калегіяльны орган кіравання агульнай кампетэнцыі ў губерні. Фактычна было дарадчым органам пры губернатару, які ўзначальваў губернскае праўленне. Уведзена ў ходзе губернскай рэформы 1775. На Беларусі губернскія праўленні ўтвораны: Магілёўскае і Полацкае ў 1778, Беларускае (у выніку аб’яднання Магілёўскай і Полацкай губ.) і Мінскае ў 1796, Гродзенскае, Віцебскае і Магілёўскае (адноўлена) у 1802. Займалася адм., паліцэйскімі, гасп., фінансавымі пытаннямі, урачэбным наглядам і інш. Фарміравалася шляхам прызначэння. Напачатку падпарадкоўвалася Сенату, потым Мін-ву ўнутр. спраў. Складалася з агульнай дзярж. установы (рашаючы орган) і канцылярыі. Пры губернскім праўленні знаходзіліся друкарня, архіў, рэгістратура, экзекутарская і гасп.-распарадчая часткі, урачэбная ўправа і інш. Скасавана пасля Лют.Рэв. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДА́ЙЦІС ((Gudaitis) Антанас Марціна) (29.7.1904, г. Шаўляй, Літва — 20.4.1989),
літоўскі жывапісец. Засл. дз. маст. Літвы (1961). Нар. мастак Літвы (1964). Нар. мастак СССР (1985). У 1926—29 вучыўся ў Каўнаскім ун-це і ў Каўнаскай маст. школе, у 1929—33 — у Нац. школе прыкладнога мастацтва ў Парыжы. Аўтар экспрэсіўных тэматычных кампазіцый, прасякнутых дынамікай жыцця: «Праца» (1929), «Рута адпачывае» (1962), «Па дарогах вайны» (1965—67), «Нявесты» (1981). Піша таксама пейзажы (трыпціх «Літоўскі пейзаж», 1937; «Вечар», 1963), партрэты, тэатр. дэкарацыі і інш. У творах Гудайціса паглыблены драматызм вобраза, псіхалагізм, узмоцненая роля фактуры жывапісу, колеру, сімволікі. Дзярж. прэмія Літвы 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТКО́ВІЧ (Аляксандр Залманавіч) (20.12.1920, в. Вярхоўе Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1989),
рэжысёр тэлебачання. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1949). Працаваў у бел. т-рах імя Я.Коласа і юнага гледача. З 1959 на Рэсп. студыі тэлебачання. У тэлевізійных пастаноўках, большасць якіх зроблена па творах бел. пісьменнікаў, імкнуўся дэталёва распрацаваць характары персанажаў набліжана да літ. першакрыніцы. З лепшых работ: тэлевізійныя спектаклі «Трэцяе пакаленне» паводле К.Чорнага (1964), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1965, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна (1968); тэлефільмы «Уся каралеўская раць» (1971, з Н.Ардашнікавым), а таксама паводле твораў П.Броўкі, А.Куляшова, В.Адамчыка, І.Пташнікава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д ГАРАДЗЕ́НСКІ (?—1326),
ваенны і дзярж. дзеяч ВКЛ, гал. ваявода вял. князя Гедзіміна. У ням. хроніках наз. кашталянам або старастам Гродзенскага замка і зяцем Гедзіміна, у пскоўскім летапісе — князем. На думку В.М.Тацішчава, быў сынам пскоўскага кн.Даўмонта. Упершыню ўпамінаецца ў хроніцы П.Дусбурга ў 1314, калі паспяхова ўзначальваў абарону Новагародка супраць крыжакоў Тэўтонскага ордэна. У 1319 узначальваў паход войска ВКЛ у Прусію, у 1323 двойчы прыходзіў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з Даніяй і Лівонскім ордэнам, а таксама зрабіў паход у Добжынскую зямлю ў Польшчы, у 1324 — у Мазовію, у 1326 дапамагаў польскаму каралю Уладзіславу Лакетаку супраць маркграфства Брандэнбург (Германія). У апошнім паходзе па-здрадніцку забіты мазавецкім рыцарам, верагодна, падкупленым крыжакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЙЦЫ, даране (Dōrieis),
адно з асноўных стараж.-грэч. плямён паўн.-зах. дыялектнай групы. Першапачаткова жылі ў Паўн. і Сярэдняй Грэцыі. На працягу 12 ст. да н.э. разам з інш.паўн. плямёнамі перасяляліся ў паўд.-зах. напрамку, што прывяло да выцяснення ахейцаў і знішчэння ахейскіх цэнтраў — Мікенаў, Тырынфа, Піласа і інш. Д. занялі вобласці Лаканіка, Месенія, Кінурыя, Аргаліда, Мегарыда (п-аў Пелапанес), Карынфія (Істмійскі перашыек), потым каланізавалі а-вы Родас, Крыт, Фера, Мелас, Кос, Калімнас, узбярэжжа М.Азіі (гарады Кнід, Галікарнас і інш.). У 8—6 ст. да н.э. аформіліся іх раннерабаўладальніцкія дзярж. аб’яднанні (Спарта, Аргас, полісы Крыта) і ўзніклі іх калоніі па-за межамі Грэцыі (напр., Сіракузы). Ад імя Д. паходзіць назва арх.