КУНЯ́ЕЎ (Станіслаў Юр’евіч) (н. 27.11.1932, г. Калуга, Расія),
расійскі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т(1957). З 1962 працаваў у час. «Знамя», Маскоўскай пісьменніцкай арг-цыі, з 1989 гал. рэдактар час. «Наш современник». Друкуецца з 1956. У паэт. зб-ках «Землепраходцы» (1960), «Завея заходзіць у горад» (1966), «Начная прастора» (1970), «Глыбокі Дзень» (1978), «Возера Безыменнае» (1983), «Маці — сырая зямля» (1988), «Вышэйшая воля» (1992) і інш. выяўляе адвечныя сувязі чалавека з прыродай, гісторыяй. Паэмы «Калужская хроніка» (нап. 1968—87), «Карабахская хроніка» (нап. 1973), «Сонечныя ночы» (нап. 1978), «Рускія сны» (нап. 1986) і інш. — спроба сінтэзу прозы і паэзіі ў паэме. Аўтар рамана «Сяргей Ясенін» (1995, з сынам С.Куняевым), зб. прозы і публіцыстыкі «Сярод шумнага балю» (1996), крытычных артыкулаў і інш. У некаторых творах бел. тэматыка. Асобныя вершы К. на бел. мову пераклаў П.Макарэвіч. Дзярж. прэмія Расіі 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́СТАВЫЯ ПЕ́СНІ,
від веснавых песень, якія выконваліся ў час веснавога земляробчага свята сёмухі. Спяваліся пераважна на Палессі. Суправаджалі абрад ваджэння «куста» (прыбранай у зялёныя галінкі і кветкі дзяўчыны), што ўвасабляў жыватворныя сілы прыроды і быў нібыта здольны перадаваць іх зямлі, полю, а таксама служыў сімвалам роду і сувязі са светам продкаў, ад якіх «залежаў» ураджай. Падзяляюцца на рытуальныя, заклінальныя і велічальныя. Рытуальныя адлюстроўваюць гал. моманты абраду — паход дзяўчат у лес, дзе самую прыгожую прыбіралі «кустом», шэсце «дзявоцкага войска» з кустом па вёсцы, віншаванне гаспадароў з заканчэннем веснавых работ з просьбай надарыць «куст». Заклінальныя песні былі прызначаны магічным шляхам забяспечыць добры ўраджай. Песні, прысвечаныя хлопцу і дзяўчыне, закліналі каханне, шчаслівы лёс. Велічальныя песні ўхваляюць «зеляненькі куст», узвышаюць удзельніц свята, «дзявоцкае войска», якое «ніхто не б’е, не ваюе», услаўляюць шчодрых гаспадароў. К.п. завяршаецца веснавы цыкл каляндарна-абрадавых песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ШЫН,
гарадскі пасёлак у Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пінск—Івацэвічы. За 28 км ад горада і чыг. ст. Пінск, 203 км ад Брэста. 3 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца ў 1552 у Пінскім пав.ВКЛ. У 17 ст. мястэчка, цэнтр староства; належаў Радзівілам, пазней Агінскім, Любецкім. З 1643 меў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі воўк на ласіных нагах. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Пінскага пав. Мінскай губ. У 1886 цэнтр воласці. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Пінскага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР. У 1940—62 цэнтр Лагішынскага раёна. З 27.6.1941 да 15.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне каля 2 тыс.чал. З 22.12.1959 гар. пасёлак. З 1962 у Пінскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Лагішынская Спаса-Праабражэнская царква, Лагішынскі Петрапаўлаўскі касцёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗО́ВІЦА,
вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Лабжанка, на аўтадарозе Клімавічы—Касцюковічы. Цэнтр сельсавета. За 6 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 130 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 141 ж., 61 двор (1998).
