род адна- і шматгадовых травяністых раслінсям. бабовых. Вядома 6 відаў, пашыраных у Еўразіі і Афрыцы. Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць пераважна гарох пасяўны (P. sativum), каштоўны харч. прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне. Вырошчваюць як кармавую расліну таксама гарох палявы, або пялюшку. Пашыраны ў Расіі, на Украіне, Беларусі, у Кітаі, Індыі, ЗША.
Гарох пасяўны — аднагадовая расліна, з лазячым сцяблом выш. 0,2—2 м. Лісце парнаперыстае. Кветкі ад белага да пурпурова-фіялетавага колеру, у гронках. Плод — струк. Зерне круглае, белае, жоўтае або зялёнае, мае 22—27% бялку, каля 50% крухмалу, тлушч, карацін, вітаміны B1, B2, С. Холадаўстойлівая (усходы пераносяць замаразкі да -6 °C), вільгацялюбная, азотфіксавальная расліна Вырошчваецца на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах з блізкай да нейтральнай і нейтральнай рэакцыяй. Раянаваныя сарты: на зерне — Уладаўскі 6, Працаўнік, Асілак чэшскі, Белус, Агат і інш.; агароднінныя — Варонежскі зялёны, Выдатны 240, Арагумскі, Савінтэр 1, Паўднёвы 47, Альфа, Віёла, Агароднінны 76.
Літ.:
Генетика и селекция гороха. Новосибирск, 1975;
Зернобобовые культуры в интенсивном земледелии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ПО́ШУКІкарысных выкапняў,
метады пошуку карысных выкапняў, заснаваныя на заканамернасцях размеркавання і міграцыі хім. элементаў у верхніх слаях зямной кары. Падзяляюцца на літагеахім., гідрахім., біягеахім., газагеахім. (атмахім.), а таксама радыёметрычныя метады. Гэтыя метады заснаваны на тым, што ў пакладах карысных выкапняў канцэнтрацыя пэўных хім. элементаў значна вышэйшая за мясц.геахім. фон (які блізкі да лічбаў кларкаў), што вядзе да ўтварэння арэолаў рассейвання элементаў і геахімічных анамалій.
Літагеахім. метады грунтуюцца на вывучэнні першасных і другасных арэолаў рассейвання ў карэнных рудазмяшчальных пародах, паверхневых адкладах і глебах. Гідрагеахім. метады пошукаў — выяўленне павышаных канцэнтрацый хім. элементаў у падземных водах. Біягеахім. метадамі даследуюцца арэолы, што ўтвараюцца ў раслінах шляхам міграцыі элементаў з радовішча праз падземныя воды і глебу, або пры кантакце каранёў раслін з рудным целам. Газагеахім. метады (газавая здымка) выяўляюць канцэнтрацыю лятучых злучэнняў у зоне гіпергенезу пераважна пры пошуках радовішчаў нафты і газу. Радыёметрычным метадам вымяраюць інтэнсіўнасць і даследуюць спектр гама-, бэта- і альфа-выпрамяненняў ядраў прыродных радыенуклідаў. Геахімічныя пошукі выкарыстоўваюцца на ўсіх стадыях геолагапошукавых работ — ад рэгіянальнай геал. здымкі да дэталёвай і эксплуатацыйнай разведкі радовішчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯБІЯЛО́ГІЯ (ад гелія... + біялогія),
раздзел біялогіі, які вывучае сувязі сонечнай актыўнасці з рознымі з’явамі ў біясферы Зямлі. На існаванне такіх сувязей указваў у канцы 19 ст.Арэніус, навукова абгрунтаваў гэтую з’яву ў 1915 А.Л.Чыжэўскі — адзін з заснавальнікаў геліябіялогіі. Сонца ўплывае на жывыя арганізмы непасрэдна (электрамагнітныя выпрамяненні і пратоны высокіх энергій сонечных успышак) або ўскосна праз уплыў сонечнай радыяцыі на іанасферу, магнітасферу і атмасферу Зямлі. Геліябіялогія вывучае ролю гэтых фактараў у функцыянаванні біял. сістэм, іх заканамернасці і механізмы дзеяння. Выяўлена перыядычнасць біял. працэсаў, звязаная з 11-гадовым і больш працяглымі цыкламі сонечнай актыўнасці, а таксама з 27-сутачным абарачэннем Сонца вакол сваёй восі. Лічаць, што сонечная актыўнасць уплывае на ваганні ўзроўню захваральнасці, смяротнасці і функцыянальны стан нервовай сістэмы людзей, на ўраджайнасць раслін, інтэнсіўнасць размнажэння і міграцыі жывёл і інш. Гэтыя з’явы могуць перыядычна паўтарацца або мець аперыядычны характар, які звязваюць з уплывам геамагнітных бур, што ўтвараюцца пасля ўспышак на Сонцы. Вывучэнне прыроды і прагназаванне з’яў геліябіялогіі важныя для экалогіі, касм. біялогіі, сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫЁЛУС, шпажнік (Gladiolus),
