ступень насычанасці глебы вадой. Вызначаецца ў працэнтах ад масы сухой глебы (вагавая, або ўласна вільготнасць глебы), аб’ёму глебы (аб’ёмная вільготнасць глебы), вільгацяёмістасці глебы, часцей палявой (адносная вільготнасць глебы). Вільготнасць глебы — асн. характарыстыка забяспечанасці раслін вільгаццю. Адрозніваюць вільготнасць завядання (пры якой расліны вянуць) і розныя формы даступнасці вільгаці для раслін, у т. л. даступную, недаступную, прадукцыйную, непрадукцыйную і інш. Вільготнасць глебы залежыць ад грануламетрычнага саставу, асаблівасцей увільгатнення і сезона года. Ва ўмовах Беларусі яна мяняецца ад 10—13% для пясчаных глеб да 100% і больш у тарфяна-балотных; найбольшая ранняй вясной. Лясныя глебы ў параўнанні з палявымі маюць крыху павышаную вільготнасць у верхніх гарызонтах (да глыб. 0,5—1 м) і паніжаную ў глыбінных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ, гіпавітамінозы,
хвароба ад нястачы вітамінаў у арганізме чалавека і жывёлы. Бывае ад недастатковага паступлення ў арганізм аднаго ці некалькіх вітамінаў з ежай (кормам) — экзагенная вітамінная недастатковасць і ад паніжанай здольнасці арганізма да засваення вітамінаў (напр., тлушчарастваральных вітамінаў пры парушэннях усмоктвання тлушчаў у кішэчніку) — эндагенная вітамінная недастатковасць. Эндагенная недастатковасць водарастваральных вітамінаў звязана з парушэннямі ператварэння іх у адпаведныя каферменты. Адсутнасць вітамінаў выклікае авітамінозы. Вітамінную недастатковасць цяжка распазнаць: яна доўга можа выяўляцца неспецыфічна (затрымка росту, фіз. слабасць, паніжаная ўстойлівасць да інфекц. хвароб і інш.). У с.-г. жывёлы асн. прычына вітаміннай недастатковасці — нястача вітамінаў у корме. Найчасцей бывае ў стойлавы перыяд у цяжарных самак і ў маладняку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМАГА́ННЕў крымінальным праве,
наўмыснае злачынства, якое заключаецца ў патрабаванні перадачы маёмасці або права на яе ці выкананне якіх-небудзь дзеянняў маёмаснага характару пад пагрозай насілля над пацярпелым ці яго блізкімі, распаўсюджвання паклёпніцкіх або абвяшчэння пра яго ці яго блізкіх інш. звестак, якія гэтыя асобы жадаюць захаваць у тайне, або пашкоджання ці знішчэння іх асабістай маёмасці або чужой маёмасці, якая знаходзіцца ў іх распараджэнні ці пад аховай. У Рэспубліцы Беларусь за вымаганне прадугледжана крымін. адказнасць. Яна значна ўзмацняецца за паўторнае вымаганне, за ўчыненне вымагання групай, рэцыдывістам, з выкарыстаннем небяспечнага для жыцця і здароўя насілля або насілля, якое прывяло да буйных страт ці інш. цяжкіх вынікаў. Гл. таксама Рэкет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце I
[320 — каля 335],
які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах.ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст.яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТА́ЦЫЯ (ад лац. dotatio падарунак, ахвяраванне),
дзяржаўная дапамога арг-цыям і прадпрыемствам, а таксама грамадзянам для пакрыцця расходаў або на інш. мэты; сродкі, якія выдаюцца ніжэйстаячаму бюджэту са сродкаў вышэйстаячага. Адрозніваюць Д. прадпрыемствам, сабекошт прадукцыі якіх перавышае выручку ад яе рэалізацыі, грамадзянам, жыццёвы ўзровень якіх не адпавядае элементарным патрэбам, і бюджэтную. Ва ўмовах Беларусі Д. прадпрыемствам шырока выкарыстоўвалася ў аднаўленчы перыяд, у гады індустрыялізацыі, пасля Вял.Айч. вайны для развіцця нар. гаспадаркі. У сучасны перыяд развіццё гасп.-разліковых адносін дало магчымасць адмовіцца ад сістэмы Д. у большасці галін нар. гаспадаркі. Яна захавалася толькі ў сельскай гаспадарцы, некаторых галінах перапрацоўчай і здабыўной прам-сці, на планава-стратных прадпрыемствах, у асобных арг-цыях невытворчай сферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМЕ́ТРА,
у грэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і земляробства, дачка Кронаса і Рэі, сястра Зеўса. Дачку Д. Персефону пакахаў і ўкраў бог падземнага царства Аід. Пакуль Д. блукала ў пошуках дачкі, зямля перастала плоданасіць, засохлі дрэвы і травы, загінулі статкі, пачаўся голад. Зеўс загадаў вярнуць Персефону, каб летнія месяцы яна праводзіла на зямлі, зімовыя — у царстве Аіда. У г. Элеўсін быў узведзены храм Д., дзе 9 дзён у верасні спраўлялі містэрыі, у гонар Д. і Персефоны ладзілі святы Фесмафорыі. Свае творы Д. прысвяцілі Гамер, Калімах, Феакрыт, Г.Сакс, Ф.Шылер і інш. У рым. міфалогіі Д. адпавядае Цэрэра.
