КАКЦЫ́ДЫІ (Coccidia),

атрад прасцейшых кл. спаравікоў; унутрыклетачныя вузкаспецыфічныя паразіты эпітэліяльнай тканкі пераважна органаў стрававання жывёл і чалавека. Каля 400 відаў. Распаўсюджваюцца пераважна аліментарным шляхам і пры кровасмактанні.

Цела пераважна авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія), палавога працэсу (гаметаганія) і спораганіі, якая адбываецца ў вонкавым асяроддзі. Большасць К. мае аднаго гаспадара, некат. двух. Многія К. выклікаюць захворванні жывёл — какцыдыёзы, у чалавека — таксаплазмоз.

Да арт. Какцыдыі. Цыкл развіцця какцыдыі эймерыі: I — першае пакаленне шызонтаў; II — другое пакаленне шызонтаў; III — трэцяе пакаленне шызонтаў; IV — гаметаганія; V — спараганія; 1 — спаразоіты; 2 — малады шызонт; 3 — шызонт з многімі ядрамі, які расце; 4 — шызонт, што распаўся на меразоіты; 5 — меразоіты; 6 — развіццё макрагаметы; 7 — развіццё мікрагамет; 8 — мікрагамета; 9 — аацыста; 10 — аацыста, якая выйшла з кішэчніка труса; 11 — аацыста 3 чатырма спарабластамі і астаткавым целам; 12 — развіццё спор; 13 — аацыста з чатырма спелымі спорамі (у кожнай споры па 2 спаразоіты).

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКТЫВІ́ЗМ,

рыса, форма і прынцып арганізацыі грамадскай дзейнасці і грамадскіх адносін; прынцып маралі, які раскрывае адносіны ўзаемадзеяння паміж людзьмі, асобай і калектывам, чалавекам і грамадствам. Мае шэраг гіст. форм. У стараж. грамадстве яго матэр. асновай была абшчынная ўласнасць, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў абшчыны. Ва ўсх.-еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі, формай праяўлення К. была сельская абшчына (грамада), якая прадугледжвала роўнасць усіх яе членаў, самакіраванне, вырашэнне грамадскіх спраў на агульным сходзе і інш. Формамі К. былі таксама руская арцель, бел. талака, пазней — брыгадны падрад, калгас і інш. Для К. характэрны сумесная праца, супрацоўніцтва, узаемадапамога і ўзаемападтрымка, усведамленне і выкананне чалавекам сваіх абавязкаў перад інш. людзьмі, грамадствам, свядомае спалучэнне грамадскіх інтарэсаў з асабістымі і інш. Ён прадугледжвае такія адносіны паміж грамадствам і асобай, пры якіх развіццё грамадства стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця асобы, яе свабоды выбару і свабоды дзеяння. Процілегласць К. — індывідуалізм.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 7, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТРУКТЫ́ЎНАЯ МАТЭМА́ТЫКА,

абстрактная навука аб канструктыўных працэсах, магчымасцях чалавека ажыццявіць іх і аб іх выніках — канструктыўных аб’ектах. Мае сваю логіку, адрозную ад логікі класічнай матэматыкі. Распрацоўваюцца раздзелы К.м.: канструктыўныя тэорыі дыферэнцавання і інтэгравання, канструктыўны функцыянальны аналіз, канструктыўная тэорыя камплекснай пераменнай і інш.

Прыкладам канструктыўнага аб’екта з’яўляецца слова — шэраг літар з пэўнага алфавіта, канструктыўнага працэсу — выпісванне гэтага слова літарамі. Асобны выпадак слоў — натуральныя лікі напр., з алфавіта {0,1}] 0,01, 011, ... Калі да гэтага алфавіта дадаць знакі «мінус» і «дзяліць», можна будаваць рацыянальныя лікі, як словы ў алфавіце {0,1,-,:}. Абстрактнасць К.м. выяўляецца ў выкарыстанні абстракцыі патэнцыяльнай ажыццявімасці (не бяруцца пад увагу абмежаванні канструктыўных магчымасцей у прасторы, часе і матэрыяле) і абстракцыі атаясамлівання (2 ці больш у пэўным сэнсе аднолькавыя аб’екты разглядаюцца як адзін). У К.м. выключаецца абстракцыя актуальнай бясконцасці, звязаная з разглядам працэсаў. якія ніколі не могуць завяршыцца, але лічацца бясконца працяглымі і тым самым фармальна быццам бы завершанымі.

В.​І.​Бернік.

т. 7, с. 596

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФІГУРА́ЦЫІ ПЛАНЕ́Т,

пэўныя становішчы планет адносна Сонца і Зямлі. Характарызуюцца вуглом планета—Зямля—Сонца, які наз. элангацыяй. Становішча нябеснага цела пры элангацыі 0° наз. злучэннем, 180° — процістаяннем, 90° — квадратурай.

