ШАСТАКО́Ў Міхаіл Дзянісавіч (3.11.1907, в. Нача Крупскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1942),
Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу.(1931), камандныя курсы пры Ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА. У Чырв. Арміі з 1928. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. фронце. Танк. батальён на чале з капітанам Ш. вызначыўся 12.5.1942 у баі каля г. Харкаў (Украіна): фарсіраваў р. Бабка, захапіў у палон шмат гітлераўцаў з узбраеннем; у баі за с. Непакрытае паланіў батальён варожай пяхоты, асабіста Ш. пры адбіцці контратакі праціўніка агнём з танка знішчыў 4 гарматы з разлікамі, вызваліў сяло. Загінуў у гэтым баі. Яго імем названа вуліца ў в. Нача.
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1975). Скончыў Калумбійскі ун-т (1953), дзе і працаваў (з 1963 праф.). У 1966—83 і з 1991 праф. Станфардскага ун-та. Навук. працы па эксперым. фізіцы высокіх энергій і элементарных часціц. Разам зінш. адкрыў Σ°-гіперон і з’яву незахавання цотнасці ў распадах гіперонаў (1957), вызначыў спін λ- і Σ-гіперонаў (1958). Эксперыментальна даказаў існаванне мюоннага нейтрына (1962, з Л.М.Ледэрманам і Дж.Стэйнбергерам). Адкрыў піоній — звязаны стан піона з мюонам (1976). Нобелеўская прэмія 1988 (з Ледэрманам і Стэйнбергерам).
Тв.:
Рус.пер. — Первый эксперимент с нейтрино высоких энергий // Успехи физ. наук. 1990. Т. 160, № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ФІЗІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
рэспубліканскае навук. грамадскае аб’яднанне. Засн. ў 1990 у Мінску. Аб’ядноўвае навук. работнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, інш. спецыялістаў, што працуюць у галіне фізікі і сумежных галінах навукі. Асн. мэты: садзейнічанне развіццю фіз. навукі і распаўсюджванню фіз. ведаў; стварэнне спрыяльных умоў для раскрыцця творчых магчымасцей фізікаў; абарона навук., прафес. і сац. інтарэсаў членаў аб’яднання; развіццё творчых і дзелавых кантактаў з вучонымі, прафес. і грамадскімі арг-цыямі інш. краін. Вышэйшы орган — з’езд т-ва. Выбарны кіруючы орган — праўленне. Прэзідэнты: Ф.І.Фёдараў (з 1990), В.С.Буракоў (з 1996), П.А.Апанасевіч (з 1999). Б.ф.т. — чл.Еўрап.фіз.т-ва (з 1993), Еўразійскага фіз.т-ва (з 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎІПЭ́НКА Фёдар Рыгоравіч (н. 22.12.1942, в. Арцюхі Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне стварэння кампазіцыйных матэрыялаў. Д-ртэхн.н. (1998), праф. (1999). Выдатнік вышэйшай школы (1987). Скончыў БПІ (1970). З 1973 у Магілёўскім тэхн. ун-це (цяпер Беларуска-Расійскі ун-т, з 1985 заг. кафедры, з 1998 прарэктар, з 2000 1-ы прарэктар). Навук. працы па хіміка-тэрмічнай апрацоўцы металаў і сплаваў; стварэнні нанаструктурных гарачатрывалых кампазіцыйных матэрыялаў з зададзеным комплексам якасцей на аснове металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВЫ́Х Мікалай Мікалаевіч (15.9.1937, Мінск — 19.12.2002),
бел. геолаг. Д-р геолага-мінералаг. н. (1992). Скончыў ун-т у г. Растоў-на-Доне (1960). З 1965 у Бел. геолагаразведачным НДІ, з 1971 у Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (з 1992 вядучы, з 1993 гал.навук. супрацоўнік), адначасова ў 1994—99 выкладаў у Гомельскім ун-це. Навук. працы па комплексным вывучэнні працэсаў выветрывання парод фундаменту і платформавага чахла з адзнакай іх металагенічнай спецыялізацыі, вызначэнні крыніц зносу матэрыялу ў басейны седыментацыі.
Тв.:
Литология и геохимия кор выветривания, развитых на кристаллическом фундаменте Белоруссии. Мн., 1973 (разам з А.С.Махначом);
Генетические особенности каолинитов Белоруссии. Мн., 1988;
Коры выветривания запада Восточно-Европейской платформы. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́БІК Барыс Паўлавіч (н. 6.8.1949, в. Грыцавічы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ваен.навук.Канд.ваен.н. (1989), праф. Акадэміі ваен. навук Рас. Федэрацыі (2001). Палкоўнік (1990). Скончыў Ленінградскае ваен. вучылішча (1969), Ваен.артыл. акадэмію імя Калініна (1982). З 1981 у НДІМін-ва абароны СССР. З 1992 ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь: з 1993 нач. аддзела аператыўна-тактычных даследаванняў Мінскага вышэйшага ваен. каманднага вучылішча, з 1995 нач. ваенна-навук. цэнтра Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь, з 2002 нам.нач.НДІУзбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. З 2003 нам. дырэктара НДІ тэорыі і практыкі дзярж. кіравання. Даследуе праблемы дзярж. кіравання і арганізацыі тэр. абароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСІ́НТЭЗ (ад бія... + сінтэз),
утварэнне ў жывых арганізмах складаных арган. рэчываў з больш простых злучэнняў пры ўдзеле ферментаў. Гал. функцыі біясінтэзу — ажыццяўленне актыўнага абмену рэчываў, утварэнне і аднаўленне структурных частак клетак і тканак (гл.Анабалізм), што цесна звязана з адначасовым процілеглым працэсам расшчаплення складаных арган. рэчываў на больш простыя (гл.Катабалізм), якія з’яўляюцца крыніцай «будаўнічага матэрыялу» і энергіі для біясінтэзу. У выніку біясінтэзу павялічваюцца памеры малекул, ускладняецца іх структура і павышаецца энергет. патэнцыял.