дарычнага ордэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗІПРАСУ́ВЯЗЬ», Дзяржаўнае праектнае і навукова-даследчае прадпрыемства Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1968 як Мінскі аддзел комплекснага праектавання ін-та «Дзіпрасувязь» (Масква). З 1970 Мінскае аддзяленне маск. ін-та «Дзіпрасувязь-1», з 1989 ін-т «Дзіпрасувязь-6» Мін-ва сувязі СССР, з 1992 Дзярж.ін-т па вышуканнях і праектаванні збудаванняў сувязі «Дзіпрасувязь». З 1996 сучасная назва. Вядучы н.-д. і праектны ін-т у галіне сувязі, галаўная арг-цыя па метралогіі, стандартызацыі і сертыфікацыі сродкаў сувязі на Беларусі. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне прадпрыемстваў і збудаванняў сувязі, правядзенне н.-д. і доследна-канструктарскіх работ па стварэнні асобных відаў тэхнікі, сувязі, навук. забеспячэнне сістэмы стандартызацыі і сертыфікацыі тэхнікі сувязі, сертыфікацыя абсталявання электрасувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 27.12.1928, г. Новаўкраінка, Украіна),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1979). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык маст. фільмаў «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.Белавусавым), «Трэцяя ракета» (1963), «Праз могілкі» (1965, абодва з Я.Ігнацьевым), «Іван Макаравіч» (1968, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Бацька» (1972), «Братушка» (1976, з Л.Трапковым), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Развітальныя гастролі» і «Слава богу, не ў Амерыцы» (1992), «Тутэйшыя» (1993) і інш., а таксама тэлевізійных «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1974) і «Нас выбраў час» (3, 4. 5-я серыі, 1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖАЎНЫЯ ДАХО́ДЫ,
фінансавыя сродкі, якія паступаюць у дзярж.бюджэт і складаюць даходную частку цэнтралізаваных фін. рэсурсаў дзяржавы. Выкарыстоўваюцца дзяржавай для ажыццяўлення сваіх функцый. Утвараюцца ў асноўным за кошт чыстага даходу ў форме падатку з абароту, плацяжоў прадпрыемстваў і арг-цый з прыбытку, мытных даходаў, узносаў па сац. страхаванні, падаходнага падатку. Крыніцамі Дз.д. з’яўляюцца таксама даходы ад жыллёвага фонду, лясны даход, выручка ад рэалізацыі безгаспадарчай і канфіскаванай маёмасці, незапатрабаваных грузаў і паштовых адпраўленняў, маёмасці прадпрыемстваў, што ліквідуюцца, арг-цый і ўстаноў, даходы ад платных паслуг. Да Дз.д. належаць паступленні сум, якія перавышаюць даходы над расходамі па спец. сродках бюджэтных устаноў, ад арэнднай платы і інш. Адна з формаў папаўнення Дз.д. — замежныя пазыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВА (Лілія Сцяпанаўна) (н. 12.6.1927, г. Байрам-Алі, Туркменія),
бел. і рус. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1953), нар.арт. Расіі (1971). Скончыла Бел.тэатр.ін-т (1950). Працавала ў Бел. т-ры імя Я.Купалы. Выконвала ролі маладых гераінь. Яе знешнія даныя, сцэн. абаяльнасць, мяккасць, творчая індывідуальнасць спрыялі ўвасабленню на бел. сцэне нац. характару: Алена («Салавей» З.Бядулі), Дуня («Простая дзяўчына» К.Губарэвіча), Насця («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1952; і ў фільме-спектаклі). З інш. роляў: Таня («Таня» А.Арбузава), Галя («У добры час!» В.Розава), Ніна Зарэчная («Чайка» А.Чэхава). Знялася ў фільмах-спектаклях «Паўлінка», «Несцерка», «Хто смяецца апошнім». З 1957 у Ніжагародскім драм. т-ры імя М.Горкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЧО́Ў (Уладзімір Карпавіч) (14.7.1926, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне эканомікі. Д-рэканам.н. (1977), праф. (1979). Засл. дз. н. Латвіі (1986). Скончыў Ленінградскі дзярж.ун-т (1957). З 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1969 у БДУ (у 1971—78 заг. кафедры палітэканоміі). У 1978—92 заг. кафедры палітэканоміі Рыжскага ін-та інжынераў грамадз. авіяцыі. З 1992 на прамысл. прадпрыемствах Рэчыцы. Даследуе тэаратыка-метадалагічныя праблемы фарміравання эканам. свядомасці, методыкі выкладання і вывучэння эканам. тэорыі ў ВНУ, метады эканоміка-матэм. аналізу работы прамысл. прадпрыемстваў.
Тв.:
Экономическое сознание как фактор развития общественного производства при социализме (методологический анализ). Мн., 1977;
Экономические знания — наука и идеология. Рига, 1988.