род кветкавых раслінсям. касачовых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўн. Афрыцы, Еўропе, Усх. Азіі. У Беларусі ўсюды зрэдку трапляецца гладыёлус чарапіцавы (G. imbricatus) і вельмі рэдка (у Белавежскай пушчы, наваколлях гарадоў Магілёў і Рагачоў) гладыёлус балотны (G. palustris). Растуць на вільготных лугах, лясных палянах, каля балот, у хмызняках. Гладыёлус чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, гладыёлус балотны лічыцца зніклым. У калекцыі Цэнтр.бат. саду Нац.АН Беларусі больш за 600 сартоў гладыёлуса гібрыднага (G. hybridus). У сусв. селекцыі — больш за 10 тыс. сартоў.
Шматгадовыя клубнецыбульныя прыгожаквітучыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. 20—220 см. Клубнецыбуліна круглаватая або пляскатая, з 2—3 плевачнымі ці валакністымі абалонкамі, якія штогод аднаўляюцца. Лісце лінейна-мечападобнае, зялёнае або блакітна-зялёнае. Кветкі лейкападобныя, разнастайнай афарбоўкі, у некат. відаў пахучыя, сабраныя па некалькі (ад 2—5 да 40) у адна- ці двухбаковае коласападобнае суквецце. Плод — 3-створкавая шматнасенная каробачка. Размнажаюцца вегетатыўна (клубнецыбулінамі і «дзеткамі») і насеннем. Выкарыстоўваюць на зразанне, нізкарослыя — для бардзюраў і груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА,
навука пра глебы, іх склад, уласцівасці, паходжанне, развіццё, геагр. пашырэнне, рацыянальнае выкарыстанне.
Як навука пачала развівацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Германіі, калі з’явіліся тэорыі гумуснага (А.Тэер) і мінер. (Ю.Лібіх) жыўлення раслін. Генетычны і агранамічны кірункі глебазнаўства атрымала ў Расіі ў 2-й пал. 19 ст. ў працах В.В.Дакучаева, П.А.Костычава, В.Р.Вільямса і інш.
На Беларусі даследаванні па глебазнаўству пачаліся ў сярэдзіне 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це. Вядуцца ў Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (з 1969 каардынатар работ па вывучэнні глеб Беларусі), а таксама на кафедрах глебазнаўства БДУ, Бел.с.-г. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-та. Развіццю навук. глебазнаўства садзейнічалі працы І.С.Лупіновіча, П.П.Рагавога, А.Р.Мядзведзева, М.П.Булгакава, У.М.Пілько, С.Н.Іванова, Т.Н.Кулакоўскай, Т.А.Раманавай, І.М.Багдзевіча, М.І.Смяяна і інш. Складзены глебавыя карты і аграхім. картаграмы с.-г. угоддзяў кожнай гаспадаркі, адм. раёна і вобласці Беларусі. Праведзена баніціроўка глеб, складзены карты глебава-геаграфічнага раянавання і глебава-эразійныя карты. Вядзецца маніторынг змены асн. уласцівасцей глеб з мэтай распрацоўкі прагнозу іх рацыянальнага выкарыстання, у т. л. глеб, забруджаных радыенуклідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБЕ́НШЧЫК, тамарыкс,
тамарыск (Tamarix),
род кветкавых раслінсям. грабеншчыкавых. Каля 90 відаў. Пашыраны ў пустынях, паўпустынях і стэпах Паўд. Еўропы, Азіі і Паўн.-Усх. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукаваны 4 віды: грабеншчык галінасты (T. ramosissima, расце і ў Лошыцкім парку), Гагенакера (T. hohenackeri), Меера (T. meyeri), квітучы (T. florida). У бат. садах і парках на Беларусі трапляюцца таксама грабеншчык выцягнуты (T. elongata) і рыхлы (T. laxa). Цвітуць у чэрв., ліп., магчыма другаснае цвіценне ў вер., кастрычніку.
