лілова-сіні (хрызатыл-азбест). Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,55 г/см³. Утвараецца пры метасаматычных працэсах з удзелам гідратэрмальных раствораў за кошт змены ультраасн. парод. С. — частка пароды серпенцініт. Крыніца здабычы нікелю; выкарыстоўваецца як абліцовачны і вырабны камень. Гл. таксама Азбест.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІКА́ТНЫЯ ФА́РБЫ,
суспензіі пігментаў, напаўняльнікаў і інш. дабавак у водным растворы сілікатаў шчолачных металаў (шкле вадкім). Для атрымання С.ф. звычайна выкарыстоўваюць каліевае вадкае шкло K2O∙mSiO2∙nH2O∙(m ≥ 3, n = 2—5), шчолача- і святлоўстойлівыя пігменты і напаўняльнікі, пераважна аксіды, гідраксіды і карбанаты цынку, жалеза, алюмінію і тытану, метал. парашкі. Наносяць С.ф. на паверхню пры дапамозе распыляльніка, пэндзля або валіка ў 2—3 слоі. Утвараюць даўгавечныя вогнезасцерагальныя пакрыцці. Выкарыстоўваюць у буд-ве для вонкавых і ўнутр. работ, некат., т. зв. пратэктарныя, С.ф. для засцярогі ад карозіі метал. вырабаў (труб гарачага і халоднага водазабеспячэння, падводнай часткі карпусоў марскіх суднаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЮ́ХА,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1978), жалезістая мінеральная лінза. Размешчана за 2 км на ПнЗ ад в. Астравы Вілейскага р-на Мінскай вобл., на аднайм. балоце, у пойме р. Зуйка Даўж. да 100 м, шыр. 50—60 м, магутнасць тоўшчы да 20 см, глыб. залягання 1,1 м. Характарызуецца жалезістай мінералізацыяй у тарфяным пакладзе, якая прадстаўлена калоідным протамагнетытам, гнёздамі гематыту і магнетыту, а таксама калоідным і зярністым сцяжэннямі сідэрыту і вівіяніту. Канцэнтрацыя мінералаў жалеза да 40%. С. — адзінае ва Усх. Еўропе месцазнаходжанне жалезістай мінералізацыі, якая ўтварылася ва ўмовах павышаных гідрадынамічных уласцівасцей адкладаў. Пры змене фізіка-хім. умоў асяроддзя мінералізацыя пераўтворыцца ў балотную руду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІХАТЭ́-АЛІ́НСКІ МЕТЭАРЫ́Т,
жалезны метэарыт, які ўпаў 12.2.1947 у заходніх адгор’ях Сіхатэ-Алінскага хрыбта.
Выпаў у выглядзе метэарытнага дажджу, які ўтварыўся ад драбнення асн. масы на выш. 4—5 км над Зямлёй. Падзенне суправаджалася ўспышкамі святла і выбухамі. Найбольшыя яго экзэмпляры ўтварылі кратэры дыяметрам ад 4 м да 28 м, дробныя рассеяліся на плошчы каля 3 км². Агульная маса метэарытнага рэчыва прыкладна 70 т, маса асколкаў і асобных экзэмпляраў, знойдзеных на плошчы падзення, 37 т, найбольшы з іх 1745 кг. Складаўся з жалеза (93%), нікелю (6%) і невял. колькасці фосфару, кобальту, серы і медзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́ЛІНА,
прадукт акіслення паверхні металаў, сплаваў пры ўзаемадзеянні з вонкавым асяроддзем. Звычайна акалінай наз. прадукт акіслення жалеза і яго сплаваў. У шырокім сэнсе акаліна — хім. злучэнні, утвораныя на паверхні любога металу пры яго рэакцыі з акісляльнікамі (кіслародам, серай, азотам і інш.). Пагаршае якасць паверхні і прыводзіць да страты металу (каля 6%); у некаторых выпадках выкарыстоўваюць яе ахоўныя ўласцівасці (гл.Аксідаванне). Акаліна, што ўтвараецца на паверхні металу ў час пракаткі, коўкі, штампавання, выкарыстоўваецца ў канвертарнай, доменнай ці мартэнаўскай вытв-сці. З акаліны кіпячых сталяў атрымліваюць жалезны парашок, які выкарыстоўваюць у магн. дэфектаскапіі, парашковай металургіі. Спец. апрацоўкай з акаліны легіраваных сталяў і сплаваў вылучаюць каштоўныя металы. Акаліны здымаюць мех. спосабам, траўленнем ці электрагідраўлічнай апрацоўкай.