Для ніжніх планет, арбіты якіх знаходзяцца ўнутры арбіты Зямлі, адрозніваюць ніжняе і верхняе злучэнні, найб. зах. і ўсх. элангацыі. Для вызначэння найб. элангацыі праводзяць датычную да арбіты планеты, што праходзіць праз Зямлю. Планета, якая знаходзіцца у пункце дотыку, мае найб. элангацыю. Для верхніх планет, арбіты якіх знаходзяцца па-за арбітай Зямлі, адрозніваюць процістаянне, злучэнне, зах. і ўсх. квадратуры. Ніжняя планета знаходзіцца бліжэй за ўсё да Зямлі ў момант ніжняга злучэння і далей за ўсё у момант верхняга. Верхняя планета найб. набліжаецца да Зямлі у процістаянні і аддаляецца пры злучэнні. Аналагічна К.п. вызначаюцца канфігурацыі Месяца, малых планет, камет і інш. Месяцавыя канфігурацыі характарызуюцца фазамі Месяца.

А.​А.​Шымбалёў.

Канфігурацыя планет: 1 — злучэнне; 2 — процістаянне; 3. 4 — ніжняе і верхняе злучэнні; 5, 6 — усходняя і заходняя элангацыі; 7, 8 — усходняя і заходняя квадратуры.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ ў хіміі,

велічыня, якая паказвае адносную колькасць дадзенага кампанента у фізіка-хім. сістэме (сумесі, растворы, сплаве). Колькасна роўная адносінам ліку часціц кампанента, колькасці рэчыва (малярная К.) або яго масы (масавая К.) да аб’ёму сістэмы: адзінкі К.: м​−3, моль/м³ ці кг/м³ адпаведна.

Малярная К. раствораў (прынятае абазначэнне с) вызначаецца колькасцю растворанага рэчыва (гл. Моль) у 1 л раствору; вымяраецца ў моль/л ці М (1 моль/л=10​3 моль/м³). Напр., раствор сернай к-ты з с (H2SO4) - 0,5 моль/л, ці 0,5 М H2SO4, мае 49 г к-ты ў 1 л, таму што малярная маса H2SO4 (маса 1 моль) роўная 98 г/моль. Масавая К. раствору. цітр — колькасць грамаў растворанага рэчыва ў 1 см³ раствору (карысталіся да ўвядзення СІ). Аб’ёмная, масавая ці малярная долі кампанента — адпаведна адносіны аб’ёму, масы ці колькасці рэчыва да агульнага аб’ёму, агульнай масы ці колькасці рэчыва сістэмы, вымяраецца ў працэнтах і К. не з’яўляецца.

А.​П.​Чарнякова.

т. 8, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

У Афрыцы на Пд ад 20° паўд. ш., уваходзіць у царства Палеагею (гл. Царствы біягеаграфічныя). Лічыцца таксама, што К.б.в. — падвобласць Эфіопскай біягеагр. вобл.

Займае пустынныя і паўпустынныя раёны з разнастайнымі ландшафтамі. Вызначаецца вял. фларыстычнай своеасаблівасцю. Сустракаецца каля 7000 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш палавіны эндэмікі (прадстаўнікі 7 сям.: амарылісавыя, касачовыя, пратэйныя і інш.). Найб. характэрныя сям. раслін — бабовыя, верасовыя, касачовыя, пратэйныя, складанакветныя і інш. Флора мае генет. сувязі з трапічнай Афрыкай, Міжземнамор’ем і шэрагам абласцей Паўд. паўшар’я, асабліва з Аўстралійскай біягеаграфічнай вобласцю. Фауна адносна бедная. Некат. групы беспазваночных (напр., перыпаты) з’яўляюцца рэліктамі. З насякомых эндэмічныя жук-алень, некат. саранчовыя. Сярод птушак эндэмічныя 15 родаў з 297. Сярод 83 родаў млекакормячых 8 эндэмічных (віверы, некат. грызуны, даўгапяты, златакраты, трубказубы). Характэрныя жывёлы — антылопа скакун, бурая гіена, віверы, даўганогі, квага.

Да арт. Капская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — даўгапят; 2 — сурыката; 3 — даўганог; 4 — скакунчык; 5 — даман; 6 — трубказуб.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ЛЬСКАЕ ТКА́ЦТВА,

традыцыйнае нар. ткацтва на тэр. Капыльскага р-на Мінскай вобл. Вядома з 16 ст. У 17 ст. працавалі ткацкія майстэрні. З 1850-х г. да 1914 у в. Агароднікі ў майстэрні, пабудаванай кн. Радзівілам па вытворчасці абрусаў, ткалі на шырокіх кроснах. Выконвалася ў тэхніках закладнога (найб. пашыранае да 20 ст.; выкарыстоўвалі габеленавую тэхніку, у некат. узорах у нітках асновы пакідалі шчыліны; характэрны спалучэнні чырвонага і чорнага колераў), шматнітовага і пераборнага (пашырана ў 20 ст.) ткацтва. У шматнітовай тэхніцы (да 12 нітоў) ткалі больш за 200 узораў — «простых» і «павучковых». Асаблівую разнавіднасць шматнітовай тэхнікі складаюць тканіны з фактурай «у бублікі» («касматыя») з выцягнутай уточнай неразразной ніткай; найб. уласцівы спалучэнні белага і шэрага колераў. Пераборнае ткацтва мае 2 разнавіднасці. Традыц. арнаменты — геаметрычны, зааморфны, раслінны; характэрны спалучэнні белага з блакітным або рознымі адценнямі сіняга колеру. Захавалася да нашага часу ў работах некат. мясц. ткачых, сярод якіх і надомніцы Слуцкай ф-кі маст. вырабаў.

