«СМЕРШ»

(ад «смерць шпіёнам»),

афіцыйная назва органаў сав. ваеннай контрразведкі ў 1943—46. Паводле пастановы СНК СССР ад 19.4.1943 упраўленне асобых аддзелаў НКУС пераўтворана ў Гал. ўпраўленне контрразведкі «С.» і перададзена ў падпарадкаванне Нар. камісарыята абароны СССР. Паводле пастановы Дзярж. к-та абароны ад 31.5.1943 было створана таксама ўпраўленне контрразведкі Нар. камісарыята ВМФ. Пры франтах і флатах дзейнічалі аддзелы контрразведкі «С.».

Органы «С.» вялі барацьбу са шпіёнамі, дыверсантамі, тэрарыстамі, спынялі дзейнасць зарубежных разведак (гл. Разведка, Разведчык) у часцях і ўстановах Чырв. Арміі. выконвалі інш. спец. заданні. У канцы 1943—1-й пал. 1944 на тэр. Беларусі дзейнічалі аддзелы контрразведкі «С.» 1-га, 2-га, 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў (з кастр. 1943 пачалося фарміраванне БВА і яе органаў «С.»). У студз. 1945 БВА перайменавана ў Беларуска-Літоўскую ваен. акругу (БЛВА), а органы контрразведкі — у аддзелы «С.» БЛВА (з ліп. 1945 Мінская і Баранавіцкая ваен. акругі). У сак. 1946 створана 3-е Гал. ўпраўленне (ваен. контрразведка) Мін-ва дзярж. бяспекі СССР, а ў ваен. акругах, у т. л. БВА (акруга адноўлена ў сак. 1946) — асобыя аддзелы. Гл. таксама Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Долгополов Ю.Б. Война без линии фронта. М., 1981;

Остряков С.З. Военные чекисты. М., 1979;

Смирнов Н. «Смерш» против абвера // Армия. 2000. № 1—2.

В.​М.​Надтачаеў.

т. 15, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)