Шматгадовазялёныя або скідваюць на зіму парасткі, кусты ці дрэвы выш. да 10 м са шматлікімі тонкімі доўгімі галінкамі і глыбокай, моцна разгалінаванай каранёвай сістэмай. Лісце сядзячае, шараватае або крыху блакітнае. Кветкі дробныя, ружовыя, пурпуровыя, фіялетавыя, радзей белыя, сабраныя ў доўгія гронкі. Плод — трохстворкавая каробачка. Насенне дробнае, хутка траціць усходжасць. Размнажаецца чаранкамі і каранёвымі атожылкамі. Абмярзаюць, аднак добра аднаўляюцца. Дэкар. і кармавыя расліны. Добрыя меданосы. Кара і асабліва галы на лісці багатыя дубільнымі рэчывамі (да 47—50%). Драўніну выкарыстоўваюць для такарных работ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, дубільнікі,
рэчывы, якія выкарыстоўваюць для дублення скуры і футра. Паводле хім. прыроды адрозніваюць мінеральныя і арганічныя.
Мінеральныя Д.р. — солі хрому, алюмінію, цырконію, жалеза, тытану і інш. Выкарыстоўваюць пераважна злучэнні Cr(III) (хромавае дубленне), у асн. гідраксасолі (напр., гідраксід-сульфат CrOHSO4) ці камбінацыі іх з інш. дубільнікамі. Злучэнні цырконію (напр., сульфатацырканат натрыю Na4Zr(SO4)4) павышаюць вода- і зносаўстойлівасць скуры, робяць гладкім і шчыльным вонкавы бок. Арганічныя Д.р. падзяляюцца на простыя — альдэгіды (напр., фармальдэгід, глутаравы альдэгід), тлушчы рыб і марскіх жывёл (ворвань), і складаныя — раслінныя рэчывы (таніны), сінт. Д.р. і палімеры. Ворвані выкарыстоўваюць для вырабу натуральнай замшы (тлушчавае дубленне). Таніны атрымліваюць у выглядзе водных экстрактаў з кары, драўніны, лісця і пладоў некаторых раслін (дуба, вярбы, елкі, лістоўніцы, бадану і інш.). Чыста танінавае дубленне выкарыстоўваюць рэдка з-за працягласці працэсу. Замяняюць таніны і паскараюць працэс дублення сінт. Д.р. (напр., прадукты полікандэнсацыі рэзарцыну з фармальдэгідам). Палімерныя дубільнікі (напр., нізкамалекулярныя метылметакрылат і этылакрылат, карбаміда-, меламіна-, фенолфармальдэгідныя смолы і інш.). У камбінацыі з інш. Д.р. дазваляюць вырабляць скуры з паніжанай водапранікальнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ (Канстанцін Міхайлавіч) (17.2.1837, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 26.11.1896),
бел. вучоны-біёлаг, географ, геолаг і падарожнік. З роду Ельскіх. Скончыў Кіеўскі ун-т (1860). Адзін з першых у Расіі прыхільнікаў эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. Ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 на Украіне, у 1863 эмігрыраваў за мяжу. З 1865 у Франц. Гвіяне, з 1869 у Перу, вывучаў фауну гэтых краін. Удзельнічаў у стварэнні (1875) і дзейнасці (да 1879 хавальнік) прыродазнаўчага музея ў Ліме. Адкрыў новы від жывёлы Dinonys. Удасканаліў спосаб захоўвання насякомых, дасылаў сабраныя калекцыі насякомых, раслін, чучалы птушак, у музеі Еўропы. Як заолаг і геолаг працаваў у Турцыі, Германіі, Францыі. З 1880 у Кракаве: хавальнік прыродазнаўчых калекцый АН. У гонар вучонага названы адзін від лаўра — Ocotea Jelscii і некат. віды птушак і звяроў. Аўтар даследавання «Аб узаемнай залежнасці геалагічных з’яў» і кнігі «Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» (1898).
