АЛЕ́КСІНІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Запаветы Ільіча». За 22 км на У ад г. Сянно, 46 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Багушэўская. 448 ж., 183 двары (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1512. Належала да маёнтка Палонна ў Віцебскай зямлі. У розны час Алексінічамі валодалі Пацы, Астрожскія, Слуцкія, Хадкевічы, Сапегі, Друцкія-Любецкія, Стаброўскія і інш. У пач. 20 ст. вёска (сяло) у Пустынскай вол. Сенненскага пав.; 836 ж., 137 дамоў, правасл. царква. З 1924 цэнтр сельсавета.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)