Пачатковыя пастаўшчыкі энергіі для біясінтэзу — зялёныя расліны і фотасінтэзавальныя бактэрыі, што акумулююць сонечную энергію (гл.Фотасінтэз), а таксама некаторыя інш. бактэрыі, якія выкарыстоўваюць энергію акіслення неарган. злучэнняў (гл.Хемасінтэз). З дапамогай гэтай энергіі аўтатрофныя і хематрофныя арганізмы здольны сінтэзаваць простыя арган. рэчывы з неарган. (гл.Асіміляцыя). Усе іншыя (гетэратрофныя) арганізмы выкарыстоўваюць гатовыя арган. рэчывы як матэрыял і крыніцу энергіі для свайго біясінтэзу (гл.Акісляльнае фасфарыліраванне). Асн. крыніца энергіі для біясінтэзу — распад макраэргічных злучэнняў, пераважна адэназінтрыфосфарнай кіслаты (гл.Біяэнергетыка). Для біясінтэзу некаторых клетачных кампанентаў патрабуюцца таксама багатыя энергіяй атамы вадароду, донарам якіх з’яўляецца нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфат (НАДФ). У ходзе біясінтэзу кожны аднаклетачны арганізм, як і кожная клетка мнагаклетачнага арганізма, самастойна сінтэзуе рэчывы, што складаюць яго. Асноўныя з іх — полінуклеатыды (ДНК і РНК), поліцукрыды і бялкі, малекулы якіх разнастайныя па структуры і найбольш складаныя. Утварэнне палімерных арган. злучэнняў з больш простых манамераў суправаджаецца ў кожным выпадку рэакцыяй дэгідратацыі (вывядзеннем малекул вады з рэагуючых злучэнняў). Палімерызацыя адбываецца або «з галавы», або «з хваста». Калі палімерызацыя ідзе «з галавы», актываваная сувязь знаходзіцца на канцы палімеру, што бесперапынна расце, і павінна рэгенерыраваць пры кожным далучэнні манамеру. У гэтым выпадку кожны манамер прыносіць з сабой актываваную групу, якая будзе выкарыстана ў рэакцыі з наступным манамерам дадзенай паслядоўнасці. Калі палімерызацыя ідзе «з хваста», актывізаваная сувязь, якую нясе з сабой новы манамер, будзе выкарыстана для далучэння гэтага манамеру да палімернага ланцуга. Палімерызацыя полінуклеатыдаў і некаторых простых поліцукрыдаў ідзе «з хваста», бялкоў — «з галавы». Характар біясінтэзу, які адбываецца ў клетцы, вызначаецца спадчыннай інфармацыяй, што «закадзіравана» ў геноме.
Біясінтэз можа быць ажыццёўлены і ў эксперым. умовах. У прам-сці шырока выкарыстоўваецца мікрабіял. сінтэз — біясінтэз мікраарганізмамі біялагічна актыўных рэчываў (вітамінаў, некаторых гармонаў, антыбіётыкаў, амінакіслот, бялкоў і інш.). Многія інш. рэакцыі біясінтэзу ўлічваюцца або выкарыстоўваюцца ў розных галінах біятэхналогіі.
Літ.:
Биосинтез белка и нуклеиновых кислот. М., 1965;
Молекулярная биология клетки: Пер. с англ.Т. 1. 2 изд. М., 1994;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 2. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНІ́ЦА,
збудаванне для размяшчэння званоў. Ва ўсх. славян упершыню згадваецца ў 988. Найб. раннія З. вядомы ў Кіеве (Ірынінскай і Дзесяціннай цэрквах) з 1107 ва Уладзіміры, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку. Крыніцай развіцця іх форм былі абарончыя вежы са званом і металічным білам для гукавога апавяшчэння. Іканаграфічныя матэрыялы, гравюры 15—17 ст. сведчаць, што на Беларусі З. мелі сакральныя пабудовы Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Клецка, Гродна і Брэста і інш. Яны былі драўляныя, мураваныя і драўляна-мураваныя. Драўляныя паводле тыпу канструкцыі бываюць слупавыя, каркасныя, зрубныя, зрубна-каркасныя. Найб. простыя З. — слупавой канструкцыі з перакладзінай, на якую падвешвалі звон, або козлы з брусоў, якія ставілі побач з царквою або касцёлам (в. Ражкоўка Камянецкага р-на). У іх часам быў подыум з дошак і стрэшка ці 4-схільны дах. Пазней З. ашалёўвалі дошкамі. Яны мелі гарыз. бэлькі, што дазваляла рабіць іх 2-яруснымі і размяшчаць званы на бэлечнай крыжавіне пад дахам. Больш трывалыя зрубныя З. Часцей сустракаюцца зрубна-каркасныя, дзе зрубам-чацверыком былі ніжнія ярусы, а верхні рабіўся каркасным і завяршаўся стромкім дахам (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, 1799; в. Дуды Іўеўскага р-на; в. Чэрск Брэсцкага р-на, абедзве 18 ст., і інш.). Вядомы і мураваныя, асобна збудаваныя З. (в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, 16 ст.). Іх верхнія ярусы часам былі глухія і мелі спец. праёмы, якія зачыняліся аканіцамі (г. Слуцк, 18 ст.; г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на, 17 ст.; в. Моладава Іванаўскага р-на, пач. 20 ст.). Будавалі З. ў арх. стылях адпаведна часу. Яны фланкіравалі фасады сакральных пабудоў абарончага тыпу 16—17 ст. (в. Сынковічы Зэльвенскага, в. Мураванка Шчучынскага, в. Камаі Пастаўскага р-наў), а таксама шматлікія 2-вежавыя касцёлы 17—18 ст. У царк. архітэктуры існавалі З.-дабудовы. Яны размяшчаліся над прытворам ці перад ім (в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 16 ст.; г.п. Заслаўе, 16 ст., і інш.). Вядомы З.-брамы: зрубныя, мураваныя, зрубна-мураваныя, якія ставіліся пры ўваходзе на двор царквы (касцёла); іх ніжні ярус выконваў ролю брамы. Дабудова З. з боку прытвора была пашырана ў 19 — пач. 20 ст. (Пакроўскі сабор у г. Баранавічы), у т. л. пры рэканструкцыі уніяцкіх цэркваў (в. Моладава Іванаўскага, в. Рамель Столінскага, в. Порплішча Докшыцкага, в. Хаціслаў Маларыцкага р-наў і інш.) і некаторых касцёлаў пад правасл. храмы.
А.І.Лакотка.
Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.Званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.Званіца Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. 1924—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫЧНЫ ДРУК
Гісторыя развіцця. Перыядычныя выданні на Беларусі пачаліся з выпуску газет-аднадзёнак, якія выходзілі ў ВКЛ у 2-й пал. 16 ст. — пач. 17 ст. і асвятлялі жыццё народаў ВКЛ і інш. краін Еўропы: «Новіны грозные а жалостлівые...» (1563), «Эдыкт з обозу под замком нашым Велікімі Лукамі» (1580), «Эдыкт з замку Полоцкого» (1593), «Новіны о шчаслівом поступаньні на царство Московское Найясьнейшаго Владыслава, Короля Польского» (1617) і інш. Першым на Беларусі друкаваным выданнем на польскай мове быў інфарм. бюлетэнь «Awizy Grodzieńske» («Гродзенскія весці», 1678 — пач. 18 ст.). Першая друкаваная газета на польскай мове — «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета», 1776—83), створаная па ініцыятыве А.Тызенгаўза. Яна асвятляла найважнейшыя падзеі з жыцця Рэчы Паспалітай і ВКЛ, Расіі, краін Еўропы. У лістападзе—снежні 1792 у Гродне 2 разы на тыдзень выходзіў друкаваны орган Таргавіцкай канфедэрацыі газ. «Wiadomości Grodzieńske» («Гродзенскія ведамасці»), якая інфармавала пра падзеі, што адбываліся напярэдадні 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. У 1796—1840 напачатку ў Варшаве, потым у Гродне, Вільні (да 1833 на польскай, з 1834 на польскай і рус. мовах) выходзіла газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»); працяг яе — газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік», 1841—1916; з 1865 на рус. мове).
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і далучэння Беларусі да Рас. імперыі акрамя рас. перыёдыкі і «Літоўскага весніка» іншыя перыяд. выданні на Беларусі не выдаваліся. З 1838 Віцебскае, Гродзенскае, Магілёўскае, Мінскае губернскія праўленні выдавалі афіц. газеты (напр., «Витебские губернские ведомости»). Яны змяшчалі пастановы, распараджэнні, аб’явы, весці цэнтр. і мясц. улад, маст. творы, фальклор, краязнаўчыя даследаванні.
У 1860-я г. ў сувязі з узмацненнем нац.-вызв. руху з’явіліся нелегальная беларускамоўная газ. «Мужыцкая праўда» (1862—63, друкавалася лацінкай) і польскамоўныя «Chorągiew swobody» («Сцяг свабоды», 1863), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы», 1864), якія выдавалі К.Каліноўскі і яго паплечнікі. На іх старонках гучалі ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літоўскіх зямель у суверэнную дзяржаву. Рэвалюцыйныя ідэі К.Каліноўскага падхапілі бел. народнікі, якія выдавалі час. «Гомон» (1884, выходзіў на рус. мове). Як пратэст супраць царызму выдаваліся польскамоўныя газ. «Słowo» («Слова», 1859, С.-Пецярбург), «Zmowa» («Змова», 1870, г. Цюрых, Швейцарыя), «Свабода» (1902, Лідскі павет). У 1886—1902 у Мінску легальна выдавалася першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літаратурная газ. «Минский листок» (у 1902—05 «Северо-Западный край»). Выходзілі таксама афіц.перыяд. выданні рус.правасл. царквы «Епархиальные ведомости» ў Мінску (1869—1917), Віцебску («Полоцкие епархиальные ведомости», 1874—1916), Магілёве (1883—1917), Гродне (1901—15). У канцы 19 ст. ў Паўночна-Заходнім краі выдавалася 14 газет, з іх 3 прыватныя.
У пач. 20 ст. пад уздзеяннем рэвалюцыі 1905—07 колькасць перыяд. выданняў на Беларусі павялічылася, у многіх губернскіх і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: у Вільні — «Северо-Западное слово» (1898—1905), «Северо-Западный голос» (1905—15), «Белорусская жизнь» (1909—11); у Мінску — «Белорусский вестник» (1904—05), «Жизнь провинции» (1907), «Голос провинции» (1906—07), «Минское слово» (1906—12), «Окраина» (1907—08), «Минский курьер» (1908), «Минское эхо» (1908—09), «Минский голос» (1909—18), «Минская газета-копейка» (1912—15); у Віцебску — «Витебский голос» (1905—07), «Витебская жизнь» (1906), «Витебский вестник» (1912—17), «Витебский листок» (1916—19); у Магілёве — «Могилевский голос» (1906), «Могилевский вестник» (1906—17); у Гомелі — «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская мысль» (1909), «Полесье» (1909—12), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская копейка» (1911—17), «Отклики» (1912—15); у Брэст-Літоўску — «Западный Буг» (1909), «Наш край» (1912—14); у Пінску — «Пинский листок» (1910—11); у Бабруйску — «Бобруйские отклики» (1911—12), «Бобруйская жизнь» (1913—14), «Бобруйский курьер» (1914—19); у Лепелі — «Лепельский вестник» (1911—12); у Лідзе — «Лидское слово» (1912—13); у Полацку — «Полоцкий листок» (1913); у Мазыры — «Мозырянин» (1914—15); у Оршы — «Оршанский вестник» (1915—18). Выходзілі земскія часопісы «Вестник Минского губернского земства» (1914—15), «Вестник Могилевского земства» (1914—17) і інш.
У 1904—05 на Беларусі падпольна выходзілі перыяд. выданні РСДРП, якія прапагандавалі погляды сацыял-дэмакратаў: «Полесский листок» (1904—05), «Летучий листок Полесского комитета», «Листок Северо-Западного союза» (абодва 1905); «Минский летучий листок», «Труд» (Гомель), «Солдатская воля» (Гродна; усе 1906) і інш. Шэраг газет і часопісаў на рус., польскай і яўр. мовах выдавалі СДКПіЛ, ППС на Літве, эсэры, Бунд і інш. арганізацыі. Свае выданні на тэр. Беларусі пашырылі газетна-выдавецкія манаполіі А.Суворына, І.Сыціна, А.Маркса, агенцтвы друку, што спрыяла далейшаму развіццю тут перыяд. друку.
