паліва для ракетных рухавікоў рэчыва ці сукупнасць рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў ракетных рухавіках у якасці крыніцы энергіі і рабочага цела для стварэння рухальнай сілы.
Паводле прызначэння і тыпу рухавікоў адрозніваюць вадкае, гелепадобнае, цвёрдае, гібрыднае (двухкампанентнае Р.п., у якім адзін кампанент цвёрды, другі — вадкі). Найб. пашырана Р.п. вадкае і цвёрдае. ВадкаеР.п. бывае адна-. двух- і шматкампанентнае. Двухкампанентнае мае гаручае (вадкі вадарод, газу, дыметылгідразін і інш.) і акісляльнік (вадкія кісларод, фтор, хлор, тэтрааксід дыазоту і інш.). ЦвёрдаеР.п. падзяляюць на балістычнае (гл.Балістыты) і сумесевыя цвёрдыя Р.п. (гл.Порах). Цвёрдае Р.п., у адрозненне ад вадкага, можа захоўвацца доўгі час (не патрабуецца папярэдняя запраўка рухавіка перад стартам). Выкарыстоўваюць Р.п. ў касм., авіяц., ваен. і інш. галінах тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСА́НТ (франц. descente літар. спуск, высадка),
войскі, спецыяльна падрыхтаваныя для высадкі (выкідання) на тэрыторыю праціўніка або высаджаныя (выкінутыя) на ёй з мэтай вядзення баявых дзеянняў. У залежнасці ад характару пастаўленых задач, глыбіні высадкі і колькаснага складу войск Д. бываюць аператыўна-стратэгічныя, аператыўныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя, спец.прызначэння і дэманстратыўныя; паводле сродкаў і спосабаў перакідкі войск — марскія, паветраныя і камбінаваныя. Вылучаюць таксама Д. карабельныя і танкавыя.
Паветраныя Д. бываюць парашутныя (паветрана-дэсантныя войскі і тэхніка выкідваюцца з ваенна-транспартных самалётаў на парашутах), пасадачныя (высаджваюцца з самалётаў, верталётаў і планёраў, якія прызямляюцца ў тыле праціўніка) і камбінаваныя. Марскія Д. перавозяцца на спец. дэсантных караблях і трансп. суднах, высаджваюцца на бераг, на захопленыя прычалы або з дапамогай дэсантна-высадкавых сродкаў і верталётаў. Першымі звычайна высаджваюцца часці марской пяхоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЦЯ́ЕВА (Антаніна Дзмітрыеўна) (7.11.1909, прыіск Южны Зейскага р-на Амурскай вобл., Расія — 12.11.1991),
руская пісьменніца. Скончыла Літ.ін-т у Маскве (1947). Друкавалася з 1935. Аўтар аповесці «Калымскае золата» (1936), кн. нарысаў «Былі Алдана» (1937) пра жыццё і працу сібірскіх старацеляў, шахцёраў-гарнякоў. У раманах «Фарт» (1940), «Таварыш Ганна» (1946), «Дар зямлі» (1963), трылогіі «Іван Іванавіч» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Дружба» (1954), «Адвага» (1958) тэмы кахання, сям’і, грамадскага прызначэння чалавека, перамены ў сац. і духоўным жыцці народаў Поўначы. Гісторыка-рэв. раман «На Урале-рацэ» (кн. 1—2, 1969—78) прысвечаны падзеям грамадз. вайны. Дакументальна-публіцыстычныя нарысы К. у зб-ках «Па слядах Ермака. З дзённіка пісьменніка» (1972), «Палымяныя кветкі пустыні» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛАШ АБРЭ́НАВІЧ.
