ЛАБО́ЙКА Іван Мікалаевіч
(2.7.1786, г.п. Золачаў Харкаўскай вобл., Украіна — 27.6.1861),
гісторык, літаратуразнавец, лінгвіст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1810). У 1815 чыноўнік па асобых даручэннях у прэзідэнта Дзярж. савета Царства Польскага Вялінскага, потым на дзярж. службе ў Пецярбургу. У 1822—40 праф. Віленскага ун-та, Мед.-хірургічнай і Духоўнай рымска-каталіцкай акадэмій у Вільні. У 1820—30-я г. садзейнічаў пашырэнню рус.-бел.польскіх культ. сувязей, прапанаваў ідэю комплекснага вывучэння Беларусі і Літвы. Цікавіўся бел. фальклорам. Як «вучоны карэспандэнт» графа М.П.Румянцава быў ініцыятарам шэрагу гіст.-археал. экспедыцый па зах. Беларусі, у выніку якіх з’явіліся працы «Апісанне польскіх і літоўскіх гарадоў» і «Даследаванне аб Літве». Аўтар публікацый «Аб важнейшых выданнях Герберштэйна запісак аб Расіі» (СПб., 1818), «Збор расійскіх вершаў» (Вільня, 1827) і інш.
Д.У.Караў.
т. 9, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)