Бел. друк актывізаваўся пасля адмены ў 1905 забароны на беларускамоўнае кнігадрукаванне. Выйшлі першыя легальныя прагрэсіўныя газеты на бел. мове «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—15), якія вялі барацьбу за бел.нац. ідэю, бел. дзяржаўнасць. На бел. мове выдаваліся часопісы: сатырычны «Крапіва» (1912), сельскагаспадарчы «Саха» (1912—15), маладзёжныя і дзіцячыя «Маладая Беларусь» (1912—13), «Лучынка», «Раніца» (абодва 1914). У 1913—15 у Вільні на бел. мове выходзіла газ. «Беларус» (лацінкай), у 1916—18 — газ. «Гоман» (лацінкай і кірыліцай), у 1916 у Петраградзе — газ. «Светач» (лацінкай), у 1916—17 — газ. «Дзянніца». У 1-ю сусв. вайну ў Маладзечне выдавалася газ. «Вестник X армии» (1914—17); у Полацку — «Последние армейские известия» (1915); у Бабруйску — «Известия Виленского округа путей сообщения» (1916); у Барысаве, Клецку, Лунінцы, Ляхавічах, Навагрудку, Нясвіжы, Пінску, Рэчыцы, Слуцку — «Телеграммы Петроградского телеграфного агентства». Усяго ў 1817—1916 на Беларусі выходзіла 249 перыяд. выданняў, з іх 13 беларускамоўных.
Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 на Беларусі выдавалася больш за 80 газет на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У жніўні 1917 у Мінску пачала выдавацца першая масавая легальная газ. «Звезда» (з 1927 на бел. мове). У 1917 выходзілі афіц. органы Часовага ўрада, партыйна-савецкія, салдацкія і інш.перыяд. выданні: «Вестник Минского губернского комиссариата», «Грамада», «Крестьянская газета», «Фронт», «Бюллетень военно-революционного комитета X армии» (Маладзечна), «Известия военно-революционного комитета города Витебска» (назва мянялася, з 1937 «Віцебскі рабочы»), «Бюллетень военно-революционного комитета Западного фронта», «Вольная Беларусь», «Советская правда», «Революционная ставка» (Магілёў), «Известия военно-революционного комитета III армии» (Полацк), «Белорусская рада» і інш. Свае газеты выдавалі Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Віцебска, Гомеля, Магілёва, Мінска, а таксама Бабруйска, Горак, Мазыра, Полацка, Рэчыцы і інш.
У перыяд грамадзянскай вайны, германскай і польскай інтэрвенцыі многія выданні былі спынены. Партыйныя арганізацыі і падп. камітэты Беларусі выпускалі і распаўсюджвалі газеты, лістоўкі, адозвы, у т. л. на ням. мове. У 1918 падп. друкарня ў Мінску выдавала газ. «Спартак», падпольшчыкі Оршы — газ. «Набат» (1918—20). Выходзілі таксама газеты партыі эсэраў, Бунда, інтэрнацыяналістаў, акупацыйных улад. Нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, ствараліся новыя газеты: у Мінску — «Беларускі шлях», «Подпольная правда» (абедзве 1918), «Весткі часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі», «Звон», «Минский пролетарий» (усе 1919), «Беларусь», «Минский курьер» (абедзве 1919—20), «Работніцка-сялянская Беларусь» (1920); у Вільні — «Беларуская думка» (1919), «Беларускае жыццё» (1919—20); у Гродне — «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Беларусь» (усе 1919), «Беларускае слова» (1920—21); у Смаленску — «Белорусская правда» (1920); у Слуцку — «Наша каляіна» (1920); у Гомелі — «Новая деревня» (1920—26) і інш. У 1918—19 у Петраградзе, а потым у Маскве выходзіла першая сав. газета на бел. мове «Дзянніца», у Смаленску, а потым у Мінску — газеты «Бедняк» (1918—19), «Савецкая Беларусь» (1920—33). Першыя бел.сав. часопісы пачалі выдавацца ў Петраградзе — «Чырвоны шлях» (1918) і «Белорусская криница» (1918—19). На тэр. Беларусі выдаваліся часопісы «Экономическая жизнь» (1918—19), «Школа и культура Советской Белоруссии» (1919—21), «Коммунистический труд» (1919—23, Віцебск), «Полесский коммунар» (1919—26, Гомель), «Рунь» (1920), «Голос труда» (Віцебск), «Коммунистическое просвещение» (Гомель), «Хозяйство Белоруссии» (усе 1920—21), «Вольны сцяг» (1920—22) і інш. Яны заклікалі беларусаў падтрымліваць сав. ўладу, ствараць чырвонаармейскія атрады, весці падп.партыз. барацьбу, аб’ядноўвацца ў барацьбе за незалежнасць Беларусі. Усяго ў 1920 выдавалася 27 газет, 15 часопісаў і інш.перыяд. выданняў.
З 1921 друк актыўна выступаў за аднаўленне разбуранай войнамі нар. гаспадаркі, за ліквідацыю беспрацоўя і непісьменнасці, за паскарэнне будаўніцтва школ і культурна-асветных устаноў. За аднаўленчы перыяд створана шырокая сетка масавых прафсаюзных, ваенных, літаратурна-маст., жаночых, маладзёжных, дзіцячых і інш. выданняў: газеты «Красная смена» (з 1925 «Чырвоная змена»), «Красноармейская правда» (з 1947 «Во славу Родины»), «Белорусская деревня» (назва мянялася, з 1991 «Белорусская нива»; усе 1921); часопісы «Искусство» (Віцебск), «Школа и культура Советской Белоруссии» (абодва 1921), «Зоркі» (1921—22), «Вперед» (1922, назва мянялася, з 1991 «Беларуская думка»), «Беларускі піянер» (назва мянялася, з 1945 «Бярозка»), «Беларуская работніца і сялянка» (назва мянялася, з 1995 «Алеся»), «Асвета» (назва мянялася, з 1960 «Народная асвета»), «Беларуская медычная думка» (назва мянялася, з 1996 «Здравоохранение»; усе 1924), «Плуг» (1925, назва мянялася, з 1991 «Хозяин»), «Шлях кааперацыі» (1925—28), «Прафесіянальны рух Беларусі» (1925—29), «Наш край» (1925—30) і інш. Узніклі выданні пісьменніцкіх арганізацый — часопісы «Полымя» (з 1922) і «Маладняк» (1923—32). У 1924—25 замест павятовых і інш. газет пачалі выдавацца акруговыя: «Вясковы будаўнік» (Слуцк), «Полоцкий пахарь», «Наш працаўнік» (Клімавічы), «Камуніст» (Бабруйск), «Савецкая вёска» (Мазыр), «Вясковая праўда» (Барысаў), «Камуністычны шлях» (Орша) і інш. Выходзілі часопісы-дадаткі да асобных газет: «Радавая рунь» (1924), «Чырвоная краіна» (1927—29), «Саветы Беларусі» (1928—29) да газ. «Савецкая Беларусь»; «Малады камуніст» (1925—26) і «Світанне» (1926—27) да газ. «Наш працаўнік». З 1924 выдаецца «Летапіс беларускага друку» (назва мянялася, з 1995 «Летапіс друку Беларусі»).
У перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі з мэтай пашырэння ідэйна-паліт., выхаваўчай і арганізатарскай работы сярод працоўных заснаваны новыя газеты: «Рабочий» (1927, з 1937 «Советская Белоруссия»), «Піянер Беларусі» (1929, з 1994 «Раніца»), «Рабселькор» (1931—33), «Літаратура і мастацтва» (з 1932), «Сталинская молодежь» (1938, з 1956 «Знамя юности»); часопісы «Сацыялістычнае будаўніцтва» (1926—37), «Паляўнічы Беларусі» (1927—33), «Партыйны работнік» (1930—31), «Беларусь калгасная» (1932), «Напагатове» (1932—33), «Блакнот агітатара» (1932—34). Створаны літаратурна-маст. часопісы «Росквіт» (1927—28), «Узвышша» (1927—31), «Чырвоная Беларусь» (1930—33, з 1944 «Беларусь»); альманахі «Надзвінне» (1926), «Росквіт» (1927), «Зарніцы» (1928; усе Полацк), «Уздым» (1926—28, Бабруйск), «Дняпроўскія ўсплескі» (1927, Магілёў). У 1931 пачалі выходзіць раённыя газеты: «Ленінскі шлях» (з 1962 «Авангард», Буда-Кашалёва), «Звязда на рубяжы» (з 1963 «Дзвінская праўда», Верхнядзвінск), «Калгасны сцяг» (з 1956 «Іскра», Чавусы), «Сацыялістычны шлях» (з 1965 «Ленінскі кліч», Крычаў), «Прымежны камунар» (з 1962 «Новае Палессе», Жыткавічы), «Сталінскі шлях» (з 1965 «Сцяг Саветаў», Клічаў), «Ленінскі сцяг» (з 1963 «Сцяг перамогі», Лёзна; назвы ўсіх мяняліся) і інш. У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. У 1938 з утварэннем абласцей пачалі выдавацца абл. газеты: «Віцебскі рабочы», «Гомельская праўда», «Камунар Магілёўшчыны» (з 1956 «Магілёўская праўда») і інш. У 1940 створаны агульны час. «Весці Акадэміі навук Беларусі». Усяго ў 1940 на Беларусі выдаваліся 252 газеты (гадавы тыраж 192,7 млн.экз.), у т. л. 8 рэспубліканскіх, 4 абласныя, 92 раённыя, 90 шматтыражных; 27 часопісаў і інш.перыяд. выданняў (тыраж 1,1 млн.экз.).
У Зах. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, у сувязі з цэнзурным уціскам газеты і часопісы друкаваліся пераважна ў прыватных і падп. друкарнях Беластока, Брэста, Вільні, Гродна, Варшавы і інш. Яны часта мянялі назвы, часам выходзілі як аднадзёнкі. Выдавецкай дзейнасцю займаліся розныя партыі і арганізацыі, якія выпускалі перыяд. (легальныя і нелегальныя) выданні: Бел. рэвалюцыйная арганізацыя выдавала газеты «Вольны сцяг» (1923), «Змаганне» (1923—24) і інш.; Бел. пасольскі клуб — «Голас беларуса» (1924), «Іскра» (1925), «Беларуская доля» (1927) і інш.; Бел. сялянска-работніцкая грамада — «Жыццё беларуса» (1925), «Беларуская ніва» (1925—26), «Беларуская справа» (1926), «Народны звон», «Наша справа» (абедзве 1926—27), «Наш голас», «Наша воля», «Наша праўда» (усе 1927) і інш.; Бел. сялянскі саюз — «Сялянская ніва» (1925—30); Бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «Змаганне» — «Да працы» (1927—28), «На варце» (1930); Бел сялянская партыя — «Народ» (1927—29); Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый — «Наперад» (1929—30), «Народны звон» (1930), «Беларускі звон» (1931—32) і інш.; Таварыства бел. школы — газ. «Шлях» (1932—33), час. «Беларускі летапіс» (1933—39) і інш.; група Бел. антыфаш. фронту — газ. «Беларускі фронт» (1936—39) і інш.; выдаваліся звароты, лістоўкі, пракламацыі і інш. Выходзілі часопісы: студэнцкія «Маладое жыццё» (1921—23), «Наш шлях» (1922—23), сатырычныя «Авадзень» (1924—25), «Маланка» (1926—28), «Асва» (1934), літаратурны «Родныя гоні» (1927), жаночы «Жаноцкая справа» (1931), сельскагаспадарчыя «Саха» (1927—29), «Беларуская борць» (1934—38), «Калоссе» (1935—39), вучнёўскія і дзіцячыя «Пралескі» (1934—39), «Маладая Беларусь» (1936) і інш. Існавалі канфесіянальныя выданні: «Праваслаўны беларус» (1925), «Беларуская зарніца» (1928—29), «Голас праваслаўнага беларуса» (1931) і інш. Усе яны імкнуліся данесці да чытачоў праграмныя ўстаноўкі сваіх партый і рухаў, вялі палеміку з іншадумцамі. КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг» (1920—38) і час. «Бальшавік» (1924—36); нелегальна выходзілі на бел., рус., польскай, літ. і яўр. мовах падп. газеты і часопісы КПЗБ і камсамола Зах. Беларусі: «Малады камуніст» (1924—37), «Пад сцягам камунізму» (1927—30), «Бюлетэнь ЦККПЗБ» (1927—36), «Do walki» («На барацьбу», 1928—32), «Камсамолец» (1929—31), «Młody proletariusz» («Малады пралетарый», 1929—34), «Партыйнік» (1930—34), «Малады змагар» (1930—35), «Kujmy broń» («Куйце зброю», 1931—36), «Голас салдата» (1932—36), «Весткі зСССР» (1933—36), «Маладая гвардыя» (1934—35) і інш., а таксама перыяд. выданні акруговых камітэтаў, асобных райкомаў і мясц. арганізацый КПЗБ. Міжнар. арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам выдавала газ. «Чырвоная дапамога» (1925—37) і інш. Пры дапамозе дэмакратычных і нац.-вызв. арганізацый у Зах. Беларусі і за мяжой выдаваліся газеты «Барацьба» (1932—33), «Беларуская газета» (1933—34), «Наша воля» (1935—36) і інш. Усяго ў 1921—39 у Зах. Беларусі выдавалася больш за 270 перыяд. выданняў, у т. л. каля 70 газет-аднадзёнак (гл.Заходнебеларускі друк).
