спосаб маст. апрацоўкі дрэва, косці, каменю і інш. цвёрдых матэрыялаў шляхам выразання арнаментальных ці сюжэтных кампазіцый; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Р.м. аздабляюць прадметы побыту (мэблю, хатняе начынне, прылады працы), будынкі (гл.Разьба архітэктурная), яе тэхніку выкарыстоўваюць у стварэнні скульптуры. Самаст. від Р.м. — гліптыка.
Узнікла ў глыбокай старажытнасці з паяўленнем рэзальных інструментаў з каменю і косці, пазней — металічных; вядома ўсім народам свету. Шырока вядома Р.м. па лаку ў Кітаі і Японіі, па камені і косці ў Індыі, па ганчу ва Узбекістане. бурацкая каменная пластыка, якуцкая і халмагорская разьба па косці ў Расіі.
На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.м. Контурная разьба выконваецца заглыбленымі лініямі на гладкім фоне, блізкая да гравіравання; выемчатая разьба (пераважна трохгранна-выемчатая) утварае ўзор, заглыблены ў гладкі фон; рэльеф ная разьба мае заглыблены фон і ўзнятыя над ім выявы або ўзор — нізкарэльефныя (барэльеф) ці высокарэльефная (гарэльеф); скразная разьба не мае фону і ўяўляе сабой ажурную кампазіцыю (у залежнасці ад размяшчэння ўзору ў адной ці некалькіх плоскасцях адрозніваюць плоскаажурную і аб’ёмна-ажурную Р.м.); аб’ёмная разьба стварае трохмерную выяву, звычайна скульптуру малых форм. Найб. старадаўняя на Беларусі контурная і аб’ёмная разьба па дрэве і косці. З часоў каменнага веку вядомы касцяныя вырабы, арнаментаваныя контурнай разьбой геам. характару, касцяныя і драўляныя фігуркі жывёл і чалавека, выразаныя вельмі схематычна і ўмоўна. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па косці і камені ў 9—13 ст. (Шклоўскі ідал, абразкі з каменю і шыферу, ліцейныя формы). Інтэр’еры храмаў, сядзіб, палацаў, мэблю аздаблялі нізкарэльефнай разьбой па дрэве, якая ў 17—18 ст. развілася ў аб’ёмна-ажурную (гл.Беларуская рэзь). З 17 ст. вядома разьба па шкле (гл.Шкло мастацкае). Фоны абразоў упрыгожвалі разьбой па ляўкасу. Разьбой па дрэве і стука аздаблялі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены храмаў і палацаў (гл.Манументальна-дэкаратыўная скульптура). З канца 19 ст. Р.м. пашыралася ў нар. дойлідстве, аздабленні мэблі; разьбой геам. характару аздаблялі хатняе начынне, прадметы побыту, посуд, прылады працы (гл.Берасцяныя вырабы, Камянецкія прасніцы). У наш час Р.м. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі. Бытавыя рэчы, посуд, вырабы сувенірнага і маст. прызначэння з дрэва, рогу, бяросты выпускаюць прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць).
Літ.:
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;
Да арт.Разьба мастацкая. Складзень. Візантыя. Разьба па косці. 10—11 ст.Да арт.Разьба мастацкая. А.Штанг. Ваза «Поўнач». Халмагорская разьба па косці. Расія. 1977.Да арт.Разьба мастацкая. Каменная пліта з выявай ільва. Горад Ваўкавыск Гродзенскай вобл. 12 ст.Да арт.Разьба мастацкая. Фрагмент прасніцы. Камянецкі раён Брэсцкай вобл. 1920-я г.Да арт.Разьба мастацкая. Самшытавы грэбень. З раскопак Мінскага замчышча. 13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ЛІТАРАТУ́РНЫ,
абагульнены тып літ. твораў, які выяўляецца праз асэнсаванасць маст. фактаў у выглядзе пэўнай заканамернасці. Упершыню пра Р.л. ўпамінае Платон у трактаце «Дзяржава». Больш поўна тэорыю Р.л. распрацаваў у сваёй «Паэтыцы» Арыстоцель. Асн. Р.л. тры — эпас, лірыка і драма. Эпасам называюцца творы аб’ектыўна-апавядальнага характару, у якіх паказваецца чалавек у шматлікіх сувязях з грамадствам і прыродай. У лірыцы раскрываюцца пачуцці асобы, яе ўнутр. свет. У драме супрацьстаяць характары, перадаюцца адносіны і канфлікты паміж персанажамі, яны паказваюцца ў дзеяннях, учынках, перажываннях. У залежнасці ад тэматыкі ці інш. прыкметы Р.л. падзяляюцца на віды літаратурныя (або формы) і жанры. Эпас апісвае падзеі, знешнія ў адносінах да аўтара. У залежнасці ад часу дзеяння, ахопу падзей, колькасці персанажаў адрозніваюць вял. (эпапея, раман), сярэднія (аповесць, нарыс), малыя (навела, апавяданне, казка, байка, легенда) формы эпасу. Эпас паказвае аб’ектыўную карціну свету. Акрамя ўчынкаў герояў, значнае месца адводзіцца апісанням: партрэтам, рэчам, пейзажу. Ад лірыкі і драмы эпас адрозніваецца шырынёй і багаццем адлюстравання жыцця, яго пераасэнсаваннем. Лірыка аб’ядноўвае творы, у аснове якіх думкі, пачуцці, настроі, перажыванні чалавека. Віды лірыкі пераважна невял. па памеры: ода, раманс, песня, балада, верш, элегія, гімн. Самая вял. форма лірыкі — паэма, якая можа быць эпічнаю («Курган» Я.Купалы) або сумяшчаць рысы эпасу і лірыкі («Тарасова доля» Я.Купалы, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Звычайна лірыку падзяляюць па тэматычных лініях або жанрава: лірыка грамадз., пейзажная, філас., інтымная. Драма, як і эпас, паказвае знешнюю рэальнасць — адносіны і канфлікты паміж людзьмі. Аднак паказ адбываецца праз размоўную форму. Як і ў лірыцы, тут выражаюцца думкі, пачуцці, перажыванні, але не адной асобы, а некалькіх. Падзел л-ры на роды не супадае з яе падзелам на паэзію і прозу. У побытавай мове лірычны твор звычайна суадносіцца з паэзіяй, а эпічны — з прозай. Але кожны Р.л. ўключае ў сябе і паэтычныя (вершаваныя), і празаічныя творы. Эпас на ранніх этапах мастацтва быў пераважна вершаваны. Вершаваны эпас характэрны і для бел. л-ры («Новая зямля» Я.Коласа).
Словы «эпічнае» («эпічнасць»), «драматычнае» («драматызм»), «лірычнае» («лірызм») абазначаюць не толькі родавыя асаблівасці твораў, але і інш. якасці. Напр., эпічнасцю называюць велічна-спакойнае, нетаропкае сузіранне жыцця ў яго складанасці і шматпланавасці, шырыню поглядаў аўтара на свет і яго прыняцце як нейкай цэласнасці. Эпічнасць як ідэйна-эмацыянальная настраёвасць можа мець месца ва ўсіх Р.л. Драматызмам прынята называць стан, звязаны з напружаным перажываннем нейкіх супярэчнасцей, з усхваляванасцю і трывогай. Лірызм — узвышаная эмацыянальнасць, выяўленая ў мове аўтара, апавядальніка, персанажаў. Драматызм і лірызм таксама могуць прысутнічаць ва ўсіх Р.л.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства. 2 выд.Мн., 1982;
Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд.Мн., 1987;
Беларуская літаратура, XI—XX стст. 2 выд.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКІ РАМА́Н,
жанр сярэдневяковай свецкай рыцарскай л-ры. Узнік у рамана-германскім культ. рэгіёне, на ПнЗ Францыі і частцы тэр. Англіі, дзе спалучыліся раманскія, герм. і кельцкія ўплывы Вытокі Р.р. — сярэдневяковыя паданні кельтаў, германцаў, народаў з Усходу, гіст. хронікі (лац. «Гісторыя каралёў Брытаніі» Гальфрыда Монмаўцкага, 12 ст.), з ант. л-ры (паданні пра Аляксандра Македонскага, авантурны раман «Метамарфозы» Авідзія). Пашырыўся ў 12—14 ст. (час росквіту рыцарства). Эвалюцыя жанру звязана з адыходам ад крыніц і развіццём апавяд. форм (з 13 ст. з’яўляюцца празаічныя апрацоўкі), у якіх адлюстроўваецца новы гіст.-культ. кантэкст. У цэнтры традыц. Р.р. — апісанне подзвігаў героя, якія здзяйсняюцца дзеля ўласнай славы і кахання да Панны. Кодэкс рыцарскай дабрачыннасці склалі гераічны (ваен. майстэрства, мастацтва бою) і эстэт. (свецкае, прыдворнае выхаванне) ідэалы. Рыцарскае каханне ідэалізаванае. Індывідуалізуюцца пачуццёвы свет, мова герояў. У сюжэце пераважаюць фантаст. матывы як казачнага, так і незвычайнага, пазабудзённага зместу, экзатычныя апісанні, партрэтныя характарыстыкі, наяўнасць дыялогаў і маналогаў. Вылучаюць сюжэты Р.р.: ант. («Александрыя», «Раман пра Энея», «Троя»), брэтонскі ці артураўскі (раманы пра рыцараў «Круглага стала», пра Трыстана і Ізольду — версіі Тама, Беруля, Марыі Французскай, Готфрыда Страсбургскага, раманы Крэцьена дэ Труа, Вольфрама фон Эшэнбаха, раман Т.Мэлары «Смерць Артура», 15 ст.), візант. («Флуар і Бланшэфлёр», «Акасен і Нікалет»). Тыпалагічныя паралелі Р.р.: прыдворная аповесць (яп. «Гэндзі-Манагатары»), рыцарская паэма (Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры», перс. і тадж. паэта 11 ст. Гургані «Віс і Рамін»). Пародыяй на стылізаваныя перапрацоўкі Р.р., якія былі пашыраны ў ісп. л-ры Адраджэння, стаў «Дон Кіхот» М.Сервантэса. На Беларусі першыя пераклады Р.р. з’явіліся ў 15 ст. — «Александрыя» (сербская рэд.). У 16 ст. перакладзены на бел. мову лац. рэдакцыя гэтага твора, а таксама з польскай крыніцы раман пра Траянскую вайну італьян. пісьменніка 13 ст. Гвіда дэ Калоны (Калумны) «Гісторыя разбурэння Троі». У бел. спісе прыблізна 1580 захавалася бел. рэдакцыя Р.р. — «Аповесць пра Трышчана», у якой вял. пачуццё, сапраўднае каханне перамагае нормы і ўмоўнасці феад. саслоўнай маралі, што часткова выводзіць гэты твор за жорсткія рамкі куртуазнай дактрыны. Багатырскую казку нагадвае «Аповесць пра Баву». Адзін з апошніх бел. перакладных твораў, блізкіх да Р.р., — «Гісторыя пра Апалона Тырскага». Творы Р.р. бытавалі на Беларусі пераважна ў асяроддзі шляхты. Р.р. садзейнічаў секулярызацыі бел. л-ры, развіццю маст. вымыслу, белетрызацыі гіст. прозы, а таксама служыў задавальненню павялічанага чытацкага попыту бел. грамадства таго часу на творы свецкага зместу.
Літ.:
Мелетинский Е.М. Введение в историческую поэтику эпоса и романа. М., 1986;
История всемирной литературы. Т. 2. М., 1984;
Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998;
Адамовіч Г.Я. З крыніц сусветнай літаратуры Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́НІКІ, Саланікі,
Фесалонікі (Thessalonikē),
горад на Пн Грэцыі, на беразе зал. Тэрмаікос Эгейскага м. Каля 1 млн.ж. з прыгарадамі (2000). Марскі порт (выкарыстоўваецца часткова Македоніяй, Югаславіяй, Балгарыяй), вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі, пасля Афін, эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металаапр., маш.-буд., у т. л. суднабудаванне і суднарамонт; тэкст., харчасмакавая, у т. л. тытунёвая; гарбарна-абутковая, цэлюлозна-папяровая. Ун-т. Археал. музей. Турызм. Штогадовыя міжнар. кірмашы.