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЦІ́СТЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chrysophyta),
аддзел ніжэйшых раслін; прадстаўнікі фітапланктону. Каля 120 родаў. Больш за 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных водах; характэрны для кіслых вод сфагнавых балот; жывуць у морах і салёных азёрах, зрэдку ў глебе. Планктонныя, эпіфітныя, бентасныя арганізмы. З’яўляюцца важным звяном трафічнага цыкла вадаёмаў (першасныя прадуцэнты арган. рэчываў). На Беларусі 21 род, каля 50 відаў, напр., гіялобрыян, дынобрыян, кефірыян, маламонас, сінура, стэнакалікс, ураглена, урагленопсіс, хрызідаліс, тылахрызіс і інш.
Аднаклетачныя, каланіяльныя, радзей шматклетачныя арганізмы рознай формы. Рухомыя, плаваюць свабодна або прымацоўваюцца. Колер залаціста-жоўты, часам буравата-зялёны, радзей зеленавата-жоўты з-за хларафілу, жоўтых пігментаў (караціноідаў, фукаксанціну). Кветкі рознай формы, аднаядравыя, без цвёрдай абалонкі, некат. ў крэменязёмным лускавінкавым панцыры з іголкамі, шыпамі або ў «хатцы» (своеасаблівы панцыр). Маюць 1—2 (3—4) жгуцікі, скарачальныя вакуолі і вочка. Хларапластаў 1—2, пасценныя, карытападобныя. Запасныя рэчывы — хрызаламінарын і апей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі), палавое (іза-, гола-, аўтагамія). Большасць відаў аўтатрофы, ёсць гетэратрофы. Пры неспрыяльных умовах утвараюць крамяністыя цысты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,
участкі зямлі або воднай прасторы, якія выключаны з гасп. дзейнасці чалавека; катэгорыя ўсіх або часткі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. Размешчаныя ў межах З.т. прыродныя комплексы пэўнай навук. або культ. каштоўнасці маюць вял. значэнне для аховы і ўзнаўлення натуральных ландшафтаў, захавання генафонду жывёл і раслін. Асн. формы З.т.: батанічны сад, заказнік, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі, запаведнікі, помнікі прыроды, прыродныя нацыянальныя паркі, рэзерваты.
Правобразам З.т. у старажытнасці былі свяшчэнныя рытуальныя гаі, крыніцы, прыватныя ці грамадскія паляўнічыя ўгоддзі (пушчы, бабровыя, ласіныя «гоны» і інш.). Адзін з першых запаведных лясных масіваў Еўропы — Белавежская пушча, першы нац. парк у свеце — Йелаўстонскі нацыянальны парк. У многіх краінах свету існуюць 1—3 нац. паркі, шмат дзярж., грамадскіх і прыватных запаведнікаў, напр., у Нідэрландах 988, у Францыі каля 3 тыс. запаведнікаў і заказнікаў. Агульная пл. буйных З.т. у свеце 2,4 млн.км! (каля 1,6% сушы).
На Беларусі (на 1.9.1997) існуюць Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, 3 нац. паркі — Белавежская пушча, Браслаўскі і Прыпяцкі і 85 заказнікаў агульнай пл. 1192,9 га.