І́ЛЬМЕНЬ (паводле летапісу Ільмер, у старажытных славян — Славянскае мора),
возера на Прыільменскай нізіне, у Наўгародскай вобл.Расіі. Каля 18 м над узр. м. Сярэдняя пл. 982 км² (у залежнасці ад узроўню вады мяняецца ад 733 км² да 2090 км²). Даўж. каля 45 км, шыр. да 35 км, глыб. да 10 м. Берагі нізінныя, забалочаныя, зах. і паўд.-зах. дасягаюць выш. 6 м. Упадае каля 50 рэк, у т. л. Мста, Пала, Ловаць, Шалонь; выцякае р. Волхаў. Ваганні ўзроўню вады ад 2,3 м (у сак.) да 5,8 м (у маі). Пры нізкіх узроўнях знаходзіцца ў падпоры плаціны Волхаўскай ГЭС. Ледастаў з кастр. да красавіка. У возеры шмат арган. рэчываў, вада мае жаўтаватую афарбоўку. Рыбалоўства (лешч, сняток, мянтуз, шчупак). Суднаходства. Цераз р. Мста, Прыільменскі канал і р. Волхаў І. звязана з Вышневалоцкай воднай сістэмай. У 9—12 ст. цераз І. ішоў водны гандл. шлях «з варагаў у грэкі», а таксама на Волгу. За 6 км ад І. на берагах р. Волхаў г. Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШКАЛДСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры готыкі. Пабудаваны да 1472 у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Мікалаем Неміровічам. Мураваны храм зальнага тыпу. Кампактны асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. З паўн. боку да апсіды прылягаюць невысокія сакрысція і паўкруглы аб’ём з вітымі ўсходамі. Масіўныя сцены ў ніжняй ч. арнаментаваны сеткавай муроўкай (пазней атынкаваны) і ўмацаваны на бакавых фасадах вертыкальнымі, на вуглах ступеньчатымі контрфорсамі. Пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал.зах. фасадзе аздоблены сіметрычна размешчанымі плоскімі нішамі. Унутры асн. аб’ём падзелены 4 слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У апсідзе зорчатае нервюрнае скляпенне (у канцы 15—1-й пал. 16 ст. скляпенні касцёла і слупы былі размаляваны). У 2-й пал. 16 ст. касцёл перайшоў да кальвіністаў, у 1641 Радзівілы вярнулі яго католікам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пашкоджаны, у 1866—1919 — царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Мацвей Фёдаравіч) (1738, Масква — 7.11.1812),
рускі архітэктар, адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў арх. школе Дз.Ухтамскага (1751—60). Упершыню ў Расіі распрацаваў і ажыццявіў канструкцыі купалоў вял. дыяметра для палацавых і грамадскіх збудаванняў. Сярод работ: Сенат (1776—87), ун-т (1782—93, пасля пажару 1812 перабудаваны Дз.Жылярдзі), Галіцынская бальніца (1796—1801), дамы-сядзібы Дзямідава (1779—91), Губіна (1790-я г.), цэрквы Піліпа Мітрапаліта (1777—88), Ушэсця (1790—93) — усе ў Маскве. У пабудовах рамант. кірунку пакідаў класічную аснову, для аздаблення фасадаў выкарыстоўваў дэкар. элементы стараж.-рус. архітэктуры (Пятроўскі палац у Маскве, 1775—82; цяпер Ваенна-паветр. акадэмія). Выдатны майстар інтэр’ера: зала шляхетнага сходу, Круглая зала ў будынку Сената, «залатыя пакоі» дома Дзямідава. У 1800—04 кіраваў складаннем планаў Масквы, стварыў серыі арх. альбомаў. Працаваў таксама ў графіцы. У 1792 арганізаваў арх. школу пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва.
Літ.:
Власюк А.И., Каплун А.И., Кипарисова А.А.Казаков. М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКА́НД,
горад ва Узбекістане, у Ферганскай вобл., у нізоўях р. Сох. 175 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапр., лёгкай, хім. і харч. прам-сці. Пед.ін-т. Тэатр. Музеі: краязнаўчы, літаратурны, дом-музей узб. паэта Х.Н.Хамзы Арх. помнікі: Медрэсеі-Мір (18 ст.), ансамбль Дахмаі-Шахон (1825), палац Худаяр-хана (1871). Стараж. цэнтр нар. мастацтва.