Засн. ў 315 да н.э. царом Македоніі Касандрам. У старажытнасці і сярэднія вякі наз. Фесалонікі. З 148 да н.э. пад уладай рымлян, з канца 4 ст.н.э. — адм. ц. прэфектуры Ілірык. У 5—6 ст. на С. нападалі готы, у 6—7 ст. — славяне. У візант. эпоху С. — другі па значэнні горад пасля Канстанцінопаля. З пач. 9 ст. цэнтр фемы Фесалонікі. З С. паходзілі слав. асветнікі Кірыла і Мяфодзій. У 904 горад разрабаваны арабамі, у 1185 — нарманамі. З 1204 С. — сталіца лац. Фесалонікскай дзяржавы (з 1209 каралеўства). У 1224 стаў цэнтрам Фесалонікскай імперыі. З 1246 у складзе Нікейскай, у 1261 — Візант. імперый. У 1342—49 у горадзе дзейнічала камуна зілотаў. У 1387 захоплены туркамі, з 1403 зноў у Візант. імперыі. З 1430 у складзе Асманскай імперыі. З 1907 цэнтр руху младатуркаў. Пасля Баяканскіх войнаў 1912—13 адышлі Да Грэцыі. У 1-ю сусв. вайну база войск Антанты, якія ўтварылі каля горада Салонікскі фронт 1915—18. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі (1941—44). Вызвалены грэч. Народна-вызв. арміяй.
Захаваліся рэшткі асобных пабудоў рым. часу, у т. л. арка Галерыя (303 н.э.), руіны палаца. Помнікі сярэдневяковага дойлідства. крэпасць і замак, рэшткі візант.гар. сцен, шматлікія візант. цэрквы, у т. л.св. Георгія (перабудавана ў канцы 4 ст. са стараж.-рым. пабудовы; ратонда, мазаікі канца 4 ст.; цяпер музей раннехрысц. мастацтва), св. Дзімітрыя (перабудавана ў 11 ст., адноўлена ў 1917, мазаікі 5 і 7 ст., фрэскі 10 — пач. 14 ст.), св. Сафіі (пачата ў 5—6 ст., 717—741, мазаікі 9 ст., фрэскі 11 ст.), Маці Божай (1028, фрэскі 14 ст., пры турках перабудавана ў мячэць), Апосталаў (1312—15, фрэскі і мазаікі 14 ст.) і інш. З 20 манастыроў С. захаваўся адзін — Мані Влатадон з царквой 14 ст. У часы тур. панавання выраслі партовая ч. горада і жылыя кварталы са шчыльнай «усходняй» планіроўкай вуліц. З 1920-х г. праводзіцца рэканструкцыя, узведзены новыя сучасныя дамы, комплекс кірмашу (1950-я г.) і ун-та (1960-я г., арх. К.Карандынас і інш.). Дахрысц. і візант. помнікі С. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Я.Ф.Шунейка (архітэктура).
Салонікі. Царква Апосталаў. 1312—15.Салонікі. Царква святога Дзімітрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРГІЕ́ВІЧ (Пётра) (Пётр Аляксандравіч; 10.7.1900, в. Стаўрова Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 1.11.1984),
бел. жывапісец і графік, мастак-манументаліст. Засл. дз. маст. Літвы (1965). Вучыўся на маст. ф-це Віленскага ун-та (1919—22, 1925—27), у Кракаўскай АМ (1924—25). Творчасць вызначаецца вобразнасцю пластычнага і кампазіц. вырашэння, эмац. ладам, цікаўнасцю да самабытнасці бел.нар. культуры, часам алегарычнасцю і рамантычнасцю. Маст. завершанасцю, глыбокім псіхалагізмам, філас. гучаннем вылучаюцца жывапісныя партрэты: «Партрэт маці» (1929), С.Глякоўскага (1938), «Беларуская настаўніца» (1938), «Рыгор Шырма» (1930—40-я г.), «Дзяўчына ў сінім сарафане», «Аўтапартрэт» (абодва 1940), Ф.Багушэвіча, М.Дучыца, «Селянін» (усе 1946), «Партрэт жонкі» (1946, 1957), «Старшыня калгаса» (1952), «Землямер» (1956), М.Танка (1957), «Сталяр», «Нарачанскі рыбак» (абодва 1968) і інш.Гіст. мінулае роднай зямлі, дзейнасць яе выдатных сыноў адлюстроўваюць тэматычныя карціны «Усяслаў Полацкі» (1932), «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» (1955), «Скарына ў друкарні» (1957), «К.Каліноўскі і В.Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў» (1959), «Скарына ў рабочым кабінеце» (1960), «Арышт П.Багрыма» (1970) і інш. Значнае месца ў творчасці С. займала купалаўская тэма: «А хто там ідзе?», «Званар» (2 варыянты), «А ты, сіраціна, жыві» (усе 1947), «Гусляр», эцюды на тэмы паэмы Я.Купалы «Яна і я» — «Ворыва» і «На сенажаць» (1959), «Партрэт Дамініка Луцэвіча» (1971), трыпціх на тэмы верша Я.Купалы «А зязюлька кукавала» — «Калыханка», «Ясевы універсітэты», «Сейбіт» (1970-я г.) і інш. Жыццю сялян Зах. Беларусі прысвечаны палотны «Перавозка будаўнічага грузу цераз возера Богіна» (1926), «За прасніцай», «Жыццё», «Вяселле на Беларусі» (усе 1929), «Залёты» (1930), «Беларусы» (1930-я г.), «Шляхам жыцця» («Падарожныя», 1934), «Араты» (1938), «Каваль куе каня» (1939), рэв. падзеям у Літве — «Дэманстрацыя беспрацоўных у Каўнасе ў 1925 годзе» (1954). Рэв. пафасам напоўнена карціна «Вясляр» («Насуперак буры», 1940, 2 варыянты). Тэму Вял.Айч. вайны адлюстроўваюць партрэт «Партызан Федзя» (1943), карціна «У партызанскай кузні» (1945). Хараство роднай прыроды апяваецца ў пейзажах «Забытая званіца» (1936), «Ноч» (1941), «Пад снегавым пакрывалам» (1942), «Вясновая казка» (1957), тэматычнай карціне «Вячэрняя балада» (1970) і інш. Працаваў таксама ў станковай (серыя партрэтаў «Беларускія народныя тыпы», 1930-я г.) і кніжнай (афармляў час. «Нёман», 1931—32; кнігі М.Машары «На сонечны бераг!», 1934 і «На прадвесні», 1935, і інш.) графіцы. Выканаў размалёўкі ў касцёлах у Солах (1934), Смаргоні (1936), Шарашове (1938); у бернардзінскім касцёле ў Гродне, аформіў касцёл у Корцы (Украіна; 1930-я г.). Аўтар абразоў «Св. Францыск» (1934), «Маці Божая Поразаўская» (1937) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Жывапіс.
Тв.:
Аўтабіяграфія // Мастацтва. 1993. №1.
Літ.:
Ліс. А. Пётра Сергіевіч. Мн., 1970;
Крукоўскі У. Невядомы Сергіевіч // Наша вера. 1996. №1;
Бажэнава В. Роспісы Пётры Сергіевіча // Там жа. 2001. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФАНІ́ЗМ,
метад муз. мыслення, які характарызуецца шматбаковым, філас.-абагульненым раскрыццём маст. канцэпцыі ў няўхільным руху, развіцці, узаемадзеянні муз. вобразаў.
Паняцце «С.» набыло пашырэнне пераважна ў сав.муз. навуцы і ў музыказнаўстве ўсх.-еўрап. краін. Уведзена Б.Асаф’евым як вызначэнне безупыннасці муз. свядомасці, калі ніводны элемент не мысліцца і не ўспрымаецца незалежным сярод астатніх. У станаўленні С. як гіст. катэгорыі асаблівае значэнне мае муз.мастацтва 18—19 ст., у якім, паводле Асаф’ева, адкрышталізавалася канфліктнае дыялектычнае развіццё («ідэя С.») і санатная форма («выразнік С.»). Эвалюцыя муз. мыслення ў 20 ст. абумовіла паглыбленне асаф’еўскай тэорыі С. У даследаваннях М.Араноўскага, Ю.Халопава і інш. найважнейшым крытэрыем С. вызначаецца прысутнасць развітога аўтаномна-муз. мыслення, якое рэалізуецца і за межамі дыялектычнай санатнай логікі ва ўмовах новага нетрадыц. муз. матэрыялу і прыёмаў яго развіцця (сімфоніі П.Булеза, С.Губайдулінай, В.Лютаслаўскага, А.Месіяна, К.Пендарэцкага, В.Сільвестрава, А.Шнітке і інш).
У бел. музыцы асваенне метаду С. пачалося ў 19 ст. (сімф. уверцюры С.Манюшкі, канцэрты М.Ельскага). У 1920—30-я г. сфарміраваліся асн. тыпы нац. С.: жанрава-быт., героіка-эпічны і драм. (М.Аладаў, В.Залатароў, Я.Цікоцкі, М.Чуркін); у 1940—50-я г. — далейшае паглыбленне і развіццё гэтых традыцый (Аладаў, А.Багатыроў, П.Падкавыраў, Р.Пукст). Пачатак 1960-х г. адзначаны сцвярджэннем востраканфліктных сімф. канцэпцый філас., лірыка-псіхал., драм. характару, пошукамі новых сродкаў выразнасці, пашырэннем сувязей з разнастайнымі з’явамі сучаснай муз. культуры. Навізной вобразнага зместу, муз. мовы, драматургіі і формы вылучаюцца сімфоніі Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага. На мяжы 1980—90-х г. наглядаецца фарміраванне новых тэндэнцый нац. С., што выявілася ў пашырэнні семантычнага поля сімфоніі, актыўным сінтэзе жанраў, асіміляцыі прыкмет канцэртнай, камернай, кантатна-аратарыяльнай музыкі, звароце да новых сродкаў кампазіцыі, засваенні тэхнікі калажу і полістылістыкі (Смольскі, М.Мдывані, Ф.Пыталеў, Г.Гарэлава, У.Дамарацкі, У.Дарохін, В.Кузняцоў, А.Хадоска і інш.).
Літ.:
Асафьев Б. (Игорь Глебов). Пути в будущее // Мелос. СПб., 1918. Вып. 2;
Яго ж. Симфонизм как проблема современного музыкознания // Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера. Л., 1926;
Яго ж. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974;
Степанцевич К.И. О некоторых новых тенденциях в белорусском симфонизме 60-х — первой половины 70-х гг. // Вопросы музыкознания. Мн., 1981;
Холопов Ю. О понятии «симфонизм» // Б.В.Асафьев и сов. музыкальная культура. М., 1986;
Арановский М.Г. Симфонические искания. Л., 1979;
Яго ж. Симфония и Время // Русская музыка и XX в. М., 1997;
Савицкая О.П. Вопросы становления и развития жанра симфонии в Беларуси // Науч. тр.Бел. гос. академии музыки Мн., 2001. Вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА (ад грэч. systēma складзенае з частак),
цэласная сукупнасць узаемазвязаных элементаў. У якасці С. разглядаюцца сукупнасць рэчаў, уласцівасцей і адносін, складаныя аб’екты, часткі прыроднага і тэхнагеннага асяроддзя, якія характарызуюцца шматузроўневасцю і іерархічнасцю пабудовы: напр., горныя С., С. рэк, азёр, мораў, жывёльнага і расліннага свету, С. гарадоў і інш. Адрозніваюць матэрыяльныя і ідэальныя С. Да матэрыяльных адносяць С. ўсіх узроўняў арганізацыі і форм руху матэрыі, уключаючы С. жывой і нежывой прыроды, С. эканам., паліт., прававых і інш. грамадскіх адносін. Ідэальныя С. ўключаюць канкрэтныя, якія складаюцца з пачуццёвых вобразаў і выяўляюцца, напр., у творах мастацтва, і абстрактныя, якія ўваходзяць у склад гіпотэз, тэорый і інш. С. падзяляюць таксама на адкрытыя і закрытыя, статычныя і дынамічныя, жорсткадэтэрмінаваныя і імавернасныя, натуральныя і штучныя і інш. Усім тыпам С. уласціва пэўнае падабенства характарыстык. Элементы С. могуць быць аднародныя і неаднародныя па сваіх якасцях. Комплексы разнародных элементаў у С. з’яўляюцца падсістэмамі. Элементы С. адносна самастойныя, што выяўляецца ў захаванні сваіх якасцей пры змене структуры С. і магчымасці пераходу ў інш. С. Самастойнасць элементаў залежыць ад ступені складанасці С.: чым больш складаная С., тым мацней узаемазалежныя элементы. Цэласнасць С. забяспечваецца яе структурай — устойлівым, упарадкаваным спосабам сувязі паміж элементамі. Структура С. складаецца ў працэсе ўзаемадзеяння элементаў і адказвае за ўзнаўленне С. і яе адаптацыю да ўмоў асяроддзя. Змены ў асяроддзі прыводзяць да пераўтварэння структуры С., а часам да замены папярэдніх элементаў якасна новымі (гл.Ізамарфізм і гомамарфізм). С. характарызуюцца 3 тыпамі ўласцівасцей: субстратнымі, інтэгратыўнымі і функцыянальнымі. Субстратныя ўласцівасці (маса, памер, матэрыяльны састаў) абумоўлены матэрыяльным складам С., інтэгратыўныя — залежаць ад спосабу сувязі паміж элементамі, функцыянальныя — вызначаюць функцыі С. ў знешнім асяроддзі.
