ДАЛАПІ́КАЛА (Dallapiccola) Луіджы

(3.2.1904, г. Пазін, Славенія — 17.2.1975),

італьян. кампазітар, піяніст, педагог. Чл. Міжнароднага музычнага савета. Скончыў кансерваторыю ў Фларэнцыі (клас фп., 1924; кампазіцыі, 1931), у 1934—67 выкладаў у ёй (прафесар), а таксама ў ЗША (1951—57), на летніх курсах Моцартэума ў Зальцбургу (1963—64). З 1930 канцэртаваў. У пач. творчасці схіляўся да італьян. неакласіцызму, потым выкарыстоўваў дадэкафонію, серыйную тэхніку, не адмаўляючыся ад дыятонікі і напеўнай мелодыкі. У многіх творах выяўляў свабодалюбныя памкненні асобы, пратэст супраць насілля (оперы «Начны палёт», 1940, «Вязень», 1948, «Уліс», 1968; кантата «Песні вязняў», 1941). З інш. твораў: балет «Марсій» (паст. 1948), містэрыя «Іоў» (1950), кантаты, хары, інстр. канцэрты.

т. 6, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)