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі зБССР усе перыяд. выданні, якія выходзілі там раней, былі закрыты. У 1939 створаны новыя газеты (абласныя, раённыя, міжраённыя) — органы часовых упраўленняў: «Рабочий» (з 1940 «Заря», Брэст), «Полесская правда» (Пінск), «Чырвоны сцяг» (Нясвіж), «Уперад» (Ліда), «Новы шлях» (Паставы), «Труд» (Кобрын), «За Советскую Родину» (Гродна), «Чырвоная звязда» (Івацэвічы), «Звязда» (Навагрудак), «Голас селяніна» (Стоўбцы) і інш.
У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі, падпольна і ў партыз. брыгадах выдаваліся газеты, часопісы, лістоўкі, баявыя лісткі, насценныя газеты, бюлетэні і інш.перыяд. выданні, якія інфармавалі насельніцтва пра становішча на франтах, пра партыз. рух, вялі антыфаш. агітацыю і прапаганду, клікалі народ на барацьбу з ворагам. Падпольшчыкі Мінска ў студзені—лютым 1942 выпускалі «Вестник Родины», у маі—верасні 1942 — газ. «Звязда». Са студзеня 1943 у партыз. зоне на Любаншчыне выдаваліся газеты «Звязда» і «Чырвоная змена». У 1942—43 выходзілі абл. газеты «Віцебскі рабочы» Віцебскага, «Сялянская газета» Вілейскага, «Бальшавік Палесся» Палескага, «Партызан Гомельшчыны» Гомельскага, «Чырвоная звязда» Баранавіцкага, «Заря» Брэсцкага, «Палеская праўда» Пінскага, «За радзіму» Магілёўскага, «Белостокская правда» Беластоцкага падп. абкомаў КП(б)Б; камсамольска-маладзёжныя газеты «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Молодой партизан» Беластоцкага, «Молодежная правда» Вілейскага падп. абкомаў ЛКСМБ. Больш за 120 шматтыражных газет выпускалі паліторганы партыз. фарміраванняў, у т. л.партыз. брыгады «Разгром», «Народныя мсціўцы» імя В.Т.Варанянскага, 16-я Смаленская. У сав. тыле выходзілі газеты «За Савецкую Беларусь» (1941—42), «Савецкая Беларусь» (1941—44), «За свабодную Беларусь» (1942) з сатырычным лістком «Партызанская дубінка» (1942—43), сатырычны часопіс-агітплакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1941, з 1945 час. «Вожык»), час. «Беларусь». Усяго ў перыяд вайны на тэр. Беларусі выдавалася больш за 160 газет (гл.Друк падпольны ў Вялікую Айчынную вайну).
У пасляваенны перыяд адноўлены выданні, якія спынілі выхад у час вайны і акупацыі Беларусі, створаны новыя, у т. л. ў новых абласцях: Гродзенскай — «Гродзенская праўда» (з 1944), Бабруйскай — «Савецкая Радзіма» (1944—45), Маладзечанскай — «Чырвоны сцяг» (1944—59), Полацкай — «Бальшавіцкі сцяг» (1945—54). Пачалі выходзіць газеты «Настаўніцкая газета» (з 1945), «Мінская праўда» (з 1950), «Физкультурник Белоруссии» (1951, з 1995 «Спортивная панорама»), «За вяртанне на Радзіму» (1955, з 1960 «Голас Радзімы»), альманах «Отчизна» (1945, назва мянялася, з 1960 час. «Нёман»), часопісы «Вожык», «Маладосць» (з 1953). Адноўлены выпуск часопісаў «Беларусь» і «Полымя», шматтыражных газет. Створаны дзіцячыя і юнацкія выданні: газ. «Зорька» (з 1945), часопісы «Бярозка», «Вясёлка» (з 1957) і інш. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гарадскія) газеты. Усяго ў 1955 выходзіла 218 газет (гадавы тыраж 233,2 млн.экз.), 39 часопісаў і інш.перыяд. выданняў (гадавы тыраж 4432 тыс.экз.).
З 1962 замест раённых выдаваліся міжраённыя (абласныя) газеты. У 1965 выпуск раённых газет зноў адноўлены. У 1967 выйшлі першыя гарадскія газеты «Вячэрні Мінск» і «Хімік» (Наваполацк). Акадэмія навук Беларусі пачала выдаваць усесаюзныя часопісы «Доклады Академии наук Беларуси» (з 1957), «Инженерно-физический журнал» (з 1958), «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964), «Дифференциальные уравнения» (з 1965). З 1969 выходзіць «Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта» ў 4 серыях. У часопісы пераўтвораны бюлетэні «Промышленность Белоруссии» (1968, з 1990 «Человек и экономика»), «Родная прырода» (з 1972). Створаны галіновыя бюлетэні: «На экранах Беларусі» (1957, з 1996 «На экранах»), «Служба быту Беларусі» (з 1969), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 «Спадчына»), «Строительство и архитектура Белоруссии» (з 1991 «Архитектура и строительство»; абодва 1970), «За безопасность движения», «Рабочая смена» (абодва з 1972). На буйных прадпрыемствах і новабудоўлях заснаваны шматтыражныя газеты: «Текстильщик» (Баранавічы), «Химики» (Светлагорск, абедзве з 1965), «Нефтяник Полесья» (з 1973, Гомель), «Белорусский шинник» (Бабруйск), «Монолит» (Віцебск), «Калійшчык Салігорска» (усе з 1974), «Трудовая слава» (з 1975, Магілёў), «Электрон» (з 1976, Мінск) і інш. У 1980 на Беларусі выдаваліся 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абласных, 11 аб’яднаных, 3 гарадскія, 106 раённых, 54 шматтыражныя; 95 часопісаў і інш.перыяд. выданняў, у т. л. 31 часопіс.
У 1980-я г. створаны часопісы «Мастацтва Беларусі» (1983, з 1992 «Мастацтва»), «Беларуская мова і літаратура ў школе» (1988, з 1992 «Роднае слова»), «Крыніца» (1988—2003), «Экологический вестник» (з 1989); газ. «Беларускі час» (з 1989); шматтыражныя газеты «Металлург» (Жлобін), «Моторостроитель» (Мінск; абедзве з 1985), «Мозырский нефтепереработчик» (з 1986) і інш.
