дзеючы вулкан на У п-ва Камчатка, найвыш. (4750 м) і самы актыўны ў Еўразіі. Размешчаны ў Ключаўскай групе вулканаў. Складзены з андэзіта-базальтавай лавы. Належыць да тыпу стратавулканаў. Правільны конус з кратэрам, што пастаянна курыцца, мае паблізу падэшвы 84 пабочныя конусы і кратэры. На вяршыні снежнікі і ледавікі, на схілах — фумаролы і сальфатары. За 270 гадоў адбылося больш за 50 моцных вулканічных вывяржэнняў; апошняе — у 1972—74. Каля падножжа — вулканалагічная станцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНАЯ ЗО́НА,
вызначаная частка тэрыторыі, што прылягае да граніцы дзяржаўнай з устаноўленым на ёй спец. рэжымам. У Рэспубліцы Беларусь парадак вызначэння П.з. рэгламентуецца Саветам Міністраў. П.з. ўключае тэрыторыі гарадоў, раёнаў, пасёлкаў і інш., а таксама частку прыналежных краіне вод пагранічных рэк, азёр, астравоў і інш. аб’ектаў, якія знаходзяцца ў гэтых водах. На ўездах на тэр. П.з. размешчаны папераджальныя знакі, якія забараняюць асобам (за выключэннем тых, хто пражывае ў П.з. пастаянна) знаходзіцца ў ёй без дазволу адпаведных органаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарус. стылю ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1894 з цэглы на цэнтр. плошчы горада. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём храма выцягнуты па папярочнай восі. Да яго прымыкаюць закругленая апсіда, дадатковы аб’ём і бабінец з ганкам. Па баках апсіды і бабінца размешчаны дапаможныя памяшканні. Асн. аб’ём завершаны 5-купаллем, бабінец — шатровай званіцай з галоўкай. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, арнаментальныя паяскі, ліштвы, паўцыркульныя нішы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПА́ПАРАЦІ (Primofilices),
падклас вымерлых папарацепадобных раслін. Існавалі ў сярэдзіне дэвону — пермі (каля 350—250 млн.г. назад). Вывучаны 3 парадкі: кладаксілатас (Cladoxylates), протаптэрыдыялес (Protopteridiales) і цэнаптэрыдыялес (Coenopteridiales). На Беларусі выкапнёвыя рэшткі П. трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Вышыня да 2 м. Дрэвападобныя расліны з дыхатамічна разгалінаваным лазячым або прамастойным сцяблом. Лістападобныя органы звычайна дробныя, дыхатамічна разгалінаваныя, складаныя, зрэдку перыстыя. Спарангіі шматспоравыя, адзіночныя, размешчаны на канцах галінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́ЛЬДАЎСКІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны ва ўрочышчы Замхоўе, за 2 км на ПнУ ад в. Рамальдава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Валун парфірападобнага дробназярністага граніту з крышталямі палявога шпату. Даўж. 3,7 м, шыр. 3 м, выш. 0,6 м, у абводзе 10,4 м, аб’ём бачнай часткі 7 м³, маса 18 т. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс.г. назад з Зах. Фінляндыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАКО́Ў РОЎ,
класічная эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны паміж вёскамі Садовая і Смётанка Аршанскага р-на Віцебскай вобл.Даўж. 1,5 км, шыр. да 200 м, глыб. 20—30 м, пл. 0,8 км². Утварылася ў выніку размыву марэннай раўніны р. Лапта за 14 тыс. гадоў. У сценках агаляюцца азёрныя адклады (магутнасць да 2,4 м) александрыйскага міжледавікоўя, якія маюць у сабе эталонны комплекс рэшткаў рэліктавых раслін (57 відаў) таго часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛТА́НАЎСКАЯ МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры неакласіцызму ў в. Салтанаўка Магілёўскага р-на. Пабудавана ў 1912 (арх. К.Міхайлаў, скульпт. П.Яцына) з нагоды 100-годдзя перамогі тут рас. войск у вайне 1812. Цаглянае квадратнае ў плане збудаванне мае цэнтрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, завершаную высокім шатром. Нізкі цокаль выступае за плоскасць сцен. Пластыку фасадаў узбагачаюць паўкалоны тасканскага ордэра, антаблементы з трохвугольнымі франтонамі. Вузкія крыжападобныя аконныя праёмы размешчаны ў паўцыркульных нішах. Іл.гл. да арт.Неакласіцызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХА́РА-ЛІВІ́ЙСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙНРазмешчаны на тэр. Алжыра, Лівіі, Туніса і Егіпта. Уключае Алжыра-Лівійскі і Сахара-Міжземнаморскі нафтагазаносныя басейны. Пл. каля 2,5 млн.км². Пач. запасы нафты 8,6 млрд.т, газу 4,8 трлн. м³. Адкрыта больш за 250 нафтавых і газанафтавых і 60 газавых радовішчаў. Нафтагазаносныя адклады ад кембрыю да палеагену. Гал. нафтавыя радовішчы: Серыр, Амаль, Джалу, Насэр, Самах, Інтысар (Лівія); Хасі-Месауд, Зарзаіцін (Алжыр). Гал. газавыя радовішчы: Хасі-Рмель, Гурд-Нус (Алжыр), Хатэйба (Лівія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛЯКІ́ (Lampyris),
род жукоў сям. Lampyridae, які раней адносілі да мяккацелак. Начныя насякомыя, свецяцца ў цемры. Органы свячэння размешчаны на канцы брушка. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі трапляецца С. звычайны, ці вялікі, нар. назва іванаў чарвяк.
Даўж. 10—20 мм. Самцы крылатыя, надкрылы буравата-шэрыя, пярэдняспінка жоўта-бурая, добра лятаюць, свецяцца слаба. Самкі бяскрылыя (нагадваюць лічынак), верх цела цёмна-буры, па краях больш светлы. Выпраменьваюць яркае святло, якое прываблівае самцоў, Драпежнікі, кормяцца насякомымі. Развіваюцца ў лясным подсціле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІ́ЗІСТАЯ АБАЛО́НКА,
абалонка, якая высцілае ўнутр. паверхню стрававальнага тракту, дыхальных і мочапалавых шляхоў, прыдаткавых поласцей носа, сярэдняга вуха, вывадных пратокаў залоз. Паверхня С.а. пастаянна ўвільгатняецца сліззю, якая выпрацоўваецца размешчанымі ў ёй слізістымі залозамі і засцерагае ўнутр. паверхню органаў ад высыхання.
Складаецца з 3 слаёў: эпітэлію (адна- або шматслойнага), злучальнай тканкі (аснова С.а., дзе размешчаны крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы, лімфоідныя намнажэнні) і мышачнай пласцінкі. С.а. бывае гладкая або складкавая. Тканкавыя элементы С.а. здольныя да рэгенерацыі.