Першыя ўяўленні пра С. як аснову ўпарадкаванасці і цэласнасці быцця ўзніклі ў ант. філасофіі. Б.Спіноза, Г.Лейбніц і прадстаўнікі навук. сістэматыкі 17—18 ст. прапаноўвалі прыродазнаўчыя сістэмна-анталагічныя канцэпцыі светабудовы. Прынцыпы сістэмнай прыроды ведаў у ням. класічнай філасофіі распрацоўвалі І.Кант, Ф.Шэлінг, Г.Гегель. У 2-й пал. 19—20 ст. даследаваліся спецыфіка тэарэт. ведаў як С. (неакантыянства), метады пабудовы лагічных і фармалізаваных С. (неапазітывізм). Сістэмныя даследаванні праводзяцца ў межах агульнай тэорыі сістэм і спец. тэорый: сістэмнага падыходу, сістэмнага аналізу, сістэматэхнікі, кібернетыкі, сінергетыкі і інш.
Літ.:
Системные исследования. М., 1969;
Морозов В.Д., Морозов В.В. Диалектика: системы и развитие. Мн., 1978;
Аверьянов А.Н. Системное познание мира. М., 1985;
Система. Симметрия. Гармония. М., 1988;
Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ.М., 1991;
Князева В.Н., Курдюмов С.П. Законы эволюции и самоорганизации сложных систем. М., 1994;
Спицнадель В.Н. Основы системного анализа. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА МАЛЫ́Х ФОРМ, дробная пластыка,
скульптурныя творы невял. памераў, якія выконваюць пераважна дэкаратыўныя (часам рытуальныя) функцыі; разнавіднасць скульптуры. Пашырана ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Вырабляецца таксама мастацкай прамысловасцю і нар.-маст. промысламі з керамікі, металу, косці, каменю, шкла, пластмасы і інш. Да С.м.ф. належаць жанравыя статуэткі, настольныя партрэтныя выявы, разнастайныя віды цацак, а таксама манеты, медалі, гемы. Творы дробнай пластыкі выкарыстоўваюць у стварэнні пэўнага эстэт.-эмацыянальнага асяроддзя, вызначаюцца выразнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, выяўленнем пластычных і дэкар. магчымасцей матэрыялу. С.м.ф. зарадзілася ў эпоху палеаліту і звязана з вераваннямі і працоўнай дзейнасцю (знаходкі ў пячоры Мас-д’Азіль у Францыі, Вілендорф у Аўстрыі, Мальце і Бурэце ў Сібіры і інш.). На тэр. Беларусі вядома з эпохі неаліту: касцяныя і драўляныя фігуркі людзей, качак, коней са стаянак Крывіна (гл.Галоўск), Асавец. Да жал. веку адносяцца гліняныя фігуркі жывёл мілаградскай культуры з гарадзішчаў Гарошкаў, Мохаў. З прыняццем хрысціянства вял. пашырэнне ў 11—13 ст. набылі каменныя і касцяныя абразкі з рэльефнымі выявамі святых. Узоры быт. пластыкі вядомы з 12—13 ст. С.м.ф. 14—16 ст. характарызуецца цеснай сувяззю з маст. ліццём (крыжы і абразкі, знойдзеныя ў Магілёве, Мінску і інш.). З 16—17 ст. пашырана медальернае мастацтва, развіццю якога спрыяла дзейнасць Віленскага манетнага двара. У 19—пач. 20 ст. рысамі стылю мадэрн вызначаліся Керамічныя статуэткі і дэкар. вазы В.Бубноўскага. У анімалістычным жанры працаваў жывапісец Г.Вейсенгоф, у рэаліст. манеры выкананы партрэты-барэльефы Я.Драздовіча (Я.Пачопкі, М.Машары, А.Грыневіча і інш.), амаль ва ўсіх цэнтрах ганчарства выраблялі гліняныя цацкі (майстры В. і П. Ланеўскія, І.Данілевіч), у многіх — дэкар. пасудзіны (майстры В.Кузьміцкі, Ф.Дзудзакевіч, А.Петрашкевіч, Я.Ступкевіч). Мела пашырэнне драўляная цацка. У 1940-я г.нац. каларытам вылучаліся работы М.Філіповіча. У 2-й пал. 20 ст. ствараецца сюжэтная пластыка ў фарфоры, шамоце, гліне (мастакі У.Андрыянаў, М.Бяляеў, Г.Гаркуноў, М.Звярко). У анімалістычным жанры працавалі Л.Багданаў, Ф.Зільберт, Т.Мацвеенка, Т.Паражняк. Багаццем пластычных вырашэнняў вылучаецца гутная пластыка нар. майстроў Р.Багінскага, Т.Лінкевіча, С.Раўдвеэ. У традыцыях нар. глінянай скульптуры працуе М.Пушкар. Своеасаблівыя дэкар. пласты, плакеткі, сувенірныя медалі ствараюць М.Байрачны, А.Зіменка, Л.Талбузін. У кераміцы працуюць М.Балюк, Т.Васюк, М.Кляцкоў, А.Концуб, У.Церабун і інш. С.м.ф. стала вядучай у творчасці самадз. майстроў-разьбяроў А.Міхеенкі (Полацк), А.Пупко (Івянец), В.Альшэўскага і М.Ерафеева (Мінск), Г.Асіпковай (Чашнікі), Б.Васількова (Гомель), С.Жыголкіна (Віцебск), С.Шаўрова (Орша). Гл. таксама Скульптура драўляная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦЫЯСтаражытная,
Элада (грэч. Hellas), цывілізацыя, дзяржаўнасць і культура на тэрыторыі паўд.ч. Балканскага п-ва, астравоў Эгейскага м., зах. ўзбярэжжа п-ва М. Азія і інш. зямель у 2—1-м тыс. да н.э. (ад узнікнення першых грэч. гарадоў-дзяржаў да рым. заваявання ў 2 ст. да н.э.).
Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю Грэцыі на 2 вял. эпохі: мікенскую (крыта-мікенскую) палацавую цывілізацыю і ант. полісную цывілізацыю, а таксама на больш дробныя перыяды. У 1-ю эпоху (30—12 ст. да н.э.), якая прыпадае на бронзавы век, дагрэчаскае насельніцтва (пеласгі) выцеснена ўласна грэчаскім (ахейцы), сфарміраваліся крыта-мікенская культура з цэнтрам у Кносе, раннекласавае грамадства на чале з басілеямі, узніклі мараплаванне і пісьменства (гл.Крыцкае пісьмо). Канцом гэтай эпохі сталі Траянская вайна і перасяленне ў Грэцыю дарыйцаў. У прамежкавыя перыяды — субмікенскі (1125—1025 да н.э.) і гамераўскі (11—9 ст. да н.э., вядомы пераважна паводле эпасу Гамера, наз. таксама «цёмныя вякі») — адбыўся пераход да жал. веку, склаліся патрыярхальнае рабства і раннія полісы як асобая форма земляробскай абшчыны. Эпоха ант. поліснай цывілізацыі пачалася з архаічнага перыяду (8—6 ст. да н.э.), які па часе супаў з шырокай тэр. экспансіяй грэкаў (т.зв.вял. каланізацыя, з сярэдзіны 8 ст. да н.э.). У архаічны перыяд грэч. грамадства развівалася найб. інтэнсіўна. Адбылося станаўленне класічнага рабства і полісаў як гарадоў-дзяржаў, фарміраванне сістэмы грашовага абарачэння і рынку, мелі месца распрацоўка канцэпцый суверэнітэту народа і дэмакр. формы праўлення, гал. этычных нормаў і прынцыпаў маралі, эстэт. ідэалаў, зараджэнне асн. феноменаў ант. культуры — філасофіі і навукі, гал. жанраў л-ры, т-ра, ордэрнай архітэктуры, спорту. Каланізацыю, выкліканую пераважна недахопам с.-г. зямель (з-за гэтага ў полісах нярэдка адбываліся грамадз. войны і гвалтоўны перадзел зямлі) і імкненнем грэкаў устанавіць свой кантроль над гандл. шляхамі, першымі пачалі астраўныя гарады Халкіда і Эрэтрыя, потым Карынф, Мегары, малаазійскія гарады (асабліва Мілет) і інш. Каланізацыя развівалася ў 3 асн. кірунках: зах. (Сіцылія, Паўд. Італія, Паўд. Францыя, усх. ўзбярэжжа Іспаніі), паўн. (фракійскае ўзбярэжжа Эгейскага м., раён праліваў з Міжземнага ў Чорнае м. і ўзбярэжжа апошняга) і паўд.-ўсх. (узбярэжжа Паўн. Афрыкі і краіны Леванта). У ходзе яе заснаваны ант.калоніі, у т. л.Сіракузы, Тарэнт, Візантый, Гаргіпія, Ольвія, Пантыкапей, Фанагорыя, Херсанес Таўрыйскі, Тыра; актывізаваўся грэч. марскі гандаль; рамяство аддзялілася ад сельскай гаспадаркі як самаст. галіна вытв-сці. Каланізацыя не поўнасцю спыніла сац. канфлікты, што ў 7—6 ст. да н.э. прывяло да зараджэння ў многіх грэч. гарадах, у т. л.Стараж.Афінах, ранняй формы тыраніі (у ліку першых тыранаў былі Пісістрат і Палікрат). Класічны перыяд (мяжа 6 і 5 ст. — 388 да н.э.) быў часам эканам., паліт. і культ. росквіту Грэцыі. Яго гал. знешнепаліт. падзеі — грэка-персідскія войны, Пелапанеская вайна, Карынфская вайна. Унутрыпаліт. развіццё было звязана з рэформамі Салона і Клісфена ў Афінах, законамі Лікурга ў Спарце і характарызавалася саперніцтвам у полісах дэмакр. і алігархічных (гл.Алігархія) сіл (найб. росквіту дэмакратыя дасягнула ў Афінах пры Перыкле), утварэннем дзяржаў федэратыўнага тыпу (найб. вядомыя Фесалія і Беотыя), паступовым узвышэннем Стараж.Македоніі. На пач. апошняга перыяду элінізму (канец 4 — апошнія дзесяцігоддзі 1 ст. да н.э.) крызіс класічных полісаў стаў прычынай усх. паходу (334—323 да н.э.) Аляксандра Македонскага. У ходзе грэка-македонскіх заваяванняў узнікла вял. імперыя, якая ахапіла Балканскі п-аў, астравы Эгейскага м., М. Азію, Егіпет, усю Пярэднюю Азію, паўд. раёны Сярэдняй Азіі і ч.Цэнтр. Азіі да ніжняга цячэння Інда. Пасля смерці Аляксандра Македонскага (323 да н.э.) створаная ім імперыя ў выніку адсутнасці цесных унутр. сувязей і паўвекавых міжусобіц яго палкаводцаў (дыядохаў) распалася на шэраг эліністычных дзяржаў (Македонія, Грэка-Бактрыйскае царства, манархіі Селеўкідаў, Пталамеяў і інш.). Саперніцтва ўнутры Грэцыі паміж Македоніяй, Ахейскім саюзам і Эталійскім саюзам прывяло да аслаблення магутнасці краіны і ўмяшання ў яе справы Стараж. Рыма (з 197 да н.э.). Пасля роспуску рымлянамі Эталійскага (148 да н.э.) і Ахейскага (146 да н.э.) саюзаў Грэцыя фактычна страціла незалежнасць (канчаткова ў 27 да н.э. ў сувязі з ператварэннем Грэцыі ў рым. правінцыю Ахая).