Мілаш Тэадоравіч (7.3.1780, Сярэдня-Дабрыня, Сербія — 14.9.1860), князь Сербіі [1815—39, 1858—60], заснавальнік дынастыі Абрэнавічаў. Удзельнік 1 -га сербскага паўстання 1804—13 супраць тур. няволі. Пасля яго паражэння дамогся ад тур. султана прызначэння кнезам (князем) Паўд.-Зах. Сербіі. Узначаліў 2-е сербскае паўстанне 1815, у выніку якога паводле пагаднення з тур. ўладамі стаў вярх. кнезам усёй Сербіі. Арганізаваў забойства Г.Карагеоргія (1817). У 1826 дамогся аўтаноміі для Сербіі, а для сябе ў 1830 спадчыннага тытула кнеза. Імкнуўся да аб’яднання паўд.-слав. зямель пад эгідай Сербіі, стварыў бюракратычна-паліцэйскую сістэму праўлення, цалкам ігнаруючы Скупшчыну (парламент). У 1839 пацярпеў паражэнне ў барацьбе з апазіцыяй (падпісаў канстытуцыю, якая абмяжоўвала яго ўладу), адрокся ад прастола на карысць свайго сына Міхаіла і эмігрыраваў. У 1858 Скупшчына Сербіі скінула кн. А.Карагеоргіевіча і вярнула прастол М.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГА́ЦЫЯ КАСМІ́ЧНАЯ,
кіраванне рухам касмічнага апарата. Уключае вызначэнне траекторыі, прагназаванне руху, правядзенне разлікаў, неабходных для карэкцыі ці змены траекторыі касм. апарата, а таксама кіраванне яго рухам (аўтаматычнае або непасрэдна касманаўтамі) пры стыкоўцы, пасадцы, узлёце і інш.
У залежнасці ад тыпу навігацыйных прылад Н.к. падзяляецца на астранамічную навігацыю, радыёнавігацыю і інерцыяльную навігацыю (вызначэнне руху касм. апарата на актыўным участку палёту пры дапамозе ўстаноўленых на ім акселерометраў). Бывае неаўтаномная (праводзіцца пры дапамозе наземных сродкаў) і аўтаномная (праводзіцца на борце касм. апарата; яе роля павялічваецца з ростам працягласці і далёкасці палётаў). Асаблівасць Н.к. у тым, што месца старту (Зямля, Месяц і інш.) і месца прызначэння (планеты і іх спадарожнікі, каметы, астэроіды і інш.) з’яўляюцца рухомымі целамі, якія абарачаюцца па сваіх арбітах.
Літ.:
Шебшаевич В.С. Введение в теорию космической навигации. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́САК ((Nossack) Ганс Эрых) (30.1.1901, г. Гамбург, Германія — 2.11.1977),
нямецкі пісьменнік. Скончыў Іенскі ун-т. Друкаваўся з 1945. Зазнаў уплыў Ф.Дастаеўскага, філасофіі экзістэнцыялізму, эстэтыкі экспрэсіянізму і сюррэалізму. Антыфаш. тэматыка, праблемы асобы і грамадства, раз’яднанасці людзей, прызначэння мастака, «твару» і «маскі» ў раманах «Не пазней лістапада» (1955), «Спіраль» (1956), «Справа д’Артэза» (1968), «Украдзеная мелодыя» (1972), «Шчаслівы чалавек» (1975) і інш. Аўтар зб. аповесцей і апавяд. «Інтэрв’ю са смерцю» (1948), артыкулаў і эсэ, п’ес, рэпартажаў. Яго творы адметныя вастрынёй сюжэтаў, аналітычнасцю кампазіцыі, парабалічнасцю, спалучэннем канкрэтыкі з умоўнасцю, багаццем сатыр. палітры.
Тв.:
Рус.пер. — Спираль;
Дело д’Артеза;
Рассказы и повесть. М., 1983.
Літ.:
Затонский Д. В наше время. М., 1979;
Топер П. Д’Артез наших дней: современность в романе Г.Э. Носсака // Топер П. Овладение реальностью. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
бел. традыцыйныя ганчарныя вырабы з г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Поразаве працавала каля 200 майстроў. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд гасп.прызначэння (гаршкі з накрыўкамі, збанкі, рынкі, гладышы, бабачнікі, міскі і інш.). У залежнасці ад аб’ёму вырабы мелі характэрныя мясц. назвы: міскі малыя (да 1 л), сярэднія (1,5 л), вялікія. (да 3 л), гаршкі падзяляліся на пітушкі (да 1 л), саганчыкі (да 2 л), скляпнікі (3 л), сярэднікі (да 10 л). Вырабы вызначаліся буйнымі, выразна прафіляванымі формамі, падкрэсленымі глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і касых рысак, паяскамі ўзораў, выціснутых зубчастым колцам (карбоўкай), нярэдка аздабляліся суцэльным глянцаваннем. У сярэдзіне 1990-х г. промысел заняпаў.