Упершыню згадваецца ў 10 ст. як горад на караванным шляху з Індыі і Кітая. У 13 ст. разбураны мангола-татарамі. У 15 ст. пабудавана крэпасць Эскі-курган, у 1732 на яе месцы — горад (з 1740 наз. К.) — сталіца Какандскага ханства. Буйны цэнтр вытв-сці паперы, ганчарства, чаканкі па медзі. У час Какандскага паўстання 1873—76 заняты рас. войскамі, далучаны да Расіі (1876), пав. горад Ферганскай вобл. У 1899 злучаны чыгункай з Самаркандам і Андыжанам. У грамадз. вайну 1918—22 цэнтр Какандскай аўтаноміі (існавала з 9—12.12.1917 да 19—22.2.1918), месца баёў з басмачамі (1920). З 1925 у складзе Узбекістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́МЕНСКАЕ,
помнік рус. архітэктуры 16—17 ст.; б. сяло на ПдУ Масквы (з 1960 у межах горада). Размешчана на высокім беразе р. Масква. Упершыню згадваецца каля 1339, у 15—17 ст. сядзіба рус. цароў. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Ушэсця (1532; адзін з першых мураваных шатровых храмаў у Расіі), Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Дзякаўскім (1547), храм-званіца Георгія Перамаганосца (16 ст.), Казанская царква (1660-я г.), 2 уязныя брамы (1670-я г.). У 1667—71 тут быў узведзены драўляны палац (арх. С.Пятроў, І.Міхайлаў; у 1681 часткова перабудаваны С.Дзяменцьевым), у аснове якога спалучэнне малых і вял. (у некалькі паверхаў) зрубаў, накрытых разнастайнымі па форме дахамі. Палац меў багата аздобленыя інтэр’еры. Усе разьбярныя работы выконвалі выхадцы з Беларусі майстры К.Міхайлаў, Г.Акулаў, Я.Іваноў (кіравалі работамі Міхайлаў і старац Арсеній). Арцель жывапісцаў узначальваў С.Ушакоў. Палац разабраны ў 1768. Цяпер у К. музей-запаведнік.
Літ.:
Коломенское: Путеводитель. М 1981.
Галоўны фасад палаца ў Каломенскім. 18 ст. Гравюра Ф.Гільфердзінга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫМА́,
рака на ПнУ Азіі, у Магаданскай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2129 км, пл.бас. 643 тыс.км². Утвараецца ад зліцця рэк Кулу і Аян-Юрах. Упадае ў Калымскі зал. Усх.-Сібірскага м., утварае дэльту. У вярхоўі праразае хр. Чэрскага, утварае парогі і вадаспады. У сярэднім цячэнні даліна шырокая. У нізоўі цячэ па Калымскай нізіне. Асн. прытокі: Каркадон, Амалон, Вял. Анюй (справа), Ясачная, Ажогіна, Седэдэма (злева). Жыўленне пераважна снегава-дажджавое. Ледастаў з пач.кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой наледзі. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 3900 м³/с. Прамысл. рыбы: рапушка, муксун, сіг, нельма, омуль. Суднаходная на 2000 км ад вусця. На К. знаходзіцца г. Сярэднекалымск. К. наз. таксама залатаносную тэр. у бас. ракі К. (сучасная Магаданская вобл. і суседнія раёны). У перыяд масавых рэпрэсій (1930—50-я г.) там былі засяроджаны лагеры прымусовай працы (гл.ГУЛАГ), дзе ў выніку цяжкіх умоў існавання загінула больш як 4 млн. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫ́МСКАЕ НАГО́Р’Е, Гыдан,
на ПнУ Сібіры, пераважна ў Магаданскай вобл.Расіі. Даўж. каля 1300 км ад хр. Сунтар-Хаята на У і ПнУ да даліны р. М. Анюй і да вытокаў р. Анадыр. Аддзяляе бас.р.Калыма ад рэк бас. Ціхага ак. Складаецца з плато, сярэднягорных хрыбтоў і масіваў (выш. да 1962 м у Амсукчанскім хр.), падзеленых тэктанічнымі ўпадзінамі. Зах.ч. нагор’я складзена пераважна з алеўралітаў і пясчанікаў, усх. — з эфузіўных адкладаў. Са шматлікімі гранітнымі інтрузіямі звязаны залатое, алавянае і рэдкаметалавае зрудзяненні. Ва ўпадзінах каменна- і буравугальныя радовішчы. На зах. схіле К.н. клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-раліп. 8—10 °C, студз. -40 °C. Лета сухое. Усх. схіл наветраны, вільготны. Сярэдняя т-раліп. 4 °C, студз. да -20 °C. Даліны і ніжнія ч. схілаў укрыты лістоўнічнымі рэдкалессямі, вышэй 500 м на Пн і 800 м на Пд — хмызняковая і мохава-лішайнікавая горная тундра. На дне далін поймавыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯРО́ВАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,
найбольш энергаёмістая галіна цяжкай прам-сці, якая ажыццяўляе здабычу і абагачэнне руд, вытв-сць і апрацоўку каляровых, высакародных і рэдкіх металаў, у т. л. сплаваў, перапрацоўку другаснай сыравіны, а таксама здабычу алмазаў. Спадарожная прадукцыя галіны — хім. злучэнні, мінер. ўгнаенні, буд. матэрыялы і інш. У залежнасці ад віду прадукцыі, якую вырабляюць, у складзе галіны вылучаюцца медная, свінцова-цынкавая, нікель-кобальтавая, алюмініевая, тытана-магніевая, вальфрама-малібдэнавая, высакародных металаў, цвёрдых сплаваў, рэдкіх металаў прам-сць. Роля К.м. ў сучаснай эканоміцы хутка расце ў сувязі з развіццём новых галін прам-сці: атамнай, ракетнай, касмічнай, электроннай, прыладабудавання і інш.Найб. развіта К.м. ў ЗША, Расіі, Казахстане, Японіі, Кітаі, Канадзе, Германіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Бразіліі і інш.
