ПРАПА́ПАРАЦІ (Primofilices),

падклас вымерлых папарацепадобных раслін. Існавалі ў сярэдзіне дэвону — пермі (каля 350—250 млн. г. назад). Вывучаны 3 парадкі: кладаксілатас (Cladoxylates), протаптэрыдыялес (Protopteridiales) і цэнаптэрыдыялес (Coenopteridiales). На Беларусі выкапнёвыя рэшткі П. трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Вышыня да 2 м. Дрэвападобныя расліны з дыхатамічна разгалінаваным лазячым або прамастойным сцяблом. Лістападобныя органы звычайна дробныя, дыхатамічна разгалінаваныя, складаныя, зрэдку перыстыя. Спарангіі шматспоравыя, адзіночныя, размешчаны на канцах галінак.

Да арт. Прапапараці. Кладаксілон папарацепадобны.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)