ШВАРЦ (Schwartz) Мелвін (н. 2.11.1932, Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1975). Скончыў Калумбійскі ун-т (1953), дзе і працаваў (з 1963 праф.). У 1966—83 і з 1991 праф. Станфардскага ун-та. Навук. працы па эксперым. фізіцы высокіх энергій і элементарных часціц. Разам з інш. адкрыў Σ°-гіперон і з’яву незахавання цотнасці ў распадах гіперонаў (1957), вызначыў спін λ- і Σ-гіперонаў (1958). Эксперыментальна даказаў існаванне мюоннага нейтрына (1962, з Л.М.Ледэрманам і Дж.Стэйнбергерам). Адкрыў піоній — звязаны стан піона з мюонам (1976). Нобелеўская прэмія 1988 (з Ледэрманам і Стэйнбергерам).

Тв.:

Рус. пер. — Первый эксперимент с нейтрино высоких энергий // Успехи физ. наук. 1990. Т. 160, № 10.

М.​М.​Касцюковіч.

М.Шварц.

т. 17, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)