Выхаванне і адукацыя. У Стараж. Грэцыі выхаванне разумелася як непарыўнае адзінства «гімнастычнага» і «мусічнага» (ад слова муза), як развіццё фіз. і разумовае адначасова. Сінтэзам гэтых элементаў павінна была стаць класічная раўнавага цела і духу, ідэал калакагатыі — гармоніі ў чалавеку прыгажосці і дабра. Пачатае з канкрэтнага ўяўлення аб прыгожым трэніраваным целе юнака «высакароднага паходжання», з цягам часу паняцце калакагатыі дасягнула вышыні абстракцыі, стала выражэннем грамадз. і этычных каштоўнасцей ант. грамадства, увасобленых у гарманічна развітой асобе.
У Стараж. Грэцыі сфарміраваліся 2 асн. тыпы выхавання: спартанскі і афінскі. У Спарце выхаванне фіз. развівалася за кошт выхавання інтэлектуальнага і эстэтычнага. У 7-гадовым узросце хлопчык пераходзіў пад апеку дзяржавы. Уключаны ў адзін з атрадаў (ілаў), пасля 4-гадовай падрыхтоўкі ён мог прыступіць да больш сур’ёзных заняткаў, якія завяршаў у 20-гадовым узросце ў якасці ірэна — сталага юнака. Вучні падзяляліся на 2 групы: малодшыя (хлопчыкі ад 7 да 14 гадоў) і эфебы (юнакі ад 14 да 20 гадоў). Ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў спартанцы праходзілі ваен. службу. Іх інтэлектуальная падрыхтоўка абмяжоўвалася ўменнем чытаць і пісаць, веданнем некалькіх ваен. і рэліг. песень, а таксама асобнымі звесткамі аб традыцыях, гісторыі, рэлігіі і абрадах Спарты. Загартоўка была суровая: развіццё ўпартасці і вынослівасці, здольнасці пераносіць нястачу, голад, холад, боль, выхаванне гатоўнасці да паходаў, валодання зброяй. Выхаванне дзяўчынак мала адрознівалася ад выхавання хлопчыкаў. На першым месцы былі фіз. сіла і вынослівасць дзяўчынак, будучых маці грамадзян-воінаў. Яны займаліся нароўні з хлопчыкамі гімнастыкай, бегам, кідалі дыск, дужаліся, а таксама вучыліся спевам і танцам. Гал. мэтай такой сістэмы было выхаванне людзей развітых фізічна, храбрых і дысцыплінаваных. Арганізацыя выхавання ў Спарце прыпісваецца Лікургу і апісана Плутархам у «Жыцці Лікурга».
У Афінах ідэалам выхавання было фарміраванне чалавека ўсебакова адукаванага. Ідэя калакагатыі рэалізоўвалася праз фіз. і мусічнае, або інтэлектуальнае, маральнае і эстэт. выхаванне. Мусічным выхаваннем хлопчыкаў ва ўзросце 7—14 гадоў займаліся прыватныя настаўнікі — граматысты і кіфарысты. Граматыст вучыў дзяцей чытанню і пісьму, даваў ім асн. паняцці пра лічэнне. Потым яны пераходзілі да вывучэння стараж. пісьменнікаў (Гамер, Эзоп), чыталі паэмы Гесіёда, вершы заканадаўца Салона, творы Феакрыта, развучвалі гімны ў гонар багоў. Кіфарыст даваў хлопчыкам навыкі ігры на ліры ці кіфары. Пад кіраўніцтвам педатрыба ў палестрах 15—16-гадовыя хлопчыкі спаборнічалі ў бегу, скачках, кіданнях кап’я і дыска. Выхаванне інтэлектуальнае і фіз. працягвалася ў гімнасіях, якія ў эліністычную эпоху былі асн. тыпам публічнай сярэдняй школы. Заканчэннем выхаваўчага цыкла была 2-гадовая ваен. і грамадз. падрыхтоўка ў дзярж. эфебіях, створаных пасля 338 да н.э. Дзяўчынкі з усіх сац. слаёў атрымлівалі хатняе выхаванне. Тып афінскага выхавання перамог у эліністычным свеце і пазней адыграў значную ролю ў развіцці еўрап. педагогікі. У Афінах сфарміраваўся таксама тып вышэйшай школы, пачатак якой далі філас. школы і ў першую чаргу Акадэмія платонаўская.
Міфалогія і рэлігія. Стараж.-грэч. міфалогія прайшла ў сваім развіцці доўгі шлях, успрыняўшы некат. паданні народаў Стараж. Усходу (пераважна хетаў і фінікійцаў). З Усходу ў стараж.-грэч. пантэон трапілі асобныя божаствы і героі. Першапачаткова (перыяд матрыярхату) яна характарызавалася стыхійнымі, пачварнымі формамі, мела рысы хтанізму (ад грэч. chthōn зямля, якая, паводле міфалагічных уяўленняў, нараджала ўсе гэтыя пачвары). У першабытную эпоху ў міфалагічных рэліг. уяўленнях стараж. грэкаў вял. значэнне мелі татэмістычныя, фетышысцкія і анімістычныя ўяўленні аб неаддзельнасці духоўнай сутнасці ад іх саміх (бог Зеўс уяўляўся арлом, лебедзем, маланкай, Афіна — савой ці змяёй). У перыяд матрыярхату яшчэ не існавала вызначанай іерархіі багоў: мноства мясц. багоў шанавалася ў асобных абшчынах і не мела ўсеагульнага значэння. Паступовае афармленне алімпійскай міфалогіі адбывалася ў перыяд патрыярхату. У 2-м тыс. да н.э.стараж.-грэч. міфалогія дасягнула свайго росквіту, канчаткова склаўся алімпійскі пантэон багоў, якія жылі на гары Алімп і падпарадкоўваліся ўладзе аднаго бога — Зеўса. Для алімпійскай міфалогіі характэрны яскрава выяўлены антрапамарфізм (багоў уяўлялі ў чалавечым абліччы, ад простых людзей яны адрозніваліся бяссмерцем і магутнасцю, але былі падобныя да іх сваімі паводзінамі, думкамі і пачуццямі). Замест б. паданняў аб пачварах з’явіліся міфы пра герояў (Геракл, Тэсей), якія змагаюцца з гэтымі пачварамі і перамагаюць іх. З разлажэннем абшчынна-радавых адносін, зараджэннем навук. ведаў наіўны міфалагічны антрапамарфізм знікае. У стараж.-грэч. паэтаў Гесіёда і Піндара Зеўс ператвараецца ў вобраз, які ўвасабляе прынцып сусв. справядлівасці; у Эсхіла Зеўс паказаны ў выглядзе сусв. дэспата, чалавеканенавісніка, прадстаўніка сляпых і неразумных сіл. У межах рабаўладальніцкай фармацыі міфалогія прайшла перыяд класікі, калі яна была носьбітам і выразнікам поліснай ідэалогіі, і эліністычна-рым. перыяд, калі яна ператварылася ў літ. і маст. прыём, у алегорыю або метафару. Побач з міфалогіяй развівалася і фарміравалася стараж.-грэч. рэлігія — вера ў звышнатуральную сілу багоў, замацаваная сістэмай культаў і абрадаў. Разам з афіц.дзярж. рэлігіяй у Стараж. Грэцыі былі пашыраны богаслужэнні, адкрытыя толькі для пасвячоных — містэрыі (у гонар Дэметры, Дыяніса і інш.).
Філасофія. Стараж.-грэч.філас. думка, якая дала пачатак еўрап. філасофіі, узнікла ў Іаніі — цэнтры грэч. культуры 7—6 ст. да н.э. У адным з найб. развітых яе полісаў — Мілеце, сфарміравалася натурфіласофія. Заснавальнік мілецкай школы (6 ст. да н.э.) Фалес, які лічыцца бацькам еўрап.філас. думкі, першы спрабаваў адказаць на пытанне, што з’яўляецца нязменнай першаасновай усяго існага, з якой усё ўзнікае і ў якую ўсё зноў вяртаецца. На яго думку, такой прасубстанцыяй з’яўляецца вада. Фалес не пакінуў пасля сябе ніводнага пісьмовага твора, а яго погляды (як і іншых дасакратыкаў) пераказаў Арыстоцель. Вучань Фалеса Анаксімандр упершыню выклаў свае погляды пісьмова ў творы «Аб прыродзе». У невял. урыўку, які захаваўся, ёсць квінтэсенцыя яго поглядаў: праматэрыяй усяго існага з’яўляецца «апейрон» (бясконцае). Анаксімен лічыў, што прасубстанцыяй было паветра, бо яно бязмежнае і ажыўляе свет, як душа (дух) ажыўляе жывыя арганізмы. Геракліт Эфескі сутнасць быцця бачыў у безупынных зменах, што адбываюцца паводле ўсеагульнага закону (логаса), у адзінстве і вечнай барацьбе процілегласцей. Дыяметральна іншых поглядаў прытрымліваўся заснавальнік элейскай школы (6—5 ст. да н.э.) Парменід, які выказаў ідэю адзінага нязменнага, нерухомага і непадзельнага быцця, пазнавальнага толькі шляхам дэдукцыі, незалежна ад вопыту і пачуццяў. Погляды свайго настаўніка абараняў Зянон, які, стоячы на пазіцыях адзінства і нязменнасці быцця, адзначаў супярэчнасці ў паняццях мноства, змянення і руху. Ён удасканаліў мастацтва вядзення спрэчак і лічыцца стваральнікам дыялектыкі, што знайшла шмат паслядоўнікаў сярод сафістаў (Горгій). Спробу прымірыць тэорыю нязменнага і незнішчальнага быцця элейцаў з заснаванай на вопыце карцінай зменлівай рэчаіснасці Геракліта зрабілі Эмпедокл і Анаксагор. Найб. дасканалай сістэмай, якая тлумачыла паходжанне і будову свету, у той час была атамістыка (Леўкіп, Дэмакрыт). Паводле атамістаў, свет складаецца з маленькіх непадзельных часцінак (атамаў), якія адрозніваюцца толькі формай і памерамі. Гэтым і абумоўліваецца розніца з’яў. Піфагарэйскі саюз, заснаваны Піфагорам (6 ст. да н.э.), меў характар рэліг. брацтва, якое імкнулася да ўдасканальвання сваіх членаў. Прадметам іх зацікаўлення былі астраномія, музыка і асабліва матэматыка. Першаасновай усяго існага для піфагарэйцаў быў лік і лікавыя адносіны. З дапамогай матэм. дэдукцыі яны прыйшлі да высновы, што Зямля мае форму шара. Новая карціна свету, пазначаная рысамі матэм. дакладнасці, зрабіла вял. ўплыў на Платона і стала адным з важнейшых элементаў яго філасофіі. Буйнейшымі прадстаўнікамі піфагарэізму на мяжы 5 і 4 ст. да н.э., былі Філалай, Архіт, Эўдокс. У канцы 1 ст. да н.э. піфагарэізм адрадзіўся як рэліг.-містычная сістэма і вядомы пад назвай неапіфагарэізм. У 5 ст. да н.э. ў Грэцыі дзейнічалі прафес. настаўнікі «мудрасці» — сафісты. Яны не стварылі асобнай філас. школы, але, вандруючы па гарадах і папулярызуючы філасофію, рыторыку, граматыку і стылістыку, грамадскія навукі, зрабілі вял. ўплыў на інтэлектуальнае і культ. жыццё Грэцыі. Выдатнымі прадстаўнікамі гэтага кірунку былі Пратагор, Горгій, Гіпій, Продзік, Фрасімах.