Вядома з 18 ст. У 1752 заснавана Лазовіцкая езуіцкая рэзідэнцыя. У 1780 у Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ.; 115 ж., 23 двары. З 1784 мястэчка, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1861—236 ж., 32 двары, вадзяны млын, сукнавальня, царква, касцёл, малітоўны дом. У 1909 у мястэчку 202 ж., 24 двары, у аднайм. сяле 269 ж., 42 двары, царква, царк.-прыходская школа, вінная крама. З 1924 цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай акругі. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1943 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі Л., пасля вайны адноўлена. У 1972—247 ж., 67 двароў.
Клуб, аддз.сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІНІ́ЗМ,
слова ці выраз, што перайшлі з лацінскай мовы як запазычанні ці ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтакс. калек. У ранні перыяд развіцця бел. мовы гал. роля ва ўзбагачэнні яе тэрміналогіі Л. належала польскай мове, з 2-й пал. 16 ст. ў сувязі з пашырэннем на тэр. Беларусі грамадскіх і культ. функцый лац. мовы Л. запазычваліся і непасрэдна праз пісьмовую і вусную мовы. У 14—18 ст. Л. значна папоўнілася бел. грамадска-паліт., юрыд., канцылярская («депутатъ», «статутъ», «секретаръ») і сац.-эканам. («аренда», «сума») лексіка, атрымала новыя сродкі выражэння тэрміналогія навукі, л-ры, мастацтва («веригъ», «нота», «студентъ»). Многія старыя Л. захаваліся ў бел. мове да нашага часу. У 19—20 ст. крыніцай Л. для бел. мовы стала рус. мова, з якой запазычваюцца пераважна інтэрнацыяналізмы («інфляцыя», «эвалюцыя»). Спецыфічная прыкмета Л. — канцавыя спалучэнні «-ум» («пленум»), «-ус» («корпус»), «-ент» («апанент»), «-цыя» («градацыя»), «-тар» («экватар») і інш.
Літ.:
Булыка АМ. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕМЦЮГО́ВА (Валянціна Пятроўна) (н. 19.12.1935, в. Новая Алакюль Ленінградскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1988), праф. (1993). Скончыла БДУ (1958). З 1961 у Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (з 1987 заг. аддзела). Асноўныя навук. даследаванні ў галіне анамастыкі (у прыватнасці тапанімікі), лексікалогіі і лексікаграфіі. Пытанні станаўлення і функцыянавання ўсх.слав. айканіміі ў працах «Беларуская айканімія» (1970), «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання» і «Фарміраванне ўсходнеславянскай айканіміі ў сувязі з развіццём тыпаў паселішчаў» (абедзве 1983). Складальнік «Украінска-беларускага слоўніка» (1980); «Слоўніка цяжкасцей беларускай мовы» (1987), слоўніка-даведніка «Кіраванне ў беларускай і рускай мовах» (1991), «Кароткага слоўніка беларускай мовы» (1994, усе з Г.У.Арашонкавай) і інш. Адзін з аўтараў «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1, 1993), «Руска-беларускага слоўніка сельскагаспадарчай тэрміналогіі», манаграфій «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» і «Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы» (усе 1994). Чл. анамастычнай камісіі пры Міжнар. к-це славістаў, старшыня Рэсп. тапанімічнай камісіі пры Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКРЭ́ЦЫЙ (Lucretius),
Ціт Лукрэцый Кар (1 ст. да н.э.), рымскі паэт, філосаф-матэрыяліст. Аўтар паэмы «Аб прыродзе рэчаў», напісанай у форме дыдактычнага эпасу, тлумачыць вучэнне грэч. паэта Эпікура. Паэма складаецца з 6 кніг: у кн. 1-й і 2-й выкладаецца атамістычная тэорыя стварэння свету і абвяргаецца ўмяшанне багоў у людскія справы; у 3-й кнізе — вучэнне аб душы, яе матэрыяльнасці, смяротнасці і сувязі з целам; кн. 4-я — вучэнне пра чалавека, яго пачуцці; кн. 5-я — пра гісторыю развіцця чалавечага роду, узнікненне мовы; у кн. 6 тлумачыцца паходжанне рэлігіі. Мэту сваёй філасофіі Л. бачыў у вызначэнні шляху да шчасця праз пераадоленне бедстваў, страхаў перад багамі, смерцю, замагільнай карай. Твор меў вял. ўплыў на развіццё матэрыялістычнай філасофіі Адраджэння. Буйнейшым правадніком ідэй Л. быў франц. філосаф П.Гасендзі. На Беларусі паэма Л. вядома з 15 ст. Урыўкі яе распаўсюджваліся ў рукапісных зборніках твораў стараж. філосафаў, у творах Б.Буднага пра жыццё і філас. вучэнне мысліцеляў Стараж. Грэцыі і Рыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧА́Й,
вёска ў Навасёлкаўскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. За 18 км ад горада і чыг. ст. Паставы, 268 км ад Віцебска. 253 ж., 92 двары (1999).
