КО́ДЭКС АБ ШЛЮ́БЕ І СЯМ’І́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КаШС),
адзіны сістэматызаваны заканад. акт Рэспублікі Беларусь, які змяшчае нормы, што рэгулююць шлюбныя і сямейныя адносіны. Прыняты Вярх. Саветам БССР 13.6.1969 і дзейнічае з 1.11.1969 з наступнымі зменамі і дапаўненнямі. Складаецца з прэамбулы і 5 раздзелаў: агульныя палажэнні; шлюб; сям’я; акты цывільнага стану; прымяненне нац. заканадаўства аб шлюбе і сям’і да замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама прымяненне законаў аб шлюбе і сям’і замежных дзяржаў і міжнар. дагавораў і пагадненняў. Нормы КаШС устанаўліваюць парадак і ўмовы ўзяцця шлюбу, падставы яго спынення і прызнання несапраўдным, рэгулююць асабістыя і маёмасныя адносіны паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, інш. родзічамі, рэгламентуюць пытанні, якія ўзнікаюць у сувязі з усынаўленнем, апекай, папячыцельствам, запісам актаў цывільнага стану.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 8, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЗМ,
сукупнасць канцэпцый, аснову якіх складаюць палажэнні аб фізічнай і псіхічнай няроўнасці чалавечых рас і ўплыве расавых адрозненняў на гісторыю і культуру грамадства, аб спрадвечным падзеле людзей на вышэйшыя і ніжэйшыя расы. Сцвярджае, што вышэйшыя расы з’яўляюцца адзінымі стваральнікамі цывілізацыі і закліканымі да панавання, а ніжэйшыя не здольны да стварэння і нават да засваення высокай культуры і асуджаны на эксплуатацыю. Першая расісцкая канцэпцыя распрацавана французам Ж.А.Габіно, які абвясціў арыйцаў «вышэйшай расай» («Эсэ аб няроўнасці чалавечых рас», 1884). У далейшым Р. пераплёўся з сац. дарвінізмам, мальтузіянствам, еўгенікай (Д.Хайкрафт і Б.Кід у Вялікабрытаніі, Ж.Лапуж у Францыі, Л.Вольтман, Х.Чэмберлен, О.Аман у Германіі). Стаў афіц. ідэалогіяй фашызму выкарыстоўваецца для апраўдання расавай дыскрымінацыі, сегрэгацыі і апартэіду. Р. асуджаны Міжнар. супольнасцю. Гл. таксама Нардызм.
т. 13, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНСКАЯ СЛУ́ЖБА,
выкананне грамадзянамі ўстаноўленага законам абавязку воінскага. У Рэспубліцы Беларусь воінская служба — канстытуцыйны абавязак грамадзян і актыўная форма выканання імі свайго доўгу па абароне Айчыны. Праходжанне яе вызначаецца законам аб воінскім абавязку і ваен. службе і інш. заканад. актамі. На Беларусі воінская служба складаецца з абавязковай ваеннай службы і службы ў запасе. У некаторых краінах рэгламентуецца законамі аб воінскай павіннасці, а таксама кантрактамі, якія заключаюцца на пэўны тэрмін пры найме на воінскую службу.
т. 4, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́СНАСЦЬ СУДАВО́ДСТВА,
адкрыты разбор спраў ва ўсіх судах; адзін з асн. дэмакр. прынцыпаў судовага працэсу. Прынцып галоснасці судаводства абвешчаны ў большасці развітых краін. У Рэспубліцы Беларусь замацавана ў Канстытуцыі, законе аб судаўладкаванні і ў інш. прававых актах. Закрыты суд. разбор дапускаецца толькі ў выпадках, устаноўленых заканадаўствам (калі гэтага вымагае неабходнасць захавання дзяржаўнай тайны, па справах аб палавых злачынствах і ў інш. выпадках, дзе закранаюцца інтымныя бакі жыцця асоб, якія ўдзельнічаюць у справе).
Э.І.Кузьмянкова.
т. 4, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ФЕ (Барыс Ісакавіч) (23.11.1918, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 12.12.1943),
бел. літ.-знавец. Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1937—41). Загінуў на фронце. Даследаваў бел. л-ру 19 ст., творчасць Я.Купалы: арт. «Літаратурна-гістарычнае значэнне «Тараса на Парнасе», «Паэма «Тарас на Парнасе» Аб часе і месцы напісання і гісторыка-літаратурным значэнні», «Аб рамантызме Купалы», «Лірычная паэма Купалы «Яна і я» (усе 1940).
Літ.:
Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 53—54.
т. 7, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНЫЯ СПРЭ́ЧКІ,
спрэчкі, якія ўзнікаюць паміж работнікамі і наймальнікам па пытаннях прымянення заканадаўства, інш. нарматыўных актаў аб працы, калектыўнага дагавору і інш. пагадненняў аб працы. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь індывідуальныя П.с. разглядаюцца камісіямі па працоўных спрэчках і судамі (індывід. П.с. некат. катэгорый работнікаў разглядаюцца ў асобным парадку). Парадак разгляду індывід. П.с. рэгулюецца КЗаП, а ў судах вызначаецца таксама і Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Калект. П.с. (канфлікты) вырашаюцца ў парадку, які ўстанаўліваецца заканадаўствам.
т. 13, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСМУРГІ́Я (ад грэч. desmos сувязь, павязка + ergon справа),
вучэнне аб павязках і метадах іх накладання пры пашкоджаннях і хваробах.
т. 6, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДАВЕ́ЦКІ ДАГАВО́Р,
пісьмовае пагадненне паміж аўтарам і выдавецтвам аб выданні ці перавыданні твора ў арыгінале. Адзін з відаў аўтарскага дагавора.
т. 4, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКІ ДАГАВО́Р 1936 аб дружбе і саюзе.
Падпісаны 26 жн. ў Лондане. Пашыраў самастойнасць Егіпта ва ўнутр. і знешніх справах: скасоўваўся інстытут англ. саветнікаў пры ўрадзе Егіпта, павялічвалася егіп. армія, Англія абавязвалася падтрымаць хадайніцтва Егіпта аб уступленні ў Лігу Нацый, фармальна спынялася акупацыя Егіпта англ. войскамі. Адначасова дагавор захоўваў асн. ваен. пазіцыі англічан (у зоне Суэцкага канала ёй дазвалялася трымаць да 10 тыс. войска). Дэнансаваны Егіптам у 1951. Англія прызнала яго адмену па Англа-егіпецкім пагадненні 1954.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМС ((Adams) Джон) (19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),
дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.
т. 1, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)