Новы перыяд стараж.-грэч. філасофіі пачаўся з Сакрата (5 ст. да н.э.), які перанёс свае даследаванні ў сферу маральнасці, імкнучыся знайсці ўсеагульнае і безумоўнае веданне не ў знешнім, а ў самім сабе. Яго паслядоўнікі заснавалі шэраг філас. школ: мегарская школа (Эўклід, Эўбулід, Алексін, Дыядор Крон) і эліда-эрытрэйская (Федон) развілі фармальную дыялектыку Сакрата, школы кінікаў (Антысфен) і кірэнаікаў (Арыстып) займаліся этычнымі праблемамі. Найвыдатнейшым вучнем Сакрата быў Платон, заснавальнік філас. школы, вядомай як Акадэмія платонаўская. Яго вучэнне — сінтэз усіх дасакратаўскіх філас. кірункаў. Арыстоцель, які на працягу 20 гадоў быў вучнем Платона, пасля яго смерці заснаваў уласную школу (Лікей). Гэта быў узорны даследчы інстытут, які сабраў лепшых вучоных ва ўсіх галінах ведаў. Вынікі іх даследаванняў паслужылі Арыстоцелю асновай для пабудовы філас. сістэмы, якая ахоплівала ўсё кола тагачасных ведаў аб прыродзе і грамадстве. У 4—3 ст. да н.э. сярод філас. школ найб. ўплыў мелі стаіцызм (заснавальнік Зянон), школа Эпікура і скептыцызм (заснавальнік Пірон). Вучэнне стоікаў і Эпікура адметнае пераважна ўвагай да праблем этыкі. Скептыцызм выступаў супраць усіх кірункаў, якія абвяшчалі магчымасць поўнага і аб’ектыўнага пазнання, і быў працягам вучэння сафістаў, асабліва Пратагора. Філас. сістэму, якая спрабавала прымірыць рэліг. думку Усходу з грэч. філасофіяй, стварыў Філон Александрыйскі (1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.). Апошняй выдатнай філас. сістэмай старажытнасці быў неаплатанізм (3—6 ст.н.э., Плацін, Парфірый, Ямвліх, Прокл). У ім ідэалізм дасягнуў вышэйшай ступені свайго развіцця. Неаплатанізм значна паўплываў на хрысц. філосафаў (Арыген, Клімент Александрыйскі, Аўгусцін) і ням. ідэалістаў (Ф.Шэлінг, Г.Гегель).
Прыродазнаўчыя навукі. Да канца 4 ст. да н.э. прыродазнаўчыя, паліт. і філас. погляды ў Грэцыі складалі адну непадзельную навуку; амаль усе філосафы былі прыродазнаўцамі. Радзімай першых вучоных Стараж. Грэцыі была Малаазійская Іанія, цесна звязаная з культурай стараж.-ўсх. свету, якая зрабіла вял. ўплыў на развіццё ўсёй стараж.-грэч. навукі. Першыя геам. ўяўленні, выкарыстанне цыркуля, прадказанне сонечных зацьменняў, рэкамендацыі мараплаўцам арыентавацца па Малой (а не Вялікай) Мядзведзіцы звязаны з Фалесам і яго школай (7—6 ст. да н.э.), назіранні над жывёльным светам — з Анаксімандрам, які склаў і самую стараж. карту айкумены, зрабіў схему нябеснага скляпення для арыентавання па зорках. Думкі пра існаванне, апрача «вогненных» нябесных свяціл, «цёмных цел зямлістай якасці» (планет), належаць Анаксімену. Пачатак развіцця тэорыі лікаў, метадаў дакладнага вызначэння матэм. паняццяў і строгіх лагічных доказаў звязаны з Піфагорам і яго школай (6 ст. да н.э.). У сярэдзіне 5 ст. да н.э. значнага развіцця дасягнула стэрэаметрыя: Анаксагор і Дэмакрыт заклалі асновы тэорыі перспектывы. Вял. значэнне мела адкрыццё ў гэты перыяд ірацыянальных лікаў, а таксама фармулёўка задач аб квадратуры круга, падваенні куба і трысекцыі вугла. На мяжы 5 і 4 ст. да н.э.Леўкіп і Дэмакрыт сфармулявалі асновы атамістыкі. Адна з самых стараж.мед. школ створана на мяжы 6 і 5 ст. да н.э. Алкмеонам, які першы пачаў праводзіць анатаміраванне жывёл і выявіў, што мозг з’яўляецца цэнтрам нерв. дзейнасці. Гіпакрат абагульніў практычны вопыт лячэння хворых, распрацаваў асновы дыягностыкі, склаў апісанне і метады лячэння многіх хвароб. У 4 ст. да н.э.Арыстоцель пабудаваў сістэму ўсіх вядомых на той час навук і прапанаваў іх класіфікацыю. У перыяд элінізму прыродазнаўчыя навукі паступова аддзяліліся ад філасофіі. Астраномія і звязаныя з ёй матэматыка і механіка далей развіты ў працах Эўкліда, Архімеда, Дыяфанта, Гіпарха, Пталамея і інш.
Геаграфія. Першымі даследчыкамі Міжземнага м. і навакольных тэр. былі крыцяне (прадстаўнікі мінойскай культуры, 3-е — пач. 2-га тыс, да н.э.) і ахейцы (мікенская культура, 2-е тыс. да н.э.). У працэсе развіцця гандлю і ў час ваен. паходаў яны даследавалі ўзбярэжжа Балканскага п-ва і ўсх.ч. Міжземнага м., многія раёны Зах. Азіі і Паўн.-Усх. Афрыкі. Самымі стараж.геагр. творамі былі перыплы (апісанні марскіх плаванняў уздоўж берагоў) і перыэгесы (апісанні плаванняў і сухапутных падарожжаў з пазначэннем адлегласцей паміж прамежкавымі пунктамі) у вершаванай форме для больш лёгкага запамінання. Падобнымі былі і апісанні падарожжаў багоў, герояў і інш. міфічных асоб, пра якіх расказвалася ў міфах і эпічных паэмах. Гамераўскі эпас разам з казачнымі падрабязнасцямі марскіх падарожжаў змяшчае апісанні як рэальных мясцовасцей (напр., в-ва Крыт), так і паўлегендарных і легендарных. Рэальныя межы гамераўскіх геагр. уяўленняў відаць са звестак пра раёны Афрыкі (да паўд. межаў Сахары), зах.ч. сучаснай Індыі, Паўн. Прычарнамор’е. Многія раёны Прычарнамор’я і Зах. Азіі ўпершыню апісаны ў цыкле міфаў пра арганаўтаў. Пазней з рабаўладальніцкіх гарадоў-дзяржаў на берагах Эгейскага м. грэкі ў пошуках новых зямель і гандл. партнёраў пачалі т.зв. вялікую каланізацыю. Яны асвоілі ўзбярэжжы Міжземнага і Чорнага м., сабралі дакладныя звесткі пра больш далёкія землі (Пірэнейскі п-аў, Вялікабрытанія, зах. ўзбярэжжа Еўропы, тэр. на Пн ад Чорнага м., унутр. раёны Паўн. Афрыкі і інш.). Вельмі пашырыўся іх кругагляд у выніку паходаў Аляксандра Македонскага.
Паводле меркаванняў грэч. Географаў 7—6 ст. да н.э., Зямля ўяўляла сабой плоскі цыліндр (дыск), які плавае ў Сусветным акіяне. Частка плоскай верхняй паверхні гэтага цыліндра — айкумена з цэнтрам у Грэцыі («пуп» Зямлі» — камень «амфалос» у Дэльфах). Першую карту айкумены стварыў Анаксімандр (канец 7—6 ст. да н.э.). У цэнтры гэтай карты — Міжземнае м., айкумена падзелена на 2 роўныя часткі — Еўропу і Азію. У Гекатэя Мілецкага (6—5 ст. да н.э.) адзначана трэцяя ч. свету — Лівія (Афрыка). Лічылася, што рэкі Істр (Дунай) і Ніл цякуць паралельна ў шыротным напрамку, першая праз Еўропу, другая праз Лівію, абедзве ад берагоў Атлантычнага ак. У 6 ст. да н.э. ў піфагарэйцаў узніклі ўяўленні пра шарападобнасць Зямлі. Арыстоцель (4 ст. да н.э.) ужо ставіў пытанне пра вымярэнне даўжыні зямнога мерыдыяна. Дыкеарх (на мяжы 4—3 ст. да н.э.) вызначыў даўжыню мерыдыяна ў 300 тыс. стадый, а ў канцы 3 ст. да н.э.Эратасфен у выніку параўнальна дакладных вымярэнняў пакараціў яе да 252 тыс. стадый (39 690 км супраць фактычнай даўж. 40 007 км). Калі ў даўготным напрамку на рубяжы 6—5 ст. да н.э. вядомая айкумена працягвалася ад Гібралтара да Індыі, то ў шыротным яна была вядома яшчэ мала. У 3 ст. да н.э.паўн. краем айкумены лічыўся в-аў Туле, які грэкі размяшчалі на Пн ад Альбіёна (Вялікабрытаніі), каля Палярнага круга. Далей гэтага вострава, па звестках Піфея з Масаліі, які ўпершыню плаваў у морах, што абмываюць Паўн.-Зах. Еўропу (4 ст. да н.э.), пранікнуць было немагчыма. Самым паўд. пунктам айкумены і пры Страбоне (першыя гады н.э.) лічыўся паўд. край Чырвонага м. Піфей вызначаў шырату вывучаных ім пунктаў адноснай працягласцю дня ў перыяд летняга сонцастаяння. Пазней гэты спосаб геагр. арыентацыі дазволіў Эратасфену правесці праз вызначаныя пункты даўготныя і мерыдыянальныя лініі, а Гіпарху (2 ст. да н.э.) падзяліць зямны шар на 360 градусаў, прыняўшы за даўжыню аднаго градуса 700 стадый (110,25 км супраць сапраўднай велічыні 111,1 км) і назваўшы гэтую велічыню «кліматам». Пталамей (2 ст.н.э.) нанёс на градусную сетку ўсе вядомыя геагр. аб’екты. Ваен. экспансія і развіццё гандл. сувязей ранняй Рымскай імперыі садзейнічалі таму, што на карце Пталамея стала магчымым паказаць абрысы а-воў Вялікабрытанія і Ірландыя, раёнаў Афрыкі да шыраты воз. Чад, в-ва Цэйлон у Індыйскім ак., а таксама плямёны сераў і сінаў (стараж. кітайцы) на У. На карце Пталамея, хоць і з недакладнасцямі, упершыню паказана тэр. паміж Чорным і Балтыйскім морамі, у т. л. і тэр. сучаснай Беларусі. Геаграфія Пталамея была вяршыняй і абагульненнем ведаў стараж. грэкаў у галіне геаграфіі. Вял. ўклад у геагр. апісанне многіх краін Еўропы, Азіі і Афрыкі зрабілі грэч. гісторыкі Герадот і Фукідыд.