Л.М.Драбовіч.
Дэметра («Дэметра Кнідская»). Скульптар Брыяксіс. 340—330 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАБРО́ЎСКІ (Тамаш) (25.11.1714, каля г. Навагрудак — 18.3.1758),
бел. архітэктар, матэматык. Прадстаўнік стылю барока. Вывучаў філасофію ў Віленскай езуіцкай акадэміі (1735—38), матэматыку, фізіку, астраномію і архітэктуру ў Вене і Празе. Выкладаў у Віленскай езуіцкай акадэміі (1752—58) і Полацкім калегіуме. Асн. пабудовы, езуіцкі касцёл у Бабруйску (1745—46), касцёл св. Ігнацыя і калегіум (1748—50), абсерваторыя езуіцкага калегіума (1752—53), перабудова касцёла св.Яна (1756—58) — усе ў Вільні, інтэр’ер кальвінскага збору ў в. Жодзішкі Смаргонскага р-на (1757—66). Аўтар праекта касцёла бенедыкцінак у в. Крож (Літва). Кіраваў буд-вам Полацкага езуіцкага кляштара, праектаваў (каля 1750) палац Агінскага ў маёнтку Ганута Ашмянскага пав. (цяпер в. Ручыца Вілейскага р-на).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́РНІКА І ГРЭ́ШЭМА ЗАКО́Н,
эканамічны закон аб неабходнасці строгага вызначэння колькасці грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні. У адносінах да метал. грошай гэты закон сфармуляваў М.Капернік у 1526. Ён лічыў, што лішак грошай звыш устаноўленай колькасці непазбежна вядзе да змянення рыначнай ацэнкі манет, да таго, што «за манету нельга набыць такую колькасць серабра, якую яна ў сабе заключае». Англ.дзярж. дзеяч і фінансіст 16 ст. Т.Грэшэм таксама прыйшоў да высновы, што «горшыя грошы выцясняюць з абарачэння лепшыя». Дзеянне К. і Г. з. характэрна ў асн. для біметалізму, а таксама пры інфляцыі, калі залатыя і сярэбраныя манеты свядома выводзяцца са сферы абарачэння і ў ёй звычайна застаюцца папяровыя грошы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ВЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ.
Існавала 1843—1919 на тэр. Літвы і Беларусі Цэнтр — г. Коўна (Каўнас). Утворана 1.7.1843 паводле ўказа «Аб пераўтварэнні паўночна-заходніх губерняў» ад 18.12.1842. Да 1912 уваходзіла ў Віленскае генерал-губернатарства. Складалася з 7 паветаў, якія раней уваходзілі ў Віленскую губ.: Вількамірскі, Ковенскі, Новааляксандраўскі (Браслаўскі), Панявежскі, Расіенскі, Цяльшэўскі, Шавельскі. Пл. 35 712 кв. вёрст. Паводле перапісу 1897 нас. 1544,6 тыс.чал., з іх 66% літоўцы, 9% палякі, 4,7% рускія, 2,3% латышы, 2% беларусы. Асн. маса беларусаў жыла ў Новааляксандраўскім пав., дзе яна складала 16,8%. У 1919 асн. частка К.г. адышла да Літвы, а ўсх. з г.Браслаў і Відзы акупіравана Польшчай і ў 1922—39 уваходзіла ў Віленскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫЯ́НАВА (Настасся Фамінічна) (10.4.1872, в. Мяхеды Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.1979),
маці-патрыётка, 5 сыноў якой загінулі ў барацьбе з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял.Айч. вайну; малодшаму з іх П.І.Купрыянаву прысвоена званне Героя Сав Саюза. У вайну яе сыны Валянцін і Сцяпан ваявалі на фронце ў Сав. Арміі; калі сыны Міхаіл, Уладзімір (памёр ад ран у 1949) і Пётр пайшлі ў партыз. атрад «Радзіма», знаходзілася ў партыз. зоне, дапамагала партызанам. Адна са старэйшых жанчын Беларусі (пражыла 107 гадоў). Стала правобразам гераіні Манумента ў гонар Маці-патрыёткі, пастаўленага ў г. Жодзіна (1975). Ганаровая грамадзянка Жодзіна (1972). У доме, дзе яна жыла, адкрыты музей.