ПУ́ХТА ((Puchta) Георг Фрыдрых) (31.8.1798, г. Кадальцбург, Германія — 8.1.1846),
нямецкі юрыст, паслядоўнік Ф.К.Савіньі, прадстаўнік гістарычнай школы права. Выкладаў права ва ун-тах Германіі, да канца жыцця быў праф. Берлінскага ун-та, дзярж. саветнікам і членам камісіі па рэформе заканадаўства Прусіі. Працы П. прысвечаны гісторыі рымскага права, а таксама цывільнаму і звычаёваму праву. Дзяржаву і права разглядаў як параджэнне містычнага «народнага духу», асн. задачу юрыстаў бачыў у пагадненні права з «развіццём народа», перасцерагаў супраць «раптоўнага» (рэвалюцыйнага) абнаўлення феад. заканадаўства Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁНАВІГАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
комплекс радыётэхнічных сродкаў для рашэння задач радыёнавігацыі. Найб. пашыраныя Р.с. рознасна-дальнамерныя (гіпербалічныя; дазваляюць вызначыць каардынаты па розніцы адлегласцей ад аб’екта да 2 пар наземных радыёстанцый, якія працуюць сінхронна) і вугламерна-дальнамерныя (палярныя; каардынаты вызначаюцца па адлегласцях да 2 наземных радыёстанцый, напр., радыёмаякоў). Існуюць таксама спадарожнікавыя Р.с. (напр., сістэмы другога пакалення GPS (НАВСТАР) у ЗША і ГЛОНАСС у Расіі). У параўнанні з астр., інерцыяльнымі навігацыйнымі сістэмамі вызначаюцца высокай дакладнасцю вымярэнняў, незалежнасцю паказанняў ад метэаралагічных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗО́ГРАФ,
высокаскарасны лічбавы размнажальны апарат; адзін са сродкаў размнажальнай тэхнікі. Мае высакаякасныя сканер і прынтэр. Арыгінал для Р. — тэкставы ці тонавы дакумент (у т. л. нестандартных памераў), таксама кнігі і фатаграфіі. Мае 5 узроўняў кантрасту (кантраст пры сканіраванні настройваецца ў адпаведнасці з яркасцю арыгінала). Маштаб адбіткаў — ад удвая паменшаных да ўдвая павялічаных у параўнанні з арыгіналам. Пры апрацоўцы дакументаў вырабляецца прамежкавая матрыца, з якой робіцца зададзеная колькасць копій. Можа апрацоўваць адначасова 2 арыгіналы, рабіць 2 копіі з арыгінала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫКЕ́ТСІІ (Rickettsiaceae),
сямейства бактэрый. Названыя імем амер. мікрабіёлага Х.Т.Рыкетса, які апісаў узбуджальніка плямістай ліхаманкі Скалістых гор.
Тыповы род Rickettsia — пераважна кокападобныя або палачкападобныя клеткі. Нерухомыя, грамадмоўныя. Размнажаюцца дзяленнем. Аблігатныя (абавязковыя) унутрыклетачныя паразіты членістаногіх (асабліва блох, вошай, кляшчоў) і цеплакроўных жывёл; ужываюць пажыўныя рэчывы з арганізма гаспадара. Узбуджальнікі сыпнога тыфу, клешчавага рыкетсіёзуПаўн. Азіі, плямістай ліхаманкі Скалістых гор, ліхаманкі Ку і інш. цяжкіх захворванняў чалавека і жывёл. Таксама Р. наз. рыкетсіяпадобныя бактэрыі парадкаў Rickettsiales і Chlamydiales.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГУЛЯ́ТАР (ад лац. regulo прыводжу ў парадак, наладжваю) аўтаматычны, прыстасаванне (комплекс прыстасаванняў), якое ажыццяўляе рэгуляванне аўтаматычнае. З дапамогай адчувальнага элемента (датчыка) Р. вымярае ўзбуральнае ўздзеянне (велічыню, што рэгулюецца) і праз пераўтваральнік ці выліч. прыстасаванне аказвае ўздзеянне, якое падаецца на рэгулявальны орган непасрэдна з адчувальнага элемента (Р. прамога ўздзеяння) або пасля папярэдняга ўзмацнення (Р. непрамога ўздзеяння). Таксама можа мець кампенсавальныя прыстасаванні, што забяспечваюць устойлівасць і неабходную якасць працэсу рэгулявання.