На Беларусі з канца 19 ст. існавалі невял. медзеплавільныя прадпрыемствы саматужнага тыпу, якія выкарыстоўвалі металалом. Цяпер у Мінску існуе завод другаснай перапрацоўкі каляровых металаў, ёсць невял. ліцейная вытв-сць у Гомелі і Мазыры.
Літ.:
Хрущев А.Т. География промышленности СССР. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВАТО́РЫЯ (італьян. conservatorio ад лац. conservo захоўваю),
вышэйшая навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне муз. мастацтва — выканаўцаў (інструменталістаў, вакалістаў, дырыжораў), кампазітараў, музыказнаўцаў.
Першапачаткова К. наз.гар. прытулкі для сірот у Італіі, дзе дзяцей навучалі і музыцы (першая — у Неапалі, 1537). У 18 ст. ў краінах Зах. Еўропы ўзніклі спец.муз. вышэйшыя навуч. ўстановы, у т. л.Муз.ін-т у Парыжы (1793; у 1795 рэарганізаваны ў К. музыкі і дэкламацыі). У 19 ст. К. адкрыты ў многіх буйных гарадах Еўропы і Амерыкі. Многія навуч. ўстановы тыпу К. наз. акадэміямі, вышэйшымі муз. школамі, муз. ін-тамі, каледжамі, ліцэямі і інш. Першыя К. ў Расіі — Маскоўская кансерваторыя, Санкт-Пецярбургская кансерваторыя, пазней адкрыты Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (цяпер — Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных), К. ў Адэсе, Кіеве і інш. У 1932 адкрыта Бел.дзярж. кансерваторыя (з 1992 — Беларуская акадэмія музыкі). З 1956 дзейнічае Асацыяцыя еўрап. акадэмій, кансерваторый і вышэйшых муз. школ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЛІКТАЛО́ГІЯ (ад канфлікт + ...логія),
галіна навук. ведаў, якая даследуе прычыны і заканамернасці ўзнікнення і развіцця канфліктаў, спосабы іх прадухілення і вырашэння. Ідэі К. вядомы з часоў ант. Грэцыі (Геракліт, Платон, Арыстоцель), атрымалі развіццё ў творах Н.Макіявелі, Т.Гобса, А.Конта, К.Маркса, Э.Дзюркгейма, Г.Зімеля, М.Вебера, У.І.Леніна і інш. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся дасканала распрацаваныя канфлікталагічныя тэорыі Л.Козера, Р.Дарэндорфа, Р.Колінза і інш. У СССР першыя абагульняльныя публікацыі па праблемах К. з’явіліся на мяжы 1990-х г., у Расіі ідэі К. распрацоўваюць навукоўцы А.Р.Здравамыслаў, Ю.Г.Запрудскі, У.М.Кудраўцаў, У.П.Казімірчук. На Беларусі ідэі К. развівалі К.Лышчынскі, Ф.Багушэвіч, К.Каліноўскі; у наш час распрацоўваюць Я.М.Бабосаў, Н.Ф.Вішнякова, У.П.Шэйнаў. Сучаснае развіццё К. звязана з яе дыферэнцыяй на псіхал., сац., юрыд. і інш.
Літ.:
Здравомыслов А.Г. Социология конфликта. 2 изд. М., 1995;