КА́РЛАВЫ ВА́РЫ (Karlovy Vary),

горад на З Чэхіі. Засн. Карлам IV. У мінулым вядомы як Карлсбад. 56 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Вытв-сць маст. шкла і фарфоравых вырабаў, з пач. 18 ст. — натуральнай карлаварскай солі з тэрмальных вуглякіслых мінер. водных крыніц. Міжнар. кінафестывалі (з 1950). Турызм. Музеі фарфору, шкла і інш.; маст. галерэя. Арх. помнікі: замкавая вежа (1605), касцёлы св. Андрэя (16 ст.), св. Марыі Магдаліны (1733—37), св. Лукаша (19 ст.). Бальнеалагічны курорт, вядомы з 16 ст. Славуты крыніцамі гарачых тэрмальных вод (42—73 °C) з мінералізацыяй да 7 г/л і карлаварскай (карлсбадскай) соллю, што выкарыстоўваюць для лячэння хвароб органаў стрававання, пры дыябеце, атлусценні і інш.

Цэнтр г. Карлавы Вары.

т. 8, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎРУ́С Алесь Аляксандравіч (н. 18.5.1935, в. Брусы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1959). З 1965 выкладаў у Мазырскім пед. ін-це. З 1968 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1974 у выд-ве «Народная асвета», з 1981 у Бел. пед. ун-це. Даследуе мову маст. л-ры і сродкаў масавай інфармацыі, бел. тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і інш. Аўтар кніг «З крыніц народнай мовы» (1968), «Стылістыка беларускай мовы» (1980, 3-е выд. 1992), «Культура слова» (1983), «Слова наша роднае» (1986), «Мова народа, мова пісьменніка» (1989), «Дакумент па-беларуску» (1994), дапаможніка «Уводзіны ў стараславянскую мову» (1998, з М.​М.​Круталевічам).

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШКА Ян Станіслававіч (каля 1540—26.7.1592),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Кішкаў. Вучыўся ў Базелі (1563), з 1564 у Цюрыху, Рыме, Неапалі, Балонні. З 1569 крайчы ВКЛ, з 1579 падчашы ВКЛ і староста жмудскі, з 1588 кашталян віленскі, з 1589 ваявода брэсцкі, дзяржаўца быстрыцкі і цівун эйрагольскі. У 1580 у час Лівонскай вайны 1558—83 удзельнічаў у паходзе Стафана Баторыя на Вялікія Лукі. У сваіх маёнтках пашыраў арыянства. Заснаваў арыянскую акадэмію ў Іўі, друкарню ў Венграве (1570), Лоскую друкарню. На арыянскіх сінодах у Лоску (1578, 1581), Любчы (1582) выступіў супраць леварадыкальнай плыні ў арыянскім руху. На сейме 1589 выступіў у абарону верацярпімасці. Аўтар некалькіх рэліг. трактатаў.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНУШАВІ́ЦКІ Святаслаў Мікалаевіч (6.1.1908, г. Пятроўск Саратаўскай вобл., Расія — 19.2.1963),

расійскі віяланчэліст, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1956). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929, клас С.Казалупава), з 1941 выкладаў у ёй (з 1950 праф.). З 1929 саліст-канцэртмайстар аркестра Вял. т-ра ў Маскве, у 1943—51 — аркестра Усесаюзнага радыё. Выступаў як саліст і ансамбліст. З 1940 удзельнік трыо (з Л.Аборыным і Д.Ойстрахам) і санатнага ансамбля (з Аборыным). У рэпертуары творы сусв. муз. класікі і сучасных аўтараў, у т. л. прысвечаныя яму канцэрты для віяланчэлі М.​Мяскоўскага, А.​Хачатурана, С.​Васіленкі. Яго выкананне вылучалася паэтычнасцю і высакароднасцю фразіроўкі, цёплым, выразным гукам. Сярод вучняў М.Хоміцэр. 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (1933). Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 8, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ПЛЯ,

невялікі аб’ём вадкасці, абмежаваны ў стане раўнавагі паверхняй вярчэння. Утвараецца пры павольным выцяканні вадкасці з невял. адтуліны, пры сцяканні яе з краю паверхні, пры распыленні і эмульгаванні вадкасці, а таксама пры кандэнсацыі пары на цвёрдай нязмочвальнай паверхні ці ў газавым асяроддзі на цэнтрах кандэнсацыі.

Форма К. вызначаецца ўздзеяннем паверхневага нацяжэння і знешніх сіл, напр., сілы цяжару; у стане бязважкасці К. мае форму шара. На змочвальнай паверхні К. прымае форму шаравога сегмента з вострым краявым вуглом, на нязмочвальнай — з тупым. Ціск пары каля паверхні К. залежыць ад яе радыуса і вызначаецца Кельвіна ўраўненнем. Гл. таксама Змочванне.

Выцяканне вады з капілярнай трубкі з утварэннем кропель (павялічана ў 3 разы).