У канцы 1960 — пач. 1980-х г. на Беларусі ствараліся непадцэнзурныя рукапісныя ці друкаваныя выданні (самвыдат). Найбольшая іх колькасць выдавалася ў Мінску, а таксама ў абл. і раённых цэнтрах і па-за межамі Беларусі (Рыга, Талін, Беласток, Масква і інш.; яны друкаваліся на бел., рус., укр. мовах, некаторыя лацінкай). Да канца 1988 налічвалася 7 афіцыйна незарэгістраваных выданняў, у 1989—34, у 1990—53. Некаторыя з іх пазней пачалі выдавацца пастаянна: «Навіны БНФ за перабудову «Адраджэньне» (1988—94), «Унія» (1990—95), «Свабода» (1990—97) і інш.З прыняццем у СССР «Закона аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1.8.1990), які адмяніў папярэднюю цэнзуру, непадцэнзурны друк пайшоў на спад. Частка самавыдавецкіх газет і часопісаў прайшла працэдуру афіц. рэгістрацыі, частка спыніла сваё існаванне. У 1995—2001 выходзіла каля 600 друкаваных і 40 электронных выданняў.
Асобную катэгорыю выданняў складае перыёдыка бел. дыяспары. Першыя бел.перыяд. выданні па-за межамі Беларусі з’явіліся ў 1920-я г.: «Беларускі сцяг», «Пагоня», «Крывіч» (Коўна), «На чужыне», «Голас беларуса» (Рыга), «Белорусы в Одессе», «Беларускае слова», «Белорусское эхо» (Кіеў) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны іх колькасць вырасла. Выходзілі газеты «Бацькаўшчына» (1947—66, Германія), «Беларускі эмігрант» (1948—50), «Беларускі голас» (з 1952; абедзве Канада), часопісы «Беларус на чужыне» (1947—50), «Голас часу» (1989—95; абодва Вялікабрытанія), «Летапіс жыцця беларускай эміграцыі» (1947—91, Германія, ЗША), «Беларус у Амерыцы» (з 1949), «Беларуская моладзь» (1959—80), «Беларуская думка» (1960—91), «Беларускі сьвет» (з 1971), «Полацак» (1991—97; усе ЗША), «Баявая ўскалось» (1949—81), «Палессе» (з 1955), «Зважай» (з 1974), «Прамень» (з 1992; усе Канада) і інш. У 1940—90-я г. ў краінах са сталай бел. дыяспарай выдавалася каля 70 перыяд. выданняў, якія асвятлялі грамадска-паліт., сац.-эканам. і культурнае жыццё Беларусі, СССР, жыццё беларусаў у інш. краінах свету.
Сучасны стан перыядычнага друку. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) сродкі масавай інфармацыі сталі рэгламентавацца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (ад 13.1.1995). Агульнае кіраўніцтва імі ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Колькасць перыяд. выданняў значна павялічылася. Вядучае месца занялі рэсп. газеты «Советская Белоруссия», «Звязда», «Народная газета» (з 1990), «Рэспубліка» (з 1991), «Белорусская нива». Працягваецца выпуск газет «Голас Радзімы», «Беларускі час», «Літаратура і мастацтва», «Спортивная панорама», «Настаўніцкая газета», «Во славу Родины», «На страже»; часопісаў «Беларусь», «Мастацтва», «Беларуская думка», «Вожык», «Родная прырода», «Архитектура и строительство», «На экранах», «Хозяин» і інш. Пачалі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культурных і інш. аб’яднанняў, творчых і прафесійных саюзаў, міністэрстваў, агенцтваў, акцыянерных таварыстваў, прыватных асоб і прадпрыемстваў: «Коммунист Белоруссии. Мы и время», «Наша слова», «Наша доля», «7 дней», «Паляўнічы і рыбалоў» (усе з 1990), «Наша ніва», «Белорусский рынок», «Культура», «Прессбол» (усе з 1991), «Згода», «Белорусская деловая газета», «Национальная экономическая газета» (усе з 1992), «Аргументы и факты в Белоруссии» (з 1993), «Товарищ», «Ва-Банкъ» (абедзве з 1994), «Белорусская газета», «Народная воля», «Белорусская лесная газета», «Белорусская торговая газета» (усе з 1995), «Медицинский вестник», «Туризм и отдых» (абедзве з 1996), «Рабочая солидарность», «Комсомольская правда в Белоруссии» (абедзве з 1998), «Belarus today. Белоруссия сегодня», «Все о футболе» (абедзве з 1999) і інш. Выдаюцца часопісы розных кірункаў: літаратурна-мастацкія — «Нёман», «Маладосць», «Полымя», «Всемирная литература» (з 1996); навукова-метадычныя — «Народная асвета», «Роднае слова», «Пралеска», «Пачатковая школа» (апошнія два з 1991), «Адукацыя і выхаванне» (з 1992), «Пазашкольнае выхаванне», «Вышэйшая школа» (абодва з 1996); гісторыка-краязнаўчыя — «Спадчына», «Беларускі гістарычны часопіс» (з 1993); медыцынскія — «Здравоохранение», «Медицинские новости» (з 1995), «Медицинская панорама» (з 1999); ваенныя — «Армия» (з 1996); для жанчын, дома і сям’і — «Алеся», «Гаспадыня», «Женский журнал» (з 1999) і інш. Створаны новыя газеты «Обозреватель», «Ваша домашняя газета» (абедзве з 2001), «Краязнаўчая газета», «The Minsk times» («Мінскі час»), «Домострой» (усе з 2003), часопісы «Мир спорта» (з 2000), «Дзеяслоў», «Развлечение и отдых», «Индивидуальный предприниматель», «Футбол» (усе з 2002) і інш. Выдаюцца бюлетэні «Главный бухгалтер», «Информационный бюллетень», «Бюллетень нормативно-правовой информации», «Белорусский строительный рынок», «Вопросы организации и информации здравоохранения» (усе з 1996), «Каталог недвижимости» (з 2001) і інш.З дзіцячых і маладзёжных выданняў папулярныя «Знамя юности», «Раніца», «Зорька», «Переходный возраст» (з 1994), «Сюрприз» (з 1996), «Качели», «Пикничок» (абодва з 1998), «Молодежная газета» (з 1999), «Познайка» (з 2001), «Озорник» (з 2003) і інш. Вялікую ролю ў інфармацыі насельніцтва адыгрывае мясц. прэса. У Бабруйску, Барысаве, Баранавічах, Маладзечне і інш. гарадах павялічылася колькасць выпускаемых газет ад 2 да 5; некаторыя з іх выдаюцца поўнакаляровым друкам. Выходзяць абл. газеты «Віцебскі рабочы», «Гомельская праўда», «Гродзенская праўда», «Заря» (Брэст), «Магілёўская праўда», «Мінская праўда», створаны новыя — «Народная трыбуна» (Брэст), «Магілёўскія ведамасці», «Народнае слова» (Віцебск; усе з 1990). Павялічылася колькасць гарадскіх газет: «Жодзінскія навіны», «Гомельские ведомости» (абедзве з 1991), «Віцьбічы» (з 1994, Віцебск), «Новая газета» (Наваполацк), «Салігорскі веснік» (абедзве з 1996), «Минский курьер» (з 2001), прыватных: «Intex-press» («Інтэкс-прэс», з 1994, Баранавічы), «Рэгіянальная газета» (з 1995, Маладзечна), «Борисовский курьер» (з 1996), «Принеманские вести» (з 1999, Ліда), «Регион» (з 2000, Мар’іна Горка), «Жодинские вести» (з 2002) і інш. Працягваецца выданне аб’яднаных і раённых газет: «Слуцкі край», «Маладзечанская газета», «Адзінства» (Барысаў), «Аршанская газета», «Ленінскі шлях» (Горкі), «Наша жыццё» (Мінск), «Пастаўскі край», «Ашмянскі веснік», «Маяк» (Бяроза), «Працоўная слава» (Валожын), «Прамень» (Стоўбцы), «Шлях Кастрычніка» (Хоцімск), «Праца» (Зэльва) і інш.; шматтыражных: «Гродненский химик», «Минский камвольщик», «Железнодорожник Белоруссии», «Автозаводец», «Мотовело», «Белорусский тракторостроитель» і інш.