Гістарычная навука. Першымі творамі гіст. зместу былі працы іанійскіх лагаграфаў, найб. вядомыя з якіх Гекатэй Мілецкі (на мяжы 6—5 ст. да н.э.; аўтар твораў «Кругасветныя падарожжы», «Генеалогія»), Ферэкід (2-я пал. 5 ст. да н.э.; аўтар твора ў 10 кнігах, вядомага пад назвамі «Гісторыя», «Генеалогія», «Мінулае Атыкі») і Геланік з Мітылены (5 ст. да н.э.). Падзеям грэка-перс. войнаў прысвечана «Гісторыя» Герадота (485—425 да н.э.), дзе выкарыстаны багаты міфа-генеалагічны, гісторыка-этнагр. і гісторыка-быт. матэрыял. Высокай ступенню аб’ектыўнасці вылучаецца «Гісторыя Пелапанескай вайны» Фукідыда (каля 460 — каля 393 да н.э.), які надаваў вял. значэнне практычнай праверцы паведамленняў, што траплялі ў яго распараджэнне. Паслядоўнікамі Герадота і Фукідыда былі: Ктэсій (мяжа 5—4 ст. да н.э., яго тв. «Persika» і «Indika», прысвечаныя гісторыі і геаграфіі Асірыі, Вавілона, Персіі і Індыі, вядомы толькі ва ўрыўках); Ксенафонт (каля 430 — каля 355 да н.э., аўтар «Грэчаскай гісторыі», ваен.-гіст. мемуараў «Анабасіс»); Эфор (4 ст. да н.э.» аўтар першай «Усеагульнай гісторыі Грэцыі» і заснавальнік т.зв. рытарычнага кірунку ў грэч. гістарыяграфіі).
Працы Тымея (каля 345 — каля 250 да н.э.), прысвечаныя гісторыі Сіцыліі і Паўд. Італіі, напісаны з выкарыстаннем вял. фактычнага гісторыка-этнагр. матэрыялу і вядомы толькі ў фрагментах. Звесткі пра дзярж. лад грэч. полісаў 4 ст. да н.э. ёсць ў творах Платона («Дзяржава», «Законы») і Арыстоцеля («Афінская палітыя»). Гісторыя Грэцыі, Македоніі, М.Азіі, Сірыі, Егіпта, Карфагена і Рыма ў іх узаемнай сувязі ў перыяд з 221 да 144 да н.э. выкладзена Палібіем (каля 200—118 да н.э.) у яго «Усеагульнай гісторыі» ў 40 кнігах. Імкнучыся крытычна прааналізаваць прычыны і ход гіст. падзей, ён значна паўплываў на развіццё гіст. метаду ў ант. гістарыяграфіі. Працягам працы Палібія была «Гісторыя» Пасідонія ў 52 кнігах (каля 135 — каля 50 да н.э.), якая ахоплівала падзеі 145—82 да н.э. і зрабіла вял. ўплыў на рымскіх гісторыкаў (Салюстый, Тацыт). У перыяд рым. панавання гістарыяграфію развівалі Дыядор Сіцылійскі (каля 80 — каля 20 да н.э.; «Гістарычная бібліятэка» ў 40 кн.), Дыянісій Галікарнаскі (60—5 да н.э.; «Рымскія старажытнасці» ў 20 кн.), Плутарх (каля 50 — каля 120 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»), Арыян (каля 95—175 н.э.; гіст. трактаты пра Індыю, жыццё і паходы Аляксандра Македонскага), Паўсаній (каля 118—180 н.э.; «Апісанне Элады» ў 10 кн.), Дыён Касій (каля 155—235 н.э., «Рымская гісторыя» ў 80 кн.) і інш.
ЛітаратураСтараж. Грэцыі — найстаражытнейшая з л-р Еўропы. Разам са стараж.-рым. яна складае ант. л-ру. Пераемна звязана з крыта-мікенскай культурай і з усім культ. арэалам Б. Усходу. Яна зрабіла вял. ўплыў на развіццё больш позніх л-р і сусв.мастацтва. Распрацавала ўстойлівую сістэму літ. родаў, жанраў і формаў, што былі запазычаны ўсімі еўрап. л-рамі з захаваннем грэч. назваў (эпас, лірыка, трагедыя, камедыя, ідылія і інш.). Яе вытокі ў фальклоры (абрадавыя песні, культавыя гімны, прыказкі, прымаўкі) і ў багатай, разнастайнай па сваіх вобразах і сюжэтах грэч. міфалогіі, якая была асн. матэрыялам стараж.-грэч. л-ры на працягу ўсяго яе развіцця.
Вядучыя жанры архаічнага перыяду (са стараж. часоў да 5 ст. да н.э.) — эпас (8—7 ст. да н.э.) і лірыка (7—6 ст. да н.э.). Першыя пісьмовыя помнікі — эпічныя паэмы «Іліяда» і «Адысея», аўтарства якіх звязваецца з імем Гамера. Захаваліся ўрыўкі ад т.зв. кіклічных паэм (7—6 ст. да н.э.), заснаваных на міфалагічных паданнях Траянскага цыкла, што не ўвайшлі ў «Іліяду» і «Адысею», а таксама Фіванскага і інш. цыклаў. Прыкладна ў той жа час узніклі гімны да багоў (дайшло больш за 30), якія прыпісваліся Гамеру і да нашага часу традыцыйна наз. гамераўскімі. Дыдактычны эпас прадстаўлены паэмамі «Тэагонія» і «Турботы і дні», створанымі ў канцы 8 — пач. 7 ст. да н.э.Гесіёдам — першым паэтам, вядомым як рэальная асоба. У 7—6 ст. да н.э.гал. месца заняла лірыка (элегія, ямб, меліка). У форме элегіі іаніец Калін і спартанец Тыртэй развівалі патрыят. тэму, заклікалі да воінскай доблесці і мужнасці ў барацьбе з ворагамі. Дэмакрат-рэфарматар Салон асуджаў карысталюбства і хцівасць знаці, Феагнід абараняў ідэалы арыстакратаў, Мімнерм стаў пачынальнікам эратычнай паэзіі. Ямбічныя вершы першым пачаў складаць Архілох. Сіманід вядомы сваімі «жаночымі ямбамі» — трапнымі сатырамі на асобныя тыпы жанчын. Апошні класік ямбаграфіі — Гіпанакт з Эфеса. Цэнтрам сольнай мелікі (песеннай лірыкі) быў в-аў Лесбас, дзе на эалійскім дыялекце пісалі складанымі памерамі Сапфо і Алкей. Паліт. тэматыку Алкей сумяшчаў з бяседнай, ствараў застольныя песні (сколіі), распрацаваў сваю ўласную алкееву страфу. Каханне апяваў у сваіх вясёлых вытанчаных вершах Анакрэонт. Майстрамі хар. лірыкі былі Алкман, Стэсіхор, Арыён, Івік, Сіманід, Вакхілід, Піндар. Узнікненне прозы ў 6 ст. да н.э. звязана з развіццём навукі, філасофіі, гістарыяграфіі (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, Геракліт, Гекатэй Мілецкі). Героямі новага тыпу фальклорнага апавядання становяцца гіст. асобы (Кір, Крэз, Салон і інш.). Празаічныя байкі грэкі звязвалі з імем фрыгійскага раба Эзопа. Класічны (атычны) перыяд (5—4 ст. да н.э.) — час найвышэйшага росквіту грэч. л-ры. Духоўным запатрабаванням дэмакр. поліса найб. адпавядала драматургія, што дасягнула найвышэйшай маст. дасканаласці ў творчасці трагікаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, камедыёграфа Арыстафана. Крызіс поліснай ідэалогіі (з сярэдзіны 5 ст. да н.э.), павышэнне ролі асобы знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці сафістаў, якія зрабілі ўплыў на драматургію і ў вял. ступені вызначылі развіццё прозы, што стала пануючай у 4 ст. да н.э. Высокага маст. ўзроўню яна дасягнула ў галіне гістарыяграфіі (Герадот, Фукідыт, Ксенафонт), аратарскага мастацтва (Лісій, Ісакрат, Дэмасфен), філасофіі (Платон, Арыстоцель). Першынство заваявала аратарская проза, звязаная з надзённымі паліт. пытаннямі. Узнікла рыторыка, тэорыя аратарскай аргументацыі, якая адкрыла ў слове новыя спосабы ўздзеяння на слухачоў. Філасофскі дыялог, ля вытокаў якога стаяў Сакрат, стаў вял. дасягненнем Платона. Дзякуючы трактатам Арыстоцеля «Аб паэтах» (не захаваўся) і «Паэтыка» асобнай, самаст. галіной ведаў стала тэорыя паэзіі. Тэорыя стылю, грунтоўна распрацаваная ў арыстоцелеўскай «Рыторыцы», зрабіла вял. ўплыў на эстэт. тэорыю і драматург. практыку Адраджэння і класіцызму.
Л-раэліністычнага перыяду (канец 4 — 1 ст. да н.э.) адышла ад грамадскіх і паліт. праблем і звярнулася да звычайных жыццёвых пытанняў і канфліктаў. На змену выкрывальнай камедыі Арыстафана прыйшла «новая камедыя» Менандра з сямейна-быт. і любоўнай тэматыкай, з гуманна-філантрапічным тлумачэннем грамадскіх супярэчнасцей. Пачынаючы з 3 ст. да н.э.л-ра развівалася пераважна ў новых культ. цэнтрах, найперш у егіпецкай Александрыі, куды перамясціўся сусв. цэнтр навукі і мастацтва. Александрыйская паэзія распрацоўвала малыя жанры (элегію, гімн, эпіграму, ідылію, эпілій), у якіх перавага аддавалася любоўнай тэматыцы, эксперыментавала з формай і словам, што надавала паэзіі элітарны характар. Александрыйцы (Калімах) спалучалі паэт. дзейнасць з філал. заняткамі ў Александрыйскай бібліятэцы. Супраць малых формаў Калімаха выступаў Апалоній Радоскі, аўтар эпічнай паэмы «Арганаўтыка». Жанр ідыліі з тэмай пастухоўскага жыцця на ўлонні прыроды ўвёў у л-ру Феакрыт. Традыцыю празаічных мімаў (сатыр. сцэнак) Сафрона (5 ст. да н.э.) аднавіў александрыйскі паэт Геронд. Літ. афармленне набыла навела з гіст. і быт. зместам (Арыстыд), што да эпохі элінізму заставалася фальклорнай. У гэты перыяд выпрацавалася т.зв. «агульная мова» ўсіх грэкаў — койнэ, у аснове якой ляжаў атычны дыялект з прымессю іанійскага (гл.Грэчаская мова). Рымскі (позні) перыяд (канец 1 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.) звязаны з заваяваннем Грэцыі Рым. імперыяй. Выдатнымі прадстаўнікамі т.зв. «элінскага адраджэння» былі філосаф-мараліст Плутарх, філосаф-кінік Дыён Хрысастом, майстар ант. сатыры Лукіян. Апошні апавядальны жанр антычнасці — рамана (Харытон, Ксенафонт, Ямвліх, Ахіл Татый, Лонг, Геліядор). Многія жанры позняй грэч. л-ры перайшлі ў хрысціянскую. З 4—5 ст.н.э. развівалася візант.л-ра (гл. ў арт.Візантыя).
Л-раСтараж. Грэцыі на Беларусі — своеасаблівая школа маст. творчасці і філас.-эстэт. адукацыі. Яе дасягненні выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці выдатныя прадстаўнікі стараж.бел. л-ры Клімент Смаляціч і Кірыла Тураўскі. Паэт. прыёмы гераічнага эпасу адраджаліся ў творчасці Ф.Скарыны і М.Гусоўскага. С.Кашуцкі і С.Будны цытавалі Гамера, Платона, Арыстоцеля. На традыцыі платонаўскага дыялогу апіраўся А.Волан. Да вобразаў і сюжэтаў грэч. міфалогіі і л-ры звяртаўся Сімяон Полацкі, а ў 19 ст. — Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч. Класічную спадчыну грэкаў арганічна ўспрымаў М.Багдановіч. У лік ранніх помнікаў свецкай перакладной л-ры на Беларусі ўваходзілі гіст. раман «Александрыя» і «Аповесць пра Трою» (гл.«Троя»), З грэч. мовы перакладалі Б.Тарашкевіч (урыўкі з «Іліяды»), Ю.Дрэйзін («Антыгона» Сафокла), Л.Баршчэўскі («Прыкуты Праметэй» Эсхіла), А.Клышка («Дафніс і Хлоя» Лонга).