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ МАШЫ́Н, Лідсельмаш. Знаходзіцца ў г. Ліда Гродзенскай вобл. З 1994 адкрытае акц. т-ва. Пачаў працаваць у 1901 як чыгуналіцейны і машынабудаўнічы з-д. У перадваенныя гады выпускаў малатарні, каранярэзкі, сячкарні, конныя плугі і прыводы. У Вял. Айч. вайну разбураны Адноўлены ў 1944. З 1954 сучасная назва, з 1994 адкрытае акц. т-ва «Лідсельмаш». У 1950 — пач. 1960-х г. выпускаў дыскавыя бароны, кустарэзы, веялкі-сарціроўкі, ільнамялкі і інш. У 1960—68 рэканструяваны. З сярэдзіны 1960-х г. вырабляў універсальныя бацвіннеўборачныя машыны, вібрацыйныя бульбакапалкі, з 1976 капустаўборачныя машыны. Асн. прадукцыя (1999): агрэгат глебаапрацоўчы пасяўны, бульбаўборачныя камбайны, бульбакапалкі, бульбасаджалкі, сеялкі збожжавыя, бароны дыскавыя, плугі, граблі-варушылкі, раскідвальнікі мінер. угнаенняў і пяску і інш.

т. 9, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ,

навучальная ўстанова ў 1756—1834 у Лідзе Гродзенскай вобл. 12.1.1756 пераведзены з мяст. Воранава ў Ліду па прапанове лідскага старосты І.​Сцыпіёна. Мясц. шляхта ахвяравала піярам фальварак Пастаўшчызна і юрыдыку ў Лідзе. З 1783 уваходзіў у Гродзенскую навуч. акругу, з 1790 — у Піярскую навуч. акругу, падпарадкаваную Адукацыйнай камісіі. Пры калегіуме былі 2 канвікты (пансіёны) для дзяцей збяднелай шляхты. З 1795 падначалены ведамству літ. ген.-губернатара. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 4-класнае павятовае вучылішча з 5 выкладчыкамі. У 1805—07 часова закрыты. У выніку рэформы мясц. навуч. устаноў 9.9.1834 калегіум канфіскаваны ў піяраў і рэарганізаваны ў 5-класнае дваранскае павятовае вучылішча.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЙКА Антон (1746 ?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык і балетмайстар. З 1756 вучыўся ў Слуцкай балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), быў салістам мясц. трупы. З 1760 працаваў у прыдворным т-ры Радзівілаў у Нясвіжы (з 1779 педагог балетнай школы і балетмайстар). У 1780 пасланы К.​С.​Радзівілам у Італію (Рым, Венецыя) і Аўстрыю (Вена) для азнаямлення з іх балетным мастацтвам. Пасля вяртання — вядучы балетмайстар (упамінаецца ў дакументах за 1782—87). Разам з Г.Петынеці рыхтаваў пастаноўку балетаў «Рустыка» (1778), «Турэцкі балет», «Арфей у пекле» на лібрэта Ф.​Каселі і «Пігмаліён» паводле «Метамарфоз» Авідзія (1784). Працаваў у Нясвіжы з дачкой-балерынай да роспуску балета ў 1790.

Г.​І.​Барышаў.

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКО́Ў Максім Архіпавіч (12.5.1894, в. Кавалі Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1918 ваенны камісар Рудабельскай вол. Бабруйскага пав., кіраўнік партыз. руху ў павеце. З канца 1920 ваенком Бабруйскага пав., старшыня Замошскага валвыканкома. З 1929 у ЦКК КП(б), з 1931 нарком юстыцыі і пракурор БССР, старшыня Цэнтр. камісіі па справах б. чырвонагвардзейцаў і чырв. партызан, з 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1927 канд. у чл. ЦК, у 1932—37 чл. ЦК КП(б)Б. Чл. ЦВК БССР у 1920—22, 1929—37, чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1931—37. 13.7.1937 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР засуджаны да расстрэлу. У 1957 рэабілітаваны.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАШЭ́ВІЧ Яўген Васілевіч (н. 2.1.1944, в. Блізкая Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. біёлаг і кнігавыдавец. Канд. біял. н. (1970). Засл. работнік культ. Беларусі (1987). Скончыў БДУ (1965). Працаваў у Ін-це фізіялогіі АН Беларусі. З 1974 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (заг. рэдакцыі, з 1979 адказны сакратар, нам. гал. рэдактара, з 1995 в.а. гал. рэдактара), з 1996 у перыяд. друку, з 1998 дырэктар выд-ва «Ураджай». Навук. працы па радыяцыйнай біяхіміі, агульным прыродазнаўстве і ахове прыроды. Удзельнік распрацоўкі навук.-метадычных канцэпцый і выдання шэрагу бел. універсальных і галіновых энцыклапедый, даведнікаў і слоўнікаў, адзін з аўтараў і стваральнікаў «Энцыклапедыі прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86).

Тв.:

Краткий словарь-справочник по охране природы. Мн., 1987.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)