Аўтаматычны рэгулятар частаты вярчэння вала ў паравой машыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́КВІІ царкоўныя, прадметы рэліг. пакланення, якія звязваюцца з жыццём Хрыста, Багародзіцы ці святых. Да Р. адносяць таксамамошчы. Ушанаванне Р. узыходзіць да першабытных вераванняў (гл.Фетышызм). Царквой Р. прыпісваецца цудадзейная сіла (вылячэнне і інш.). Найб. культ Р. распаўсюджаны ў каталіцызме. У каталіцкіх храмах і кляштарах захоўваюць рэшткі адзення Хрыста, кавалачкі «крыжа, на якім ён быў распяты», цвікі, «якімі яго прыбівалі да крыжа», і інш. Храмы і кляштары, якія валодаюць Р., асабліва ўшаноўваюцца і прыцягваюць шматлікіх паломнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФРАКТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. refractus пераломлены + ...метрыя),
сукупнасць метадаў даследаванняў фіз. і хім. уласцівасцей рэчываў на аснове вымярэння пераламлення паказчыка святла; раздзел прыкладной оптыкі. Вымярэнні праводзяцца з дапамогай рэфрактометраў і двухпрамянёвых інтэрферометраў (для вымярэння паказчыка пераламлення з блізкімі да 1 значэннямі). Метады Р. выкарыстоўваюцца ў хіміі, фармацэўтычнай, харч. і інш. галінах прам-сці для вызначэння саставу і структуры рэчываў, а таксама для кантролю іх якасці; у аэра- і гідрадынамічных даследаваннях і аптычнай прам-сці — для праверкі аднароднасці рэчываў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЖАНЬ,
старажытная мера (адзінка) даўжыні. Назва ад стараж.-слав. «сягаці» — выцягваць, распасціраць рукі. С. карысталіся на Беларусі і ў Расіі з 11 ст. да ўвядзення метрычнай сістэмы мер (1918). Адрознівалі прамы С. — адлегласць паміж канцамі пальцаў выцягнутых (распасцёртых) рук (раўняўся 1,52 і 1,76 м) і касы — адлегласць паміж пальцамі нагі і рукі, выцягнутых па дыяганалі (2,16 і 2,48 м). У 18 — пач. 20 ст. 1 С. = 3 аршынам = 48 вяршкам =2,1336 м (гл.таксамаАршын, Вяршок).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЛАМА́НДЭР»
(Salamander),
абутковая кампанія Германіі, найбуйнейшая ў Зах. Еўропе па выпуску абутку. Вырабляе таксама сродкі догляду абутку, скураныя вырабы, хімікаты, вырабы з фарфору, займаецца страхавымі і фін. аперацыямі, гандлем. Засн. ў 1885 як абутковая ф-ка І.Сігле, з 1930 — сучасная назва. Размешчана ў г. Карнвестгайм. Мае 11 з-даў, у т. л. 8 у Германіі, даччыныя фірмы ў Швейцарыі, Аўстрыі і Францыі. Занята ў вытв-сці 3,3 тыс. чалавек. На Беларусі працуе сумеснае з «С». прадпрыемства «Белвест».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛІ ((Sully) Томас) (19.6.1783, г. Хорнкасл, Вялікабрытанія — 5.11.1872),
амерыканскі жывапісец. Вучыўся ў Бостане у Г.Сцюарта (1808) і ў Лондане ў Б.Уэста (1809). Працаваў пераважна ў Філадэльфіі. Пісаў партрэты, якім уласцівы рамант. адкрытасць вобразаў, мяккасць: партрэты маёра Томаса Бідла (1818), Томаса Джэферсана, «Парваны капялюш» (1820), а таксама карціны на тэмы амер. гісторыі («Вашынгтон на беразе Дэлавэра», 1818). Познім партрэтам уласцівы рысы салоннасці («Фані Кэмл у ролі Беатрычэ», 1833) або тэатралізаванага пафасу (партрэт каралевы Вікторыі, 1838).