Тэатр. Паходзіць ад культавых земляробчых гульняў у часы ўрачыстасцей у імя бога Дыяніса. Дыфірамбы і фалічныя песні, што выконваліся на святы, мелі элементы дыялогу і тэатр. дзеяння і, паводле Арыстоцеля, далі пачатак трагедыі і камедыі. Т-р займаў важнае месца ў грамадскім жыцці грэкаў. Спектаклі наладжвалі архонты, вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы. Выдаткі на ўтрыманне і навучанне хору, які быў неад’емнай часткай спектакляў, ускладаліся на багатых грамадзян Афінаў — харэгаў. Паказы рабіліся на вольным паветры. Будынак складаўся з 3 асн. частак: архестры (круглая пляцоўка, на якой выступалі хор і акцёры), скены (месца, дзе пераапраналіся і адкуль выходзілі акцёры) і тэатрона (месцы для гледачоў, размешчаныя на схілах узгоркаў). Самы стараж. з вядомых тэатр. будынкаў — т-р Дыяніса ў Афінах (6—4 ст. да н.э.). Жаночыя ролі ў прадстаўленнях выконвалі мужчыны ў масках. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. паэт Феспід вылучыў з хору асобнага выканаўцу — акцёра (пратаганіста). Грамадскае, паліт. і духоўнае жыццё народа знайшло адбітак у творчасці драматургаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана, якія стварылі т-рвял. ідэй і дасканалай маст. формы. Апрача трагедый і камедый ставіліся сатыраўскія драмы — вясёлыя п’есы міфалагічнага зместу, дзе хор складаўся са спадарожнікаў Дыяніса — сатыраў. У эпоху элінізму трагедыя заняпала, стараж.ант. камедыя перастала існаваць. Сюжэты новай ант. камедыі, вядомым прадстаўніком якой быў Менандр, звязаны пераважна з быт. адносінамі і асабістымі перажываннямі. Стабілізавалася колькасць вобразаў-масак. Паявіліся акцёры-прафесіяналы, акцёрскія т-вы, членамі якіх былі вольнанароджаныя мужчыны. З 5 ст. да н.э. ў Грэцыі паказвалі невял. быт. і парадыйна-сатыр. імправізацыйныя сцэнкі — мімы. Сярод выканаўцаў былі і жанчыны, маскі адсутнічалі. У эліністычную эпоху пашыраным быў і пантамім — мімічны танец на міфалагічны сюжэт. У паўд. Італіі і ў Сіцыліі ў 4—3 ст. да н.э. выконваліся фліякі — невял. камедыйныя сцэнкі з абавязковым выкарыстаннем маскі. Тэатр. культура Стараж. Грэцыі зрабіла вял. ўплыў на развіццё сусв.тэатр.мастацтва.
Музыка. Першыя сведчанні пра песенна-танц. і інстр.мастацтваСтараж. Грэцыі адносяцца да 3-га тыс. да н.э. (крыта-мікенская культура). У гамераўскі перыяд былі пашыраны песні пастухоў, жняцоў, ткачоў, пахавальныя, пераможныя і інш., мастацтва спевакоў-казачнікаў — аэдаў, рапсодаў. У 8—5 ст. да н.э. старагрэч. музыка дасягнула высокага развіцця і заняла важнае месца ў грамадскім жыцці. Спаборніцтвы спевакоў, хароў, інструменталістаў уваходзілі ў праграмы гімнастычных і маст. («мусічных») гульняў. У 7—6 ст. да н.э.найб. развілася хар. і сольная лірычная песня, а таксама інстр. музыка для кіфары і аўласа. Значная роля належала музыцы ў класічнай трагедыі (спевы хору, меладызаваныя дыялогі, маналогі герояў). Ант. музыка пераважна вакальная, аднагалосая (часцей мужч. харавыя унісонныя спевы ў дыяпазоне 2 актаў), цесна звязаная з метрыкай верша, натавалася літарамі грэч. і фінікійскага алфавітаў. У аснове гукарада — тэтрахорды, з якіх складаліся актаўныя лады. Стараж. грэкі стварылі вучэнне пра этас (маральна-выхаваўчую і грамадска-арганізуючую функцыю музыкі), рытм, лады, увялі многія тэрміны, што выкарыстоўваюцца і ў наш час («музыка», «мелодыя», «мелас», «рытм»).
Архітэктура і выяўленчае мастацтваСтараж. Грэцыі вышэйшае дасягненне чалавечага генія, класічная аснова еўрап. і сусв.мастацтва. Маст. помнікі захаваліся на тэр. ўсёй айкумены, дзе ў антычнасці быў пашыраны грэч.паліт. і культ. ўплыў: на Балканскім і Апенінскім п-вах, у М.Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага і Чорнага мораў. Гісторыя мастацтва ўласна Стараж. Грэцыі пачынаецца з эгейскага мастацтва. Каля 23 ст. да н.э. яго цэнтрам быў в-аў Крыт (росквіт у 1-й пал. 2-га тыс. да н.э.), уплыў якога пашырыўся на мацерыковую Грэцыю і а-вы Кіклады (велічныя палацы ў Кносе, Маліі, Фесце, Ката-Закра). У фрэсках і вазапісе развіваўся арнаментальна-дэкар. стыль. У гамераўскі перыяд (11—8 ст. да н.э.) дамы і храмы будавалі з дрэва, гліны і сырцовай цэглы. Асн. тып жылога дома — мегарон. Да 7 ст. да н.э. быў пашыраны геаметрычны стыль. У перыяд архаікі (7—6 ст. да н.э.) фарміраваліся полісы з характэрнай урбаністычнай структурай: у цэнтры — акропаль (свяцілішча) і агора (грамадска-гандл. цэнтр), вакол якіх ствараліся жылыя кварталы. Храмы будавалі з дрэва, з пач. 6 ст. да н.э. з вапняку, з сярэдзіны 6 ст. да н.э. з мармуру. Дамінуючы тып храма — перыптэр (прамавугольная ў плане пабудова з каланадай па перыметры), сярод грамадскіх пабудоў — булеўтэрыі (для сходаў грамадзян), тэатры, стадыёны і інш. Склалася класічная сістэма арх.ордэра. Ствараліся выразны, гарманічны арх. вобраз, суразмерныя чалавеку арх. маштабы. Пабудовы дарычнага ордэра: храмы Геры ў Алімпіі (канец 7 — пач. 6 ст. да н.э.), Апалона ў Карынфе (каля 550 да н.э.), Артэміды на в-ве Керкіра (пач. 6 ст. да н.э.), Дэметры ў Пасейдоніі (2-я пал. 6 ст. да н.э.) і інш. Сярод пабудоў іанічнага ордэра: храмы Артэміды ў Эфесе (адно з «Сямі цудаў свету») і Геры на в-ве Самас (абодва 6 ст. да н.э.), малыя храмы ў Дэльфах. Храмы архаікі ўпрыгожвалі рэльефамі фрызаў і метоп, статуямі на франтонах, арнаментальнымі і фігурнымі акратэрыямі, антэфіксамі. Статуарная скульптура развівалася ад бронзавых статуэтак да фігур юнакоў (курасаў) і дзяўчат (кор). Трактоўцы чалавечага твару ўласціва т.зв. «архаічная ўсмешка», фігура рытмічна мадэліравалася складкамі вопраткі. Фарміраваліся асн. тыпы ваз: амфара, гідрыя, кілік, кратэр і інш. У 7 ст. да н.э. вазапіс развіваўся ў «дывановым» стылі, дзе размалёўку вызначаў расл. матыў. У вазапісе Карынфа (канец 7—6 ст. да н.э.), а пазней усёй Грэцыі ўсталёўваецца чорнафігурны стыль (майстры Клітый, Эксекій, Амасіс), з імем Андакіда звязаны пераход да чырвонафігурнага вазапісу (каля 530 да н.э.). Дасканаласцю вылучалася мастацтвагліптыкі.
У эпоху класікі (5—3-я чвэрць 4 ст. да н.э.) дасягнулі росквіту гарады. Склалася сістэма рэгулярнай планіроўкі (Мілет, Пірэй): прамавугольная сетка вуліц, комплексная забудова жылых кварталаў, распрацаваная Гіпадамам з Мілета. У пабудовах храма вар’іравалася ордэрная сістэма: храм Зеўса ў Алімпіі (468—456 да н.э., адно з «Сямі цудаў свету») і інш. У выяўл. мастацтве дамінаваў «строгі стыль» з характэрнай ураўнаважанасцю велічных кампазіцый, натуральнай прыгажосцю формаў, у якіх пераадольвалася ўмоўнасць архаічнага стылю; праявіўся ён і ў скульптуры 1-й пал. 5 ст. да н.э. (Міран). У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пачынаецца перыяд высокай класікі. Афіны сталі паліт. і культ. цэнтрам Элады. Вяршыня класічнага мастацтва — арх.-пластычны ансамбль на Афінскім акропалі. Найб. поўна і паслядоўна маст. прынцыпы класікі ўвасоблены ў творчасці Фідыя, яго сучаснікаў Алкамена, Крэсілая, Паліклета. З пач. 4 ст. да н.э. будавалі пераважна грамадскія будынкі: гімнасіі, палестры, тэатры (т-р у Эпідаўры, арх. Паліклет Малодшы, 350—330), маўзалей у Галікарнасе (адно з «Сямі цудаў свету»), помнік Лісікрата ў Афінах (каля 335 да н.э.). У скульптуры развіваўся партрэт (работы Дэметрыя з Алапекі, канец 5—2-я пал. 4 ст. да н.э.). У ёй павялічыліся драматызм і дынаміка (творы Скопаса), стаў пераважаць лірычны настрой; у статуях Праксіцеля — тонкія пластычныя эфекты. Творы Лісіпа вызначала драм. напружанасць, Леахара — акад. халоднасць. У 2-й пал. 4 ст. да н.э. папулярнасцю карыстаўся жывапісец Апелес, які валодаў майстэрствам святлаценю. У перыяд элінізму (канец 4—1 ст. да н.э.) у сувязі з заваёвамі Аляксандра Македонскага значна пашырылася сфера культ. уплываў Стараж. Грэцыі, узніклі новыя яе цэнтры. Будаваліся гарады з рэгулярнай планіроўкай (Александрыя Егіпецкая, Антыёхія на Аронце, Селеўкія на Тыгры), велічныя пабудовы (Фароскі маяк у Александрыі), арх. ансамблі (акропаль у Пергаме). Скульптура дасягнула вышэйшай ступені трагізму, кампазіцыйных і пластычных кантрастаў (фрыз Пергамскага алтара, каля 180 да н.э., група «Лаакоан» Агесандра, Палідора і Атэнадора, каля 50 да н.э.), жыццесцвярджальнай сілы (Ніке Самафракійская, канец 4 ст. да н.э.). Найб. важнасць набыў партрэт, у якім аўтары шукалі непаўторныя або экзатычныя рысы, тыпы і характары (партрэты варвараў, старых, беднякоў, рабоў). Ствараліся партрэты тыранаў, у якіх парушаны ідэал чалавека-грамадзяніна (статуі дыядохаў), манум. скульптуры (статуя Геліяса, т.зв. Колас радоскі, не захавалася, адно з «Сямі цудаў свету»).
