ГЕРЫЯТРЫ́Я [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + iatreia лячэнне],
навука пра лячэнне людзей пажылога і старэчага ўзросту; клінічны раздзел геранталогіі. Распрацоўвае метады лячэння і прафілактыкі хвароб з мэтай захавання фізічнага і псіхічнага здароўя чалавека да глыбокай старасці. Вырашае праблемы ўзаемасувязі атэрасклерозу і ўзросту, механізма ўзнікнення т.зв. склератычнай артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукр. дыябету, механізмы ўзроставых змен апорна-рухальнага апарату, ролю ўзроставых змен у развіцці анкалагічных захворванняў. У розных галінах медыцыны ёсць свае навук. і практычныя праблемы, звязаныя з герыятрыяй. Герыятрычная фармакатэрапія вывучае асаблівасці ўздзеяння лек. сродкаў на стары арганізм. Даказана, што ў пажылым і старэчым узросце значна павышаецца небяспека неспрыяльнага ўздзеяння медыкаментаў. Таму важнае правіла ў герыятрыі — назначэнне строга індывід. паменшаных доз тых лякарстваў, адчувальнасць да якіх пры старэнні павышана (сардэчныя гліказіды, наркатычныя, гіпатэнзіўныя і нейраплегічныя рэчывы). Часцей рэкамендуюцца прэпараты агульнай стымуляцыі (вітаміны, мікраэлементы, біястымулятары), накіраваныя на падтрымку і нармалізацыю метабалічных працэсаў і функцый чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з іберыйска-каўказскіх моў (картвельская група). Мова грузін, дзярж. мова Грузіі. Пашырана таксама на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, Турцыі і Іране. Мае 2 групы дыялектаў, адрозненні паміж якімі нязначныя: горскія (хевсурскі, пшаўскі, тумскі і інш.) і плоскасныя (картлійскі, кахецінскі, імерэцінскі, рачынскі, гурыйскі, аджарскі і інш.). У развіцціліт. грузінскай мовы вылучаюць або 2 перыяды — старажытны (5—11 ст.) і новы (з 12 ст.), або 3 — стараж. (5—11 ст.), сярэдні (12—18 ст.) і новы (з 19 ст.). З 1860-х г. развіваецца адзіная літ. грузінская мова (аснова — картлійскі і кахецінскі дыялекты).
У фанетыцы грузінскай мовы 5 галосных і 28 зычных; у сістэме зычных назіраецца 5 траічных проціпастаўленняў звонкі — глухі — змычна-гартанны; асобна вылучаюцца фарынгальны і ларынгальны. Слабы сілавы націск на пачатковым складзе слова. У марфалогіі — аглюцінацыя з мноствам прэфіксальных формаў. У сінтаксісе — эргатыўная канструкцыя. Грузінская мова мае стараж. арыгінальнае пісьменства (гл.Грузінскае пісьмо).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ ДЗІЦЯ́ЦІ рэабілітацыйна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей да 3 гадоў: сірот, дзяцей з дэфектамі разумовага і фіз. развіцця. У спецыялізаваных Д.дз. выхоўваюцца дзеці з частковым пашкоджаннем ц. н. с. да 4 гадоў; ёсць групы дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз.развіцці. Выпісваюць дзяцей з Д.дз., калі яны вяртаюцца ў сям’ю, пры ўсынаўленні ці афармленні апекі, пераводзе ў дзіцячы дом, дом-інтэрнат сац. забеспячэння.
