дзяржаўны дзеяч ВКЛ, дыпламат. З роду Гарабурдаў. Зрабіў вял. ўклад ў дыпламат. забеспячэнне Лівонскай вайны 1558—83. У 1559 і 1561 ездзіў у Крым, каб схіліць татар да нападаў на Расію. У 1563—54 і 1566 сакратар пасольстваў у Маскву. У 1571 і 1573 пасол ВКЛ у Маскву. Вёў перагаворы пра абранне на трон Рэчы Паспалітай царэвіча Фёдара Іванавіча пры ўмове прыняцця ім каталіцтва. За заключанае перамір’е прызначаны пісарам ВКЛ, у 1579 атрымаў ва ўласнасць Свіслацкае староства і Клімавіцкую воласць на Гродзеншчыне. Быў абвінавачаны ў спробе перадаць Расіі Інфлянты ўзамен на Полацк і адхілены ад дыпламат. дзейнасці. У 1579—81 у арміі. У 1582 удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, быў паслом у Маскву. З 1584 кашталян мінскі. Лічыў, што дыпламат. метадамі можна падпарадкаваць Расію Рэчы Паспалітай, у 1585—86 вёў перагаворы пра унію дзвюх дзяржаў і іх саюз супраць Турцыі. У Маскве Гарабурда набыў Біблію, якую перадаў К.В.Астрожскаму для друкавання (т.зв. «Астрожская Біблія» 1581).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДКІ́,
руская нар. спартыўная гульня. Бітамі (палкі даўж. Да 1 м) неабходна выбіць з горада (пляцоўка 2 × 2 м) 5 гарадкоў (цуркі даўж. 20 см, дыяметрам 5 см), складзеных у выглядзе розных фігур (звычайна ў партыі іх 15). Біты кідаюць з пэўнай адлегласці (кон — 13 м, паўкон — 6,5 м). Перамагае спартсмен ці каманда, што затрацілі на выбіванне фігур найменшую колькасць біт. Камандныя спаборніцтвы складаюцца з 3—5 партый, у асабістым першынстве спартсмены на працягу 3 тураў выбіваюць 90 фігур (па 30 у кожным). Фіксуюцца рэкорды на выбіванне 15, 30, 45, 60, 90 фігур.
Зарадзіліся гарадкі ў 1820-я г. ў Расіі і на Украіне. Правілы распрацаваны ў 1923. На Беларусі спарт. гарадкі развіваюцца з 1924, чэмпіянаты рэспублікі з 1949, найб. актыўна з 1960-х г. Каманда Беларусі бронзавы прызёр Кубка Еўропы 1994, А.Ярашэвіч — чэмпіён Еўропы 1996. З 1993 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гарадошнага спорту (штаб-кватэра ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАФТ (Валянцін Іосіфавіч) (н. 2.9.1935, Масква),
рускі акцёр тэатра і кіно. Нар.арт.Расіі (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1957). Працаваў у маскоўскіх т-рах імя Массавета, на Малой Броннай, імя Ленінскага камсамола, Сатыры, з 1969 у т-ры «Сучаснік». Творчая манера Гафта вызначаецца тонкай псіхалагічнай прапрацоўкай вобразаў, інтэлектуальнай вастрынёй і іроніяй, якая набліжаецца да едкага сарказму, дакладным вонкавым малюнкам: Глумаў («Балалайкін і К°» паводле М.Салтыкова-Шчадрына), Вяршынін («Тры сястры» А.Чэхава), Рахлін («Кот хатні сярэдняй пушыстасці» У.Вайновіча і Р.Горына), Джордж («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі) і інш. З 1956 здымаецца ў кіно: «Забойства на вуліцы Дантэ», «Кентаўры», «Гараж», «Зладзеі ў законе», «Нябёсы запаветныя», у тэлевізійных пастаноўках. Аўтар вершаў і эпіграм.
Да арт.Гафт. Фрагмент арната Петрапаўлаўскага касцёла з вёскі Дрысвяты Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.Славацкі гафт. Канец 19 ст.Да арт.Гафт. Фрагмент сурвэткі з царквы манастыра базыльян у вёсцы Баруны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГ, Георгіяс (Geōrgios),
імя грэч. каралёў у 19—20 ст.
Георг I (24.12.1845, Капенгаген — 18.3.1913), кароль у 1863—1913. З дынастыі Глюксбургаў. Другі сын дацкага караля Крысціяна IX. Выбраны 30.3.1863 Нац. сходам Грэцыі са згоды дзяржаў-заступніц (Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі) пераемнікам скінутага грэч. караля Атона I. У 1864 падпісаў канстытуцыю, якая ўвяла ў краіне парламентарызм. Пры Георгу I да Грэцыі далучаны Іанічныя а-вы (1864), б.ч. Фесаліі і ч. Эпіра (1881). Забіты ў Салоніках у час Балканскіх войнаў 1912—13.
