ДАЛУХА́НАВА (Зара) (Заруі Агасьеўна; н. 5.3.1918, Масква),

армянская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Арменіі (1955). Нар. арт. Расіі (1956). Нар. арт. СССР (1990). Скончыла Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1957). З 1972 выкладае ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных (праф. з 1983). З 1939 салістка Армянскага т-ра оперы і балета, з 1944 — Усесаюзнага радыё, у 1959—82 — Маскоўскай філармоніі. Яе рэпертуар уключае шматлікія творы кампазітараў 16—20 ст., у т. л. І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля, Ф.​Шуберта, Р.​Шумана, Х.​Вольфа, Г.​Малера. Упершыню выканала шэраг твораў Дз.​Шастаковіча, С.​Пракоф’ева, Р.​Шчадрына, М.​Тарывердыева і інш. Удзельнічала ў канцэртных пастаноўках опер «Італьянка ў Алжыры» Дж.​Расіні, «Сястра Анджэліка» Дж.​Пучыні. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1966.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)