Найб. пашыраны Д.дз. на 60—80 месцаў. Узначальвае іх гал. ўрач; урач-педыятр і кругласутачны пост мед. сясцёр прызначаецца на 40, лагапед — на 6—10 дзяцей. У вял. і спецыялізаваных Д.дз. ёсць урачы-неўрапатолагі, псіхіятры. З дзецьмі працуюць выхавальніцы і метадысты-псіхолагі. У групе да 3 гадоў 6—8, у групе 3—4-гадовых 8—10 дзяцей. У 1980 на Беларусі было 18 Д.дз. на 1780 месцаў, у 1995—13 на 1095 месцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
працэс расслаення грамадства на асобныя, звязаныя паміж сабой, але адносна самаст.сац. групы. Існуюць розныя навук. падыходы вызначэння крытэрыяў Д.с. Г.Спенсер вылучаў эканам. фактар — падзел працы і яе вынікаў. М.Вебер звязваў паглыбленне неаднароднасці грамадства з працэсамі рацыяналізацыі каштоўнасцей і адносін паміж людзьмі. Прадстаўнікі сучаснай зах. структурна-функцыян. школы (Т.Парсанс) асаблівую ўвагу звяртаюць на сац. структуру, розныя віды дзейнасці, неабходныя для самазахавання грамадскай сістэмы. Матэрыяліст. сацыялогія падставай для Д.с. лічыць развіццё грамадскай вытв-сці, падзел працы, узнікненне рамёстваў, гандлю, прыватнай уласнасці, манагамнай сям’і, дзяржавы і інш. Важнымі праявамі і наступствамі Д.с. з’яўляюцца гіст. тыпы грамадства, сац. слаі, групы і інш. На сучасным этапе Д.с. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй і інфарматызацыяй грамадства. Д.с. — складаны і супярэчлівы працэс, які можа прывесці да сац. няроўнасці, негатыўна адбіцца на развіцці грамадства. Адна з форм Д.с. — сацыяльная стратыфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СЕЎ (Міхаіл Іванавіч) (16.3.1897, Масква — 24.1.1954),
расійскі кампазітар. Вучыўся ў А.Грачанінава і інш. Адыграў прыкметную ролю ў развіццібел.муз. культуры 1930—40-х г.; падтрымліваў творчы кантакт з БДТ-2 (т-р імя Я.Коласа), пісаў музыку да яго першых спектакляў, у якой выкарыстаў бел.нар. песні і танцы, у т. л. «Вечар беларускіх вадэвіляў» («Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, 1936), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа (1937). Аўтар оперы «Дума пра Апанаса» (паводле Э.Багрыцкага, 1937), 10 опер для дзяцей, у т. л. «Казка аб мёртвай царэўне і сямі асілках» (паводле А.Пушкіна, 1924), «Церамок» (1942), «Марозка» (паст. 1950, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1951), аперэт, кантат, фп. п’ес, вак. і хар. твораў, песень для дзяцей, апрацовак нар. песень, у т. л.бел., для розных складаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА РЭА́КЦЫІ,
здольнасць генатыпу ў пэўных межах забяспечваць змены фенатыпу ў адпаведнасці з умовамі навакольнага асяроддзя. У ходзе індывід. жыцця арганізм набывае рэакцыі (напр., умоўныя рэфлексы, набыты імунітэт, прывыканне да ядаў і лекаў), большасць якіх не перадаецца ў спадчыну і заканчвае свой жыццёвы шлях разам з іх носьбітам (арганізмам). У Н.р. здольны ўвайсці толькі тыя змены, якія становяцца элементамі генатыпу. Нават глыбокая змена фенатыпу мае абарачальны характар, таму што не закранае генатып. Пры вяртанні зыходных умоў навакольнага асяроддзя ў тым жа пакаленні (напр., загар чалавека) або ў наступным (напр., колькасць сцёблаў у адной расліны пшаніцы), а часам і ў шэрагу пакаленняў (т.зв. падоўжаныя мадыфікацыі) арганізм аднаўляе страчаныя адзнакі. У працэсе натуральнага адбору выпрацоўваюцца межы Н.р., якая ўласціва ўсім арганізмам і забяспечвае выжыванне пры зменах умоў існавання. Т.ч. генатып вызначае не жорсткую камбінацыю строга дэтэрмінаваных адзнак фенатыпу, а Н.р. арганізма пры яго фарміраванні і развіцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ФАС (ад грэч. pathos пакута, пачуццё, страсць),