Георг II (19.7.1890, Татоі, каля Афін — 1.4.1947), кароль у 1922—23, 1935—41, 1946—47. З дынастыі Глюксбургаў. Сын грэч. караля Канстанціна I, унук Георга I. Заняў прастол пасля ваен. перавароту 1922. У снеж. 1923 пасля перамогі на выбарах рэспубліканцаў эмігрыраваў у Лондан. У 1935 вярнуўся на трон пасля ініцыіраванага манархістамі спрэчнага рэферэндуму. Садзейнічаў устанаўленню дыктатуры ген. І.Метаксаса. У 2-ю сусв. вайну ў эміграцыі ў Егіпце і Вялікабрытаніі (з 1941). Вярнуўся на прастол пасля рэстаўрацыі ў Грэцыі манархіі ў выніку плебісцыту 1.9.1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАВЫ́ СПОРТ,
від спорту, спаборніцтвы ў падыманні цяжару (гір). Конкурсы асілкаў маюць глыбокую гісторыю, асабліва ў краінах СНД, дзе найб. папулярны гіравы спорт. Аднак адзіныя правілы спаборніцтваў распрацаваны Міжнар. федэрацыяй гіравога спорту толькі ў 1994. Паводле іх спаборніцтвы праводзяцца ў 7 вагавых катэгорыях — ад 60 да больш як 90 кг. Пераможца вызначаецца па выніках двухбор’я (штуршок і рывок). Першае практыкаванне выконваецца абедзвюма рукамі адначасова, другое папераменна левай і правай з перахопам снарада. На кожнае практыкаванне адводзіцца 20 мін. Маса гіры 32 кг.
Усе вышэйшыя дасягненні ў гіравым спорце на канец 1996 належаць спартсменам Расіі. Бел. федэрацыя гіравога спорту дзейнічае з 1988. Найб. поспехаў з бел. гіравікоў дасягнулі В.Лянглер (чэмпіён Еўропы 1994), В.Калмук — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (4 разы) і Еўропы (1994), а таксама В.Харанека, які неаднаразова ставіў рэкорды з гірамі для Кнігі рэкордаў Гінеса. У 1996 у Мінску праходзіў 4-ы чэмпіянат свету па гіравому спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЗЬ,
від вышыўкі. Вядома са старажытнасці. Дасканаласцю вызначаліся гладзь стараж. Кітая («жывапіс іголкай»), еўрап. сюжэтная вышыўка эпохі Адраджэння. Пашырана ў нар. вышыўцы Украіны, Расіі і інш. На Беларусі як від нар. вышыўкі (гладзь лічаная, адвольная, 1- ці 2-баковая, прамая, касая і інш.) ужывалася для аздаблення кашуль, фартухоў, ручніковых галаўных убораў і інш. Паралельнымі шыўкамі чырвоных, белых, чорных і інш. нітак па лініі асновы, утку або па дыяганалі вышывалі арнамент з простых геам. фігур (разеткі, зоркі, крыжыкі, ромбы і інш.). З пач. 20 ст. пашыраецца паліхромная адвольная гладзь расліннага характару, якая ў 1950-я г. набыла папулярнасць, выцесніўшы традыц. лічаную гладзь геам. характару. Цяпер нар. вышывальшчыцы (пераважна на Палессі) і на прадпрыемствах маст. вырабаў ёю упрыгожваюць ручнікі, парцьеры, абрусы, пасцельную бялізну, дэталі жан. адзення і інш.
Я.М.Сахута.