Вядома з 1542 як уладанне Забярэзінскіх. З канца 16 ст. мястэчка. Маёнтак Л. належаў Юндзілам, Глябовічам, Шэметам і інш. З 1617 уладанне Рудамінаў, з 1731 — Агінскіх. У 1766—76 у Л. пабудаваны мураваны езуіцкі касцёл. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Вілейскім пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1905 у сяле і маёнтку Л. 81 ж., нар. вучылішча, валасное праўленне, крама. З 1921 Л. у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны ў Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 цэнтр сельсавета ў Пастаўскім, Дунілавіцкім р-нах. З 1960 вёска Л. у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах.
Базавая школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.сувязі. Помнік архітэктуры — Лучайскі касцёл езуітаў (1776).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯШУ́К (Вера Якаўлеўна) (н. 1.11.1933, в. Марозавічы Брэсцкага р-на),
бел.літ.-знавец. Чл.-кар.Бел. акадэміі адукацыі (1995). Канд.філал.н. (1987). Праф. (1991). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1987). Скончыла Брэсцкі пед.ін-т (1959). З 1963 у Брэсцкім ун-це (у 1980—85 дэкан філал. ф-та). Друкуецца з 1957. Асн. тэмы яе даследаванняў бел.л-ра, літ. краязнаўства, методыка выкладання бел. і рус. л-р і моў у школе, праблемы педагогікі вышэйшай школы. Аўтар вучэбных дапаможнікаў і манаграфій, адзін са складальнікаў падручнікаў-хрэстаматый для школ зб. «Паўлюк Багрым» (1994) і інш.
Тв.:
Краязнаўчы матэрыял на ўроках літаратуры. Мн., 1980;
Іван Мележ у школе. Мн., 1981;
Вывучэнне эпічных твораў: 5—8 класы. Мн., 1987;
Літаратурнае краязнаўства ў школе. Мн., 1991;
Міжпрадметныя сувязі ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры. Мн., 1992 (разам з Г.М.Малажай);
Вывучэнне беларускай літаратуры ў школе. Мн., 1994;
Вывучэнне ў школе трылогіі Якуба Коласа «На ростанях». Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЕЧ,
вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля меліярацыйнага канала Вінец. Цэнтр сельсавета і калгаса-аграфірмы. За 20 км на З ад г. Бяроза, 89 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 2437 ж., 786 двароў (1999).
У 16 ст. мястэчка ў Брэсцкім пав.ВКЛ. У 1645 атрымала права на самакіраванне. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці ў Пружанскім пав. Гродзенскай губ., 1428 ж.. 71 двор, 2 царквы, яўр. малітоўны дом, сукнавальня, 16 крам, 12 кірмашоў на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Пружанскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Пружанскага р-на, з 1960 у Бярозаўскім р-не. У 1972—1656 ж., 444 двары.
Пякарня, сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз.сувязі. Сямёнаўская царква (1928). Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.