натхненне, захапленне, уздым; ідэйна-эмацыянальнае асэнсаванне і ацэнка, «пануючы строй пачуццяў» (Ф.Шылер) у маст. творы, ці ўсёй творчасці аўтара. Звычайна П. супрацьпастаўляўся этасу. У ант. эстэтыцы з П. звязвалі змены ў стане героя пад уплывам трагічных абставін, напружаную і бурную рэакцыю на іх, разбурэнне ўнутранай раўнавагі. Арыстоцель разглядаў П. як неабходны элемент трагедыі, характарызаваў яго як пакуты, страх. У развіцці тэорыі П. існуюць 2 тэндэнцыі: адна звязана з распрацоўкай паэт. і аратарскага стылю (рыторыка), выразных сродкаў стварэння эмацыянальна насычанай патэт. мовы (у жанрах оды, трагедыі, гімна, гл.Патэтычнае), другая — з разуменнем П. як элемента ўласна маст. стылю, ідэйна-эмацыянальных адносін мастака да адлюстраванага ім свету. У гэтым сэнсе П. выступае ў творах у адзінстве з тэмай і ідэяй. У мастацтвазнаўстве і эстэтыцы адрозніваюць П. трагічны, драм., гераічны, сентыментальны, рамант., лірычны, сатыр., гумарыстычны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТУАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. actualis рэчаісны, сучасны),
працэс пераходу аб’екта, з’явы і г.д. са стану магчымасці ў стан рэчаіснасці. Першапачатковае філас. абгрунтаванне і тэарэт. эксплікацыю атрымала ў працах Арыстоцеля. Сваімі поглядамі на ператварэнне патэнцыі ў рэальнасць праз актуалізацыю Арыстоцель увёў у анталогію прынцып развіцця, узнікнення новага ў быцці. Напр., будаўніцтва дома і ўжо збудаваны дом — гэта актуалізацыя («актуальнасць» дома ў адносінах да матэрыі, з якой ён складаецца — цэглы). Духоўныя асаблівасці чалавека актуалізуюцца ў яго паводзінах. Далейшае развіццё тэорыя актуалізацыі набыла ў творах Г.Спенсера, Э.Гартмана, Х.Гёфдынга, а таксама тамістаў Фамы Аквінскага, К.Ранера і інш. Яны здолелі актуалізаваць гэты прынцып у адносінах да сучаснай ім сацыяльнай і духоўна-культ. рэчаіснасці. У сучасным грамадска-паліт.развіцці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы вельмі важнае значэнне набывае актуалізацыя прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і рыначных адносін ва ўсіх сферах сац. быцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬВО́КСАВЫЯ (Volvocophyceae),
клас зялёных водарасцяў. Уключае 3 парадкі: поліблефарыдавыя (Polyblepharidales), хламідаманадавыя (Chlamydomonadales) і вальвоксавыя (Volvocales). Агульная колькасць сямействаў, родаў і відаў не вызначана. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца ўсюды. Растуць у стаячых прэсных вадаёмах (планктонныя формы), таксама ў глебе. Найб. вядомыя роды: вальвокс (Volvox), гематакокус (Hematococus), гоніум (Gonium), дуналіела (Dunaliella), пандарына (Pandorina), хламідаманада (Chlamydomonas), эўдарына (Eudorina).
Найб. прымітыўная група зялёных водарасцяў. Аднаклетачныя, цэнабіяльныя ці каланіяльныя арганізмы, маюць манадную структуру цела і жгуцікі (1—2, радзей 4—8). У вегетатыўным стане рухомыя на працягу ўсяго жыцця. Бясполае размнажэнне адбываецца падоўжным дзяленнем клетак або зааспорамі, палавы працэс — галагамія, ізагамія, гетэрагамія і аагамія. Пры масавым развіцці выклікаюць зялёнае і чырв. «цвіценне» вады, што вядзе да зніжэння ў ёй кіслароду і замору рыб. Біял. ачышчальнікі і індыкатары забруджаных і сцёкавых водаў, удзельнічаюць ва ўтварэнні сапрапелю. Вальвоксавыя — важнае звяно ў ланцугу спажывання гідрабіёнтаў. З некат. відаў атрымліваюць карацін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛО́ПШТАК ((Klopstok) Фрыдрых Готліб) (2.7.1724, г. Кведлінбург, Германія — 14.3.1803),
нямецкі паэт і драматург; адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Вучыўся ў Іенскім і Лейпцыгскім ун-тах (1745—48). Пісаў оды, гімны, у якіх упершыню ў еўрап. л-ры выкарыстаў ант. страфічныя памеры (алкеева, асклепіядава, сапфічная строфы) і верлібр. Лірыцы К. ўласціва адмаўленне жорсткай грамат. рэгламентацыі і рацыянальнасці, яе гал. тэмы — усхваленне сяброўства і кахання, хараства прыроды і гармоніі сусвету, творчай моцы Бога і чалавека, пратэст супраць тыраніі і духоўнага рабства народа. Гал. твор — напісаная гекзаметрам на біблейскі сюжэт эпічная паэма «Месіяда» («Месія», 1748—73), якая адзначана глыбокім лірызмам і тонкай пачуццёвасцю, што было новым у развіцці эпасу. Аўтар драм на біблейскія сюжэты. Упершыню звярнуўся да герм. міфалогіі ў лірыцы і гіст. паданняў у драматургіі (драмы-«бардыты» «Бітва Германа», 1769; «Герман і князі», 1784; «Смерць Германа», 1787). Паўплываў на л-ру «Буры і націску».
Літ.:
Гейман Б.Я. Клопшток // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.