Я.М.Сахута.
Да арт.Поразаўская кераміка. І.Шопік. Ганчарны посуд. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
інжынерныя збудаванні, што выконваюць пэўныя функцыі ў вытворчым працэсе ці ўспрымаюць нагрузкі ад тэхнал. абсталявання, трансп. сродкаў і інш.
Да П.з. адносяцца збудаванні камунікацыйнага прызначэння: тунэлі і каналы, у якіх пракладваюць тэхнал. камунікацыі, кабельныя лініі электразабеспячэння і сувязі; трубаправоды для перамяшчэння сыравіны і інш. матэрыялаў; апоры ліній электраперадач, апоры кантактавай сеткі, апоры сістэм асвятлення і інш. П.з. з’яўляюцца таксама сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі, ёмістасці для сыпкіх, вадкіх і газападобных матэрыялаў: адстойнікі, ачышчальныя збудаванні, пырскальныя і спартыўныя басейны, бункеры, водазаборныя збудаванні, воданапорныя вежы, газгольдэры, градзірні, нафтасховішчы, сіласасховішчы і інш. Асобную групу складаюць трансп. збудаванні: пуцеправоды, апоры падвесных дарог, кранавыя эстакады, а таксама збудаванні, на якіх размяшчаюць тэхнал. абсталяванне ці ёмістасці — падмуркі, апорныя пляцоўкі, пастаменты і інш.Гл. таксама Прамысловыя будынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІСТЫ́ЧНАЯ РАКЕ́ТА,
ракета, траекторыя палёту якой складаецца з актыўнага і пасіўнага адрэзкаў шляху. На актыўным участку ракета рухаецца з дапамогай рухавіка і накіроўваецца спец. сістэмай кіравання, на пасіўным — па балістычнай крывой, як свабодна кінутае цела.
Да балістычных ракет адносяцца баявыя ракеты (у т. л. міжкантынентальныя), касмічныя (у т. л. ракеты-носьбіты), доследныя ракеты і інш. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, кіроўныя і некіроўныя. Баявыя ракеты паводле прызначэння падзяляюцца на тактычныя, аператыўна-тактычныя і стратэгічныя. Аснашчаюцца ядз. або няядз. боегалоўкамі і рознымі сродкамі пераадолення проціракетнай абароны. Першыя баявыя балістычныя ракеты Фау-2 выкарыстаны Германіяй у 1944 у 2-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДА́РНЫЯ ВЫ́РАБЫ,
драўляныя ёмістасці з клёпак для вадкіх, паўвадкіх і сыпучых прадуктаў і бытавых патрэб. Ва ўжытку беларусаў вядомы з глыбокай старажытнасці. Шматлікія іх рэшткі (ад невял. конавак да бочак на некалькі сотняў літраў) выяўлены пры археал. раскопках у пластах 11—14 ст. Форма клёпак (падоўжаныя трапецападобныя ці акруглыя выпуклыя) абумовіла форму бандарных вырабаў — кадзепадобную (канічную) ці бачарную (пукатую). Паводле прызначэння вылучаюць пасудзіны для вады і вадкіх рэчываў (трансп. бочка, кадушка, вядро, біклага, барылка, конаўка), для с.-г. прадуктаў (бочка, кадзь, бачурка, кубелец), для бытавых патрэб (кубел, жлукта, балея, цэбар, ражка, дзяжа, даёнка, бойка, бельчык), меры ёмістасці (асьміна, шаснастка, гарнец, карэц). Большасць бандарных вырабаў вызначалася функцыянальнай мэтазгоднасцю, вонкавай прастатой, практычнасцю. Некаторыя вырабы невял. памераў аздаблялі разьбой і выпальваннем. У наш час многія бандарныя вырабы саступілі месца разнастайным металічным, фарфора-фаянсавым, пластмасавым і інш. ёмістасцям.