У 1990-я г. на Беларусі адноўлены выпуск «Епархиальных ведомостей». Выходзяць канфесіянальныя выданні: альманах «Веснік Беларускага экзархата» (з 1990), газеты «Царкоўнае слова» (з 1992), «Преображение» (з 1994, Слуцк), «Верую» (з 1996, Бабруйск), «Духовный вестник» (з 1997, Брэст), «Православный вестник» (з 1998, Гродна), часопісы «Крыніца жыцця» (Кобрын), «Дыялог» (Баранавічы) «Ave Maria» (усе з 1994), «Наша вера» (з 1995), «Благодать» (з 2001), бюлетэнь «Каталіцкія навіны» (з 1996) і інш.Бел. грамадскае згуртаванне татараў «Зікр-уль-Кітаб» і Мусульманскае рэліг. аб’яднанне выдаюць час. «Байрам» («Свята», з 1991), Саюз палякаў на Беларусі — газ. «Głos znad Niemna» («Голас з-над Нёмана», з 1989), час. «Magazyn Polski» («Польскі часопіс», з 1992, абодва Гродна), Саюз бел.яўр. грамадскіх аб’яднанняў і абшчын — газеты «Авив» («Вясна», з 1992), «Берега» (з 1999), Бел. грамадскае аб’яднанне ўкраінцаў «Ватра» — газ. «Украінець в Беларусі» (з 2001) і інш.
У 2002 на Беларусі для выпуску перыяд. выданняў створаны рэдакцыйна-выдавецкія ўстановы: «Літаратура і Мастацтва», у склад якой увайшлі рэдакцыі літ.-маст. выданняў «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Всемирная литература», і «Культура і Мастацтва», у складзе якой рэдакцыі газ. «Культура» і час. «Мастацтва». Некаторыя выданні выходзяць згіст. сімволікай гарадоў, якія ў свой час мелі магдэбургскае права.
На 1.1.2004 на Беларусі зарэгістравана 1523 перыяд. выданні, у т. л. 919 газет, 531 часопіс, 59 бюлетэняў, 2 альманахі, 3 каталогі. Выходзяць 9 абласных, каля 130 аб’яднаных, раённых і гарадскіх, 40 шматтыражных газет.
Звесткі пра бел.перыяд. выданні друкуюцца ў штомесячным бібліяграфічным паказальніку «Летапіс друку Беларусі», які з 1995 складаецца з 8 самастойных тыпаў паказальнікаў, у т. л. «Летапісу перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца». Звесткі пра сучасныя сусветныя перыяд. выданні змяшчаюць «Ulrich’s international periodical directory» («Міжнародны даведнік «Ульрык» па перыёдыцы», з 1932), «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА, з 1980) і інш.
Літ.:
Краўчанка І.С. Падпольны бальшавіцкі друк у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1950;
Перыядычны друк Беларускай ССР. Вып. 2. Газеты (1917—1959 гг.). Мн., 1960;
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960;
Зерницкий М.С. Белорусская советская печать в годы иностранной интервенции и гражданской войны. Мн., 1963;
Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова Мн., 1971;
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі. Мн., 1974;
Яго ж. Гісторыя беларускай журналістыкі (1563—1917 гг.). Мн., 2003;
Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;
Зелинский П.И., Ракевич Н.А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. Мн., 1977;
Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;
Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981;
Газеты Беларускай ССР: Бібліягр. паказ. Ч. 1—2. Мн., 1984—85;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
«Новіны грозные» 1563 года: Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Спадчына. 1994. №3;
Библиография оккупационных периодических изданий, выходивших на территории Белоруссии в 1941—1944 гг.Мн., 1995;
Пресса Республики Беларусь. Мн., 1998;
Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971—1990);
Каталёг. Мн., 1998;
Баршчэўская Н. Беларускія часопісы на чужыне // Камунікат. 2002. №2(20).
С.В.Говін.
«Гродзенскія весці». Нумар за 13.12.1698.Газета «Наша ніва». 1906.Першы нумар газеты «Звязда». 1917.Сучасныя беларускія газеты.Сучасныя беларускія часопісы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕ́Р (Auber) Даніэль Франсуа Эспры (29.1.1782, г. Кан — 12.5.1871),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1829). Вучыўся ў Л.Керубіні. З 1842 дырэктар Парыжскай кансерваторыі, з 1857 узначальваў і імператарскую капэлу. Стварыў новы тып камічнай оперы з авантурна-прыгодніцкім сюжэтам, імклівым дзеяннем: «Фра-Д’ябала» (1830), «Бронзавы конь» (1835), «Чорнае даміно» (1837) і інш. Адзін з заснавальнікаў жанру вял. оперы [«Нямая з Портычы» («Фенела»), 1828].