Літ.:
Античная Греция: Проблемы развития полиса. Т. 1—2. М., 1983;
Античная цивилизация. М., 1973;
Античность и Византия. М., 1975;
Древние цивилизации. М., 1989;
Бикерман Э. Хронология Древнего мира: Пер. с англ.М., 1975;
Историография античной истории. М., 1980;
Дройзен И.Г. История эллинизма: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1890—93;
Левек П. Эллинистический мир: Пер. с фр.М., 1989;
Боннар А. Греческая цивилизация: Пер. с фр.М., 1995;
Блаватская Т.В. Ахейская Греция во втором тысячелетии до н.э.М., 1966;
Яе ж. Греческое общество второго тысячелетия до н.э. и его культура. М., 1976;
Яе ж. Из истории греческой интеллигенции эллинистического времени. М., 1983;
Яйленко В.П. Архаическая Греция и Ближний Восток. М., 1990;
Фролов Э.Д. Греческие тираны (IV в. до н.э.). Л., 1972;
Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982;
Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;
Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.В.Штолля: Пер. с нем. [М.], 1992;
Walbank F.W. The Hellenistic World. London, 1981;
Snodgrass A. La Grèce archaïque. Le temps des apprentissages. Paris, 1985;
Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;
Кун Н.А. Легенды и мифы Древней Греции. М. 1992;
Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—93;
Лосев А.Ф. Античная мифология в ее историческом развитии. М., 1957;
Nilsson M.P. Geschichte der griechischen Religion. 2 Aufl. Bd. 1—2. München, 1955—61;
Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с др.-греч. 2 изд. М., 1986;
Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;
Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;
Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр.М., 1988;
Томсон Дж. Исследования по истории древнегреческого общества: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1958—59;
Мамардашвили М. Лекции по античной философии. М., 1997;
Guthrie W. A history of Greek philosophy. Vol. 1—3. Cambridge, 1962—69;
Дильс Г. Античная техника: Пер. с нем. М.; Л., 1934;
Эллинистическая техника: Сб. ст.М.; Л., 1948;
Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;
Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;
Вандер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Математика древнего Египта, Вавилона и Греции: Пер. с гол. М., 1959;
Идельсон Н.И. Этюды по истории небесной механики. М., 1975;
Томсон Дж. История древней географии: Пер. с англ.М., 1953;
Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;
Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;
Torer H.F. A history of Ancient Geography. New York, 1964;
Jacoby F. Griechische Historiker. Stuttgart, 1956;
Bury J.B. Ancient Greek historians. New York, 1958;
История греческой литературы. Т. 1—3. М.; Л.,1946—60;
Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;
Фрейденберг О.М. Миф и литература древности. М., 1978;
Поэтика древнегреческой литературы. М., 1981;
Аверинцев С.С. Плутарх и античная биография. М., 1973;
Варнеке Б.В. История античного театра. М.; Л., 1940;
Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;
Flichinger R.C. The Greek theater and its drama. 4 ed. Chicago, 1960: Античная музыкальная эстетика. М., 1960;
Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;
Виппер Б.Р. Искусство Древней Греции. М., 1972;
Колпинский Ю.Д. Великое наследие античной Эллады и его значение для современности. 2 изд. М., 1988;
Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984;
Кобылина М.М. Антическая скульптура VII—V вв. до н.э.М., 1953;
Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966.
У.Я.Калаткоў (гісторыя), Н.К.Мазоўка (выхаванне і адукацыя, філасофія, гістарычная навука), І.Я.Афнагель (геаграфія), С.Дз.Малюковіч (літаратура), Г.С.Глушчанка (музыка), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Да арт.Грэцыя Старажытная. Дыпілонская ваза. 9—8 ст. да н.э.Да арт.Грэцыя Старажытная. Ахіл з целам Гектара. Чорнафігурная гідрыя. 510-я г. да н.э.Да арт.Грэцыя Старажытная. Міран. Дыскабол. Сярэдзіна 5 ст. да н.э.Да арт.Грэцыя Старажытная. Паліклет. Дарыфор. Каля 440 да н.э.Да арт.Грэцыя Старажытная. Калоны храма Апалона ў Дэльфах. 6 ст. да н.э.Да арт.Грэцыя Старажытная. Парфенон на Афінскім акропалі. Арх. Іктын і Калікрат. 447—438 да н.э.Да арт.Грэцыя Старажытная. Эрэхтэён. Порцік карыятыд. 421—406 да н.э.Да арт.Грэцыя Старажытная. Фалос у Дэльфах. Арх. Феодар з Факеі. Пачатак 4 ст. да н.э.Да арт.Грэцыя Старажытная. Алтар Зеўса і Афіны з Пергама. Фрагмент фрыза «Гігантамахія». Каля 180—159 да н.э.Да арт.Грэцыя Старажытная. Тэатр у Эпідаўры. Арх. Паліклет Малодшы. 2-я пал. 4 ст. да н.э.Да арт.Грэцыя Старажытная. Акцёры з маскамі. Размалёўка кратэра з валютамі. Дэталь. Канец 5 ст. да н.э.Да арт.Грэцыя Старажытная. Так званы коннік Рампіна. Мармур. Фрагмент. Сярэдзіна 6 ст. да н.э.Да арт.Грэцыя Старажытная. Грузавыя караблі (рэканструкцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭР’Е́Р (ад франц. interieur унутраны) у архітэктуры, унутраная прастора будынка або памяшкання.
Функцыян прызначэнне вызначае яго арх. вырашэнне (памеры, прапорцыі) і характар убрання (мэбля, абсталяванне). Сінтэз арх. форм і манум.-дэкар.мастацтва стварае ў ім маст. вобраз — асяроддзе, здольнае выклікаць у чалавека пэўную эмацыянальную рэакцыю (грандыёзныя І. храмаў Стараж. Егіпта і сярэдневяковай Еўропы, пышныя залы італьян. палацца эпохі Адраджэння, парадныя І. рус. архітэктуры 18—19 ст.). Сродкі гэтага ўздзеяння: характар асяроддзя, асвятленне і колеравае вырашэнне, метрарытміка яго элементаў і іх падпарадкаванне зададзенаму маштабнаму строю. Для розных арх. стыляў характэрна пэўная планіровачная і прасторавая структура, канстр. сістэма, аддзелачныя матэрыялы, мэбля і інш. На Беларусі ў 11—12 ст. характар І храмаў вызначала сістэма масіўных слупоў і цыліндрычных скляпенняў, значную ролю адыгрывалі фрэскі. У 13—16 ст. І. замкаў, некат. культавых пабудоў адлюстроўваў абарончы характар раманскай і гатычнай архітэктуры. Значную дэкар. ролю мелі крыжовыя і зорчатыя скляпенні. З 16 ст. пад уплывам барока І. палацаў вызначаўся анфіладнай планіроўкай, багатым аздабленнем (творы жывапісу, маст. тканіны, шпалеры, разная мэбля, абліцаваныя кафляй каміны і інш.). У культавай архітэктуры павялічылася роля разных іканастасаў і алтароў са скульптурай. У І. класіцызму гарманічная строгасць форм, прапорцый, маштабнасці. Рысамі эклектыкі адзначаны І. 2-й пал. 19 ст., пач. 20 ст. — рысамі стылю мадэрн.
Традыцыйныя І. нар. жылля перыяду феадалізму вызначаўся сціпласцю, стрыманасцю, адсутнасцю аздаблення. У канцы 19 ст. ў І. з’яўляюцца мэбля, часта аздобленая разьбой, дэкар. тканіны, размалёўкі. Сучасны І. вызначаецца арган. спалучэннем традыц. прыёмаў і сродкаў аздаблення з новымі (маст. вырабы прамысл. характару, рэпрадукцыі з карцін і інш.). І. сучаснага гар. жылля ствараецца індустр. метадамі на аснове тыпізацыі элементаў жылога дома і яго абсталявання. З 1960-х г. у І. шырока выкарыстоўваюць металапластыку, кераміку, габелены, вітражы, мазаіку, сграфіта і інш. І. сучасных грамадскіх будынкаў вызначаюцца высокімі эстэт.-выразнымі якасцямі, выкарыстаннем найноўшых матэрыялаў і тэхналогій, спалучэннем сродкаў архітэктуры і выяўл. мастацтваў, сувяззю з нац. традыцыямі.
У выяўленчым мастацтве І. — жанр, які адлюстроўвае прастору грамадскіх, культавых, жылых, прамысл. і інш. памяшканняў Звязаны з адпаведным стылем эпохі, характарам жылля, спосабам жыцця гаспадара Часта спалучаецца з інш. жанрамі мастацтва як элемент вобразнага свету (быт. і гіст. жанры).
Элементы І. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта і Двухрэчча, у ант. мастацтве (арх. кампазіцыі фрэсак у Пампеях з незвычайнай фантаст. перспектывай). У Італіі ў эпоху Адраджэння набыў рысы самаст. жанру (творы Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна і інш.). У І. нідэрл. мастакоў асн. ўвага аддавалася адлюстраванню свету жыцця гаспадара (творы Я. ван Эйка, Р. ван дэр Вэйдэна). Вял. значэнне для развіцця І. мела адкрыццё лінейна-геам. і паветр, перспектывы, распрацаванай Леанарда да Вінчы і А.Бальдавінеці, і адлюстраванне ў жывапісе трохмернай прасторы. У 17 ст. пашырыўся ў франц., англ., італьян. мастацтве, дасягнуў росквіту ў галандскім і флам. жывапісе (Я.Стэн., А. ван Астадэ). У рус. мастацтве 17—18 ст. выкарыстоўваўся ў якасці арх. фону ў абразах і фрэсках (т.зв. «нутровыя палаты») і выконваўся па законах адваротнай перспектывы. У еўрап. мастацтве 18 ст. цікавасць да адлюстравання І. ўзмацнілася ў час панавання сентыменталізму, што было звязана з імкненнем да перадачы ідэальнага асяроддзя і настальгіяй па мінулым. Успрымаўся як правобраз новага перспектывізму, часам уяўляў сабой умоўна пабудаваную перспектыўную схему з канкрэтнымі рэчамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. з аналітычнай дакладнасцю І. стваралі прадстаўнікі класіцызму (Ж.Л.Давід, Ж.А.Д.Энгр). Прадстаўнікі рэалізму аддавалі перавагу сац. характарыстыцы (Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле), прадстаўнікі рамантызму — суадносінам І. з характарам чалавека, прадстаўнікі імпрэсіянізму кадравалі прастору памяшканняў, якую адлюстроўвалі. Найб. росквіту дасягнуў ў рус. жывапісе 1820—30-х г. (мастакі кола А Венецыянава). З сярэдзіны 19 ст. ў развіцці жанру адбываецца пэўны спад; І. сталі больш эмацыянальныя, пачуццёвыя (творы П.Сезана, А.Тулуз-Латрэка, В. ван Гога, В.Сярова і інш), у канцы 19 ст. — больш камерныя, ненаўмысна арганізаваныя («выпадковыя»). З’явіліся разнавіднасці І. (заводскі, інтымны і інш.). Цікавасць да І. як да самаст. жанру пабольшала ў 20 ст. (творы П.Сіньяка, А.Матыса, П.Пікасо, М.Урубеля і інш.). Вельмі пашыранай разнавіднасцю І. сталі кампазіцыі «ў майстэрні мастака».
У бел. мастацтве фрагменты І. трапляюцца ў фрэсках і абразах 16—18 ст., партрэтах і мініяцюрах 16—17 ст. Як самаст. жанр упершыню сустракаецца ў гравюрах канца 16 ст., пабудаваных па законах перспектывы. Найб. пашырэнне атрымаў у 19 ст. У творах І.Хруцкага, С.Жукоўскага, Ф.Гарэцкага, Б.Залескага асн. месца займае камерны, хатні І. з адлюстраваннем жылых пакояў («рэтраспектыўны» І.), які вылучаецца агульным настроем сумнага любавання мінулым, вытанчанасцю маст. стылю. У бел. мастацтве 20 ст. І. вял. пашырэння не меў і часта ператвараўся ў рэчава-прасторавы дадатак да кампазіцыі. Новы рост цікавасці да І. пачаўся з 1970-х г. Ён становіцца ўсё больш разнастайным па жывапіснай арганізацыі і тэматыцы, вызначаецца імкненнем да эмацыянальнасці і перадачы настрою. Пашыраны т.зв. канцэптуальны І., які вылучаецца дэталёва распрацаванай арх. прасторай. У жанры І. працавалі А.Казак, П.Данелія, М.Бут, І.Бархаткоў, Я.Красоўскі, У.Ткачэнка, У.Сулкоўскі і інш.
Літ.:
Пономарева Е.С. Интерьер гражданских зданий. 2 изд. Мн., 1991.
Інтэр’ер сялянскай хаты. Канец 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Інтэр’ер сучаснага гарадскога жылля.Інтэр’ер касцёла бернардзінак у г. Слонім Гродзенскай вобл.Да арт.Інтэр’ер. В. ван Гог. Начная кавярня ў Арлі. 1888.Да арт.Інтэр’ер. П.Тутукін. Павільённая зала ў Эрмітажы (С.-Пецярбург). 1837.Да арт.Інтэр’ер. С.Жукоўскі. Інтэр’ер. 1916.
М.Л.Цыбульскі (у выяўл мастацтве), Я.С.Аграновіч-Панамарова, Я.М.Сахута (у архітэктуры).