Эстонская гладзь. 1977.Венгерская гладзь.Да арт.Гладзь. Фрагмент арната з касцёла францысканцаў у г. Пінск (Брэсцкая вобл.). Канец 15—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць размяшчэнне глебаў, іх тыпы, падтыпы, віды, механічны састаў і глебаўтваральныя пароды. Выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытворчасці, гідрамеліярацыі, лесаводстве, буд-ве, пры кадастравых ацэнках зямель, азеляненні населеных пунктаў і інш. Падзяляюцца паводле тэр. прыналежнасці, зместу паказчыкаў (агульна-глебавыя, глебава-меліярац., глебава-эразійныя і інш.) і маштабаў. Прынцыпы картаграфавання закладзены В.В.Дакучаевым. Першая глебавая карта еўрапейскай ч.Расіі складзена ў маштабе 1 : 84 000 000 і выдадзена ў 1851 пад рэдакцыяй К.С.Весялоўскага. Глебавыя карты ствараюцца па матэрыялах наземных, аэракасм. і камбінаваных здымак мясцовасці. Хім. паказчыкі вызначаюцца лабараторнымі аналізамі. На Беларусі першая глебавая карта складзена ў маштабе 1 : 1 000 000 у 1929—30 пад рэд. Я.М.Афанасьева. У 1957—64 праведзена буйнамаштабнае картаграфаванне для калгасаў і дзяржгасаў са складаннем картаграм аграхім. уласцівасцей і інш. паказчыкаў рацыянальнага выкарыстання зямель. У 1965—69 складзены глебавыя карты для 117 адм. раёнаў, у 1970—74 для ўсіх абласцей. Гл. таксама Глебава-геаграфічнае раянаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛЬЦ-МІ́ЛЕР (Іван Іванавіч) (9.12.1842, г. Іанішкеліс, Літва — 17.8.1871),
удзельнік рэв.-дэмакр. руху, рус.паэт. Скончыў Мінскую гімназію (1859). У 1860 паступіў на юрыд.ф-т Маскоўскага ун-та. У 1861 арыштаваны як удзельнік рэв. гуртка П.Р.Заічнеўскага па справе аб друкаванні і распаўсюджванні нелегальнай л-ры. З турмы вярнуўся ў Мінск, адкуль неўзабаве высланы ў г. Карсун Сімбірскай губ. У 1867—69 жыў у Мінску, вандраваў па Расіі. Памёр і пахаваны ў Арле. Друкаваўся ў час. «Современник», «Отечественные записки». У Мінску напісаў вершы «З верай за справу», «Сум раз’ядае мне сэрца» і інш. Яго лепшы верш «Слу-хай!» (1864) пакладзены на музыку П.Сакальскім, стаў папулярнай песняй.
Тв.:
Поэт-революционер И.И.Гольц-Миллер /Сост. Б.Козьмин, Г.Лелевич. М., 1930.
Літ.:
Бас І. «...Не памерла слова яго!» // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. Мн., 1971;
Кісялёў Г.В. Яго помніць Мінск // Кісялёў Г.В. Героі і музы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МАН»,
рэвалюцыйная народніцкая група ў Пецярбургу ў 1880-я г. Аформілася да пач. 1884. Складалася са студэнтаў — ураджэнцаў Беларусі. Выдавала падпольны час.«Гомон». Утварылася па ініцыятыве былых членаў Віцебскага рэв. гуртка А.І.Марчанкі і Х.А.Ратнера. Належала да заснавальнікаў бел.нац. плыні ў рас. народніцкім руху, адным з ініцыятараў якой быў І.Я.Грынявіцкі. Група «Гоман» упершыню паставіла і тэарэтычна абгрунтавала бел.нац. пытанне. Ажыццяўленне сац. і нац. разнявольвання бел. народа звязвала з перамогай нар. рэвалюцыі ў Расіі, пераходам улады да Устаноўчага сходу і ўтварэннем федэрацыі свабодных раўнапраўных аўтаномных абласцей. Мела сувязі з арг-цыяй «Народнай волі» ў Паўн.-Зах. краі, з рэв. гурткамі Віцебска, Мінска, Магілёва, Гродна. Спыніла існаванне ў выніку разгрому арг-цыі «Народная воля».
Літ.:
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии: (40-е — начало 80-х годов XIX в.). Мн., 1972;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД-СПАДАРО́ЖНІК,
горад, пасёлак або група гарадоў, створаных вакол буйнога горада з мэтай абмежавання яго росту, разушчыльнення забудовы, стварэння больш зручных умоў для жыццядзейнасці чалавека. Мае цесныя сац., эканам. і прасторавыя сувязі з гал. горадам. Першыя з іх узніклі ў канцы 19 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі ў сувязі з развіццём прам-сці і ростам гар. насельніцтва. Адрозніваюцца функцыян. роляй (т.зв. гарады-спальні або адносна самаст. паселішчы са сваімі вытв. зонамі), велічынёй (30—100 тыс. жыхароў), аддаленасцю ад гал. Горада (10—80 км) і інш. Агульнае для ўсіх: стварэнне зручных і хуткіх зносін з горадам-цэнтрам, фарміраванне зялёных паясоў, якія раздзяляюць гарады-спадарожнікі паміж сабой і аддаляюць іх ад гал. горада. Шырока вядомыя гарады-спадарожнікі Лондана — Харлаў, Стывенедж, Кроўлі; Парыжа — Эўры, Сержы-Пантуаз, Сен-Кантэн; Масквы — Зеленаград, Дзяржынскі, Дубна і інш. У Мінску ролю гарадоў-спадарожнікаў выконваюць Бараўляны, Самахвалавічы, Заслаўе, Лагойск і інш.