ПРАТРА́ЎНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
водарастваральныя арган. фарбавальнікі, якія сарбіруюцца тэкстыльнымі матэрыяламі і замацоўваюцца на іх пры дапамозе пратраў — злучэнняў металаў (пераважна хрому і жалеза) са ступенню акіслення +3. Паводле хім. класіфікацыі — пераважна азафарбавальнікі і антрахінонавыя фарбавальнікі. Пры фарбаванні на валакне ўтвараюцца ўстойлівыя нерастваральныя інтэнсіўна афарбаваныя металзмяшчальныя комплексы, што дазваляе атрымліваць афарбоўкі, выключна ўстойлівыя да розных фіз.-хім. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць пераважна для афарбоўвання шэрсці, радзей — натуральнага шоўку.
т. 13, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТАЗАО́ЗЫ,
група хвароб жывёл, якія выклікаюцца паразітычнымі прасцейшымі. Шырока распаўсюджаны. Узбуджальнікі паразітуюць у розных тканках і органах, напр., у плазме (трыпанасомы) ці клетках крыві (піраплазмы, бабезіі), у эпітэліі кішэчніка (балантыдыі), печані, нырак (какцыдыі), палавых органаў (трыхаманады) і інш. Перадаюцца праз корм, піццё, таксама кляшчамі, насякомымі-крывасмокамі, кантактным шляхам. П. праходзяць востра, хранічна або ў форме паразітаноснасці. На Беларусі адзначаюцца анаплазмоз, балантыдыёз, какцыдыёз, піраплазмідозы, трыхаманоз і інш.
т. 13, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВО́Д у праве,
прымусовае суправаджэнне (дастаўленне) органамі міліцыі падазронага, абвінавачанага, а таксама пацярпелага, сведкі ў суд, органы дазнання або да пракурора і следчага ў выпадку іх няяўкі без уважлівай прычыны па выкліку. Адбываецца паводле матываванай пастановы органа дазнання, следчага, пракурора ці вызначэння суда, якія накіроўваюцца для выканання адпаведнаму органу ўнутр. спраў. На Беларусі парадак і ўмовы ажыццяўлення П. рэгламентуюцца крымін.-працэсуальным заканадаўствам.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗУ́МПЦЫЯ НЕВІНАВА́ТАСЦІ ў крымінальным праве,
палажэнне, паводле якога абвінавачаны лічыцца невінаватым, пакуль яго віна не будзе даказана ўстаноўленым законам парадкам. П.н. — адна з найважнейшых дэмакр. прыкмет крымін. працэсу, забяспечвае ахову правоў асобы, выключае неабгрунтаванае абвінавачанне і асуджэнне. Можа быць абвергнута толькі шляхам даказвання ўстаноўленымі працэсуальным законам сродкамі і выключна пры наяўнасці дастатковых суд. доказаў, якія адносяцца да справы і дапускаюцца заканадаўствам. Абавязак даказвання ўскладаецца на органы абвінавачання.
т. 13, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАПАТЫ́Я (ад псіха... + грэч. pathos пакута, хвароба),
расстройства асобы, паталагічны стан псіхічнай дзейнасці чалавека. Анамаліі характару, якія вызначаюць псіхічнае аблічча індывідуума, выяўляюцца з дзяцінства, яскрава выражаны ў падлеткаў і захоўваюцца на працягу жыцця. Адрозніваюць П. ўзбудлівую, істэрычную, шызоідную і інш. формы. Праяўляецца дысгарманічнасцю эмацыянальна-валявых уласцівасцей асобы (празмерная раздражняльнасць, замкнёнасць, эгацэнтрызм і інш.), парушэннем прыстасавальнасці да навакольнага асяроддзя пры адносным захаванні інтэлекту.
У.А.Кульчыцкі.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎШЧЫНА,
вёска ва Узрэцкім с/с Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., на беразе Пятроўскага воз., на аўтадарозе Глыбокае—Шаркаўшчына. Цэнтр калгаса. За 15 км на ПнЗ ад горада і 17 км ад чыг. ст. Глыбокае, 215 км ад Віцебска. 247 ж., 104 двары (2001). Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Культ.-рэліг. цэнтр. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 13, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ТНЫЯ ЛЮ́ДЗІ,
агульная назва рабочых на промыслах і прамысл. прадпрыемствах Расіі 17—1-й пал. 19 ст. Асн. масу Р.л. складалі работнікі рачных суднаў, рыбнага, салянога і інш. промыслаў; з канца 17 — пач. 18 ст. іх склад папаўнялі работнікі мануфактур. Кадры Р.л. фарміраваліся як за кошт прыгонных (сяляне-адыходнікі, пасэсійныя сяляне, прыпісныя сяляне), так і вольных наёмных работнікаў, якія з 1760-х г. колькасна пераважалі.
т. 13, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГІ́НЬ,
вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Чачора. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Буда-Кашалёва, 55 км ад Гомеля. 890 ж., 362 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 13, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДНІКІ́,
вёска ў Шылавіцкім с/с Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл., каля р. Навумка, на аўтадарозе Ваўкавыск — Вял. Бераставіца. Цэнтр саўгаса. За 17 км на З ад г. Ваўкавыск, 85 км ад Гродна, 6 км ад чыг. ст. Мсцібава. 333 ж., 122 двары (2001). Пач. школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 13, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВУ́ЗЕЛ, радыётрансляцыйны вузел,
комплекс апаратуры для перадачы радыёвяшчальных праграм і праграм мясц. вяшчання абанентам сеткі праваднога радыёвяшчання.
Мае ўзмацняльную і кантрольна-вымяральную апаратуру, блокі сілкавання і інш. Праграма, прынятая ад знешняй крыніцы, узмацняецца (па нізкай частаце) і перадаецца ў правадную сетку. Для перадачы праграм мясц. вяшчання на Р. ёсць мікрафоны, магнітафоны, электрапрайгравальнікі і інш. Існуюць Р., якія працуюць без абслуговага персаналу (пераважна для рэтрансляцыі).
т. 13, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)