т. 8, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТЭ́ (яп., літар. пустая рука),

японская сістэма самаабароны без зброі; адзін з відаў спарт. адзінаборстваў. Мае глыбокія гіст., культ. і філас. вытокі. Першыя звесткі пра К. датуюцца 720. Асн. сістэмы К. — вада-ру, годзю-ру, шота-кан, шыта-ру.

У аснове спарт. К. — удары рукой або нагой па найб. слабых і балявых болевых* месцах чалавечага цела. У спаборніцтвах па бескантактавым К. сапернікі толькі абазначаюць правядзенне пэўных прыёмаў, не даводзячы іх да канца. Існуюць практыкаванні па спарынгу — кумітэ і вольныя практыкаванні — ката, якія імітуюць паядынак. Сучасныя правілы спаборніцтваў сфармуляваны ў 1948. Спартсмены выступаюць у традыц. форме дзюдаістаў на татамі (гл Дзюдо). У 1968 заснавана міжнар. федэрацыя. У 1978 — федэрацыя К. СССР. Першы чэмпіянат Еўропы праведзены ў 1966 (Вена), першы чэмпіянат свету — у 1968 (Вашынгтон).

На Беларусі федэрацыя К. заснавана ў 1980; першы чэмпіянат праведзены ў 1978. Чэмпіёны СССР і прызёры міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў: А.​Вількін, П.​Калінін, Я.​Крапіўны, Л.​Лушчык, В.​Ляцецкі, В.​Сідарэнка і інш.; першыя трэнеры: А.​Кажамякін, А.​Кірыенка.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ СТАТЫ́СТЫКА,

раздзел статыстычнай фізікі, у якім вывучаюцца ўласцівасці сістэм тоесных мікрачасціц. Дала магчымасць тлумачыць многія фіз. з’явы, якія з пункту гледжання класічнай фізікі нельга было тлумачыць, напр., Планка закон выпрамянення абсалютна чорнага цела, электраправоднасць, цеплаёмістасць цвёрдых цел, звышцякучасць, звышправоднасць.

З квантавай механікі вынікае, што энергія такой сістэмы мае дыскрэтныя значэнні, а хвалевыя функцыі, якія апісваюць розныя станы сістэмы мікрачасціц сіметрычныя (гл. Бозе—Эйнштэйна статыстыка) або антысіметрычныя (гл. Фермі—Дзірака статыстыка) адносна перастановак часціц. В.Паўлі даказаў, што тып К.с. вызначаецца спінам часціц: часціцы з паўцэлым спінам (напр., электроны, нейтрына, пратоны) падпарадкоўваюцца К.с. Фермі—Дзірака (ферміёны), з цэлым спінам (напр., фатоны, альфа-часціцы) — Бозе—Эйнштэйна (базоны). Пры высокіх т-рах квантавыя эфекты неістотныя і формулы размеркавання часціц (пры адсутнасці знешніх палёў) пераходзяць у класічнае Максвела размеркаванне. Пры дастаткова нізкіх т-рах амаль усе ніжнія станы ферміёнаў будуць запоўненымі (выраджаны фермі-газ); базоны пры гэтых умовах імкнуцца перайсці ў стан з нулявым імпульсам (Бозе—Эйнштэйна кандэнсацыя).

Л.​І.​Камароў.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕСКО́П (ад грэч. kinēsis рух + ...скоп),

прыёмная электронна-прамянёвая прылада для ўзнаўлення тэлевізійных відарысаў. Выкарыстоўваецца для стварэння чорна-белых і каляровых відарысаў непасрэдна на экране або пры праектаванні відарыса на знешні экран.

Бываюць манахромныя і каляровыя. Манахромны К. мае вакуумна-шчыльную абалонку з гарлавінай і шкляным дном. У гарлавіну ўбудаваны электронны пражэктар, які фарміруе электронны пучок з інтэнсіўнасцю, што змяняецца ў адпаведнасці з відэасігналам. У месцах падзення такога пучка на люмінесцэнтны экран на ўнутранай паверхні дна абалонкі ўзнікае свячэнне, яркасць якога прапарцыянальная інтэнсіўнасці пучка. У каляровых К. люмінесцэнтны экран складаецца з мноства люмінафорных элементаў (у форме кружочкаў ці палосак), якія свецяцца чырвоным, зялёным або сінім колерам пад уздзеяннем аднаго з трох электронных пучкоў, сфарміраваных трыма электроннымі пражэктарамі.

А.​П.​Ткачэнка.

Маскавы каляровы кінескоп: 1 — мазаічны люмінафорны экран; 2 — ценявая маска для раздзялення колераў; 3 — электронныя пражэктары.
Да арт. Кінескоп: а — мазаічная структура экрана; б — штрыхавая структура экрана: 1 — электронныя пучкі; 2 — ценявая маска; 3 — экран.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)